Першая футбольная каманда ў Бабруйску была заснавана ў 1922 годзе. У 1976 годзе Беларускі шынны камбінат стаўся заснавальнікам каманды «Шыньнік», ператворанай у 1996 годзе ў «Белшыну». Двойчы, у 1978 і 1987 гадох, «Шыньнік» станавіўся чэмпіёнам БССР па футболе. У 1976, 1980 і 1986 гадох клюб станавіўся срэбраным прызэрам рэспубліканскага першынства. У 1979 годзе «Шыньнік» стаў уладальнікам Кубка БССР, а ў 1977, 1980 і 1991 гадох выходзіў у фінал турніру. У 1988 годзе клюб стаў уладальнікам Кубка сэзону БССР, а ў 1992 годзе быў фіналістам гэтага спаборніцтва. У 1977 і 1979 гадох «Шыньнік» браў удзел у розыгрышы Кубка СССР сярод камандаў калектываў фізкультуры.
У сувэрэнных турнірах чэмпіянату й Кубка краіны другой паловы 1990-х гадоў і пачатку трэцяга тысячагодзьдзя «Белшына» была ў ліку несумнеўных лідэраў беларускага футболу. Найвышэйшым дасягненьнем клюбу ў нацыянальным чэмпіянаце Беларусі зьяўляецца званьне чэмпіёна, якое было здабыта ў 2001 годзе. А да гэтага клюб у 1997 годзе станавіўся срэбраным, а ў 1996 і 1998 гадох — бронзавым прызэрам чэмпіянату краіны.
Паводле вынікаў сэзону 2006 году бабруйская каманда выбыла ў першую лігу. У першынстве 2007 году адразу тры каманды выходзілі ў найвышэйшую лігу, аднак «Белшына» заняла толькі чацьвертае месца й ня здолела прабіцца ў наймацнейшы дывізіён краіны. Наступны сэзон клюб скончыў на трэцяй пазыцыі, якая таксама не давала магчымасьці атрымаць пуцёўку ў найвышэйшы дывізіён. Толькі ў сэзоне 2009 году «Белшына» здолела выйсьці ў дывізіён вышэй, стаўшы пераможцам розыгрышу першай лігі.