Новая эканамічная палітыка
Но́вая эканамі́чная палі́тыка (НЭП) — захады ўраду Расейскай СФСР 1921—1928 гадоў, зацьверджаныя 10-м зьездам Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) 14 сакавіка 1921 году. Замяніла палітыку ваеннага камунізму, што ажыцьцяўлялася бальшавікамі падчас Грамадзянскай вайны ў Расеі ў 1918—1921 гадах. Улучала: 1) увядзеньне штогадовага харчовага падатку ў вёсцы замест харчразьвёрсткі, 2) дазвол прыватнага гандлю, 3) дазвол замежных канцэсіяў для прыцягненьня ўкладаньняў, 4) ператварэньне рубля ў канвэрсаваную валюту цягам 1922—1924 гадоў[1], 5) дазвол прыватнага найму да 30 работнікаў[2]. Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі, заснаваная 30 сьнежня 1918 г. у Смаленску (Заходняя вобласьць, Расейская СФСР) у складзе РКП(б), праводзіла НЭП у Беларускай ССР. Адпаведныя захады ажыцьцяўляліся ў Закаўкаскай СФСР і Ўкраінскай ССР, якія 30 сьнежня 1922 году ўтварылі СССР зь Беларускай ССР і Расейскай СФСР.
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку Першай сусьветнай вайны 1914—1918 гадоў і наступнай грамадзянскай вайны ў Расеі вытворчасьць буйной прамысловасьці зазнала 5-кратнае скарачэньне ў 1920 г. параўнальна з даваенным 1913 годам. За адпаведны час тэкстыльная прамысловасьць зазнала амаль 18-кратнае скарачэньне. Земляробства ўпала да 64% ад узроўню 1913 году, жывёлагадоўля — да 72%. За час 1-й сусьветнай і грамадзянскай войнаў (1914—1921 гг.) у Расеі спынілася большасьць перавозак, перастала працаваць большасьць аддзяленьняў пошты і тэлеграфнай сувязі, адбыўся разрыў большасьці ранейшых гандлёвых сувязяў[1].
У Беларускай ССР адчуваліся разбуральныя наступствы 8-гадовага прыфрантавога становішча Беларусі цягам 1-й сусьветнай вайны 1914—1918 гг. і наступнай Польска-савецкай вайны 1919—1921 гадоў. Рыская мірная дамова ад 18 сакавіка 1921 г. прывяла да 18-гадовага падзелу Беларусі між Расейскай СФСР і Польскай Рэспублікай, які яшчэ больш абцяжарыў аднову гаспадарчых сувязяў. За 1914—1921 гг. у Беларусі перастала працаваць большасьць прамысловых прадпрыемстваў. У 1920 г. сельская гаспадарка вырабіла крыху больш за палову тавараў ад узроўню даваеннага 1913 году. Пашырэньне атрымаў разбойны бандытызм[1].
Захады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]14 сакавіка 1921 г. 10-ы зьезд РКП(б)(ru) зацьвердзіў Пастанову «Аб замене разьвёрсткі натуральным падаткам». 21 сакавіка 1921 г. Усерасейскі цэнтральны выканаўчы камітэт(ru) РСФСР, куды ўваходзілі прадстаўнікі зьездаў Саветаў Беларускай і Ўкраінскай ССР і Закаўкаскай СФСР, зацьвердзіў адпаведную Пастанову «Аб замене харчовай і сыравіннай разьвёрсткі натуральным падаткам» з 10 пунктаў. Паводле 3 пункта Пастановы: «Падатак спаганяецца ў выглядзе адсоткавага або долевага адлічэньня ад вырабленых у гаспадарцы прадуктаў, зыходзячы з уліку ўраджаю, колькасьці едакоў у гаспадарцы і наяўнасьці быдла ў ім». Паводле 4 пункта: «адсотак адлічэньня для гаспадарак сераднякоў, маламаёмных гаспадароў і для гаспадарак гарадзкіх рабочых мае быць паніжаным». Паводле 7 пункта: «Адказнасьць за выкананьне падатку ўскладаецца на кожнага асобнага гаспадара … Кругавая адказнасьць скасоўваецца». 8 пункт прадугледжваў: «Усе запасы харчаваньня, сыравіны і фуражу, якія застаюцца ў земляробаў пасьля выкананьня імі падатку, знаходзяцца ў поўным іх распараджэньні і могуць быць выкарыстаныя імі для паляпшэньня і ўмацаваньня сваёй гаспадаркі, для павышэньня асабістага спажываньня і для абмену на прадукты фабрычна-заводзкай і саматужнай прамысловасьці і сельскагаспадарчай вытворчасьці. Абмен дапускаецца ў межах мясцовага гаспадарчага абароту як праз каапэратыўныя арганізацыі, так і на рынках і кірмашах»[3]. У сельскай гаспадарцы дазволілі арэнду зямлі, прыватны наём работнікаў, выбар спосабу землекарыстаньня, увялі спрыяньне пазычаньню і каапэрацыі[1].
15 кастрычніка 1921 г. стварылі Дзяржаўны банк Расейскай СФСР з капіталам у 2 трлн рублёў, які з 1923 г. стаў Дзяржаўным банкам СССР(ru). 3 лістапада 1921 г. Савет народных камісараў РСФСР зацьвердзіў Дэкрэт «Аб грашовых знаках узору 1922 году», якім даручыў Народнаму камісарыяту фінансаў РСФСР правесьці дэнамінацыю ранейшых рублёў па 10 000 за 1 новы (саўзнак)[4]. 11 кастрычніка 1922 г. СНК РСФСР зацьвердзіў Дэкрэт «Аб наданьні Дзяржаўнаму банку права выпуску банкаўскіх білетаў» у выглядзе чырвонцаў. Паводле 2 пункта Дэкрэта: «чырвонец — 1 залатнік(uk) 78,24 долі(uk) (7,74 грама) чыстага золата) — роўны 10 рублям у ранейшай расейскай залатой манэце» цара Мікалая ІІ 1897—1911 гадоў выпуску. Паводле пункта 3: «Банкаўскія білеты, выпушчаныя ў абарачэньне Дзяржаўным банкам, забясьпечваюцца цалкам, прычым прынамсі на 1/4 іх сумы па намінальнай цане — каштоўнымі мэталамі і ўстойлівай замежнай валютай па курсе на золата, а ў астатняй частцы — лёгказбытавымі таварамі, кароткатэрміновымі вэксэлямі і іншымі кароткатэрміновымі абавязкамі»[5].
24 кастрычніка 1922 г. СНК РСФСР зацьвердзіў Дэкрэт «Аб выпуску ў абарачэньне грашовых знакаў узору 1923 году», паводле якога савецкія рублі 1922 г. замяняліся па 100 за 1 новы рубель[6]. 26 кастрычніка 1922 г. СНК РСФСР зацьвердзіў Дэкрэт «Аб біцьці залатых чырвонцаў», якое даручыў Наркамфіну РСФСР. Паводле 3 пункта Дэкрэта: «Чырвонец зьмяшчае ў сабе 900 частак чыстага золата і 100 частак медзі». Паводле пункта 4: «Лігатурная вага чырвонца роўная 2 залатнікам 1,6 долі» (8,6 грама)[7]. У 1923 г. Петраградзкая мынца(ru) выбіла 2,751 млн залатых чырвонцаў(ru). За 1923 г. дзель чырвонцаў у грашовай масе СССР вырасла з 3% да 80%. 7 сакавіка 1924 г. Савет народных камісараў СССР зацьвердзіў Дэкрэт «Аб парадку выкупу савецкіх грашовых знакаў, кошт якіх не пазначаны ў цьвёрдай валюце». Паводле 2 артыкула Дэкрэта: «Цьвёрды курс згаданых у арт. 1 савецкіх грашовых знакаў(ru) устанаўліваецца з 10-га гэтага сакавіка 1924 году ў 1 рубель золатам за 50 000 рублёў у грашовых знаках узору 1923 году». Паводле 3 артыкула прадугледжвалася: «Грашовыя знакі ўзору 1923 году, якія застаюцца ў звароце, абавязковыя да прыёму дзяржаўнымі, каапэратыўнымі і прыватнымі ўстановамі, прадпрыемствамі і асобамі па ўстаноўленым у арт. 2 дадзенай пастановы курсе па 10-га красавіка 1924 году ўключна. Прыём грашовых знакаў ўзору 1923 году ў плацяжы касамі Народнага камісарыяту фінансаў і Дзяржаўнага банку і абмен іх згаданымі касамі на цьвёрдую валюту ажыцьцяўляць па 30-га красавіка 1924 году ўключна»[8].
12 ліпеня 1925 г. СНК СССР зацьвердзіў Пастанову, якой: 1) скасаваў параўнальны збор (з абарота), панізіў цану патэнта (дазволу на прадпрымальніцтва) і падаходнага падатка з саматужнікаў; 2) утрая зьменшыў прамысловы падатак з саматужнікаў-наймальнікаў; 3) вызваліў ад прамых падаткаў вясковых рамесьнікаў і саматужнікаў. Адначасна на 20% павысілі падаткаабкладаньне з прамыслоўцаў. У выніку прамыслоўцы сталі дзяліць прадпрыемства на саматужныя між родзічамі[2].
Вынікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1925 г. большасьць галінаў сельскай гаспадаркі СССР дасягнула ўзроўню даваеннага 1913 году ў Расейскай імпэрыі. У 1926 г. кошт валавай вытворчасьці ў СССР ў цэнах даваеннага 1913 г. перавысіў сярэднегадавыя паказьнікі 1911—1913 гадоў на 9,8% і склаў 384,8 млн залатых рублёў. Да 1927 г. узровень прамысловай вытворчасьці аднавіўся да даваеннага 1913 году. Вызначальным чыньнікам гаспадараньня стаўся рынак. Грашовая рэформа ў СССР 1922-1924 гадоў(ru) дазволіла пераадолець гіпэрінфляцыю. У 1921—1927 гг. скасавалі працоўную павіннасьць і натуральную аплату працы, правялі адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу[1].
Беларуская ССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 1921 г. звыш паловы прамысловых прадпрыемстваў спынілі працу за час 1-й сусьветнай і Польска-савецкай войнаў. 1 ліпеня 1921 г. Савет народных камісараў БССР выдаў Дэкрэт аб увядзеньні прамысловага падатку, які складаўся з набыцьця патэнта (дазволу на прадпрымальніцтва) і выплаты параўнальнага збору (% з абарота). У 1921—1925 г. на прыватнікаў прыпадала ад 96,8% да 88,7% выплаты прамысловага падатку. Патэнт набываўся двойчы на год. Яго цана вызначалася паводле разраду, які залежаў ад ліку наёмных работнікаў. У 1921—1924 гг. прамысловыя прадпрыемствы дзяліліся на 12 разрадаў: 1) 1-3 работнікі або сам рамесьнік; 2) 4-6 работнікаў або наяўнасьць абсталяваньня; 3) 7-10 работнікаў або выкарыстаньне сямейнікаў; 4) 10-15 работнікаў; 5) 16-20 работнікаў. Патэнт 2-га разраду каштаваў удвая даражэй за патэнт 1-га разраду; 3-яга разраду — у 1,5 разы больш за 2-га; кожны наступны каштаваў у 1,3 разу даражэй за папярэдні. У выніку з ростам ліку найманых работнікаў падаў падатковы цяжар на прадпрыемства ў разьліку на кожнага работніка. Параўнальны збор у сярэднім складаў 3% ад абароту прадпрыемства (выручкі за тавары і паслугі). Паводле прамысловага перапісу ад 22 сьнежня 1922 г. у БССР працавалі 4846 прадпрыемстваў, што было ў 1,8 разу больш, чым у 1921 годзе. Лік прыватных гарбарных прадпрыемстваў вырас да 1286 (26,5% ад агульнага ліку прадпрыемстваў), то бок больш як 4-кратна параўнальна з 1921 годам. У БССР 94% вытворчых прадпрыемстваў належалі прыватнікам, 4% — ураду і 1% — каапэратывам[2]. У 1922 г. ураджай у Беларускай ССР склаў 75% ад узроўню даваеннага 1913 году ў Менскай губэрні, што дазволіла пераадолець недаяданьне (голад) сярод насельніцтва, якое пачалося ў 1918 годзе. У 1923 г. доля прыватнікаў вырасла да 90% ліку гандлёвых прадпрыемстваў і 85% таваразвароту[9].
У сакавіку 1924 г. і 4 сьнежня 1926 г. прайшло ўзбуйненьне Беларускай ССР шляхам далучэньня беларускіх паветаў Расейскай СФСР (цяпер усходнія раёны Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай вобласьцяў Беларусі). Пры канцы 1922 г. у беларускіх паветах РСФСР было 6337 прыватных прадпрыемстваў, зь іх 36,7% у Гомельскай губэрні. Пераважала харчовая прамысловасьць. Прыватных млыноў у беларускіх паветах РСФСР было ў 1,6 разу больш, чым у Беларускай ССР. Чвэрць зь іх абсталявалі паравымі, газагенэратарнымі і нафтавымі мэханічнымі рухавікамі. На прыватнікаў у беларускіх паветах РСФСР прыпадала 92% вытворчых прадпрыемстваў, на ўрад — 6%, на каапэратывы — 2%. У 1924 г. лік прыватных вытворчых прадпрыемстваў 5-кратна вырас да 44 892 параўнальна з 1922 годам у БССР і далучаных беларускіх паветах. Прыватныя прадпрыемствы вырабілі 68,9% прамысловых тавараў Беларускай ССР. Прыватным асобам належалі 95% прамысловых прадпрыемстваў БССР. Паводле прамысловага перапісу 1924 г. сярэдні прыбытак рамесьніка за паўгодзьдзе склаў 438,7 рубля. Рамесьнікі працавалі на заказ без пасярэдніка і наёмных работнікаў. Прадстаўнікі вольных прафэсіяў — гравёры, зубнікі і мастакі — у сярэднім зарабілі па 703,5 рубля за паўгодзьдзе. Саматужнікі, якія маглі наймаць да 3 прафэсійных работнікаў і 3 вучняў-падлеткаў, зарабілі ў сярэднім па 824 рублі. Саматужнікі валодалі абсталяваньнем і праз пасярэднікаў набывалі сыравіну і збывалі вырабы. Прамыслоўцы, якія наймалі 4-30 работнікаў, атрымалі за паўгодзьдзе ў сярэднім па 12 479 рублёў прыбытку. У сувязі з высокай даходнасьцю вытворчасьці да прамыслоўцаў залічалі аднаасобных алейнікаў, гарбароў, ліцейнікаў, млынароў, мылавараў, смалакураў, фатографаў, цагельнікаў, ювэліраў і ўласьнікаў зерняцёрак[2].
1 студзеня 1925 г. набыла моц Пастанова Народнага камісарыяту працы БССР «Аб абавязковым страхаваньні наёмных рабочых прыватных прадпрыемстваў», якое склала 15%-35% заробку работнікаў у залежнасьці ад прыбытковасьці прадпрыемства. У 1925 г. параўнальна з 1924 г. прамысловы падатак павялічылі ў 1,9 разу, а падаходны — 5-кратна. У выніку за 1925 г. рамесьнікі заплацілі на 20% больш прамых падаткаў, а саматужнікі і прамыслоўцы — амальу 2,7 разу больш за паказьнік 1924 году. 1 лістапада 1925 г. Народны камісарыят фінансаў БССР зацьвердзіў Пастанову аб пазыкова-ашчадных таварыствах (ПАТ), якія падзяліў на саматужныя і сялянскія. Саматужным таварыствам прапаноўваліся кароткатэрміновыя пазыкі пад 12%-14% гадавых ад Дзяржаўнага банка БССР і Ўсерасейскага каапэратыўнага банка. Сялянскія таварыствы атрымалі права на каротка- і доўгатэрміновыя пазыкі ад Белсельбанка. Ад рамесьнікаў і саматужнікаў патрабаваўся ўдвая большы паявы ўнёсак для ўдзелу ў ПАТ, чым ад сялянаў. 26 сьнежня 1925 г. Вышэйшы савет народнай гаспадаркі БССР зацьвердзіў Плян інтэнсіўнай каапэрацыі прыватнай вытворчасьці. У выніку за нявыплату пазыкі, атрыманай праз пазыкова-ашчаднае таварыства, рамесьнікаў і саматужнікаў пачалі прымусова ўлучаць у вытворчыя каапэратывы. У каапэратыве вытворцы гублялі права наймаць работнікаў і вызначаць цану продажу і аб’ём вытворчасьці свайго тавара. Падаткаабкладаньне каапэратываў было на 20%-30% ніжэй, чым для прыватных прадпрыемстваў. Адначасна ў 1925 г. стварылі Беларускі рэспубліканскі саматужна-рамесны цэнтар (Белсаматужпрамсаюз), якому каапэратывы падпарадкоўваліся праз акруговыя саюзы. У 1926 г. у Беларускай ССР лік прыватных прадпрыемстваў вырас да 61 676 на 37% параўнальна з 1924 годам. Аднак доля прыватных прадпрыемстваў у прамысловай вытворчасьці БССР скарацілася за гэты час да 59,3%. Тым часам, у 1924—1926 гг. у іншых 5 тагачасных рэспубліках СССР (Закаўкаскай і Расейскай СФСР, Туркмэнскай, Узбэцкай і Ўкраінскай ССР) доля прыватнай прамысловасьці складала менш за 39,9%[2].
У 1927—1928 гг. падаходны падатак з прыватнага прадпрыемства складаў 17%-25%, з каапэратыва — 5,9%, для ўрадавай прамысловасьці — 8%. У выніку за 1927 г. паводле артыкула 80 Крымінальнага кодэкса БССР за стварэньне лжэкаапэратываў зьняволілі да 2 гадоў 138 чалавек, пераважна зь Менску і Віцебску. У 1928 г. прыватная вытворчасьць у БССР скарацілася параўнальна з 1926 г. амаль удвая і склала 18% ад валавага абароту Беларускай ССР. Тым часам, у 1928 г. у іншых 5 тагачасных рэспубліках СССР на прыватныя прадпрыемствы прыпадала менш за 6% валавога абароту[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д Марыя Бяспалая. Новая эканамічная палітыка // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11. — С. 368-369. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0188-5
- ^ а б в г д е Людміла Доўнар. НЭП у Беларусі // Беларуская думка : часопіс. — Студзень 2016. — № 1. — С. 84-90. — ISSN 0023-3102.
- ^ Міхаіл Калінін. Пастанова Ўсерасейскага Цэнтральнага выканаўчага камітэту аб замене харчовай і сыравіннай разьвёрсткі натуральным падаткам (рас.) // Дзяржаўны архіў Расейскай Фэдэрацыі, ф.1235, воп.38, спр.16, арк.6-7, 2012 г. Праверана 7 жніўня 2016 г.
- ^ Уладзімер Ульянаў (Ленін). Дэкрэт СНК РСФСР ад 03.11.1921 г. «Аб грашовых знаках узору 1922 году» (рас.) // Бібліятэка нарматыўна-прававых актаў СССР, 2011 г. Праверана 7 жніўня 2016 г.
- ^ Леў Каменеў (Розэнфэльд)(ru). Дэкрэт СНК РСФСР ад 11.10.22 г. «Аб наданьні Дзяржаўнаму банку права выпуску банкаўскіх білетаў» (рас.) // Фокс-ноты, 2014 г. Праверана 7 жніўня 2016 г.
- ^ Дэкрэт СНК РСФСР ад 24 кастрычніка 1922 г. «Аб выпуску ў абарачэньне грашовых знакаў ўзору 1923 году» // Гісторыя Дзяржаўнага банка СССР у дакумэнтах = История Государственного банка СССР в документах / склад. Марыям Атлас, рэд. Мяфодзі Сьвешнікаў(ru). — Масква: Фінансы, 1971. — С. 12. — 790 с.
- ^ Леў Каменеў (Розэнфэльд). Дэкрэт СНК РСФСР ад 26.10.1922 г. «Аб біцьці залатых чырвонцаў» (рас.) // Бібліятэка нарматыўна-прававых актаў СССР, 2011 г. Праверана 7 жніўня 2016 г.
- ^ Дэкрэт СНК СССР ад 7 сакавіка 1924 г. «Аб парадку выкупу савецкіх грашовых знакаў, кошт якіх не пазначаны ў цьвёрдай валюце» // Гісторыя Дзяржаўнага банка СССР у дакумэнтах = История Государственного банка СССР в документах / склад. Марыям Атлас, рэд. Мяфодзі Сьвешнікаў. — Масква: Фінансы, 1971. — С. 12. — 790 с.
- ^ Алена Дзядзюля. 1922: Жыцьцё наладжваецца // Зьвязда : газэта. — 21 сакавіка 2012. — № 53 (27168). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сяргей Шымуковіч. Эканоміка БССР у пэрыяд НЭП // Гісторыя Беларусі ў 2 частках / адказн. В.М. Салдатава. — 4-ае выд. — Менск: Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь, 2007. — Т. 2. — С. 126-131. — 247 с. — (Сыстэма адкрытага навучаньня). — 200 ас. — ISBN 978-985-457-781-4