Перайсьці да зьместу

Самагубства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Карціна ангельскага мастака Томаса Чэртэнтана, які, як мяркуецца, забіў самога сябе з дапамогай аршэньніка

Самазабо́йства (суіцы́д; ад лац. sui caedere — забіваць сябе) — мэтанакіраванае пазбаўленьне сябе жыцьця, прычыненьне сваей уласнае сьмерці. Учыняецца пры адчуваньні стану безнадзейнасьці тут і цяпер з адначаснай думкай аб уласнай вінаватасьці[1]. Часта зьдзяйсьняецца ад адчаю, ці растлумачваецца наяўнасьцю некаторых асноўных псыхічных разладаў, як то дэпрэсія, біпалярны разлад, шызафрэнія, алькагалізм і наркаманія[2]. Чыньнікамі могуць быць ціск альбо няшчасьці, як то фінансавыя цяжкасьці ці праблемы ў міжасабовых адносінах, якія таксама могуць граць значную ролю[3].

Больш за мільён чалавек сканчаюць жыцьцё самагубствам кожны год. Сусьветная арґанізацыя аховы здароўя лічыць, што гэта трынаццатая па значнасьці прычына сьмерці ўва ўсім сьвеце[4]. Гэта асноўная прычына сьмерці сярод падлеткаў і дарослых да 35 гадоў[5]. Узровень самагубстваў вышэй сярод мужчынаў, чым сярод жанчынаў[6]. Паводле некаторых ацэнак ад 10 да 20 млн не сьмяротных спробаў самагубства робіцца кожны год ува ўсім сьвеце[7]. Да краінаў з высокім узроўнем суіцыдаў належаць тыя, дзе паказальнік самагубстваў складае вышэй за 20 выпадкаў на 100 тысячаў жыхароў.

Погляды на самагубства робяцца пад уплывам больш шырокіх культурных поглядаў на экзыстэнцыяльным тэмы, як рэлігія, гонар і сэнс жыцьця. Аўраамічныя рэлігіі лічаць самагубства злачынствам у адносінах да Бога праз рэлігійную веру ў сьвятасьць жыцьця. На Захадзе яно часта разглядаецца як сур’ёзнае злачынства. Наадварот, падчас эпохі самураяў у Японіі, рытуал сэпуку паважалі як сродак адкупленьня ад нявыкананае працы альбо як форма пратэсту. У XX стагодзьдзі самагубства ў форме самаспаленьня выкарыстоўвалася ў якасьці сродку пратэсту, у той час калі дзейнасьць камікадзэ й выбухі тэрарыстаў-сьмяротнікаў былі формай ваеннае альбо тэрарыстычнае тактыкі. Практыка саці падчас індуісцкага пахаваньня, у час якога ўдава прыносіць сябе ў ахвяру на пахавальным вогнішчы мужа, альбо добраахвотна, альбо пад ціскам сям’і й ягоных сваякоў[8].

Самагубства ў якасьці мэдычнай дапамогі, як то эўтаназія, у цяперашні час ёсьць даволі спрэчнае пытаньне этыкі з удзелам хворых людзей, якіх немагчыма вылечыць, альбо якія пачуваюць моцны боль ці вымушаны праводзіць вельмі абмежаванае жыцьцё праз траўмы ці хваробы. Самаахвяраваньне для іншых не заўсёды разглядаецца як самагубства, бо мэтай ставіцца не забіць сябе, а выратаваць іншых.

Папярэджаньне самагубстваў выкарыстоўваецца для апісаньня калектыўных намаганьняў з мэтай зьніжэньня выпадкаў самагубстваў шляхам рэалізацыі прафіляктычных імпрэзаў. Абмежаваньне доступу да пэўных спосабаў, як то пальная зброя альбо таксіны, зьніжае рызыку зьдзяйсьненьня самагубства[9]. Іншыя імпрэзы ўключаюць у сябе абмежаваньне доступу да драўнянага вугалю й адкрытых парапетаў на мостах, а таксама плятформаў на станцыях мэтрапалітэну. Лекаваньне наркаманіі й алькагалізму, дэпрэсіі, таксама можа быць эфэктыўным[9].

За 2000 год, паводле Дзяржаўнае службы судова-мэдычнае экспэртызы Беларусі, у краіне ўчынілі звыш 3000 самагубстваў (30,6 выпадкаў на 100 000 насельніцтва)[10].

Беларусь знаходзіцца сярод сусьветных лідэраў па колькасьці самагубстваў[11]. За 2012 год у краіне адбылося 1949 самагубстваў[12]. За 2010 год у Беларусі больш за 77% самагубстваў учынілі працаздольныя людзі. Мужчыны склалі 3/4 ад агульнае колькасьці самагубцаў і найчасьцей ішлі на самагубства ў веку 40—59 гадоў. Пры гэтым сярод самагубцаў пераважалі жыхары сельскае мясцовасьці[13]. 60% самагубцаў скончылі жыцьцё ў стане алькагольнага ап'яненьня[14]. Найбольш распаўсюджаным спосабам зьдзяйсьненьня самагубства было павешаньне (82,6%)[15]. Для каля 80% самагубцаў спроба скончыць жыцьцё была паўторнай, найчасьцей у першыя 2 месяцы пасьля папярэдняе спробы[16].

У 2000 г. дэпрэсія й шызафрэнія паслужылі прычынамі 60% самагубстваў у сьвеце[10].

  1. ^ Ларыса Цімошык. Як родная мова дапамагае змагацца з дэпрэсіяй // Жырандоля. — 27 жніўня 2009. — № 21 (67). — С. 6.
  2. ^ Hawton K, van Heeringen K (April 2009). «Suicide». Lancet 373 (9672): 1372–81.
  3. ^ www.uvm.edu
  4. ^ Bruce Gross, Forrensic Examiner, Summer, 2006
  5. ^ "CIS: UN Body Takes On Rising Suicide Rates – Radio Free Europe / Radio Liberty 2006"
  6. ^ Gelder et al, 2005 p169. Psychiatry 3rd Ed. Oxford: New York
  7. ^ Bertolote JM, Fleischmann A (October 2002). "Suicide and psychiatric diagnosis: a worldwide perspective". World Psychiatry 1 (3): 181–5. ISSN 1723-8617
  8. ^ "Indian woman commits sati suicide". Bbc.co.uk. 2002-08-07
  9. ^ а б Suicide prevention. WHO Sites: Mental Health. World Health Organization.
  10. ^ а б Надзея Нікалаева. Чаму беларусы махнулі рукой на псыхічнае здароўе // Зьвязда : газэта. — 6 красавіка 2001. — № 72 (24188). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  11. ^ БелаПАН. Беларусі неабходная праграма прафіляктыкі суіцыдаў // Грамадзкае аб’яднаньне «Дзедзіч», 8 траўня 2011 г. Праверана 29 сакавіка 2013 г.
  12. ^ Алесь Пілецкі. Летась амаль 2 тысячы беларусаў скончылі жыцьцё самагубствам // Эўрарадыё, 28 сакавіка 2013 г. Праверана 29 сакавіка 2013 г.
  13. ^ Васіль Сямашка. Тры чвэрці суіцыдаў у Беларусі ўчыняюць мужчыны // БелаПАН, 24 сакавіка 2011 г. Праверана 11 красавіка 2013 г.
  14. ^ Павал Падабед. Часьцей за ўсё на суіцыд адважваюцца мужчыны ва ўзросьце 40—59 гадоў, схільныя да ўжыванню алкаголю // БелаПАН, 8 верасьня 2011 г. Праверана 11 красавіка 2013 г.
  15. ^ Вячаслаў Будкевіч. У аснове прычынаў самазабойстваў у Беларусі ляжаць сацыяльныя аспэкты, заяўляюць спэцыялісты // БелаПАН, 28 лістапада 2007 г. Праверана 11 красавіка 2013 г.
  16. ^ Надзея Нікалаева. Час ад часу думкі пра суіцыд узьнікаюць у кожнага пятага падлетка // Краіна здароўя. — 28 верасьня 2010. — № 49 (218). — С. 5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]