Чырвоны харчавік
Чырвоны харчавік | |
Тып | Адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 1870 |
Заснавальнікі | Ханон Райцын |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | 213805 Бабруйск, Магілёўская вобласьць |
Адрас | вул. Бахарава, 145 |
Галіна | харчовая прамысловасьць |
Прадукцыя | слодычы |
ААТ «Чырво́ны харчаві́к» — прадпрыемства ў Бабруйску, заснаванае ў 1870 року.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1870 року купец Ханон Райцын адкрыў у Бабруйску дражджавы завод. На ім працавалі 40 чалавек, у год выраблялі каля 400 фунтаў дрожджаў. Першыя будынкі былі драўляныя, пазьней дабудаваныя мураваныя баракі для пражываньня працаўнікоў.
У 1890 року Райцын прадаў завод купцу Зусьману Рабіновічу. У 1892—1897 быў збудаваны мураваны корпус, набытае новае абсталяваньне. У 1898 Рабіновіч прадаў ⅗ часткі ўласнасьці Ашэру Рабіновічу і Шмэрку Галадцу. З 1902 року завод перайшоў ва ўласнасьць абшарнікаў Вікенція Паклеўскага-Казелы і Карла Незабытоўскага. У 1913 новым уласьнікам стаў купец 1-й гільдыі Янкель Разоўскі.
Пасьля прыходу бальшавікоў завод перададзены павятоваму Саўнаркаму, ягоным кіраўніком стаў Геца Фрыд. У 1921 року, за новым дырэктарам С. Л. Гінзбургам вытворчасьць спынілася. У 1924 року завод перададзены Белхарчтрэсту, пачаўся капітальны рамонт. Былі створаныя вытворчыя аддзяленьні: квасільнае, вальцавое, заторнае, мачыльнае, прасовачнае, пакавальнае. У наступным годзе завод выпусьціў больш за 700 кг дрожджаў, якія пастаўляліся пераважна ва Ўкраіну, а таксама Бабруйскі ды Магілёўскі раёны.
У 1928—1930 завод рэканструяваны і перайменаваны ў кандытарскую фабрыку «Чырвоны харчавік». Пачаўся выпуск пасьцілы, мармэляду, павідлы. У 1934 року ўведзены карамэльны цэх, у 1934 — халвічны, у 1937 — дрожджавы. Перад Нямецка-савецкай вайной фабрыка выпускала 33 віды кандытарскіх вырабаў агульнай масай 7000 тонаў.
У 1944 року немцы пры адступленьні спалілі фабрыку, частку абсталяваньня вывезьлі. Вытворчасьць адноўленая ў 1945, да 1950 дасягнуты даваенны аб’ём прадукцыі. У 1952—1955 рр. адбываецца пераарыентацыя прадпрыемства на выпуск пасьціла-мармэлядных вырабаў. У 1969—1971 року збудаваная халвічная вытворчасьць.
У кастрычніку 1994 р. кандытарская фабрыка пераўтвораная ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. У 1999 р. уведзеныя ў эксплюатацыю лініі па вытворчасьці ірысу, мармэляду і цукерак у шакаляднай глязуры з аўтаматычным пакаваньнем.
Прадукцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фабрыка выпускае больш за 140 відаў прадукцыі: зэфір, халва, дражэ, мармэляд, ірыс, жэлейныя цукеркі.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйная бачына (рас.) (анг.) (кіт.)
- Гісторыя прадпрыемства(недаступная спасылка) // Магілёўская абласная бібліятэка