Перайсьці да зьместу

Глуск

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Глуск
лац. Hłusk
Населены пункт
У цэнтры мястэчка
У цэнтры мястэчка
Сьцяг Герб
Краіна Беларусь
Вобласьць Магілёўская
Раён Глускі
Першыя згадкі XV ст.
Геаграфія
Вышыня НУМ 144 м[1]
Часавы пас
Каардынаты 52°53′57″ пн. ш. 28°41′10″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 7138 чал. (2018)[2]
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +375 2230
Паштовы індэкс 213879
СААТА 7217551000
Нумарны знак 6
Глуск на мапе Беларусі ±
Глуск
Глуск
Глуск
Глуск
Глуск
Глуск

Глуск — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Пцічы. Адміністрацыйны цэнтар Глускага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 7138 чалавек[2]. Знаходзіцца за 170 км на паўднёвы захад ад Магілёва, за 33 км ад чыгуначнай станцыі Ратміравічы (лінія Бабруйск — Рудабелка). Аўтамабільныя дарогі злучаюць мястэчка з Бабруйскам, Старымі Дарогамі, Рудабелкай, Любаньню.

Глуск — мястэчка на гістарычнай Случчыне (частка Наваградчыны) каля мяжы з Панізоўем, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятой Ганны, помнік архітэктуры XVII ст., зруйнаваны супольнымі намаганьнямі расейскіх і савецкіх уладаў.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Глуск утварыўся ў выніку трансфармацыі словаў «глух», «глуш»[3].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Назва «Глуск» у пісьмовых крыніцах пачынае сустракацца з другой паловы XV ст. Першым гаспадаром вотчыны з цэнтрам Стары Глуск (з XIX ст. — Гарадок) быў Юры Гальшанскі. Па яго сьмерці ўладаньні падзялілі паміж сабой спадкаемцы. Каля 1520 году Юры Гальшанскі-Дубровіцкі выдзяліў сваю частку ў асобнае ўладаньне з цэнтрам у Глуску Дубровіцкім, які ўпершыню ўпамінаецца ў 1522 годзе ў каралеўскім прывілеі на заснаваньне замка.

У 1525 годзе Глуск атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта Старога прывілей на правядзеньне кірмашоў. Па сьмерці Юрыя Гальшанскага-Дубровіцкага паселішчам валодалі спачатку ягоныя сыны Януш і Ўладзімер, потым Сямён, якія ўсе сышлі беспатомнымі. У 1558 годзе ўсю рухомую і нерухомую маёмасьць князёў Гальшанскіх-Дубровіцкіх падзялілі паміж дочкамі Юрыя — князёўнамі Гальшанскімі Настасьсяй Заслаўскай і Соф’яй Палубінскай. Гэты падзел замацаваны лістом Жыгімонта Аўгуста ад 23 траўня 1558 году. Па сьмерці Настасьсі ў 1561 годзе ейная доля перайшла ўнукам Янушу і Міхаілу Заслаўскім, якія праз 10 гадоў саступілі палову сваёй часткі цётцы Ганьне Чартарыйскай, дачцэ княгіні Настасьсі, якая ў 1581 годзе выкупіла ў пляменьнікаў і іх палову. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Глуск увайшоў у Наваградзкі павет (Слуцкае княства) Наваградзкага ваяводзтва. У 1568 годзе Ян Хадкевіч атрымаў тытул «графа на Шклове, Быхаве, Мышы і Глуску». На 1571 год у мястэчку было 124 дамы і 12 крамаў[4].

У канцы XVI ст. Глускам супольна валодалі Палубінскія, і Чартарыйскія. У 1626 годзе М. Ю. Чартарыйскі прадаў сваю частку Глуску К. А. Палубінскаму, які стаў адзіным яго ўладальнікам. На 1638 год у мястэчку было 7 вуліцаў і 332 пляцы. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у сакавіку 1655 году Глуск «агнём і мячом датла» разбурылі казакі[5], па вайне ўлады Вялікага Княства Літоўскага вызвалілі мястэчка ад падаткаў тэрмінам на 10 гадоў[4]. Па пажары замак, умацаваны гароднямі, у 1670-х гадох ператварылі ў замак зь землянымі валамі і пяцьцю бастыёнамі. У 1667 годзе князь Палубінскі заснаваў у мястэчку кляштар бэрнардынаў. У 1672—1677 гадох у Глуску жыў гравёр А. Тарасевіч, які меў тут сваю майтэрню. У 1673 годзе мястэчка атрымала паўторнае вызваленьне ад падаткаў яшчэ на 12 гадоў. Па сьмерці князя Палубінскага Глуску перайшоў да ягонай дачкі Ганны, жонцы Дамініка Мікалая Радзівіла. З гэтага часу і да канца XVIII ст. мястэчка знаходзілася ў валоданьні Радзівілаў, за якімі Глуская воласьць мела назву «графста». На 1727 год у Глуску было 36 крамаў, у сярэдзіне XVIII ст. — 320 двароў. Пабудовы разьмяшчаліся на 12 вуліцах, сярод якіх былі дарогі на Менск, Слуцак, Мазыр, Бабруйск. Кампазыцыйным цэнтрам зьяўляўся 12-кутны Рынак, дзе разьмяшчаліся драўляныя Ўваскрасенская і Траецкая цэрквы, 47 крамаў і 25 камораў, якія ўтваралі замкнёныя гандлёвыя рады. Існавала прадмесьце Карпілаў, разьмешчанае на скрыжаваньні 2 дарог. У 1775 годзе Глуск пацярпеў ад пажару. У 1791 годзе ён увайшоў у Случарэцкі павет Наваградзкага ваяводзтва.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Глуск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Бабруйскім павеце. На 1798 год тут было 143 двары, замак, 2 касьцёлы, 3 царквы, гаспадарскі двор, 48 крамаў, паштовая станцыя, працаваў медналіцейны завод. З 1800 году маёнтак знаходзіўся ў валоданьні графа Юдзіцкага, пазьней перайшоў да Бжастоўскіх.

У 1861 годзе ў Глуску было 430 двароў, мураваныя касьцёл і кляштар, 2 драўляныя цэрквы, 5 малітоўных дамоў. У 1885 годзе ў мястэчку працавалі 5 скураных заводаў і 82 крамы. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Глуску было 675 двароў; працавалі 2 расейскія народныя вучэльні, царкоўнапрыходзкая школа, лячэбніца, паштова-тэлеграфная кантора, 125 крамаў, 9 заезных дамоў, 3 медаварні; дзеялі 2 цэрквы, касьцёл, 5 сынагог. На 1907 год — 870 двароў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Глуск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Глуск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. З жніўня 1919 да 12 ліпеня 1920 году Глуск займалі польскія войскі. У 1921 годзе ў мястэчку пачалі працаваць аптэка і тэлеграф, у 1922 годзе — 7-гадовая школа, хата-чытальня і вэтэрынарны пункт, у 1923 годзе — лякарня. 17 ліпеня 1924 году Глуск стаў цэнтрам раёну (у 1962—1966 гадох уваходзіў у склад Бабруйскага раёну). З 1927 году пачала працаваць мэтэаралягічная станцыя, з 1929 году — народны дом. З прадпрыемстваў найбольш значнымі былі паравы і вадзяны млыны, электрастанцыя, стужкавая (269 работнікаў), абутковая (57 работнікаў) і кравецкая (70 работнікаў) арцелі. 17 верасьня 1938 году Глуск атрымаў афіцыйны статус гарадзкога пасёлку. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1944 годзе ў Глуску пачалі працаваць 2 электрастанцыі, 2 паравыя млыны, 2 лесапільні, ваўначоска і сукнавальня, аднавілі працу гарбарны завод, лякарня, амбуляторыя, аптэка. У 1956 годзе адбыўся ўвод у эксплюатацыю плодаагародніннага, у 1971 годзе — масласырзавода, у 1975 годзе — мэблевай фабрыкі.

  • XVIII стагодзьдзе: 1727 год — 673 чал.[6]; 1798 год — 1336 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1861 год — 3278 чал.; 1864 год — каля 3 тыс. чал.[7]; 1882 год — каля 5 тыс. чал.[8];1897 год — 4778 чал.[9]
  • XX стагодзьдзе: 1911 год — 6680 чал.; 1924 год — 4600 чал.; 1939 год — 5125 чал.; 1970 год — 5 тыс. чал.[10]; 1977 год — 6,4 тыс. чал.; 1995 год — 8,6 тыс. чал.[11]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 7,8 тыс. чал.[12]; 2008 год — 7,6 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 год — 7,5 тыс. чал.; 2016 год — 7233 чал.[13]; 2017 год — 7152 чал.[14]; 2018 год — 7138 чал.[2]

У Глуску працуюць 3 сярэднія, санаторная школа-інтэрнат, школа мастацтваў.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.

Дзеюць дом культуры, 2 бібліятэкі.

У мястэчку выдаецца раённая газэта «Радзіма».

Па апошняй вайне ў Глуску галоўным чынам будаваліся драўляныя хаты сядзібнага тыпу. Пазьней, паводле генэральнага пляну сфармаваліся паўночная жылая і паўднёвая прамысловая зоны, дзе ў наш час працуюць 8 прадпрыемстваў.

Афіцыйная назваГістарычная назва
Горкага вуліцаКасарыцкая вуліца
Камсамольская вуліцаЦаркоўная вуліца
Карла Маркса вуліцаПагулянка вуліца
Кастрычніцкая вуліцаПоблінская вуліца
Кірава вуліцаМенская вуліца
Луначарскага вуліцаХваставіцкая вуліца
Савецкая вуліцаШашэйная вуліца
Слабадзкая вуліца[a]
Сацыялістычная вуліцаСлуцкая вуліца

Таксама ў Глуску існавалі Бабруйская вуліца і пляц Рынак.

Прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай прамысловасьці.

  • Глуская філія ААТ «Асіповіцкі малочны камбінат»
  • ЗАТ «Глускдрэў»
  • ПУП «Глускі камбінат каапэратыўнай прамысловасьці»

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Інфраструктура

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Спыніцца можна ў гатэлі «Глуск»[15].

  • Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
  • Замчышча (XVI—XVII стагодзьдзі)
  • Могілкі юдэйскія

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. GeoNames (анг.) — 2005.
  2. 1 2 3 Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 72.
  4. 1 2 Грыцкевіч Ю. Глуск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 537.
  5. Грыцкевіч А. Глуск // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 48.
  6. Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 409.
  7. БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 303.
  8. Jelski A. Hłusk // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 78—79.
  9. Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 410.
  10. Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  11. Грыцкевіч А. Глуск // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 49.
  12. Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 408.
  13. Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.