Перайсьці да зьместу

Сяргей Налівайка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сяргей Налівайка
4-ы міністар па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь
27 сьнежня 2014  2 сьнежня 2024
Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў, Сяргей Румас
Папярэднік Уладзімер Палуян
Наступнік Дзьмітры Кійко
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся1973(1973)
Бабруйск, Магілёўская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
АдукацыяБеларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт (1995), Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь (2005)
Бацька Эдуард Налівайка

Сяргéй Эдуа́рдавіч Наліва́йка (нар. 1973, Бабруйск, Магілёўская вобласьць, цяпер Беларусь) — дзяржаўны дзяяч Рэспублікі Беларусь. міністар па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь (2014—2024).

У 1995 годзе скончыў факультэт эканомікі і кіраваньня гандлем Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту. У 1995—2003 гадах працаваў у інспэкцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь (МПЗ Беларусі) па Бабруйску (Магілёўская вобласьць). У 2003—2005 гадах быў намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі Ленінскага раёну Бабруйска[1]. У 2005 годзе скончыў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. З 2005 па 2010 год — начальнік інспэкцыі МПЗ Беларусі па Кастрычніцкім раёне Магілёва. З 8 чэрвеня 2010 году — 1-ы намесьнік міністра па падатках і зборах Беларусі[2].

Міністар па падатках і зборах

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

З 27 сьнежня 2014 году заняў пасаду міністра па падатках і зборах Беларусі. 18 сакавіка 2015 году беларускі міністар Сяргей Налівайка і часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд падпісалі міжурадавае Пагадненьне «Аб паляпшэньні выкананьня міжнародных падатковых правілаў і рэалізацыі Закону ЗША аб падатковым кантролі рахункаў у замежных фінансавых установах»[3]. 15 кастрычніка 2015 году ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі міністар Сяргей Налівайка выступіў за павелічэньне долі безнаяўных плацяжоў дзеля зьмяншэньня магчымасьці ўтойваньня даходаў. Сяргей Налівайка дадаў, што пры наяўнасьці звыш 100 000 плацежных тэрміналаў у крамах і страўнях Беларусі «ў агульнай лічбе ўдзельнай вагі безнаяўныя плацяжы дасягаюць каля 25%, у той час як мэтавы парамэтар Нацбанка па выніках 2015 году абазначаны на ўзроўні 50%». У якасьці перашкодаў міністар Налівайка назваў «значную цану гэтых тэрміналаў» і «значную цану за эквайрынг, які бяруць банкі». У той дзень Палата прадстаўнікоў Беларусі ўхваліла ў 1-м чытаньні папраўкі ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, што ўводзілі спагнаньне за плацеж наяўнымі грашыма ў памеры звыш 1000 базавых велічыняў (180 000 рублёў), у падтрымку чаго выступаў міністар[4]. Па выніках 2015 году МПЗ Беларусі ўтварыла звыш 70% даходнай часткі каштарысу Рэспублікі Беларусь[5]. Пагатоў індывідуальныя прадпрымальнікі (ІП) забясьпечылі 2% падатковых паступленьняў[6].

27 студзеня 2016 году беларускі міністар Сяргей Налівайка і амбасадар Эквадору ў Беларусі Карляс Лярэа-Давіля падпісалі міжурадавае Пагадненьне «Аб пазьбяганьні двайнога падаткаабкладаньня і прадухіленьні ўхіленьня ад выплаты ў дачыненьні падаткаў на даходы і маёмасьць»[7]. 1 ліпеня 2016 году Міністэрства па падатках і зборах Беларусі ўкараніла электронныя рахункі-фактуры для плацежнікаў падатку на дададзеную вартасьць (ПДВ), што павысіла яго зьбіральнасьць і зьнізіла лік падатковых праверак[8]. 8 лютага 2017 году міністар Налівайка заявіў, што лік плянавых і пазаплянавых праверак прадпрымальнікаў скараціўся ў 2016 годзе параўнальна з 2015-м на 10,9%, а лік камэральных (бяз выезду) праверак вырас на 38,7%. Па выніках праверак гаспадаркам і фізычным асобам налічылі да выплаты 167,4 млн рублёў. Пагатоў за 2016 год правялі каля 60 000 праверак падаткаплатнікаў, зь іх каля 37 000 прадпрымальнікаў і 21 500 фізычных асобаў[9]. Таксама 8 лютага 2017 году Налівайка нагадаў, што «са студзеня электронныя рахункі-фактуры зьяўляюцца адзіным дакумэнтам, на падставе якога ажыцьцяўляюцца падатковыя вылікі». Міністар Налівайка дадаў, што «з гэтага году … падатковыя органы самастойна без заявы дэбітора (даўжніка) вяртаюць пераплату, пагатоў тэрмін вяртаньня скарочаны з 5 да 2 працоўных дзён»[10].

8 лютага 2017 году міністар Налівайка абвясьціў, што цягам году МПЗ Беларусі распрацуе праграму пад АС «Андроід» для асабістага кабінэту падаткаплатніка на сайце ведамства. На 1 студзеня 2017 году такія кабінэты мелі звыш 260 000 суб’ектаў гаспадараньня (76,2% падаткаплатнікаў). Сярод іх налічвалася звыш 115 000 юрыдычных асобаў (94,9%) і звыш 145 000 ІП (66%). Таксама такія кабінэты на сайце мелі каля 73 000 фізычных асобаў. Асабісты кабінэт плацежніка дазваляў: 1) даведацца пра суму налічаных і выплачаных падаткаў, пераплату і запазычанасьць па падатках; 2) атрымаць паведамленьне на выплату падатку на нерухомую маёмасьць, зямельнага і падаходнага падатку; 3) зрабіць падатковы плацеж празь Сеціва ў «Альфа-Банку», «Беларусбанку», «Белгазпрамбанку» і «Белінвэстбанку»; 4) запісацца на асабісты прыём у інспэкцыю па месцы пастаноўкі на ўлік; 5) атрымаць тлумачэньне ад падатковага органа[11]. 26 верасьня 2017 году беларускі міністар Сяргей Налівайка і дзяржаўны міністар Вялікабрытаніі па справах Эўропы і Амэрыкі Алан Дункан падпісалі ў Менску міжурадавае Пагадненьне «Аб прадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня адносна падаткаў на даходы і капітал і папярэджаньні ўхіленьня ад выплаты падаткаў»[12]. 16 кастрычніка 2017 году міністар Сяргей Налівайка адзначыў, што за час яго кіраўніцтва ведамствам лік відаў гаспадарчай дзейнасьці, якой дазволілі займацца без уліку ў якасьці ІП, вырас з 10 да 30[13].

18 студзеня 2018 году міністар Налівайка паведаміў, што на падатковы ўлік у Беларусі для аплаты ПДВ на электронныя паслугі сталі 6 замежных пастаўнікоў, сярод якіх 4 найбольшыя з ЗША — «Амазон» (Сіетл, штат Вашынгтон), «Гугл» (Маўнтын-Вію, штат Каліфорнія), «Лінкдын» (Санівейл, штат Каліфорнія) і «Нэтфлікс» (Лос-Гатас, штат Каліфорнія). Пастаноўку на ўлік пачалі пасьля 1 студзеня 2018 году, калі набылі моц зьмяненьні ў Падатковы кодэкс Беларусі, што ўвялі падаткаабкладаньне замежных электронных паслугаў па стаўцы 20%. Пагатоў пастаўнікі мелі стаць на ўлік да канца квартала, у якім аказалі паслугу[14]. 5 ліпеня 2018 году міністар Сяргей Налівайка падкрэсьліў зьніжэньне падатковай нагрузкі ў выніку паправак у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь: «прынята рашэньне аб індэксацыі крытэраў выручкі для прымяненьня ССП (спрошчанай сыстэмы падаткаабкладаньня), павелічэньні памеру інвэстыцыйнага выліку па падатку на прыбытак, увядзеньні паніжанага падаткаабкладаньня маёмаснымі падаткамі арганізацыяў, якія ўзводзяць новыя аб’екты»[15]. 14 верасьня 2018 году міністар Налівайка прапанаваў «у праекце зьменаў у Падатковы кодэкс, што пені не павінныя перавышаць суму падаткаў, якія даналічваюцца. Гэта таксама адзін з прынцыпаў разумнасьці і адпаведнасьці пакараньня». Пагатоў спагнаньні ў выніку праверак прынесьлі за 2017 год каля 15% падаткаў[16].

Памочнік прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

2 сьнежня 2024 году вызвалены ад міністэрскай пасады і прызначаны памочнікам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь — інспэктарам па Магілёўскай вобласьці[17].

  1. Кірунак вызначаны // Зьвязда : газэта. — 29 сьнежня 2014. — № 246 (27856). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  2. Пасьпяховыя выпусьнікі ФКТІ // Факультэт камэрцыі і турысцкай індустрыі БДЭУ, 2018 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
  3. Аліна Грышкевіч. Беларусь і ЗША падпісалі пагадненьне аб паляпшэньні выкананьня міжнародных падатковых правіл // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 18 сакавіка 2015 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
  4. Міністэрства па падатках і зборах выступае за павелічэньне долі безнаяўных плацяжоў - Налівайка // БелТА, 15 кастрычніка 2015 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
  5. Сяргей Налівайка. Цытата дня // Зьвязда : газэта. — 6 лютага 2016. — № 23 (28133). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  6. Сяргей Налівайка. Цытата дня // Зьвязда. — 12 студзеня 2016. — № 4 (28114). — С. 1.
  7. Тэлеканал «Беларусь 1». Падпісана пагадненьне паміж урадамі Беларусі і Эквадору // Белтэлерадыёкампанія, 27 студзеня 2016 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
  8. Працэдура падаткаабкладаньня павінна быць камфортнай // Зьвязда. — 7 ліпеня 2016. — № 129 (28239). — С. 2.
  9. МПЗ у 2017 годзе прадоўжыць скарачэньне выязных праверак // БелТА, 8 лютага 2018 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
  10. У Беларусі плануецца стварыць адзіную аўтаматызаваную сістэму спагнання плацяжоў у бюджэт // БелТА, 8 лютага 2018 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
  11. МПЗ у 2017 годзе распрацуе мабільны дадатак для плацельшчыкаў // БелТА, 8 лютага 2017 г. Архіўная копія ад 8 лютага 2017 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
  12. Беларусь і Вялікабрытанія падпісалі канвэнцыю аб прадухіленьні двайнога падаткаабкладаньня // БелТА, 26 верасьня 2017 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
  13. Сяргей Налівайка. Цытата дня // Зьвязда. — 17 кастрычніка 2017. — № 200 (28564). — С. 1.
  14. «Гугл», «Амазон» і «Нэтфлікс» сталі на падатковы ўлік у Беларусі // Газэта «Зьвязда», 5 ліпеня 2018 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
  15. У Беларусі ёсць рэзервы для зьніжэння агульнай падатковай нагрузкі - Налівайка // БелТА, 5 ліпеня 2018 г. Архіўная копія ад 5 ліпеня 2018 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
  16. Тэлеканал «Беларусь 1». Абноўлены Падатковы кодэкс будзе садзейнічаць добраахвотнай выплаце збораў у бюджэт // Белтэлерадыёкампанія, 14 верасьня 2018 г. Праверана 25 сьнежня 2018 г.
  17. Лукашенко назначил нового посла и помощника Reform.news(be)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]