Перайсьці да зьместу

Саюз палякаў Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Зьвяз палякаў на Беларусі»)
Сядзіба арганізацыі ў Горадні.

Саюз палякаў на Беларусі (СПБ, па-польску: Związek Polaków na Białorusi) — польская грамадзкая і культурная арганізацыя, створаная ў чэрвені 1990; яна бярэ пачатак ад Польскага культурна-асьветніцкага таварыства імя А. Міцкевіча 1988 на Гарадзеншчыне а таксама ад Польскага культурна-асьветніцкага таварыства «Polonia» ў Менску. Галоўныя задачы таварыства — падтрымка польскай школьнай справы, польскай культуры і традыцый і выданьне друкаванай прадукцыі на польскай мове. У найлепшыя часы свайго існаваньня Саюз палякаў быў самай вялікай грамадзкай арганізацыяй ў краіне[1]. Сядзіба арганізацыі знаходзіцца ў Горадні. Існавала Віцебская гарадзкая філія СПБ[2].

У сакавіку 2021 году кіраўнік Саюзу Анжаліка Борыс і яшчэ некалькі актывістаў Саюзу былі затрыманыя, пасля супраць іх завялі крымінальныя справы пра распальваньне нянавісьці. Анжаліку Борыс ў сакавіку 2022 году выпусьцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе і абавязку зьяўляцца на допыты. У 2023 годзе абвінавачаньні супраць Борыс зьнялі[3][4]. Іншага затрыманага ў 2021 годзе, журналіста Андрэя Пачобута, у лютым 2023 году прыгаварылі да 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму[5].

30 сьнежня 2021 году суд Ленінскага раёну Гародні прызнаў экстрэмісцкім матэрыялам сайт Саюза палякаў[6]. Вясной 2024 года КДБ абвясьціў сайт, які на той час ужо перастаў быць парталам Саюзу палякаў Беларусі, «экстрэмісцкім фармаваньнем»[7].