Круг беларускай народнай прасьветы і культуры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Круг беларускай народнай прасьветы і культуры, Круг беларускі — культурна-асьветная арганізацыя, якая існавала ў Санкт-Пецярбургу ў 1903—1904 гадах.

У Круг беларускай народнай прасьветы і культуры ўваходзілі Вацлаў Іваноўскі, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Вацлаў Ластоўскі, беларускія студэнты, якія вучыліся ў ВНУ Пецярбургу. Арганізацыя займалася друкаваньнем і распаўсюджаньнем беларускіх выданьняў, у тым ліку тых, што выпускалія за мяжой, пошукам сродкаў для выданьня беларускай літаратуры ў Расейскай імпэрыі.

Фінансавую і іншую дапамогу арганізацыі аказвалі Амброжы Кастравіцкі і Казімер Кастравіцкі. Арганізацыя мела сувязі з прыхільнікамі беларускай кнігі ў Варшаве і Кракаве.

На гектографе былі надрукаваны зборнікі «Калядная пісанка на 1904 год» (1903) і «Велікодная пісанка» (1904). У «Пісанках» былі зьмешчаныя вершы Алаізы Пашкевіч, Казімера Кастравіцкага, Франца Ўмястоўскага і іншых, апавяданьне Стэфана Жаромскага «Да свайго Бога» аб перасьледзе ўніятаў на Падляшшы ў перакладзе Антося Дурнога. Цікавае месца ў «Велікоднай пісанцы» займае бібліяграфія выдадзенай дагэтуль беларускай мастацкай і навуковай літаратуры. У абедзьвюх «Пісанках» прадстаўлены быў арыгінальны творчы здабытак членаў Круга.

Большае значэньне для папулярызацыі беларускай літаратуры мела выданьне ў Пецярбургу зборніка вершаў Янкі Лучыны «Вязанка» (1903, у цэнзуру прадстаўлены як напісаны на баўгарскай мове) і народных «Казак». Абедзьве кніжкі друкаваліся легальна, са згоды цэнзуры. Выйшлі яны ў мясцовай польскай друкарні К. Пянткоўскага накладам 5000 асобнікаў кожная. Яны не маглі выдавацца ад імя нелегальнага Круга і выйшлі ў сьвет стараньнямі ананімных прыватных асобаў: на тытульным аркушы «Вязанкі» не было прозьвішча выдаўца, а ў зборніку «Казкі» значыліся толькі яго ініцыялы — «А. К.».

Да канца 1904 году Круг спыніў сваё існаваньне. В. Іваноўскі, А. Пашкевіч і іншыя ўключыліся ў дзейнасьць Беларускай сацыялістычнай грамады.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Александровіч С. Х. Пуцявіны роднага слова. — Мн., 1971.
  • Рагойша В. Кантакты. — Мн., 1982.
  • Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мн., 2006. ISBN 985-6530-40-7