Станіслаў Мікуцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Станіслаў Мікуцкі
Дата нараджэньня 26 кастрычніка (7 лістапада) 1814
Месца нараджэньня Ленкія, Беластоцкая вобласьць, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 25 жніўня (6 верасьня) 1890 (75 гадоў)
Месца сьмерці
Месца вучобы
Занятак навуковец, мовазнаўца
Навуковая сфэра філялёгія
Месца працы

Станісла́ў Па́ўлавіч Міку́цкі (7 лістапада [ст. ст. 26 кастрычніка] 1814, в. Ленкія, Беластоцкая вобласьць, Расейская імпэрыя — 6 верасьня [ст. ст. 25 жніўня] 1890) — беларускі мовазнаўца і фальклярыст[1]. Ганаровы доктар філялягічных навук (1878).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў гістарычна-філялягічны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту (1851 год). З 1863 году працаваў у Варшаўскай бібліятэцы. У 1873—1888 гадох дацэнт Варшаўскага ўнівэрсытэту.

У 1853—1856 гадох на даручэньне Пецярбурскай АН дасьледаваў беларускія і летувіскія гаворкі, зьбіраў беларускі фальклёр. Вынікам экспэдыцыяў Мікуцкага сталі 9 навуковых справаздачаў, апублікаваных Аддзелам расейскай мовы і славеснасьці АН у 1853—1856 гадох, «Спроба летувіска-расейскага слоўніка» (1854) ды іншыя.

Дасьледаваў сувязь славянскіх моваў з балтыйскімі, з мовамі германскай, кельцкай, індаэўрапейскай групаў. З сабраных матэрыялаў у 1855 годзе склаў слоўнік на 2010 словаў.

Аўтар працаў «Абласныя словы беларускіх старцаў» і «Беларускія песьні і загадкі, запісаныя ў Віцебскай губэрні ў маёнтку Зябках Дрысенскага павету» (1853).

Адзін з стваральнікаў летувіскай кірыліцы.

«Аўкштайты»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Летувізацыя і Аўкштайты

Засьведчыў штучную папулярызацыю прускімі немцамі назвы «летувінінкі» датычна прускіх жамойтаў: паказаў, што сьцьверджаньне пруска-нямецкага лінгвіста Георга Нэсэльмана(ru) ў яго летувіскім слоўніку 1850 году, нібы расейскія летувісы, або жамойты, называюць прускіх летувісаў «Létuwninkai kalninni» з прычыны ўзгорыстай мясцовасьці[2] ёсьць непраўдзівым. На думку Мікуцкага, гэта стала вынікам памылковага разуменьня Насэльманам прыметніка «летувіска-горны», ужытага ў выдадзенай у 1842 годзе кнізе Сыманаса Даўкантаса «Лемантар летувіска-горнай і жамойцкай моваў» («Abecieļa lîjtuwiû-kalnienû ir źiamajtiû kałbos», сучаснае летувіскае «Abėcėlė lietuvių-kalnėnų ir žemaičių kalbos»), як сыноніму «пруска-летувіскі»[3]. Апроч таго, Мікуцкі засьведчыў, што слова «kalnėnai» ('горныя, горцы') Даўкантас проста выдумаў[3].

У той жа працы 1855 году Мікуцкі згадаў назву «аўкштоты» («аўкштайты»), раскрыўшы лёгіку яе зьяўленьня: «Жамойты — Нізоўцы, летувісы, якія жывуць у нізоўі Нёмана. <…> Калі былі (і ёсьць) Нізоўцы, мусяць быць і Вярхоўцы; і сапраўды былі». Як галоўны довад даўнейшага існаваньня летувісаў-«вярхоўцаў» ён прывёў тэкст ліста Вітаўта ад 1420 году[4]. Прытым летувісаў свайго часу Мікуцкі, паводле асаблівасьцяў іх мовы, падзяліў на «паўночных» (Сьвянцянскі, Новааляксандраўскі, Вількамірскі, Панявескі і часткова Шавельскі паветы) і «паўднёвых», адзначыўшы, што мяжа між адпаведнымі гаворкамі часткова праходзіць ракой Вяльлёй[3].

Апроч таго, Мікуцкі зьвярнуў увагу на тое, што народжаны ў Магілёве лінгвіст і лексыколяг Фёдар Шымкевіч(be) у сваёй фундамэнтальнай працы «Корнеслов русского языка, в сравнении со всеми главными славянскими наречиями и 24 иностранными языками» (1842 год) азначыў летувіскія словы, выпісаныя з адзінага выдадзенага ў Вялікім Княстве Літоўскім слоўніка летувіскай мовы Канстанціна Шырвіда, як прыналежныя да «самагіцкай мовы», а з выдадзенага ў Прусіі слоўніка Філіпа Руіга (у назове якога летувіская мова па-нямецку азначалася як «літоўская», ням. «Littauisch-Deutschen und Deutsch-Littauischen Lexicon») — як прыналежныя да «літоўскай мовы», хоць ужо за часамі Мікуцкага афіцыйная лінгвістычная навука, наадварот, вызначала мову першага слоўніка як «уласна літоўскую», а другога — як «жамойцкую»[5] (сучасная летувіская лінгвістыка вызначае мову прускіх выданьняў як «заснаваную на заходнежамойцкім дыялекце»[6]). Тым часам беларускую мову Фёдар Шымкевіч азначыў «літоўска-рускай»[7].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Фядосік А. Мікуцкі Станіслаў Паўлавіч // БЭ. — Менск: 2000 Т. 10. С. 366.
  2. ^ Nesselmann G. H. F. Wörterbuch der littauischen sprachen. — Königsberg, 1850. S. 174.
  3. ^ а б в Известия Императорской Академии наук по Отделению русского языка и словесности. Т. 4. — СПб., 1855. С. 109.
  4. ^ Известия Императорской Академии наук по Отделению русского языка и словесности. Т. 4. — СПб., 1855. С. 108.
  5. ^ Известия Императорской Академии наук по Отделению русского языка и словесности. Т. 4. — СПб., 1855. С. 110.
  6. ^ Дзярновіч А. Пошукі Айчыны: «Літва» і «Русь» у сучаснай беларускай гістарыяграфіі // Палітычная сфера. № 18—19 (1—2), 2012. С. 30—53.
  7. ^ Шимкевич Ф. Корнеслов русского языка, сравненного со всеми главнейшими славянскими наречиями и с двадцатью четырьмя иностранными языками: удостоен Демидовской премии / сост. Федором Шимкевичем. — СПб.: Тип. Имп. Акад. наук, 1842. С. XVII.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]