Перайсьці да зьместу

Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры
Абрэвіятура БІГіК
Дата ўтварэньня 26 траўня 1926 (98 гадоў таму)
Дата спыненьня існаваньня 4 сьнежня 1936 (87 гадоў таму)
Тып асьветнае
Юрыдычны статус грамадзкае аб’яднаньне
Мэта разьвіцьцё земляробства, народных рамёстваў і мастацтва
Месцазнаходжаньне Вільня
Дзейнічае ў рэгіёнах Заходняя Беларусь
Сяброўства 80 суполак (1935 год)
Старшыня Адам Більдзюкевіч (да 1929 г.), Вінцэнт Гадлеўскі
Кіроўны орган Цэнтральная рада
Зьвязаныя кампаніі Беларускі прамыслова-аграрны каапэратыўны банк, Друкарня імя Францішка Скарыны
Колькасьць супрацоўнікаў 937 (1933 год)
Колькасьць валянтэраў 1200 (1935 год)

Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГіК; 26 траўня 1926 — 4 сьнежня 1936) — асьветніцкая арганізацыя Заходняй Беларусі. Створана ў Вільні й Варшаве дзеячамі Беларускага сялянскага саюзу (БСС) і Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ў процівагу КПЗБ і Таварыству беларускай школы (ТБШ). Дзейнічаў пад кіраўніцтвам БХД, якое ў 1934 годзе было ператворана ў Беларускае нацыянальнае аб’яднаньне.

Мэтаю арганізацыі мусіла быць падтрымка і разьвіцьцё:

  • краёвага земляробства ва ўсіх яго галінах разам з садаводзтвам, пчалярствам і сельскагаспадарчай прамысловасьцю
  • народнага промыслу, рамесьніцтва, народнай тэхнікі й мастацтва
  • распаўсюдваньне і падтрымка духоўнай культуры, навукі й асьветы

Згодна Статуту дзейнасьць БІГіК распаўсюджвалася на ўсю РП.

Згодна са Статутам заснавальнікамі БІГіК былі: Балеслаў Грабінскі, Аляксандар Назарэўскі, Балеслаў Крыжаноўскі, Аляксандр Уласаў і Адам Більдзюкевіч.

Кіраўніцтва БІГіК падзядзялялася на:

  • Цэнтральную Раду
  • Кіраўніцтва Віленскага Адзелу
  • віленскія гурткі

Да 1929 году старшынём быў Адам Більдзюкевіч. У тым акрэсе часу да яе належалі таксама кс. Адам Станкевіч, Фабіян Ярэміч, Стэфан Сьвістун, Аляксандар Назарэўскі, Канстанцін Будзька, А. Бабянскі, Ян Васілеўскі, Канстанцін Юхневіч, Павал Каруза, Эдвард Будзька, Ян Пазьняк, Вячаслаў Багдановіч.

На працягу першага месяца БІГіК заснаваў 22 бібліятэчныя кропкі, атрымаў ад польскіх уладаў 6 канцэсый на прыватныя беларускія народныя школы. Зь іх пачала працу толькі адна — Шаўляны, Браслаўскі павет, іншыя з-за розных надумаў польскія мясцовыя ўлады не адчынілі. Ня быў атрыманы дазвол і на адкрыцьцё Беларускай настаўніцкай сэмінарыі.

28 лютага 1927 году ў Вільні (двухпакаёвая кватэра па вул. Завальная 6m. 5) БІГіК пачаў праводзіць Беларускія каапэратыва-бугальтарскія курсы. На першым курсе, што скончыўся 21 траўня, навучаліся 40 асобаў, пасьведчаньне пра заканчэньне атрымалі 29 асобаў. На навуку прымаліся беларусы незалежна ад месца жыхарства і палітычных прыналежнасьцяў.

За час існаваньня БІГіК выдаў 15 кніжак. Карыстаўся друкарняй імя Францішка Скарыны ў Вільні, створанай БХД. Мелася сетка распаўсюду выданьняў па Заходняй Беларусі.

Вясною 1927 году беларускія эмігранты З Нью-Ёрку і Чыкага ахвяравалі БІГіК стыпэндыі для беларускай моладзі якая хацела б навучацца ў ЗША.

Увосень 1927 году БІГіК распачаў працу па заснаваньні ў Вільні Беларускага Прамыслова-аграрнага Каапэратыўнага Банку (Białoruskiego Przemysłoworolniczego Banku Spółdzielczego). Заснавальнікамі былі сэнатар Вячаслаў Багдановіч, Адам Більдзюкевіч, пасол Фабіян Ярэміч, сэнатар Аляксандр Назарэўскі, пасол кс. Адам Станкевіч. Статут банку быў напісалі Більдзюкевіч, Эдвард Будзька і Ян Васілеўскі. 27 верасьня 1927 году сябры БІГіК зацьвердзілі статут і абралі кіраўніцтва Банку — Адам Більдзюкевіч, Браніслаў Туронак, Ян Васілеўскі.

Але брак сродкаў прымусіў засяродзіцца на асьветніцка-культурнай працы. БІГіК праводзіла ў памяшканьнях Беларускай гімназіі лекцыі на розныя гаспадарчыя тэмы. Ладзіліся вечарыны. У траўні 1927 году — прысьвечаныя Казіміру Сваяку, Максіму Багадановічу і вечар беларускай песьні і паэзіі.

Жодзішскі гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У 2-м раду ў цэнтры сядзіць а. В. Гадлеўскі. 1925 год

З восені 1927 году пры БІГіК распачала працу тэатральная сэкцыя пад кіраўніцтвам Пятра Булгака. Спэктаклі ставіліся ў Беларускай гімназіі і Прамыслова-гандлёвым клюбе.

24 кастрычніка 1927 году БІГіК падало запыт віленскаму ваяводзе на заснаваньне беларускага тэатру ў Вільні. Аднак атрымала адмову.

У 1928 годзе імпэт БІГіК паціху зьмяншаўся, а 1929 год стаў крытычным. Асабліва гэта тычылася віленскага кола. Колькасьць сябраў скарацілася з 68 да 26 асобаў. 8 студзеня 1929 году Більдзюкевіч адмовіўся ад старшынства БІГіК. 3 лютага адбыліся выбары новага кіраўніцтва. Старшынём быў прызначаны кс. Вінцэнт Гадлеўскі. Віцэстаршынёю быў абраны інжынэр Адольф Клімовіч.

Фінансавая сытуацыя таксама была складанаю, да таго ж у 1929 годзе распачаўся сусьветны фінансавы крызіс. БІГіК трымалася на складках чальцоў — 500—700 злотых штомесяц.

Нягледзячы на гэта, у 1929 годзе была адкрытая беларуская бібліятэка ў Вільні. На набыцьцё кніжак было выдаткавана 300 злотых. Акрамя беларускіх, меліся польскія, літоўскія, расейскія кнігі.

У ліпені 1929 году былі арыштаваныя польскай паліцыяй два чальцы БІГіК Антон Чайкоў і Леон Шадыра, што мелі скрайне левыя погляды. Гэта сталася пачаткам так званай чысткі ў коле БІГіК.

У 1930 годзе БІГіК разамі зь іншымі беларускімі партыямі й арганізацыямі беспасьпяхова ўдзельнічаюць у выбарах.

У 1931 годзе БІГіК налічвала 52 колаў (зь іх 36 колаў — бібліятэкі), у якіх было каля 700 чальцоў. У беларускай школе, што працуе на сродкі БІГіК у Шаўлянах (забаронена ў 1932 годзе) навучаецца 43 дзіцяці. У Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны выдаецца 4 кніжкі: Якуб Колас «Новая зямля», Францішак Багушэвіч «Дудка беларуская» і «Смык беларускі», зборнік «Першыя ластаўкі» і брашура, якая навучала закладаць кола БІГіК. Было дадзена таксама 30 тэатральных прадстаўленьняў.

У 1931 годзе кіраўніцтва КПЗБ распачало спробы адцягваньня людзей з кола БІГіК. Мэтаю ставілася ліквідаваньне колаў. Камуністычныя дзеячы пад прыкрыцьцём БІГіК пачалі перасылаць нелегальную літаратуру, што прыводзіла да ператрусаў і забароне працы колаў. Так адбылося ў Ашмянскім і Вілейскім паветах.

Дзейнасьць БІГіК асабліва актывізавалася ў 1931—1934 гадох, калі польскія ўлады ліквідавалі Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду, «Змаганьне» і значна абмежавалі ТБШ.

У 1934—1935 гадах БІГіК налічваў больш за 80 гурткоў, якія аб’ядноўвалі каля 1200 чалавек, пераважна каталіцкага веравызнаньня.

У 1933 годзе робіцца спроба заставаньня беларускіх каапэратываў. Пачынае выходзіць беларускі каапэратыўна-гаспадарчы часопіс «Самапомач», пад рэдакцыяй Адольфа Клімовіча. У 1935 годзе пачынае выдавацца літаратурны часопіс «Калосьсе».

У 1933 годзе лічба сябраў БІГіК сягала 937 асобаў, у 1935 годзе зьменшылася да 580, а ў 1936 годзе — 457.

Напачатку 1930-х у асяродку БІГіК зьявілася ідэя стварэньня нацыянальных дамоў. У 1936 годзе ў Мядзьведзічах (цяпер Ляхавіцкі раён) быў збудаваны першы і адзіны Беларускі Дом. Першапачаткова на яго будаўніцтва ахвяраўваў адзін жыхар гміны 100 даляраў. Пасьля грошы зьбіралі сябры БІГіК прыкладна па 100 злотых. Афіцыйным інвэстарам гэтай будаўніцтва лічыўся кс. Пётар Татарыновіч, які інфармаваў польскія ўлады, што будуе дом на ўласныя сродкі й патрэбы. Пасьля заканчэньня будоўлі Татарыновіч падараваў дом БІГіК.

У 1936 годзе ва ўмовах узмацненьня барацьбы за стварэньне антыфашыскага народнага фронту БІГіК выступіў супольна з ТБШ за адкрыцьцё беларускіх школаў і ажыцьцяўленьня іншых нацыянальных патрабаваньняў. Аднак шырокага супрацоўніцтва гэтых арганізацыяў не было.

Забаронены польскімі ўладамі 4 сьнежня 1936 году за «siania fermentu i wzbudzania niezadowolenia społecznego» («сеяньне неспакою і ўзбуджэньне грамадзкага незадавальненьня»).

  • Małgorzata Moroz «KRYNICA» — Ideologia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu, Беласток, 2001.