Бобруйский курьер

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Бобруйский курьер (па-беларуску: Бабруйскі кур'ер) — бабруйская гарадзкая грамадзка-палітычная газэта. Выходзіць па-расейску й па-беларуску адзін раз на тыдзень - у сераду. Зьмяшчае матэрыялы пра грамадзка-палітычнае й культурнае жыцьцё Бабруйска й Беларусі, крымінальную хроніку, спартыўныя навіны, абвесткі, праграму тэлевізіі, рэкляму, мае забаўляльныя рубрыкі й г.д. Раней мела штомесячны дадатак "Православный вестник". Рэдакцыя месьціцца на адрасе г. Бабруйск, вуліца Маскоўская, 38/93.

Галоўны рэдактар: Анатоль Санаценка[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Газэта заснаваная 1 жніўня 1914. Першым выдаўцом і рэдактарам газэты быў Гілер Фававіч Фрыдлянд, уладальнік друкарні, тэатру й цырку ў горадзе. Ад пачатку "Бобруйский курьер" выходзіў на расейскай мове, пазыцыянаваў сябе як штодзённае беспартыйнае выданьне. Быў ён таго ж фармату, што й сёньня, але выдаваўся на чатырох старонках. У газэце шырока асьвятляліся як мясцовыя, так і міжнародныя падзеі, давалася крымінальная хроніка, публікаваліся вершы, проза, фэльетоны. Было мноства рэклямных аб'яваў, якім падавалася практычна ўся першая паласа. Заснаваная адначасова з пачаткам Першае сусьветнае вайны, газэта імкнулася інфармаваць свайго чытача аб ваенных падзеях. У газэце выходзіла сталая рубрыка «Война. Сообщение ставки» ("Вайна. Паведамленьне стаўкі"), у якой зьмяшчаліся кароткія інфармацыі аб ходзе баёў зь немцамі, рэгулярна друкаваліся тэлеграмы Штабу Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, Петраградзкае Тэлеграфнае агенцыі, міжнародных тэлеграфных агенцыяў. Ад 1916 пры газэце нават выдаваўся дадатак - «Телеграммы «Бобруйского курьера» ("Тэлеграмы "Бабруйскага кур'ера"). «Бобруйский курьер» выходзіў зь перапынкам на нямецкую акупацыю (люты - лістапад 1918), да ліпеня 1920, калі з адыходам польскіх войскаў і з канчатковым прыходам савецкай улады, быў зачынены, як і ўсе недзяржаўныя газэты. Выхад газэты быў адноўлены ў 1991, спачатку як бабруйскі дадатак да абласное газэты «Могилевская правда», затым як самастойны праект.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Бобруйский курьер» на грани банкротства (рас.). Хартыя’97 (2010-09-02). Праверана 2020-08-28 г. Архіўная копія ад 2020-04-20 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]