Перайсьці да зьместу

Бабруйскаграмаш

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°10′44″ пн. ш. 29°12′55″ у. д. / 53.17889° пн. ш. 29.21528° у. д. / 53.17889; 29.21528

«Бабруйскаграмаш»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 23 верасьня 1974 (50 гадоў таму)
Заснавальнікі Міністэрства машынабудаваньня для жывёлагадоўлі і кормавытворчасьці СССР
Уласьнікі Міністэрства прамысловасьці Беларусі[1]
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Магілёўская вобласьць
Адрас Бабруйск, Шынная вул., д. 5[2]
Ключавыя фігуры Надзея Лазарэвіч, Аляксей Іваноў[3]
Галіна машынабудаваньне
Прадукцыя барана, касілка, кормараздатчык, плуг, трактарны прычэп, прэс-падборшчык, разьмеркавальнік угнаеньняў, сеялка
Абарачэньне 125,473 млн рублёў (2020 год; 48,653 млн $)
Апэрацыйны прыбытак 761 тыс. рублёў (2020 год; 295 тыс. $)
Чысты прыбытак 723 тыс рублёў (2020 год[4]; 280 тыс. $[5])
Лік супрацоўнікаў 1796 (2021 год)
Матчына кампанія Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь
Даччыныя кампаніі «Воршааграпраммаш», «Маладэчанскі станкабудаўнічы завод», «НДІбудаўталінія» (Магілёў) і «Берасьцейскі электрамэханічны завод»
Аўдытар «ААБ Кансалт» (Менск)

«Бабруйскаграмаш» — дзяржаўнае машынабудаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў верасьні 1974 году ў якасьці «Бабруйскага заводу раскідвальнікаў угнаеньняў» (Магілёўская вобласьць).

На 2021 год прадпрыемства выпускала звыш 150 найменьняў навясных і паўпрычэпных сельскагаспадарчых машынаў і было найбольшым іх вытворцам ва Ўсходняй Эўропе. Звыш паловы вырабаў пастаўлялі ў Расею. Рэшту замежных паставак штогод накіроўвалі пераважна ў Казахстан і Эгіпет, а таксама ў такія краіны Эўропы, як Ўкраіна, Славаччына, Фінляндыя, Чэхія і Швэцыя. Агулам сельгасмашыны прадавалі ў 50 краінах, у тым ліку Заходняга паўшар’я[6]. У склад холдынгу «Бабруйскаграмаш» уваходзілі філія «Берасьнеўскі сельскагаспадарчы вытворчы каапэратыў» (Баравіца, Качэрыцкі раён) і 5 машынабудаўнічых ААТ: «Бабруйсксельмаш», «Воршааграпраммаш» (Віцебская вобласьць), «Маладэчанскі станкабудаўнічы завод» (Менская вобласьць), «НДІбудаўталінія» (Магілёў) і «Берасьцейскі электрамэханічны завод»[7]. Прадпрыемства мела за мяжой 5 зборачных вытворчасьцяў, у тым ліку ў Казахстане, Расеі і Таджыкістане[8].

На 2021 год плошча заводу «Бабруйскаграмаш» складала 60 гектараў. Зь іх 29 га прыпадала на будынкі, у тым ліку 16,8 га — на вытворчыя, 3,8 га — на побытава-кіраўнічыя і 1,1 га на склады. Прадпрыемства налічвала 1972 прылады абсталяваньня і 5 вытворчасьцяў:

  • Нарыхтоўча-прэсавая. Улучала крывашыпныя гільяцінныя нажніцы і плязмарэзы з праграмным кіраваньнем (ЛПК) для раскрою ліставога мэталу таўшчынёй да 25 мілімэтраў, гідраўлічны каардынатна-прабіўны прэс з ЛПК 250/30-2500, дыскавыя пілы і крывашыпныя прэсы 40—1000 т, чаканачныя прэсы да 1600 тонаў і гідраўлічныя прэсы да 160 тонаў, а таксама лістазгінальныя прэсы з ЛПК, намаганьнем ад 135—350 тонаў і даўжынёй згіну да 620 см. Цэх аснашчаўся кранамі грузападымальнасьцю ад 10 да 30 тонаў.
  • Зборачна-зварачная. Ажыцьцяўлялася 4 віды зваркі: паўаўтаматычная ў асяродзьдзі вуглякіслага газу, аўтаматычная пад слоем флюсу, кантактная і ў асяродзьдзі аргону. Для вырабу цыстэрнаў пры аўтазварцы выкарыстоўвалі безупынную навіўку сьпіральна-шоўнай трубы рулённай сталі таўшчынёй 5 мілімэтраў. У цэху месьціліся стэнды, вытворчыя лініі і кантавальнікі, стапэлі і перавозьнікі, а таксама краны грузападымальнасьцю да 10 тонаў.
  • Мэханаапрацоўчая. На такарных станках з ЛПК апрацоўвалі дэталі прамерам да 40 см і даўжынёй да мэтру, а на агульных такарных станках — дэталі прамерам да мэтру і даўжынёй да 5 мэтраў. На гарызантальным станку з ЛПК НВ-630 фрэзэравалі, сьвідравалі і расточвалі вузлы прамерам і вышынёй да мэтру пры вазе да 1200 кг. Канічныя зубчатыя колы наразалі прамерам да 32 см, а цыліндрычныя зубчатыя колы — прамерам да 2-х мэтраў. На шліфавальным станках з ЛПК аўтаматычна апрацоўвалі валы прамерам да 20 см і даўжынёй да 2-х мэтраў.
  • Зборачная. Пры стапэльнай зборцы на канвэеры выкарыстоўвалі: 1) станок МС9717Д-2Б рухомага разьмяшчэньня зборачных і зварачных дэталяў даўжынёй да 3-х мэтраў і вагой ад 10 да 500 кг; 2) стэнды зборкі дыскавых колаў прамерам 150 см, шырынёй 80 см і прамерам вобаду 14—26 цаляў; 3) стэнды выпрабаваньня вузлоў і машынаў.
  • Фарбавальная. Дзейнічала лінія фарбаваньня буйнапамерных вырабаў і ўстаноўка бескамэрнага фарбаваньня пнэўмараспыляльнікам, а таксама беспаветраны распыляльнік. Канчаткова сабраныя вырабы фарбавалі дакафарбай у прахадных камэрах з наступнай сушкай і маркіроўкай. У гальванічным аддзяленьні на лініі выконвалі цьвёрдае храмаваньне, цынкаваньне з храматаваньнем і аксыдаваньне. Цэхі аснашчаліся кранамі грузападымальнасьцю ад 5 да 30 тонаў, а адкрытыя складзкія пляцоўкі — кранамі падымальнасьцю да 32-х тонаў. Матэрыялы перавозілі аўтапагрузчыкамі, трактарамі і самаходамі, а таксма дызэльным лякаматывам па чыгунцы. Дапаможнымі цэхамі былі: інструмэнтальны і рамонтна-мэханічны, электрацэх і энэргацэх, а таксама дрэваапрацоўчая вытворчасьць, ачышчальныя збудаваньні і станцыя рэгазіфікаваньня вадкага прапану-бутану[9].
Раскідвальнік арганічных угнаеньняў «МЖТ-11» (2018 год)

На 2021 год «Бабруйскаграмаш» выпускаў 247 узораў тэхнікі, зь іх 88 дапаможнай:

  • 34 узоры кормаўборачнай тэхнікі — 17 відаў дыскавых і сэгмэнтна-пальцавых касілак, 12 відаў рулённых і цюкавых прэс-падборнікаў, а таксама 5 відаў трактарных грабляў-валкавальнікаў і варашылак[10];
  • 22 узоры тэхнікі для ўнясеньня ўгнаеньняў — 7 відаў раскідвальнікаў арганічых угнаеньняў і 15 відаў разьмеркавальнікаў для мінэральных[11];
  • 30 узораў трактарных прычэпаў, у тым ліку 12 самазвальных і агульных паўпрычэпаў, 9 адмысловых паўпрычэпаў для кармоў і рулёнаў[12];
  • 23 узоры прыгатавальнікаў і раздатчыкаў кармоў — 3 віды здрабняльнікаў грубых кармоў і рулёнаў, 13 відаў кормараздатчыкаў з выгрузным канвэерам і зьмешвальнікам, а таксама 7 відаў корманарыхтоўнікаў у выглядзе здрабняльнікаў збожжа і ўпакоўшчыкаў сена і сілажу[13];
  • 30 узораў глебаапрацоўчага абсталяваньня — 6 відаў дыскавых агрэгатаў, 7 відаў дыскавых і зубавых баронаў, кольчата-зубчатую катку і 3 віды акучнікаў, 13 дыскавых і корпусных плугоў[14];
  • 4 узоры тэхнікі для ўрабленьня льну — 2 віды прэс-падборшчыкаў і па адным відзе абарочвальніка і ўспушвальніка стужак льну[15];
  • 11 узораў пунктырных і шыроказахопных сеялак, у тым ліку 4 пасяўныя агрэгаты[16];
  • 5 узораў лесапрамысловых машынаў — па 2 віды лесавозных паўпрычэпаў і пажаратушыльных машынаў, а таксама машыну для пасадкі сажанцаў[17];
  • 88 узораў дапаможнага абсталяваньня — падавальныя бункеры і дазатары, драбілкі і палівамыечныя машыны, канвэеры і кантэйнэры, гідраўлічныя нажы і пэрфаратары плястыкавых пляшак, гідраўлічныя прэсы і дыскавыя сартавальнікі, вэртыкальна-сьвідравальныя і цэнтравальна-падразныя станкі, кармушкі для рыбы і апілкападавальнікі, брыкетавальнікі і лініі прэсаваньня кардону і пляшак[18].
Разьмеркавальнік мінэральных угнаеньняў «РУ-8» на выставе «Белагра-2019»

На 2021 год «Бабруйскаграмаш» меў 56 дылераў у 45 краінах:

Збыт праз пазыку ў Беларусі фінансавалі «Белаграпрамбанк» і «Беларусбанк», а празь лізінг — «Прамагралізінг». Пры пастаўцы за мяжу збыт фінансавалі «Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» і «Прамагралізінг», а ў Казахстане і Ўкраіне дадаткова — «Казаграфінанс» і «Укргазбанк»[20]. Гарантыйны тэрмін выкарыстаньня тэхнікі «Бабруйскаграмаш» у Беларусі складаў 2 гады, а за мяжой — 1 год. На прадпрыемстве дзейнічала 5 выязных брыгадаў, якія аднаўлялі тэхніку ў Магілёўскай вобласьці. У астатніх 5 абласьцях Беларусі тэхніку абслугоўвалі 15 тэхнічных цэнтраў: 1) 3 у Берасьцейскай — Бяроза, Жабінка і Пінск; 2) 4 у Віцебскай — Віцебск, Ворша, Глыбокае і Полацак; 3) 1 у Гарадзенскай — Іўе; 4) 3 у Гомельскай — Гомель, Петрыкаў і Шацілавічы; 5) 4 у Менскай — Барысаў, Любань, Фаніпаль (Койданаўскі раён) і Юбілейны пасёлак (Менскі раён). За мяжой такія тэхнічныя цэнтры працавалі ў 14 краінах:

23 верасьня 1974 году Міністэрства машынабудаваньня для жывёлагадоўлі і кормавытворчасьці СССР ухваліла Загад № 166 аб стварэньні «Бабруйскага заводу раскідвальнікаў угнаеньняў» (Беларуская ССР). Прадпрыемства налічвала 988 супрацоўнікаў. У верасьні 1975 году выпусьцілі першыя 11 досьледных узораў раскідвальнікаў вадкіх арганічных угнаеньняў «РЖТ-8. Да канца 1975 году выпусьцілі 250 такіх раскідвальнікаў. У 1981 годзе дасягнулі праектнай магутнасьці заводу ў 26 000 машынаў. Спачатку выпускалі 4 узоры раскідвальнікаў арганічных угнаеньняў: «РЖТ-8» для вадкіх грузападымальнасьцю 8 тонаў, «ПРТ-10» на 10 тонаў, «РЖТ-16» для вадкіх падымальнасьцю 16 тонаў і «ПРТ-16» на 16 тонаў.

У сьнежні 1982 году раскідвальнік «ПРТ-10» атрымаў Дзяржаўны знак якасьці, бо вызначаў дозу ўнясеньня ўгнаеньня ў глебу. У складзе прадпрыемства стварылі Дзяржаўнае спэцыялізаванае праектна-канструктарскае тэхналягічнае бюро (ДСПКТБ). На заводзе ўкаранілі плязьменную рэзку дэталяў і гарачую накатку зубцоў зорак, аўтазварку пад своем флюсу і аўтацынкаваньне, афарбоўку струменевым аблівам і апрацоўку станкамі дэталяў хадавой сыстэмы на лініі. Таксама ўвялі лініі штампоўкі лянжэронаў, выраб днішчаў і бартоў машынаў. Абнавілі лінію абечкаў машынаў, канвэер зборкі балянсіраў і аўтаматычную лінію афарбоўкі бартоў і рамаў.

Незалежная Беларусь

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1991 годзе пачалі распрацоўку кормазагатовачных машынаў. Спачатку асвоілі вытворчасьць рулённых прэс-падборшчыкаў «ПРФ». У сэрыйную вытворчасьць запусьцілі «ПРФ-110», «ПРФ-145» і «ПРФ-180». Пазьней запусьцілі вытворчасьць перавозчыкаў рулёнаў «ТР-Ф-5» і размотчыкаў-раздатчыкаў грубых кармоў «РГ-1». Урэшце пачалі выраб 4-ротарных дыскавых касілак «КДН-210», грубляў-варашылак «ГВР-630» і кормараздатчыкаў «КРФ-10». Пасьля 2000 году сталі выпускаць машыны ўнясеньня мінэральных угнаеньняў «МСВД-0,5», «РШУ-12», «МТТ-4У» і «МТТ-4Ш». У 2005 годзе ўнітарнае прадпрыемства «Бабруйскаграмаш» пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства.

19 кастрычніка 2012 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 948 аб стварэньні холдынгу «Бабруйскаграмаш», у склад якога ўвайшлі 5 ААТ: «Бабруйсксельмаш», «Воршааграпраммаш» (Віцебская вобласьць), «Маладэчанскі станкабудаўнічы завод» (Менская вобласьць), «НДІбудаўталінія» (Магілёў) і «Берасьцейскі электрамэханічны завод»[6] (апошні ў 2020-м пасьля выхаду «Тэхналіт Полацак»).

У 2015 годзе ў Расеі адчынілі Гандлёвы дом «Бабруйскаграмаш», які да 2021 году стварыў звыш 100 дылераў і прадстаўніцтваў у большасьці вобласьцяў[22]. На травень 2015 году ў Казахстане дзейнічала сумесная зборачная вытворчасьць прэс-падборшчыкаў «Бабруйскаграмашу»[23]. На красавіка 2016 году працавала прадстаўніцтва «Бабруйскаграмашу» ў Румыніі[24]. У 2017 годзе «Бабруйскаграмаш» выступіў сузаснавальнікам зборачнай вытворчасьці «УзБелАграмаш» ва Ўзбэкістане[25]. У лістападзе 2017 году зборачная вытворчасьць запрацавала ў таджыцкім горадзе Гісар[26]. У сьнежні 2017 году ў Грузію паставілі 120 машынаў «Бабруйскаграмаш». 22 сакавіка 2018 году на Беларуска-грузінскім бізнэс-форуме ў Тбілісі заключылі пагадненьне з ТАА «Гермэс» аб гандлёвым прадстаўніцтве ў Грузіі[27]. Пры гэтым падпісалі кантракт на пастаўку 70 машынаў у 1-м паўгодзьдзі[28]. На сакавік 2018 году «Бабруйскаграмаш» вырабляў 70 відаў навясной і прычапной сельгастэхнікі[29]. У ліпені 2018 году ў Каіры (Эгіпет) запусьцілі зборачную вытворчасьць касілак, прэс-падборшчыкаў і раскідвальнікаў угнаеньняў сумесна з прадпрыемствам «Хэлван»[30].

8 жніўня 2019 году на Міжнароднай выставе харчаваньня і сельскай гаспадаркі ў Найробі (Кенія) падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні з прадпрыемствам «Пэвін» і дасягнулі дамоўленасьці аб пастаўцы тэхнікі празь яго[31]. 30 жніўня 2019 году Навукова-практычны цэнтар мэханізацыі сельскай гаспадаркі прадставіў на Шклоўскім ільнозаводзе 4 машыны для поўнага цыклю зборкі льну. У стварэньні машынаў узяў удзел і «Бабруйскаграмаш»[32]. На верасень 2019 году на 6 заводах холдынгу «Бабруйскаграмаш» працавала 2400 чалавек, зь якіх каля 1900 на заводзе ў Бабруйску. Сярэднемесячны заробак складаў 820 рублёў (392 даляры ЗША)[33]. 18 лютага 2020 году зь Міністэрствам прамысловасьці Беларусі падпісалі дарожную мапу пра выхад з холдынгу ААТ «Тэхналіт Полацак», месца якога да восені заняў «Берасьцейскі электрамэханічны завод». «Бабруйскаграмаш» вырабляў звыш 90 мадэляў сельскагаспадарчых машынаў[34].

На лістапад 2020 году прадпрыемства мела за мяжой 5 зборачных вытворчасьцяў, у тым ліку ў Казахстане, Расеі і Таджыкістане. Каля 75 % агрэгатаў адгружалі ў Расею па перадаплаце праз уласны гандлёвы дом[8]. У 2020 годзе на прэс-падборшчыкі прыпала 39 % вытворчасьці[4]. У 2021 годзе прадпрыемствы холдынгу выпускалі звыш 150 найменьняў тэхнікі, якую пастаўлялі ў больш як 50 краінаў[35]. 15 чэрвеня 2021 году распрацавалі кампутарызаваны разьмеркавальнік мінэральных угнаеньняў, які дазваляў вызначаць дозу ўнясеньня ўгнаеньня з кабіны трактара[36].

  • Барыс Лапенка (1974—1975)
  • Анатоль Увараў (1975—1987)
  • Яўген Пахілка (1987—2010)
  • Сяргей Казачонак (2010—2014)
  • Аляксандар Ерамееў (27 сьнежня 2014[37] — 2018)
  • Надзея Лазарэвіч (ад 13 лістапада 2018 году[38])
  1. ^ Інфармацыя аб выплаце дывідэндаў за 2020 год (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2 красавіка 2021 г. Праверана 2 верасьня 2021 г.
  2. ^ Кантакты (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2021 г. Праверана 2 верасьня 2021 г.
  3. ^ Кіраўніцтва (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2021 г. Праверана 2 верасьня 2021 г.
  4. ^ а б А.М. Судніковіч, А.В. Дрэйзін. Справаздача за 2020 год (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 7 красавіка 2021 г. Праверана 2 верасьня 2021 г.
  5. ^ Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, які ўстанаўліваецца штодзённа (2,5789 за даляр ЗША) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 31 сьнежня 2020 г. Праверана 2 верасьня 2021 г.
  6. ^ а б Аб прадпрыемстве (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2021 г. Праверана 2 верасьня 2021 г.
  7. ^ Будова холдынгу (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2021 г. Праверана 2 верасьня 2021 г.
  8. ^ а б Эліта нацыянальнай эканомікі // Зьвязда. — 11 лістапада 2020. — № 220 (29334). — С. 11.
  9. ^ Вытворчыя магутнасьці (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2021 г. Праверана 2 верасьня 2021 г.
  10. ^ Кормаўборачная тэхніка (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2021 г. Праверана 2 верасьня 2021 г.
  11. ^ Тэхніка для ўнясеньня ўгнаеньняў (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2021 г. Праверана 2 верасьня 2021 г.
  12. ^ Трактарныя прычэпы (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2021 г. Праверана 2 верасьня 2021 г.
  13. ^ Тэхніка для прыгатаваньня і раздачы кармоў (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2021 г. Праверана 2 верасьня 2021 г.
  14. ^ Глебаапрацоўчае абсталяваньне (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2021 г. Праверана 2 верасьня 2021 г.
  15. ^ Тэхніка для ўрабленьня льну (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2021 г. Праверана 2 верасьня 2021 г.
  16. ^ Сеялкі і глебаапрацоўчыя агрэгаты (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2021 г. Праверана 2 верасьня 2021 г.
  17. ^ Машыны для лесапрамысловага комплексу (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2021 г. Праверана 2 верасьня 2021 г.
  18. ^ Іншае абсталяваньне і тэхніка (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2021 г. Праверана 2 верасьня 2021 г.
  19. ^ Дылеры (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2021 г. Праверана 3 верасьня 2021 г.
  20. ^ Схема фінансаваньня набыцьця тэхнікі (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2021 г. Праверана 3 верасьня 2021 г.
  21. ^ Гарантыйнае і сэрвіснае абслугоўваньне (рас.) // ААТ «Бабруйскаграмаш», 2021 г. Праверана 3 верасьня 2021 г.
  22. ^ «Бабруйскаграмаш» падпісаў дыстрыб'ютарскае пагадненьне з гандлёвым домам у РФ // БелТА, 24 чэрвеня 2021 г. Праверана 3 верасьня 2021 г.
  23. ^ Надзея Юшкевіч. «Нашыя краіны толькі ў пачатку вялікага шляху» // Зьвязда : газэта. — 20 траўня 2015. — № 93 (27951). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  24. ^ Надзея Юшкевіч. У Румыніі працуе ўжо 38 сумесных з нашай краінай фірмаў // Газэта «Зьвязда», 20 красавіка 2016 г. Праверана 3 верасьня 2021 г.
  25. ^ За год у адносінах з Узбэкістанам зроблена больш, чым за 20 папярэдніх // БелТА, 13 чэрвеня 2018 г. Праверана 3 верасьня 2021 г.
  26. ^ Надзея Юшкевіч. Узорныя адносіны і амбіцыйныя пэрспэктывы // Зьвязда. — 2 сьнежня 2017. — № 233 (28597). — С. 1, 2.
  27. ^ Каля 30 дакумэнтаў падпісана на грузінска-беларускім бізнэс-форуме // Газэта «Зьвязда», 22 сакавіка 2018 г. Праверана 3 верасьня 2021 г.
  28. ^ Вераніка Бута, тэлеканал «Беларусь 1». Беларуска-грузінскі бізнэс-форум. Шматмільённыя кантракты і рашэньні на пэрспэктыву // Белтэлерадыёкампанія, 25 сакавіка 2018 г. Праверана 3 верасьня 2021 г.
  29. ^ «Бабруйскаграмаш» - адзін з буйнейшых вытворцаў сельгастэхнікі ў Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 27 сакавіка 2018 г. Праверана 3 верасьня 2021 г.
  30. ^ Уладзіслаў Лукашэвіч. Дакумэнт дае вынік // Зьвязда. — 4 жніўня 2018. — № 148 (28764). — С. 3.
  31. ^ Беларускія прадпрыемствы на выставе ежы і сельскай гаспадаркі дамовіліся аб пастаўках сельгастэхнікі ў Кенію // БелТА, 8 жніўня 2019 г. Праверана 3 верасьня 2021 г.
  32. ^ Марыя Дадалка. Новыя тэхналёгіі для спрадвечнага // Зьвязда. — 31 жніўня 2019. — № 165 (28764). — С. 3.
  33. ^ Ад сацыяльнай сферы да разьвіцьця вытворчай базы // Мясцовае самакіраваньне. — 27 верасьня 2019. — № 39 (524). — С. 3.
  34. ^ Берасьцейскі электрамэханічны завод увойдзе ў холдынг «Бабруйскаграмаш» у 2020 годзе // БелТА, 18 лютага 2020 г. Праверана 3 верасьня 2021 г.
  35. ^ «Бабруйскаграмаш» пашырыць зборачную вытворчасьць у Таджыкістане // БелТА, 12 красавіка 2021 г. Праверана 3 верасьня 2021 г.
  36. ^ «Бабруйскаграмаш» распрацаваў новы размеркавальнік мінеральных угнаенняў // БелТА, 15 чэрвеня 2021 г. Праверана 3 верасьня 2021 г.
  37. ^ Кірунак вызначаны // Зьвязда : газэта. — 29 сьнежня 2014. — № 246 (27856). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  38. ^ Надзея Анісовіч. На новым рабочым месцы // Зьвязда. — 14 лістапада 2018. — № 219 (28835). — С. 2.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]