Перайсьці да зьместу

Сярэдняя спэцыяльная адукацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Сярэ́дняя спэцыя́льная адука́цыя — узровень адукацыі, які забясьпечвае веды, уменьні і навыкі, патрэбныя для самастойнага выкананьня працы, кіраваньня першасным вытворчым зьвяном і дапамогі адмыслоўцу вышэйшай кваліфікацыі.

Набываецца на аснове базавай (9 клясаў) або поўнай (11 клясаў) агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама пачатковай прафэсійнай адукацыі. Адпаведнае навучаньне дае сярэдняя спэцыяльная навучальная ўстанова (ССНУ), вышэйшая прафэсійная вучэльня, прафэсійна-тэхнічны каледж і вышэйшы каледж[1].

У верасьні 2013 году прыём на ўзровень сярэдняй спэцыяльнай адукацыі ў Беларусі скараціўся да 42,5 тыс. чалавек. Зь іх на бюджэт прынялі 25,3 тыс. чалавек (60%). Яшчэ 17,2 тыс. чалавек узялі на платнае навучаньне. Прыём на 157 спэцыяльнасьцяў ажыцьцявілі 228 вучэльняў, зь іх 216 (95%) дзяржаўных і 12 прыватных. На аснове агульнай сярэдняй асьветы паступіла 49% навучэнцаў, на аснове агульнай базавай — 34%, на аснове прафэсійна-тэхнічнай — 17%. Параўнальна з 2012 годам лік выпускнікоў сярэдняй школы сярод тых, хто паступіў у ССНУ, вырас на 6%. Дзённае навучаньне выбралі 33 000 чалавек (78%), завочнае — 9,2 тысячы. Пагатоў у прыватныя ССНУ на завочнае навучаньне паступіла 6,6 тыс. чалавек (72%). На дзённае навучаньне сярэдні конкурс па краіне склаў 1,6 чалавека на месца. На завочнае навучаньне конкурс вырас да 3 чалавек на месца. Найбольш запатрабаванымі спэцыяльнасьцямі на дзённым навучаньні сталі «архітэктура», «праграмнае забесьпячэньне інфармацыйных тэхналёгіяў», «дызайн» і мэдыцынскія спэцыяльнасьці. У Гомельскім мэдыцынскім каледжы конкурс на зубалячэбную справу склаў 8,7 чалавека на месца, на мэдыка-рэабілітацыйную справу ў Беларускім мэдыцынскім каледжы — больш як 5 чалавек. На завочным навучаньні найбольшым попытам карысталася спэцыяльнасьць выхавальніка дашкольнай установы. У гуманітарным каледжы Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту конкурс на выхавальніка дзіцячага садка дасягнуў 5,8 чалавека на месца. Конкурс ад 6 да 10 чалавек на месца вагаўся на завочнае навучаньне такім спэцыяльнасьцям, як «тэхнічная эксплюатацыя аўтамабіляў», «мантаж і эксплюатацыя электраабсталяваньня», «камэрцыйная дзейнасьць». Прыём на завочнае і вечаровае навучаньне сельскагаспадарчым спэцыяльнасьцям вёўся ў ССНУ з 1 кастрычніка па 30 лістапада[2].

На верасень 2013 году 768 іншаземцаў з 27 краінаў атрымлівалі ў Беларусі сярэднюю спэцыяльную асьвету[3].

  1. ^ Сярэдняя спэцыяльная адукацыя // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15. — С. 362-363. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
  2. ^ Надзея Нікалаева. Стаць выхавальнікам ці камэрсантам // Чырвоная зьмена. — 12 верасьня 2013. — № 19 (15728). — С. 2.
  3. ^ Надзея Нікалаева. Інжынэр, тэхнік або рабочы // Зьвязда : газэта. — 17 верасьня 2013. — № 174 (27539). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.