Шыман Канарскі
Сымон Канарскі | |
Szymon Konarski | |
Дата нараджэньня | 17 сакавіка 1808 |
---|---|
Месца нараджэньня | Добкішкі |
Дата сьмерці | 11 сакавіка 1839 (30 гадоў) |
Месца сьмерці | Вільня |
Прычына сьмерці | расстрэл[d] |
Месца пахаваньня | |
Занятак | журналіст, палітык, афіцэр |
Навуковая сфэра | палітыка[1] і журналістыка[1] |
Бацька | Ежы Стэфан Канарскі |
Маці | Паўліна зь Вішнеўскіх |
Шы́ман (Сымо́н) Кана́рскі (па-польску: Szymon Konarski; 17 сакавіка [ст. ст. 5 сакавіка] 1808, в. Добкішкі каля Сейнаў, Польшча — 11 сакавіка [ст. ст. 27 лютага] 1839) — дзяяч нацыянальна-вызвольнага руху ў Польшчы, Літве і на Беларусі.
Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паходзіў са зьбяднелай шляхты. Бацька, Ежы Стэфан, быў паручнікам у брыгадзе нацыянальнай кавалерыі, браў удзел у вайне з Расеяй 1792 року і паўстаньні Касьцюшкі. Маці Паўліна зь Вішнеўскіх была дачкою сябра Найвышэйшай літоўскай рады[2]. Акрамя Шымана сям’я мела яшчэ аднаго сына Станіслава[3].
Шыман навучаўся ў школе ў Сейнах, пасьля ў ваяводзкай школе ў Ломжы[4].
22 сакавіка 1826 року пайшоў на службу ў стралецкі полк, 10 кастрычніка 1827 року атрымаў званьне унтэр-афіцэра. Браў удзел у паўстаньні 1830—1831 гадоў, удзельнічаў у выправе Дэзыдэрыя Хлапоўскага на Літву[5], дзе трапіў у прускі палон[6].
Праз тры месяцы вызвалены і эміграваў у Францыю, дзе далучыўся да вольнамуляраў і неўзабаве распачаў палітычную дзейнасьць. У 1833 таемна прыехаў на бацькаўшчыну, аднак з-за абыякавасьці да ягоных ідэяў вымушаны быў вярнуцца. Пры пераходзе прускай граніцы быў арыштаваны[7], але ўрэшце вызвалены. Пэўны час мешкаў у Брусэлі, зарабляў ігрой на флейце і харалёгіяй. Напрыканцы 1833 на заклік швайцарскіх палякаў пераехаў у Б’ен[8].
У 1833 року польскія эмігранты заключылі дамову з «Маладой Італіяй», паводле якой палякі стваралі аддзел для барацьбы супраць сардынскага караля Карла Альбэрта. Выправа карбанарыяў пад даводзтвам Джыраляма Рамарына ў Савою, у якой узяў удзел і Шыман Канарскі, скончылася поўнаю іхняй паразай[9].
Пасьля гэтага Канарскі далучыўся да «Маладой Польшчы», якая ўваходзіла ў «Маладую Эўропу». У 1835 разам зь Янам Чынскім распачаў выданьне двухтыднёвіка «Północ»[10], а таксама завязаў супрацоўніцтва са Зьвязам дзяцей польскага народу[11]. Па заданьні меў пераехаць у Польшчу, аднак быў арыштаваны і быў высланы з Францыі ў Вялікабрытанію, адкуль пераехаў у Брусэль.
У ліпені 1835 року з фальшывым пашпартам на імя Бургарта Севэрса прыехаў у Вольнае места Кракаў[12], дзе далучыўся да Таварыства польскага народу. Атрымаўшы заданьне арганізаваць дзейнасьць на акупаваных Расеяй землях Рэчы Паспалітай, на пераломе ліпеня-жніўня пад імем Януш Гейбовіч перайшоў расейскую граніцу[13] і распачаў рэвалюцыйна-дэмакратычную агітацыю ў Алыцы на Валыні[14].
3 чэрвеня 1837 року ў Бярдычаве заснаваў Садружнасьць польскага народу(pl)[15][a]. Наладзіў сувязі зь іншымі арганізацыямі па ўсёй тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага і нават з палякамі Пецярбургу.
Фактычна Шыман Канарскі рыхтаваў новае паўстаньне. У Беларусі ён знайшоў немалую колькасьць прыхільнікаў, а ягоная арганізацыя пачала разрастацца, быў нават створаны філіял «Жаночае таварыства».
Але 27 траўня 1838 Шымана Канарскага арыштавалі. Пасьля катаваньняў арыштаваны разам з Канарскім Ігнацы Радзевіч пачаў даваць паказаньні. Як вынік, на працягу 1838—1839 рокаў пракацілася хваля арыштаў. У вязьніцы трапілі: Тамаш Булгак, Эдвард Жалігоўскі, Ян Станіслаў Казакевіч, Франц Савіч, Адам Сузін, Людвік Трынкоўскі, Ева Фялінская, Ян Ястржэмбскі[16]. У вязьніцы Канарскі наладзіў супрацоўніцтва з вартай, паручнік Мікалай Кузьмін-Караваеў нават спрабаваў зладзіць яму ўцёкі, аднак сам быў арыштаваны і прыгавораны да чацьвяртаваньня (пазьней пакараньне замененае на пажыцьцёвую ссылку)[17].
27 лютага 1839 року Шыман Канарскі быў прыгавораны да расстрэлу. Прысуд выкананы ў той самы дзень[18]. Труна зь целам была растаптаная коньмі, каб немагчыма было яе апазнаць. У верасьні 1839, аднак, рэшткі цела Канарскага былі таемна перапахаваныя Антанінай Сьнядэцкай на кальвінскіх могілках у Вільні[19].
Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ «Польскі» мела больш шырокі сэнс, азначала прыналежнасьць да тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ H. Mościcki, Szymon Konarski, s. 5.
- ^ H. Mościcki, Szymon Konarski, s. 17.
- ^ H. Mościcki, Szymon Konarski, s. 6.
- ^ H. Mościcki, Szymon Konarski, s. 7.
- ^ H. Mościcki, Szymon Konarski, s. 9.
- ^ H. Mościcki, Szymon Konarski, s. 16-17.
- ^ H. Mościcki, Szymon Konarski, s. 18.
- ^ H. Mościcki, Szymon Konarski, s. 19-20.
- ^ H. Mościcki, Szymon Konarski, s. 29.
- ^ H. Mościcki, Szymon Konarski, s. 43.
- ^ H. Mościcki, Szymon Konarski, s. 48.
- ^ H. Mościcki, Szymon Konarski, s. 57.
- ^ H. Mościcki, Szymon Konarski, s. 58.
- ^ H. Mościcki, Szymon Konarski, s. 70.
- ^ Маракоў Л. У. Прадмова // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ^ H. Mościcki, Szymon Konarski, s. 90.
- ^ H. Mościcki, Szymon Konarski, s. 93.
- ^ A. Barszczewska, Szymon Konarski, s. 246.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Конарский, Симон // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.).. — СПб.: 1890—1907.
- Mościcki Н., Szymon Konarski. Warszawa, 1949.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Шыман Канарскі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў