Барыс Мікуліч
Барыс Мікуліч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 6 (19) жніўня 1912 |
Памёр | 17 чэрвеня 1954 (41 год) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | літаратуразнаўца, пісьменьнік, крытык |
Мова | беларуская мова і расейская мова |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Мікуліч.
Барыс Міхайлавіч Мікуліч (псэўданімы: Б. Міхайлаў, Барыс М.; Крыптанімы: Б. М., БаМ, Б.М-ч, М. Б.; 19 жніўня 1912, Бабруйск — 17 чэрвеня 1954, с. Машукоўка, Краснаярскі край, РСФСР) — беларускі пісьменьнік, празаік, крытык.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 1928 году сябар бабруйскае філіі «Маладняка». З 1929 году працаваў у бабруйскай газэце «Камуніст». У 1930 годзе пераехаў у Менск. Працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР; стыльрэдактарам, адказным сакратаром у газэце «Літаратура і мастацтва». Потым зноў вярнуўся у выдавецтва на пасаду рэдактара (падчас арышту загадчык аддзелу газэты). У 1930 годзе вучыўся ў Менскім беларускім пэдагагічным інстытуце (МБПІ), на літаратурных курсах у Маскве (1934—1936). У 1936 годзе ў Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Менску. сябар СП Беларусі з 1934 году. У 1936 годзе чытаў курс гісторыі літаратурных жанраў і гісторыі нарыса ў Інстытуце журналістыкі (Менск). Да 1936 году выдаў 7 мастацкіх кніг. Быў сябрам ВЛКСМ.
Арыштаваны 26 лістапада 1936 году ў Менску па адрасе: вул. Чырвоназорная, д. 7, кв. 2. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Барыса Мікуліча прадугледжвалася «спальваць»[1]. 5 кастрычніка 1937 году асуджаны пазасудовым органам НКУС як «сябар контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасьць» да 10 гадоў ППК. У 1937 годзе пераведзены ў Марыінск Новасыбірскай вобласьці, у 1938 годзе — у Рашоты Краснаярскага краю. У 1943 годзе пераведзены ў катэгорыю ссыльных. Пасьля вызваленьня ў 1946 годзе пераехаў у Ашхабад да старэйшай сястры Кацярыны, нягледзячы на тое, што яму было забаронена жыць у сталіцах. У чэрвені 1947 году без дазволу ўладаў вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Бабруйску, у Цераховічах на Лагойшчыне. У лістападзе 1947 году зь яго зьнятая судзімасьць. У 1947—1949 гадах працаваў у бабруйскай бібліятэцы. Зьвярнуўся да гістарычнай тэматыкі, падрыхтаваў аповесць пра Максіма Багдановіча. Актыўна пісаў, але ягоныя творы не публікаваліся. Арыштаваны паўторна 28 красавіка 1949 году, высланы ў Сыбір на вечнае пасяленьне. Жыў у сяле Машукоўка Краснаярскага краю, дзе і памёр. Рэабілітаваны 29 сьнежня 1954 году, праз тры месяцы пасьля сьмерці. Асабовая справа М. № 9935-с з фатаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачаў публікавацца з 1927 году (часопіс «Маладняк»). У даваенны час выдаў зборкі апавяданьняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесьці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Тэматыка твораў гэтага пэрыяду: падзеі грамадзянскай вайны, пасьлякастрычніцкая рэчаіснасьць, складанасьць барацьбы новага і старога ў тагачаснай вёсцы. Адлюстраваў рамантыку рэвалюцыйнай эпохі, небывалы ўздым і працаздольнасьць свайго пакаленьня. Друкаваў рэцэнзіі, агляды тэатральнага рэпэртуару. Перажыў нападкі на свае творы («Наша сонца», «Дужасць») з боку крытыкаў-вульгарызатараў (А. Кучар). У пасьляваенны час у Ашхабадзе напісаў 1-ю частку рамана «Адвечнае» (надрукаваная ў 1972 годзе) з задуманай эпапеі пра расейска-францускую вайну 1812 году. У 1947—1949 гадах шмат пісаў, асабліва пра падзеі Вялікае Айчыннай вайны (аповесьці «Цяжкая гадзіна», «Жыццяпіс Вінцэся Шастака», «Палеская аповесць»), аднак апальнага пісьменьніка ніхто не друкаваў. Аповесьць «Развітанне», прысьвечаная М. Багдановічу, апублікаваная ў 1959 годзе. У 1946—1949 гадах напісаў у жанры дзёньнікавых запісаў «Аповесьць для сябе», апублікаваную ў 1987—1988 гадах і 1993 годзе, у якой зьмясьціў успаміны пра беларускіх пісьменьнікаў, літаратурнае і тэатральнае жыцьцё Беларусі ў 1920—1930-я, сваё жыцьцё ў лягерох і турмах. Лепшыя творы Б. Мікуліча вылучаюцца псыхалягізмам, глыбінёй пранікненьня ў чалавечыя характары, жывой выразнай мовай.
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Барыс Мікуліч. «Чорная вірня». Аповесьць. / М. Чарот // Маладняк : часопіс. — Менск: 1931. — № 5. — С. 8—43.
- Выбранае. Мн., 1959;
- Аповесці. Мн., 1985;
- Палеская аповесць: Аповесці, апавяданні. Мн., 1991;
- Аповесць для сябе. Мн., 1993.
Крытыка, рэцэнзіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міхась Зарэцкі. На шляху да мастацка-творчае дужасьці (Пра раман «Дужасьць» Барыса Мікуліча). // Полымя рэвалюцыі : часопіс. — 1935. — № 2. — С. 112—122.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бугаёў Д. Станаўленне мастака // Бугаёў Д. Шматграннасць. Мн., 1970
- Грахоўскі С. Слова пра друга // ЛіМ. 1962, 31 жн.
- Грахоўскі С. Так і застаўся маладым… // Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986
- Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995. Т.4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — 544 с. — ISBN 985-11-0169-9
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.