Алаіза Пашкевіч
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Пашкевіч.
Алаіза Пашкевіч лац. Ałaiza Paškievič | |
Алаіза Пашкевіч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Псэўданімы | Цётка |
Нарадзілася | 3 (15) ліпеня 1876[1] |
Памерла | 5 (18) лютага 1916[1] (39 гадоў) |
Пахаваная | |
Сужэнец | Сьцяпонас Кайрыс |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | публіцыстка, паэтка, пісьменьніца, палітык, грамадзкая дзяячка, тэатральная акторка, перакладніца, настаўніца, фэльчар, рэдактарка, мэдыцынская сястра |
Жанр | верш |
Мова | беларуская мова |
Дэбют | зборнік «Скрыпка беларуская», 1906, вершы «Лета» і «Восень» |
Творы на сайце Knihi.com | |
Алаі́за Сьцяпа́наўна Пашке́віч (псэўданім: Цётка; 15 ліпеня 1876, фальварак Пешчын пад Лідай (цяпер Шчучынскі раён) — 5 лютага 1916) — беларуская паэтка, пісьменьніца, грамадзкая дзяячка.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася ў шляхецкай сям’і. Скончыла Віленскую прыватную сяміклясавую вучэльню В. Прозаравай. Настаўнічала ў вёсцы. У 1902—1904 вучылася на вышэйшых адукацыйных курсах П. Лесгафта ў Пецярбургу. Атрыманыя веды па мэдыцыне, гігіене, пэдагогіцы, батаніцы пасьля пасьпяхова выкарыстоўваліся Алаізай у жыцьці. У час вучобы А. Пашкевіч у Пецярбургу аформіўся і дзейнічаў студэнцкі «Круг беларускай народнай прасьветы і культуры», А. Пашкевіч была адной зь яго ўдзельнікаў. Асяродзьдзе гэтага гуртка шмат у чым вызначыла яе грамадзянскую пазыцыю — актыўная барацьба з царызмам, сацыяльнае вызваленьне працоўных, нацыянальнае вызваленьне беларусаў. Тады ж пачалася і літаратурная творчасьць А. Пашкевіч. У нелегальных выданьнях гуртка — «Каляднай пісанцы» і «Велікоднай пісанцы» — былі зьмешчаны яе вершы «Мужык не зьмяніўся», «Музыкант беларускі», «Нямаш, але будзе». Курсаў П. Лесгафта А. Пашкевіч ня скончыла, але здала экстэрнам экзамэн за поўны курс пецярбурскай Аляксандраўскай жаночай гімназіі.
У 1904 А. Пашкевіч пераехала ў Вільню, дзе распачала актыўную прапагандысцкую работу, адначасова працавала фэльчаркай у Нова-Віленскай бальніцы. У 1904—1905 — дзяячка Беларускай сацыялістычнай грамады. Пад пагрозай арышту была вымушана ў 1905 на нейкі час пакінуць Вільню, але хутка вярнулася і прыняла ўдзел у выпуску першай беларускай газэты «Наша доля». Потым вымушаная эміграваць, едзе ў Галіцыю, дзе паступае (1905) на філязофскі факультэт Львоўскага ўнівэрсытэту. Займаецца вывучэньнем беларускага тэатра і фальклёру. Матэрыяльная незабясьпечанасьць, напружаная творчая праца абвастраюць хваробу лёгкіх. У 1908—1909 А. Пашкевіч жыве ў Кракаве, вучыцца ў Ягелонскім унівэрсытэце (да 1911), пад чужым пашпартам наведвае Расейскую імпэрыю. У эміграцыі ўзяла шлюб зь летувіскім інжынэрам С. Кайрысам. Прозьвішча мужа дазволіла ёй зноў вярнуцца ў Беларусь, дзе ў 1914 яна пачынае выдаваць у Менску часопіс для моладзі «Лучынка». Каб паправіць здароўе, на некаторы час зноў выяжджае ў Фінляндыю і Швэцыю. У 1915 А. Пашкевіч прыкладае шмат намаганьняў для арганізацыі беларускіх школаў і настаўніцкіх курсаў у Вільні, дапамагае ў стварэньні прытулкаў, як сястра міласэрнасьці даглядае хворых у тыфозным бараку. У 1916 памёр бацька, і Алаіза паехала на ягонае пахаваньне. У Лідзкім павеце лютавала эпідэмія тыфу. А. Пашкевіч засталася, каб дапамагчы хворым, але сама заразілася і памерла. Пахаваная ў Старым Двары пад Лідай.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Самымі раньнімі зь вядомых вершаў А. Пашкевіч (Цёткі) лічацца «Лета» і «Восень», апублікаваныя ў зборніку «Скрыпка беларуская» (1906). У іх па-майстэрску перададзены асобныя моманты сялянскай працы, апісваюцца летнія ігрышчы і восеньскі кірмаш. У цэлым зборнік увасабляе адраджэнскую плынь у творчасьці Цёткі. Амаль адначасова зь ім быў надрукаваны яе другі паэтычны зборнік — «Хрэст на свабоду» (1906), які прадстаўляе рэвалюцыйна-змагарскі напрамак яе творчасьці. Уключаныя ў яго вершы «Хрэст на свабоду», «Мора», «Пад штандарам» — сапраўдныя шэдэўры рэвалюцыйна-агітацыйнай паэзіі. Упершыню яны былі раздрукаваны тысячамі экзэмпляраў і распаўсюджваліся сярод паднятых на рэвалюцыйнае змаганьне ў 1905. Асноўныя матывы паэзіі Цёткі — любоў да Радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэньне народу. Рэвалюцыйная палымянасьць і тонкі лірызм, спалучэньне імпульснай лірыкі і пяшчотных вобразаў — характэрныя рысы яе лірыкі. Цётка — адна з пачынальніц беларускай прозы. Яе апавяданьні адлюстроўваюць настроі студэнцкай моладзі («Зялёнка»), цяжкі вясковы побыт («Навагодні ліст»), гаротны лёс дзяцей, замучаных нечалавечымі ўмовамі жыцьця ў капіталістычным грамадзтве («Міхаська»). Апавяданьне «Прысяга над крывавымі разорамі» таксама, як і названыя вышэй вершы, друкавалася ў якасьці пракламацыі. Пяру Цёткі належаць кніжкі і падручнікі для дзяцей («Лемантар», «Гасьцінец для малых дзяцей», «Першае чытаньне для дзетак беларусаў»), публіцыстычныя артыкулы і нарысы, дасьледаваньні па гісторыі беларускага тэатра.
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У гонар Алаізы Пашкевіч пастаўлены помнікі ў Шчучыне (аўтар — скульптар Алесь Ліпень), мястэчку Астрына, вёсцы Шастакоўцы й названыя вуліцы ў Менску, Маладэчне й Гародні.
На будынку старога корпусу Львоўскага ўнівэрсытэту ўсталяваная мэмарыяльная шыльда ў гонар Алаізы Пашкевіч.
Вобраз Цёткі ўвасоблены ў літаратурных творах — вершах (у тым ліку Янкі Купалы), аповесьцях і раманах («На струнах буры» і «Стану песьняй» Лідзіі Арабей, «Крыж міласэрнасьці» Валянціны Коўтун), у жывапісе (Леаніда Шчамялёва, Міколы Купавы, Янкі Раманоўскага і інш.)
Па раману Валянціны Коўтун «Крыж міласэрнасьці» (1988—1996) кінастудыя «Беларусьфільм» зьняла чатырох сэрыйны мастацкі фільм «Крыж міласэрнасьці», пра жыцьцё й творчы шлях Алаізы Пашкевіч.
Творы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
Пераклады на расейскую мову[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пераклады на ўкраінскую мову[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Крытыка, рэцэнзіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
|
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
|