Перайсьці да зьместу

Бялынічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бялынічы
лац. Białyničy
Населены пункт
Музэй В. Бялынікага-Бірулі
Сьцяг Герб
Краіна Беларусь
Вобласьць Магілёўская
Раён Бялыніцкі
Першыя згадкі 1577
Дата заснаваньня 1577
Магдэбурскае права 4 кастрычніка 1634
Геаграфія
Плошча 185,27 км²[1]
Вышыня НУМ 182 м[2]
Часавы пас
Каардынаты 54°00′03″ пн. ш. 29°42′35″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 9887 чал. (2018)[3]
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +375 2232
Паштовы індэкс 213055
СААТА 7204501000
Нумарны знак 6
Бялынічы на мапе Беларусі ±
Бялынічы
Бялынічы
Бялынічы
Бялынічы
Бялынічы
Бялынічы

Бялы́нічы — места ў Беларусі, на рацэ Друці. Адміністрацыйны цэнтар Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 9887 чалавек[3]. Знаходзяцца за 44 км на захад ад Магілёва, на аўтамабільнай дарозе Менск — Магілёў.

Бялынічы — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі. Цудоўны абраз Маці Божай, што захоўваўся ў касьцёле, зьнік з Магілёўскага музэю ў Другую сусьветную вайну.

Паводле географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Бялынічы ўтварыўся ад уласнага прозьвішча Бялыніч[4].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Упершыню Бялынічы ўпамінаюцца ў XVI ст. як сяло ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводзтва[5]. З 1577 году яны знаходзіліся ў складзе маёнтку Цяцерына, якім валодалі князі Збараскія. Стэфан Збараскі заснаваў тут замак (Белагародак) і мястэчка[5]. Па сьмерці С. Збараскага ў 1591 годзе Бялынічы перайшлі ў распараджэньне Льва Сапегі, апякуна маладой уладальніцы Барбары Збараскай. У 1603 годзе ён набыў у валоданьне частку мястэчка. На 1620 год тут быў 331 вулічны і 16 гандлёвых пляцаў[5].

У 1624 годзе Леў Сапега заснаваў у Бялынічах кляштар кармэлітаў — адзін з найбагацейшых у Вялікім Княстве Літоўскім. У кляштары знаходзіўся цудоўны абраз Божай Маці, шанаваны хрысьціянамі розных канфэсіяў. Праз шматлікія працэсіі і паломніцтвы да яго Бялынічы зваліся «Беларускай Чанстаховай» (абраз зьнік у Другую сусьветную вайну з Магілёўскага краязнаўчага музэю). У 1624 годзе коштам Казімера Льва Сапегі алтар касьцёла аздобілі срэбрам, а абраз Маці Божай — каштоўнымі камянямі. Ён жа заснаваў у мястэчку друкарню[6].

З 1627 году Бялынічы сталі цэнтрам маёнтку. У мястэчку знаходзіўся Рынак, вакол якога месьціліся 12 мяшчанскіх двароў. Ад Рынку адыходзілі вуліцы Віленская з 42 дварамі на ёй, Манастырская з 19 дварамі, Цяцерынская з 20, Крукава з 25, Плітніцкая з 56, Татарская з 36, Гайная з 28 і Красная з 22 дварамі. Апроч таго, за царквой знаходзілася вуліца Глініцкая альбо Слабада (29 двароў), да мяшчанскіх гумнаў ішла новая (яшчэ, відаць, неназваная) вуліца з 20 дварамі, яшчэ адна новая вуліца з 6 дварамі на ёй вяла ад Рынку да «кладовішчаў жыдоўскіх» (юдэйскіх могілак). Насупраць Плітніцкай была яшчэ адна вуліца з 8 дварамі, зь якіх 4 былі ўласнасьцю царквы Сьвятога Ільлі, а ўжо за мястэчкам, на канцы ворыўных валокаў ля балота Бушкарова ўтварылася яшчэ адна новая вуліца з 38 дварамі. Такім чынам, Бялынічы на той час зьмяшчалі 361 двор і маглі лічыцца даволі значным паселішчам[7]. На 1630 год тут налічвалася 513 дымоў[5]. 4 кастрычніка 1634 году згодна з прывілеем караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы мястэчка атрымала Магдэбурскае права, пячатку і герб.

Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Бялынічаў ліцьвінамі: «литвин <…> в роспросе сказался: Савастьяном зовут Иванов // Оршанского повету из-ыменья пана Казимеря Сапеги из Белынич» (1636 год)[8].

Маці Божая Бялыніцкая

У вайну Маскоўскае дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) 24 жніўня 1654 году непадалёк ад Бялынічаў адбылася бітва паміж абаронцамі Вялікага Княства Літоўскага на чале зь Янушам Радзівілам і маскоўскімі захопнікамі (Бітва пад Шапялевічамі), у якой колькасна большае маскоўскае войска ўпершыню за некалькі дзесяцігодзьдзяў атрымала перамогу над невялікім літоўскім войскам. На 1667 год у Бялынічах засталося 327 дамоў, за часамі вайны яны страцілі 2/3 насельніцтва. У 1685 годзе Ўладзіслаў Язапат Сапега прадаў Бялынічы Кацярыне Радзівілавай.

У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) 14 ліпеня 1708 году непадалёк ад Бялынічаў (каля Галоўчына) адбылася бітва паміж расейцамі і швэдамі, якая скончылася перамогай апошніх. З 1733 году мястэчка знаходзілася ў валоданьні Агінскіх. На 1734 год тут было 180 двароў. Па вялікім пажары (1742), у выніку якога згарэў драўляны кляштарны комплекс, пачалося ўзьвядзеньне мураванага касьцёла ў гонар Унебаўзяцьця Маці Божай, якое завяршылася ў 1760 годзе. 13 красавіка 1756 году Папа Рымскі падпісаў Булу аб каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай. У 2-й палове XVIII ст. у мястэчку дзеяў невялікі кляштар марыявітак, пры якім існаваў пансіянат (навучальная ўстанова) для шляхцянак[5]. Апроч таго, у гэты час працаваў мытны пункт, падпарадкаваны галоўнай мытні ў Магілёве[5].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Бялынічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскім павеце Беларускай, з 1801 году Магілёўскай губэрні. На 1773 год у мястэчку дзеялі тры ўніяцкія царквы (Раства Багародзіцы, Сьвятога Ільлі і Святога Мікалая) і касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[a]. На 1785 год у Бялынічах было 108 двароў, працаваў млын, штогод праводзіліся 4 кірмашы. У 1803—1832 гадох дзеля вяртаньня сабе правоў жыхароў вольнага мястэчка бялынічане накіравалі спачатку ў Магілёўскі павятовы суд, а потым у Сэнат арыгіналы двух прывілеяў на Магдэбурскае права — фундацыйны (1634 год) і канфірмацыйны (1703 год). Аднак расейскія ўлады назвалі гэтыя дакумэнты «несапраўднымі». Каб адбіць у местачкоўцаў ахвоту бараніць свае законныя правы, найбольш актыўных бялынічанаў залічылі ў прыгонныя, як «летуценьнікаў пра ўяўную вольнасьць» (рас. «возмечтавших о мнимой вольности»), а двух найбольш актыўных змагароў прылюдна высеклі бізунамі і выслалі на катаргу ў Сыбір[9]. Паводле інвэнтару, у 1825 годзе ў мястэчку Бялынічы было 287 дымоў, у аднайменным фальварку — 71 дым. На 1845 год налічвалася 992 двары ў мястэчку і 89 — у фальварку. з 1855 году працавала піваварня.

У 1864 годзе ўлады Расейскай імпэрыі з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага адкрылі ў Бялынічах народную вучэльню, выкладаньне ў якой вялося на расейскай мове. У 1876 годзе яны гвалтоўна зачынілі касьцёл і кляштар кармэлітаў і перадалі іх у валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). На 1880 год у мястэчку было 279 драўляных будынкаў; дзеялі 2 царквы, працавалі лякарня, аптэка, бровар, крупадзёрка. У 1909 годзе адкрылася бібліятэка, у 1913 годзе ўтварылася таварыства цьвярозасьці.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Бялынічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бялынічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня году Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзу Бялынічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну. 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.

У Другую сусьветную вайну з 6 ліпеня 1941 да 29 чэрвеня 1944 году Бялынічы знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1960-я гады савецкія ўлады зьнішчылі помнік архітэктуры барока — касьцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар кармэлітаў.

23 сьнежня 2009 году да Бялынічаў далучылі вёску Міхайлоў[10]. 19 сьнежня 2016 году Бялынічы атрымалі статус места[11] (пастанова набыла моц 17 студзеня 2017 году[12]). У 2020 годзе тут прайшоў Дзень беларускага пісьменства. З гэтай нагоды праводзілася аднаўленьне аб’ектаў інфраструктуры і рэканструкцыя музэю В. Бялыніцкага-Бірулі, а Белпошта выдала спэцыяльны сьвяточны канвэрт[13].

  • XVIII стагодзьдзе: 1785 год — 831 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1823 год — 556 чал.; 1827 год — 1085 чал.; 1846 год — 940 чал.[14]; 1861 год — 1945 чал.[15]; 1880 год — 859 чал.; 1897 год — 2215 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1926 год — 2425 чал.; 1959 год — 4244 чал.[16]; 1977 год — 6,6 тыс. чал.; 1995 год — 10,7 тыс. чал.[17]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 10,1 тыс. чал.; 2005 год — 9,9 тыс. чал.[18]; 2006 год — 9,8 тыс. чал.; 2008 год — 9,7 тыс. чал.; 2009 год — 10 688[19] чал. (перапіс); 2015 год — 10 316 чал.[20]; 2016 год — 10 220 чал.[21]; 2017 год — 10 035 чал.[22]; 2018 год — 9887 чал.[3]

У Бялынічах працуюць 2 сярэднія школы, школа-інтэрнат, школа мастацтваў.

Дзеюць цэнтар культуры, 2 бібліятэкі.

У Бялынічах выдаецца раённая газэта «Зара над Друцьцю».

Бялынічы разьвіваюцца паводле генэральнага пляну і праектаў дэталёвага плянаваньня цэнтру. Галоўная вось места забудоўваецца 1—2-павярховымі дамамі, утварыўся мікрараён з 3—5-павярховай жылой забудовай.

Афіцыйная назваГістарычная назва
Ленінская вуліцаВіленская вуліца (частка)
Манастырская вуліца (частка)[23]
Сялянская вуліцаГлініцкая вуліца[23]

Паводле інвэнтару 1627 году, у Бялынічах таксама існавалі вуліцы Гайная, Красная, Крукава, Плітніцкая, Татарская і Цяцерынская. Гістарычны Рынак у наш час ня мае афіцыйнай назвы.

Гістарычныя мясцовасьці Бялынічаў: Глінішча[24], Пяскі[24], Слабада, Сьвінтар[25].

Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Бялынічаў
  • Філія «Бялыніцкая» ААТ «Бабулін гарлачык»
  • Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Бялыніцкі камбінат каапэратыўнай прамысловасьці»
  • Унітарнае камунальнае вытворчае прадпрыемства «Бялыніцкі вэтсанутыльзавод»

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Маці Божая Бялыніцкая. Каменная статуя-анёл, інагураваная з нагоды Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах (6 верасьня 2020)

Інфраструктура

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Дзее Бялыніцкі раённы мастацкі музэй імя В. Бялыніцкага-Бірулі. Спыніцца можна ў гатэлі[26].

  • Могілкі юдэйскія
  • Парк пры былой сядзібе Агінскіх (1740-я)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. LVIA. F. 1177, ap. 1, b. 4373.
  1. «Об установлении границ некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 8 августа 2016 г. № 21-4 (рас.)
  2. GeoNames (анг.) — 2005.
  3. 1 2 3 Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  4. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 24.
  5. 1 2 3 4 5 6 Насевіч В. Бялынічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 363.
  6. Насевіч В. Бялынічы // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 166.
  7. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Бялыніцкага р-на. — Мн.: Вышэйшая школа, 2000.
  8. Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 139.
  9. Карпечанка М. Вольнае мястэчка Бялынічы // Бялыніцкая даўніна. № 1 (15), кастрычнік 2007 г. С. 2—3.
  10. «Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 23 декабря 2009 г. № 17-16 (рас.)
  11. Круглае і Бялынічы атрымалі статус гарадоў раённага падпарадкавання, Наша Ніва, 19 сьнежня 2016 г.
  12. «Об отнесении поселков городского типа Белыничи и Круглое Могилевской области к городам районного подчинения». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 19 декабря 2016 г. № 24-4 (рас.)
  13. Минсвязи выпустит конверт с оригинальной маркой «День белорусской письменности в Белыничах», Зара над Друцьцю, 19 жніўня 2020 г.
  14. Насевіч В. Бялынічы // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 167.
  15. Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 333.
  16. Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 336.
  17. БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 403.
  18. Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 330.
  19. Перепись населения — 2009. Могилевская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  20. Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  21. Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  22. Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  23. 1 2 Несцярэнка Ю. Маё мястэчка ў часе і прасторы. — Менск: Выдавец Зміцер Колас, 2015. С. 31.
  24. 1 2 Несцярэнка Ю. Маё мястэчка ў часе і прасторы. — Менск: Выдавец Зміцер Колас, 2015. С. 48.
  25. Несцярэнка Ю. Маё мястэчка ў часе і прасторы. — Менск: Выдавец Зміцер Колас, 2015. С. 19.
  26. Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  27. Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 199.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]