Дрыбін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Дрыбін
трансьліт. Drybin
Аўтобусная станцыя
Аўтобусная станцыя
Coat of Arms of Drybin, Belarus.png Flag of Drybin.png
Герб Дрыбіна Сьцяг Дрыбіна
Першыя згадкі: 1569
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Дрыбінскі
Насельніцтва: 2945 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2248
Паштовыя індэксы: 213971
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 54°07′ пн. ш. 31°05′ у. д. / 54.117° пн. ш. 31.083° у. д. / 54.117; 31.083Каардынаты: 54°07′ пн. ш. 31°05′ у. д. / 54.117° пн. ш. 31.083° у. д. / 54.117; 31.083
Дрыбін на мапе Беларусі ±
Дрыбін
Дрыбін
Дрыбін
Дрыбін
Дрыбін
Дрыбін
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Дры́бін — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Проні. Адміністрацыйны цэнтар Дрыбінскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 2945 чалавек[1]. Знаходзіцца за 64 км на паўночны ўсход ад Магілёва, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Цёмны Лес (лінія Ворша — Крычаў). Аўтамабільныя дарогі злучаюць мястэчка з Магілёвам і Горкамі.

Дрыбін — даўняе мястэчка гістарычнай Амсьціслаўшчыны, вядомае тутэшымі шапаваламі, якія распрацавалі ўласную ўмоўную мову — «катрушніцкі лемезень».

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Дрыбін упамінаецца ў XVI ст. як шляхецкае ўладаньне ў Амсьціслаўскім ваяводзтве. У XVII ст. існаваў Новы Дрыбін. Канцлер Леў Сапега ў сваім тэстамэнце 1633 году ўпамянуў «вёску і пушчу Дрыбінскую»[2].

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Дрыбін апынуўся ў цэнтры баявых дзеяньняў: 8 кастрычніка 1660 году непадалёк ад яго абаронцы Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю гетмана вялікага Паўла Яна Сапегі здабылі перамогу над маскоўскімі захопнікамі. За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе мястэчка спалілі расейскія войскі[3].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Дрыбін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Чавускім павеце Магілёўскай губэрні. Мястэчка было цэнтрам маёнтку Цеханавецкіх. На 1784 год тут быў 181 двор, дзейнічала царква, працавалі 25 крамаў і млын. У 1830 годзе ў Дрыбіне заснавалі вінакурню. У 1845 годзе выбухнула выступленьне сялянаў супраць прыгоннага права, жорстка здушанае расейскімі салдатамі[3].

На 1848 год у Дрыбіне было 95 двароў, дзейнічала драўляная царква, існаваў мост на сваях цераз раку Проню. На 1860 год у мястэчку было 167 драўляных дамоў, дзейнічалі царква і 2 малітоўныя дамы, працавала вінакурня. У 1862 годзе адкрылася народная вучэльня (у 1889 годзе тут навучаліся 50 хлопчыкаў і 16 дзяўчынак). За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) 24 красавіка 1863 году на шляху да Расна ў Дрыбіне на адпачынак спыняўся Горацкі паўстанцкі аддзел пад камандаю Л. Зьвяждоўскага. У 1872 і 1883 гадох у мястэчку заснавалі 3 маслабойні. У 1877 годзе Дрыбін перайшоў у валоданьне Ўрангеля фон Гюбэнталя. На 1880 год тут было 250 двароў, дзейнічалі царква і 2 малітоўныя дамы, працавалі валасная ўправа, школа пісьменнасьці, лякарня, 2 млыны і 30 крамаў; штогод праводзіўся кірмаш. Апроч сельскай гаспадаркі, жыхары займаліся промысламі, найбольш вядомымі былі дрыбінскія шапавалы, якія распрацавалі сваю ўмоўную мову — «катрушніцкі лемезень». У 1890 годзе ў мястэчку заснавалі другую вінакурню, у 1899 годзе — яшчэ адну. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Дрыбіне было 330 двароў, дзейнічалі царква, 4 сынагогі і малітоўны дом, працавалі школа граматы, народная вучэльня, валасная ўправа, хлебазапасны магазын, вадзяны млын, 34 крамы і 2 шынкі. У 10-ю пятніцу па Вялікдні адбываўся кірмаш. Побач зь мястэчкам існавалі фальварак Дрыбін (3 двары, капліца і млын) і вёска Стары Дрыбін (81 двор), а таксама сядзіба сьвятара Дрыбінскай царквы. З 1903 году ў мястэчку дзейнічала пажарнае таварыства, у 1910—1911 гадох адкрыліся пошта і ашчадная каса. На 1909 год у Дрыбіне было 315 драўляных будынкаў.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дрыбін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Дрыбін вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну (з 16 верасьня 1959 да 29 сьнежня 1989 году быў цэнтрам сельсавету). На 1926 год у мястэчку было 427 двароў. У 1930-я гады тут працавалі вадзяны і нафтавы млыны, кузьня, кравецкая майстэрня «Чырвоная ігла» (з 1907 году; 22 работнікі), шавецкая майстэрня, арцель «Смычка» (з 1930 году; 16 работнікаў), смалакурны завод, арцель «Смалапрадукцыя» (з 1927 году; 23 работнікі), хлебапякарня (з 1930 году; 2 работнікі), крухмальны завод (з 1929 году), масларобча-сыраварны завод (з 1929 году), шапавальны завод[4]. На 1941 год у Дрыбіне было 320 двароў. У Другую сусьветную вайну з 14 ліпеня 1941 да 2 кастрычніка 1943 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

На 1985 год у Дрыбіне было 612 двароў. У лістападзе 1996 году да яго далучылі вёску Стары Дрыбін. У 1997 годзе Дрыбін атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу, у гэты час тут было 1103 двары. 26 сакавіка 2003 году афіцыйна зацьвердзілі герб мястэчка.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVIII стагодзьдзе: 1776 год — 499 чал. у мястэчку Дрыбіне і 82 чал. у вёсцы Старым Дрыбіне; 1784 год — 657 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1860 год — 883 чал.; 1880 год — 1080 чал.; 1881 год — 964 чал.[5]; 1897 год — 2105 чал. у мястэчку Дрыбіне, 27 чал. у фальварку Дрыбіне, 460 чал. у вёсцы Старым Дрыбіне і 4 чал. пры сядзібе сьвятара Дрыбінскай царквы[6]
  • XX стагодзьдзе: 1909 год — 1959 чал., зь іх 60% — хрысьціяне, 40% — юдэі[7]; 1923 год — 1997 чал.; 1926 год — 1522 чал. у мястэчку Дрыбіне і 44 чал. у сяле Дрыбіне; 1940 год — 1,2 тыс. чал.; 1971 год — 1817 чал.; 1985 год — 1556 чал.[8]; 1992 год — 1,5 тыс. чал.[9]; 1997 год — 2580 чал.[10]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 3,2 тыс. чал.; 2006 год — 3,0 тыс. чал.; 2007 год — 3,5 тыс. чал.[11]; 2008 год — 2,9 тыс. чал.; 2017 год — 2974 чал.[12]; 2018 год — 2945 чал.[1]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Дрыбіне працуюць сярэдняя школа, школа мастацтваў.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, палац культуры.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Папярэдні праект забудовы і плянаваньня Дрыбіна распрацавалі ў 1982 годзе. Мястэчка мае прастакутны плян. Галоўная вуліца арыентуецца з захаду на ўсход. На ёй разьмяшчаюцца асноўныя мураваныя грамадзкія будынкі. На поўнач і поўдзень ад галоўнай праходзяць другарадныя вуліцы. Забудова двухбаковая, шчыльная. Жылыя дамы пераважна драўляныя сядзібнага тыпу. У 1990-я гады ў зьвязку з аднаўленьнем Дрыбінскага раёну і наданьнем мескага статусу ў Дрыбіне разгарнулася значнае будаваньне.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічае Дрыбінскі гістарычна-этнаграфічны музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Дрыбін»[13].

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За 1 км на паўднёвы захад ад мястэчка знаходзіцца старажытны курган і 2 археалягічныя стаянкі каменнага веку.

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Царква

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Грынявецкі В. Дрыбін // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 604.
  3. ^ а б Князева В. Дрыбін // ЭГБ. Т. 3. — Менск, 1996. С. 300.
  4. ^ Дрыбін. Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. Праверана 22 студзеня 2011 г.
  5. ^ Sulistrowcki F. Drybin // Słownik geograficzny... T. II. — Warszawa, 1881. S. 177.
  6. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 562.
  7. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дрыбінскага р-на / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 2004.
  8. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 563.
  9. ^ Князева В. Дрыбін // ЭГБ. Т. 4. — Менск, 1997. С. 299.
  10. ^ БЭ. Т. 6. — Менск, 1998. С. 224.
  11. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 561.
  12. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа(рас.), Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Менск, 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Дрыбінсховішча мультымэдыйных матэрыялаў