Касьпійскае мора
Касьпійскае мора | |
Месцазнаходжаньне | Сярэдняя Азія |
---|---|
Тып вадаёма | Мора |
Этымалёгія | Касіты[d] |
У складзе | 3626000 км² |
Асноўныя рэкі | Волга, Урал, Кура, Церак, Атрак |
Плошча вадазбору | 3 500 000 км² |
Краіны вадазбору | |
Найб. працягласьць |
|
Найб. шырыня | 435 км |
Плошча паверхні |
|
Сяр. глыбіня | 211 м |
Найб. глыбіня | 1025 м |
Аб’ём вады | 78200 км³ |
Салонасьць | 12,8–12,9 ‰[1] |
Вышыня над узроўнем мора | −28 м |
Замярзаньне | так |
Населеныя пункты | Баку, Рашт, Актаў, Махачкала, Туркмэнбашы |
Касьпі́йскае мо́ра (па-пэрсыдзку: دریای خزر літаральна «Хазарскае мора» ці менш пашыраная назва -دریای مازندران літаральна «Мазандаранскае мора», па-расейску: Каспийское море) — безвыточнае салонае возера ў Азіі. Зьяўляецца самым вялікім возерам ў сьвеце па плошчы паверхні (плошча складае каля 370 тыс. км²), але плошча зьмяняецца ў выніку зьмяншэньня ўзроўню вады (у 1930 годзе плошча складала 442 тыс.км²). Максымальная глыбіня мора складае 1025 мэтраў. Салонасьць ад 10—12‰ да вельмі высокага ўзроўню, што дасягае нават 300‰ у закрытых затоках. У старажытнасьці мора насіла розныя назвы: Гірканскі акіян, Арабскае мора, Квалійскае мора. Узьбярэжжа Касьпійскага мора належыць Расеі, Азэрбайджану, Ірану, Туркмэністану і Казахстану. У Касьпійскім моры жыве вялікая колькасьць асетраў, ікра якіх цэніцца ва ўсім сьвеце. З пункту гледжаньня смаку — асятровая ікра — гэта адзін зь лепшых гатункаў ікры. Але папуляцыі асятроў пагражае зьнікненьне з-за неабмежаванай лоўлі (асабліва каля расейскага ўзьбярэжжа, дзе асетр адкладае ікру), але экалягічныя арганізацыі спрабуюць забараніць лоўлю асетраў да павялічэньня іх колькасьці. Эндэмікам Касьпійскага мора зьяўляецца вобла.
На шэльфе Касьпійскага мора існуюць вялікія радовішчы нафты, што робіць рэгіён вельмі важным для сусьветнай гаспадаркі. Гэта таксама выклікае праблему падзела тэрытарыяльных вод паміж узьбярэжнымі краінамі. Узровень вады мора паднімаўся і апускаўся многа разоў. Некаторыя расейскія гісторыкі ўпэўнены, што пад’ём узроўню вады ў моры ў Сярэднявеччы выклікаў вялікую паводку ў гэтым рэгіёне. У Касьпійскае мора ўпадаюць рэкі Волга, Урал, Кура, Церак, Атрак і іншыя. Мора злучанае з Азоўскім морам каналам. Да найвялікшых местаў на ўзьбярэжжы Касьпійскага мора адносяцца Баку (Азэрбайджан), Туркмэнбашы (Туркмэністан), Баболь (Іран), Актаў, Атыраў (Казахстан), Махачкала і Астрахань (Расея).
Фізычныя характарыстыкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фармаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьпійскае мора, як і Чорнае, зьяўляецца часткай старажытнага мора Паратэтыса. Таму ягонае марское дно ёсьць звычайным акіянічны базальтам, а не кантынэнтальны гранітны матэрыял. Касьпійскае мора было ардэзана ад акіяну каля 5,5 мільёнаў гадоў таму праз тэктанічны ўздым і падзеньне ўзроўню мора. У цёплыя і сухія кліматычныя пэрыяды марское мора амаль што поўнасьцю перасыхала, пакідаючы выпараныя мінэралы, як то галіт. Празь цяперашні прыток прэснае вады на поўначы вада Касьпійскага мора практычна сьвежая ў паўночных частках, але становіцца больш салоным на поўдзень. Вада найболей салоная на іранскім беразе, дзе басэйн вадазбору мае вельмі малы паток[2]. У цяперашні час сярэдняя салонасьць Касьпійскага мора складае адну траціну ад салонасьці акіянаў Зямлі. Перашыек, які злучае затоку Гарабагазкёль і мора, высушыўся ў 1980-х гадох, што прымяло да таго, што ператок вады быў перакрыты на пэўны час. З таго моманту як ператок быў адноўлены вада з затокі перавышае акіянічную салонасьць у 10 разоў[3].
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьпійскае мора зьяўляецца самым вялікім унутраным вадаёмам у сьвеце і мае ад 40 да 44% ад агульнай колькасьці азёрных водаў сьвету[4]. Берагавыя лініі Касьпію падзяляюць Азэрбайджан, Іран, Казахстан, Расея і Туркмэністан. Касьпіскае мора падзяляецца на тры розныя фізычныя рэгіёны, як то паўночны, сярэдні і паўднёвы[5]. Мяжа, якая падзяляе паўночную і сярэднюю частку ёсьць Мангышласкі парог, які праходзіць праз востраў Чачэнь і мыс Тупкараган. Мяжой для сярэдняй і паўднёвай частак ёсьць Абшэронскі парог, які праходзіць праз востраў Чылаў і мыс Куўлі[6]. Затока Гарабагазкёль ёсьць салонае ўсходняя частка Касьпію, якая належыць Туркмэністану, але часам гэта возера, пярэсмык часам зьнікае, адразаючы затоку ад мора.
Адрозьненьні паміж трыма рэгіёнамі вельмі вялікія. Паўночны рэгіён мора ўключае толькі касьпійскі шэльф[7], які ёсьць вельмі дробным, то бок на долю рэгіёну прыпадае менш за 1% ад агульнага аб’ёму вады пры сярэдняй глыбіні ўсяго 5—6 мэтраў. Мора прыкметна набірае глыбыню, калі рухацца на поўдзень да сярдэняга рэгіёну, дзе сярэдняя глыбіня складае 190 мэтраў[6]. Паўднёвы рэгіён ёсьць самым глыбокім, з глыбінёй, якая дасягае больш за 1000 мэтраў, што значна пераўзыходзіць глыбіню іншых вадаёмаў рэгіёну, як то Пэрсыдзкае затокі. Сярэдні і паўднёвы рэгіёны маюць адпаведна 33% і 66% ад агульнага аб’ёму вады[5]. Паўночная частка мора звычайна замярзае ўзімку, а ў самыя халодныя зімы лёд утвараецца і на поўдні.
Больш за 130 рэк забясьпечваюць прыток вады да Касьпійскага мора, самай вялікай зь якіх ёсьць Волга. Другая багатая на воду рака Ўрал працякае з поўначы, а рака Кура упадае ў мора з захаду. У мінулым, як лічыцца, Амудар’я з усходу ад мора ўпадала ў мора праз на сёньня высушанае рэчышча, названае ракой Узбой, аднак наконт гэтага сьцьвярдэньня існуюць спрэчкі. Касьпійскае мора мае некалькі невялікіх астравоў, якія ў асноўным разьмешчаны на поўначы і маюць агульную плошчу ў каля 2 тысяч км². На поўнач ад мора месьціцца Прыкасьпійская нізіна, нізінная вобласьць, якая месьціцца на 27 мэтраў ніжэй за ўзровень мора. Сярэднеазіяцкія стэпы расьсьцілаюцца на паўночна-ўсходнім узьбярэжжы, у той час як горы Каўказу абдымаюць заходні бераг. Біёмы на поўначы і на ўсходзе характарызуюцца халоднымі кантынэнтальнымі пустэльнямі. І наадварот, клімат на паўднёвым захадзе і поўдні звычайна цёплы зь нераўнамерным узвышэннем праз спалучэньне гор і горных хрыбтоў. Рэзкія зьмены клімату прывялі да вялікай біяразнастайнасьці ў рэгіёне[3].
Касьпійскае мора мае мноства астравоў, але ўсе яны разьмешчаны паблізу ўзьбярэжжа. Таксама іх няма ў глыбокіх частках мора. Агурджалы ёсьць самай вялікай выспай і востравам мора. Ён мае даўжыню ў 37 км, аднак ягоная шырыня ня вельмі вялікая, такім чынам ён моцна выцягнуты з поўначы на поўдзень. У паўночнае частцы большасьць астравоў невялікія і нежылыя, хоць на некаторых зь іх ёсьць населеныя пункты.
Гідралёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Касьпійскае мора мае характэрныя рысы, агульныя для мораў і азёраў. Яго часта лічаць самым вялікім у сьвеце возерам, не зважаючы на тое, што гэта натуральна не прэснаводнае возера. Вадаём зьмяшчае прыблізна ў 3,5 разы больш вады, чым усе пяць Вялікіх азёраў Паўночнай Амэрыкі агулам. Мора калісьці было часткай старажытнага акіяну, але каля 5,5 мільёнаў гадоў таму Касьпійскае мора было адрэзана ад акіяну праз тэктоніку пліт[4]. Рэкі Волга (каля 80% ад прытоку) і Ўрал упадаюць у мора, якое, аднак, ня мае прыроднага адтоку, акрамя выпарэньня. Такім чынам, касьпійская экасыстэма зьяўляецца замкнёным басэйнам з уласным узроўнем мора, які не залежыць ад ўзроўню вады ў сусьветных акіянах.
Узровень вады зьніжаўся і павышаўся, часта імкліва, шмат разоў на працягу стагодзьдзяў. Лічыцца, што сярэднявечны ўздым Касьпію, магчыма, выкліканы Амудар’яй, якая зьмяніла сваё ўпадзеньне ў мора з XII стагодзьдзя да XIV стагодзьдзя, што выклікала паводку ў прыморскіх гарадох Хазарыі, такіх як Ітыль.
Паводле дасьледаваньняў Азэрбайджанскай акадэміі навук, узровень мора зьніжаецца больш за шэсьць сантымэтраў штогод праз павелічэньне выпарэньня з-за павышэньня тэмпэратуры, выкліканай глябальным зьмяненьнем клімату[8].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ «Каспийское море» / М. Г. Деев, В. Е. Хаин // Канцелярия конфискации — Киргизы [Электронный ресурс]. — 2009275. — С. 275. — (Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов; 2004—2017, т. 13). — ISBN 978-5-85270-344-6.
- ^ Sea Facts (анг.). Casp Info. Праверана 3 студзеня 2020 г.
- ^ а б Caspian Sea — Background (анг.) Caspian Environment Programme Архіўная копія ад 3 ліпеня 2013 г.
- ^ а б Caspian Sea (анг.). Iran Gazette. Архіўная копія ад 22 студзеня 2009 г.
- ^ а б Hooshang Amirahmadi (2000). «The Caspian Region at a Crossroad: Challenges of a New Frontier of Energy and Development». Palgrave Macmillan. — С. 112. — ISBN 978-0-312-22351-9.
- ^ а б Henri J. Dumont; Tamara A. Shiganova; Ulrich Niermann (2004). «Aquatic Invasions in the Black, Caspian, and Mediterranean Seas». Springer. — ISBN 978-1-4020-1869-5.
- ^ A. G. Kostianoi and A. Kosarev (2005). «The Caspian Sea Environment». Birkhäuser. — ISBN 978-3-540-28281-5.
- ^ Caviar pool drains dry as Caspian Sea slides towards catastrophe (анг.). The Nation. Bangkok (17 красавіка 2009).
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Mohammad Ajam. Імёны Касьпійскага мора. Iran Chamber Society (анг.).
- Рэгіён Касьпійскага мора. Pars Times (анг.).
- Літасфэра Касьпійскага мора. Геофизический центр Российской Академии Наук (анг.).
- Касьпійскае мора памірае. Payvand (анг.).