Эйшышкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эйшышкі
лац. Ejšyški
лет. Eišiškės
Касьцёл Ушэсьця Гасподняга
Касьцёл Ушэсьця Гасподняга
Герб Эйшышкаў
Першыя згадкі: 1384
Краіна: Летува
Павет: Віленскі
Плошча: 7 км²
Насельніцтва (2010)
колькасьць: 3575 чал.
шчыльнасьць: 510,71 чал./км²
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Тэлефонны код: 380
Паштовы індэкс: LT-17116
Геаграфічныя каардынаты: 54°10′0″ пн. ш. 25°0′0″ у. д. / 54.16667° пн. ш. 25° у. д. / 54.16667; 25Каардынаты: 54°10′0″ пн. ш. 25°0′0″ у. д. / 54.16667° пн. ш. 25° у. д. / 54.16667; 25
Эйшышкі на мапе Летувы
Эйшышкі
Эйшышкі
Эйшышкі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Эйшы́шкі (лет. Eišiškės) — места ў Летуве, на рацэ Вярсоцы. Уваходзяць у склад Салечніцкага раёну Віленскага павету. Насельніцтва на 2010 год — 3575 чалавек. Знаходзяцца за 33 км ад Салечнікаў, за 70 км на паўднёвы захад ад Вільні, каля беларуска-летувіскай граніцы; на аўтамабільнай дарозе Вільня — Горадня.

Эйшышкі — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны), на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Унебаўзяцьця Панскага, помнік архітэктуры XIX ст.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Эйка і Эйса

Паводле паданьня з Хронікі Быхаўца, тапонім Эйшышкі[1] ўтварыўся ад імя мітычнага князя Эйкшы. Менскі дасьледнік Алёхна Дайліда, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, зьвяртае ўвагу на тое, што імя Эйкша (Айкша) адпавядае старажытнаму германскаму імю Aiko (Aicus, Eccho, Eigio), якое паходзіць ад гоцкага agi 'лязо, булат'[2].

Варыянты назвы паселішча ў гістарычных крыніцах: Wesisken і Eykschissken (1384), Eyksiskindorfee (1387), Eyxyszki (1492), Ejszyszki (1400), Ейшышки (1470).

Яшчэ этнограф і мовазнаўца Яўхім Карскі зьвяртаў увагу на тое, што ў латыскай Курляндыі, «большасьць беларускіх населеных месцаў заканчваюцца на -ішкі»[3], пазьней падобныя тапонімы на -ішкі азначылі як «гістарычна балтыйскія» і нават «тыпова летувіскія»[4]. Тым часам Алёхна Дайліда зазначае, што «ва ўсходнегерманскіх мовах быў пашыраны суфікс -isk-: такім парадкам, так менаваная «лінія Сафарэвіча» (мяжа перавагі паселішчаў з назовамі на -ішкі ў Панямоньні) не абавязкова зьнітаваная з балтамі»[5].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект мескага гербу, 1937 г.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўспамін пра Эйшышкі датуецца 1384 годам і зьмяшчаецца ў дамове паміж вялікім князем Вітаўтам і Тэўтонскім ордэнам. Тым часам, паводле сьведчаньня гісторыка і этнографа першай паловы XIX ст. Ёсіфа Ярашэвіча, на юдэйскіх могілках мястэчка знаходзіўся надмагільны камень з надпісам «1170». У 1398 годзе ў Эйшышках збудавалі першы касьцёл. З 1524 году дзеяла школа.

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе Эйшышкі захапіла і ўшчэнт зруйнавала маскоўскае войска, другі раз мястэчка спалілі швэды ў Вялікую Паўночную вайну.

У XVII стагодзьдзі кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў Эйшышкам Магдэбурскае права і герб[6] (адноўленае Станіславам Аўгустам у 1792 годзе). Празь мястэчка праходзіў важны гандлёвы шлях зь Вільні ў Кракаў. На 1738 тут было 56 будынкаў. У 2-й палове XVIII ст. існавалі школа і ратуша. У 1791 годзе Эйшышкі сталі цэнтрам павету Віленскага ваяводзтва (з 1793 году ў Мерацкім ваяводзтве)[7].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Эйшышкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Лідзкім павеце Віленскай губэрні. На 1814 год у мястэчку было 67 будынкаў, на 1829 год — 101 (18 хрысьціянскіх і 83 юдэйскія), на 1863 год — 103. У 1866 годзе працавалі 4 бровары, 2 гарбарні, вадзяны млын.

У XIX ст. каля Эйшышак дзеяла тэлеграфная станцыя на лініі Варшава — Санкт-Пецярбург. У 1847—1852 гадох паводле праекту Тэадора Нарбута тут збудавалі мураваны касьцёл Ушэсьця Гасподняга. Паводле зьвестак за 1852—1853 гады, у Эйшышках налічвалася 40 цэхавых рамесьнікаў і найбольшая сярод мястэчак Лідчыны колькасьць рамесных спэцыяльнасьцяў.

За часамі Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Эйшышкі занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Эйшышкі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[8]. Увосень 1918 году тут сфармавалася самаабарона — польская вайсковая арганізацыя, мэтай якой была абарона мястэчка ад бальшавікоў. Узначаліў яе капітан Казімер Ільцэвіч[9]. 7 чэрвеня 1919 году Эйшышкі разам з усім Лідзкім паветам увайшлі ў склад Віленскай акругі Грамадзянскай Управы Ўсходніх Земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[10]. У 1920 годзе Эйшышкі апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны. За польскім часам мястэчка называлі «Віленкім прадмесьцем», бо перакупнікі зь Вільні прыязджалі сюды набываць разнастайныя прадукты[11].

З пачаткам Другой сусьветнай вайны ў верасьні 1939 году Эйшышкі занялі савецкія войскі, неўзабаве тут адбыўся мітынг, ня якім прынялі рэзалюцыю аб далучэньні мястэчка да Беларускай ССР[12]. Аднак у лістападзе таго ж году Эйшышкі перадалі Летуве. У 1941—1944 гадох мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

3 жніўня 1946 году Эйшышкі атрымалі статус места. У 1950 годзе Эйшышкі сталі цэнтрам раёну (з 1972 году ў Салечніцкім раёне). У паваенны час тут працаваў беларускі ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі. У 2004 годзе каля Эйшышак пагранічнікі выявілі трубаправод рэкорднай даўжыні — 3 км, прызначаны для кантрабанды сьпірту зь Беларусі ў Летуву[13].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1820 год — 333 чал.; 1829 год — 797 чал., зь іх 75 хрысьціянаў і 722 юдэі[14]; 1863 год — 706 чал.; 1866 год — 715 чал., зь іх 89 каталікоў, 16 праваслаўных, 610 юдэяў[15]; 1869 год — 741 чал.[16]; 1885 год — 706 чал.[17]; 1897 год — 3196 чал., у тым ліку 2376 юдэяў
  • XIX стагодзьдзе: 1905 год — 2448 чал.; 1921 год — 2382 чал.; 1938 год — 3188 чал.; 1959 год — 2532 чал.; 1970 год — 3481 чал.; 1974 год — 3600 чал.; 1976 год — 3700 чал.; 1979 год — 3467 чал.; 1989 год — 3789 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 3765 чал.; 2010 год — 3575 чал.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Эйшышках працуюць 3 сярэднія, музычная і спартовая школы, дашкольныя ўстановы.

Культура і спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеюць бібліятэка, 2 спартовыя залі.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гарадзішча
  • Забудова гістарычная (XIX — пачатак XX стагодзьдзяў; фрагмэнты)
  • Касьцёл Унебаўзяцьця Панскага (1847—1852)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ратуша (XVIII ст.)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месты-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Эйшышкі // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
  2. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 19.
  3. ^ Карский Е. Ф. Белорусы. Т. 1. — Минск, 2006. С. 559.
  4. ^ Зайкоўскі Э. Балты цэнтральнай і ўсходняй Беларусі ў сярэднявеччы // Спадчына. № 1, 1999. С. 61—72.
  5. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 31.
  6. ^ Міхневіч У. Эйшышкі — на старадаўнім тракце зь Вільні ў Кракаў праз Варшаву(недаступная спасылка), Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 10 красавіка 2009 г.
  7. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 767.
  8. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  9. ^ Lech Wyszczelski. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 47-48.
  10. ^ Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41.
  11. ^ Нарбут М. Б. Ліда і лідзяне // Zіеmіа Lіdzka. 1997 г.
  12. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 377.
  13. ^ Поклад Т. Памежнікі знайшлі яшчэ адзін сьпіртавод на беларуска-літоўскай мяжы, Радыё Свабода, 13 красавіка 2005 г.
  14. ^ Соркіна І. Мястэчкі Лідскага ўезда ў XIX — пачатку ХХ ст. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада: матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., (Ліда, 3 кастр. 2008 г.) / рэдкал.: Худык А. (гал. рэд.). — Ліда, 2008.
  15. ^ Wejssenhof J. Ejszyszki // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 319.
  16. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 380.
  17. ^ Географическо-статистический словарь Российской империи. T. 5: Таарджалъ — Яя. — СПб, 1885. С. 849.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]