Жамойцкая мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Жамойцкая мова
Žemaitiu kalba
Ужываецца ў Летуве
Рэгіён Жамойць
Колькасьць карыстальнікаў прыкладна 500 тысяч чалавек
Клясыфікацыя Індаэўрапейская
 Балцкія
  Усходнебалцкія
    Летувіская (разглядаецца як дыялект)
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў
Рэгулюецца
Код мовы
ISO 639-1
ISO 639-2(B)
ISO 639-2(T)
SIL sgs

Жамойцкая мова (альбо жмудзі́нская), у сучаснай лінґвістыцы часьцей за ўсё разглядаецца як дыялект летувіскае мовы[1]. Мова, на якой размаўляюць жмудзіны — этнаґрафічная супольнасьць летувісаў нароўні з аўкштайтамі, дзукамі й судувамі, якая пражывае ў Жамойці. У выніку таго, што жамойцкая мова сучаснымі лінґвістамі ўважаецца за дыялект, перапісы насельніцтва не даюць дакладнае лічбы колькасьці носьбітаў мовы. Па некаторых дадзеных, носьбітаў жамойцкае мовы налічваецца прыкладна 500 тысяч чалавек.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гаворка старажытных жмудзінаў была адной з гаворак тагачаснага ўсходнебалтыйскага клястэру. Спачатку мова жмудзінаў была вельмі блізкай да зэмґальскае мовы і да XIII стагодзьдзя разьвівалася самастойна.

Пасьля вайны Вітаўта з Тэўтонскім ордэнам Жамойць канчаткова ўмацавалася як частка ВКЛ (Жамойцкае староства). На гэты час прыпадае этап актыўнага кантактаваньня жмудзінаў з аўкштайтамі. У гэтыя ж часы жмудзіны канчаткова асымілявалі куршаў, якія жылі ў раёне сучаснае Клайпеды. У XV стагодзьдзі жмудзіны асымілявалі паўднёвых зэмґалаў. На гэтыя часы прыпадае актыўны ўплыў аўкштайцкае гаворкі (будучы літаратурны стандарт летувіскае мовы), у выніку чаго жамойцкая губляе некаторыя агульныя рысы з мовай зэмґалаў. Трэба адзначыць, што ў мінулым тэрыторыя, якая дэкляравалася як тэрыторыя пражываньня жмудзінаў (вышэйазначанае жамойцкае староства), была большай, ніж сучасны летувіскі рэґіён Жамойць, таму гэта дае падставы вылучаць ґіпотэзу аб тым, што аўкштайцкая мова зрабіла значны ўплыў на жамойцкую мову, скараціўшы арэал распаўсюду мовы дзякуючы магчымай асыміляцыі жмудзінаў.

Час станаўленьня літаратурнае агульналетувіскае мовы абмінуў жамойтаў бокам. Летувіскімі літаратарамі жамойцкая мова ўжывалася вельмі рэдка (паэма «Бірута» Сыльвэстра Валюнаса, «Шэсьць казак» Сымона Станевіча, «Звычаі старажытнае Верхняе Летувы й Жамойці» С. Даўкантаса), працэс утварэньня літаратурнага стандарту таксама абмінуў мову — для літаратурнага стандарту летувісы ўжылі аўкштайцкі дыялект без уліку жамойцкіх гаворак. У выніку аформіўся асобны жамойцкі літаратурны стандарт. З XX стагодзьдзя жамойцкая мова мае ўласны альфабэт на лацінскай аснове.

Характарыстыка мовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя адрозьненьні ад летувіскае мовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Замест летувіскага č', dž' выступае t, d: jаučiaijаute (быкі)
  • Замест летувіскага іе выступае еі або і: pіenaspіns, pеins (малако)
  • Замест летувіскага uo выступае u або ou: duonaduna, douna (хлеб)
  • Выпадзеньне ёту ў складах ai, ei
  • Пераход е, о ў ie, uo
  • Адрозьненьні канчаткаў прыметнікаў і дзеясловаў
  • Захаваньне дваістага ліку
  • Адсутнасьць асыміляцыі зычных па мяккасьці і іх памякчэньня перад галоснымі пярэдняга шэрагу
  • Моцнае скарачэньне альбо ўвогуле выпадзеньне галосных: vуrasvirs (мужчына)
  • Частковае захаваньне назаляваных галосных у выпадках, дзе яны зьніклі ў летувіскай: kąstikаⁿcti (кусаць)

Пісьмовасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Доўгае Ėė

Жамойкую мову не абмінула прымусовая кірылізацыя (гл. артыкул «Кніганошы»). З XX стагодзьдзя зьявіўся асобны жамойцкі альфабэт, які зьяўляецца своеасаблівым гібрыдам летувіскага й латыскага альфабэту. Ад летувіскае мовы жамойцкая пераняла літару Ėė, ад латыскае — літары з макронамі (Āā, Ēē, Īī, Ōō, Ūū). Адметнай жамойцкай літарай зьяўляецца літара «Ėė доўгае» (жамойцк. ėlguojė ė̄) — Ė̄ė̄. Адсутнічаюць літары Ąą, Ęę, Įį, Ųų.

Сучасны выгляд жамойцкага альфабэту.

А а Ā ā B b C c Č č D d E e Ē ē
Ė ė Ė̄ ė̄ F f G g H h I i Ī ī J j
K k L l M m N n O o Ō ō P p R r
S s Š š T t U u Ū ū V v Z z Ž ž

Дыялекты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жамойцкім дыялекце выдзяляецца тры ґрупы гаворак, якія падзяляюцца па крытэры вымаўленьня аўкштайцкіх дыфтанґоідаў uo, ie.

  • Заходнежамойцкая — была распаўсюджана ў Клайпедзкім краі(uk) ў тыя часы, калі ім валодала Нямеччына, частка носьбітаў пражывала на поўначы сучаснае Калінінградзкае вобласьці. У 1945 годзе ўсе носьбіты разам зь немцамі былі эвакуяваны ў Нямеччыну, дзе дыялект забыўся праз зьмяшаныя шлюбы і вялікае нямецкамоўнае атачэньне. Склаўся ў выніку заселеньня жмудзінамі зямель прускага племені скальваў(en). Вымаўленьне: uo, ie > o, ei
  • Паўночнажамойцкая — распаўсюджаная на крайнім паўночным усходзе Летувы (ваколіцы Цельшаў ды Крэтынгі). Падзяляецца на адпаведныя гаворкі. Вымаўленьне: uo, ie > ou, ei
  • Паўдзёнажамойцкая — распаўсюджаная ў раёне Варняў ды Расенаў. Вымаўленьне: uo, ie > i, u.

Грамадзкае жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1988 годзе ўтворана Жамойцкая культурная асацыяцыя, якая з 1993 году выдае часопіс Žemaičių žemė. Па-жамойцку вядзецца радыёвяшчаньне, існуе рух за афіцыйнае прызнаньне мовы й наданьне ёй афіцыйнага статусу ў Жамойці. Мова ня прызнаная ў сучаснай Летуве асобнай мовай. Мова ня мае сацыяльнага прэстыжу і большасьць жмудзінаў ужывае літаратурную летувіскую.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]