Перайсьці да зьместу

Максім Танк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «М. Танк»)
Максім Танк
Максім Танк, 1930-я гг.
Максім Танк, 1930-я гг.
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Яўген Іванавіч Скурко
Псэўданімы А. Граніт, А. Сівер, Максім Танк
Нарадзіўся 4 (17) верасьня 1912
Памёр 7 жніўня 1995(1995-08-07)[1] (82 гады)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці перакладнік, пісьменьнік, паэт, дзіцячы пісьменьнік, палітык, рэдактар, журналіст
Жанр верш
Мова беларуская мова
Дэбют часопіс «Пралом», (1932)
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу
Творы на сайце Knihi.com

Максі́м Танк (сапр. — Яўге́н Іва́навіч Скурко́; 17 верасьня [ст. ст. 4 верасьня] 1912, в. Пількаўшчына, Вялейскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя, цяпер Мядзельскі раён Менскай вобласьці — 7 жніўня 1995, Менск, Беларусь) — беларускі савецкі паэт і перакладчык. Народны паэт БССР (1968), акадэмік АН Беларусі (1972). Ляўрэат літаратурнай прэміі Янкі Купалы (1959), ганаровы грамадзянін Менску (1987).

Максім Танк, 1932 г.
Максім Танк з жонкай, 1938 г.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і праваслаўнага веравызнаньня. Яго бацька Іван Фёдаравіч у часе Першай сусьветнай вайны быў мабілізаваны ў войска і служыў салдатам у чыгуначным батальёне, потым — у вайсковай шавецкай майстэрні. У 1916 годзе з набліжэньнем фронту М. Танк разам з маці Домнай Іванаўнай (да замужжа — Хвалько) пераязджае ў Маскву, дзе яны туляцца на ўскрайку гораду зь яшчэ чатырма сем’ямі бежанцаў. Дзякуючы шчасьлівай выпадковасьці на адной з маскоўскіх яны сустрэліся з Іванам Фёдаравічам[2], які пасьля дэмабілізацыі працаваў на заводзе. У Маскве М. Танк пайшоў у школу, дзе пасьпеў захапіцца паэзіяй.

Увосень 1922 году з прычыны вялікага голаду ў Расеі сям’я Скурко вярнулася ў Пількаўшчыну (родную хату ў вайну пільнаваў дзед Фёдар Маркавіч). Увосень 1923 году М. Танк паступіў у першую клясу польскай пачатковай школы, якую скончыў праз тры гады; вучыўся ў суседніх вёсках Шкленікова і Сваткі. У 1926 годзе паступіў у трэцюю клясу Вялейскай рускай прыватнай гімназіі. Праз два гады яе зачынілі польскія ўлады і М. Танк быў вымушаны перавесьціся ў больш аддаленую Радашкавіцкую беларускую гімназію, дзе неўзабаве ўступіў у камсамольскую падпольную арганізацыю. За ўдзел у страйку, арганізаваным гімназістамі ў пачатку 1929 году, яго адтуль адлічылі. Нейкі час вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, зь якой таксама быў выключаны за вальнадумства і непаслушэнства[2]. Пэўны час наведваў мэліярацыйныя курсы.

Урэшце М. Танку ўдалося ўладкавацца ў Віленскую расейскую гімназію імя А. Пушкіна. Тут разам з аднакашнікам Я. Гарохам выдаў у 1931 годзе рукапісны часопіс «Пралом» і зьмясьціў у ім пад псэўданімам свае першыя вершы. З 1932 году пачаў актыўна супрацоўнічаць зь нелегальнымі выданьнямі: «Праломам», «Маладым камуністам», рознымі газэтамі. У сакавіку 1932 году за ўдзел у падпольнай камсамольскай працы быў арыштаваны і першы раз трапіў у віленскую турму Лукішкі. Празь месяц выйшаў на волю. Увосень таго ж году пад уплывам савецкай прапаганды нелегальна перайшоў савецка-польскую мяжу і трапіў у Менск, але быў арыштаваны і пасьля двух тыдняў турэмнага зьняволеньня быў накіраваны назад у Польшчу для ажыцьцяўленьня нелегальнай падрыўной дзейнасьці на карысьць СССР.

Максім Танк і Натальля Арсеньнева, 1937 г.

Максім Танк пачаў займацца падпольнай дзейнасьцю. Працаваў інструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусі, вёў рэвалюцыйную дзейнасьць на Віленшчыне і Наваградчыне. Неаднаразова арыштоўваўся польскімі органамі. Зь перапынкамі Максім Танк прасядзеў у турмах каля двух гадоў. У Лукішках у канцы 1933 году пры падтрымцы іншых палітвязьняў выдаваў рукапісны часопіс «Краты», у якім зьмяшчаў свае вершы і творы іншых зьняволеных. З другой паловы 1930-х на загад Кампартыі Заходняй Беларусі вёў беларускую калёнку ў польскім часопісе «Poprostu», а са сьнежня 1935 году літаратурны аддзел у газэце «Наша Воля», затым у часопісе «Беларускі летапіс», які выдаваў Рыгор Шырма, супрацоўнічае з часопісамі «Калосьсе», Маладая Беларусь.

Максім Танк, лістапад 1941 г.

У 1939—1940 гадах працаваў у абласной газэце «Вялейская праўда», якая ў пачатку 1940 году была перайменавана ў «Сялянскую газету». Адначасова займаў пасаду інспэктара нацыянальных школ пры абласным аддзеле народнай асьветы.

У 1945—1948 гадох працаваў літаратурным рэдактарам часопісу «Вожык», у 1948—1966 гадох — галоўным рэдактарам часопісу «Полымя», у 1966 годзе прызначаны першым сакратаром Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, а ў 1971—1990 гадох быў старшынём праўленьня СП БССР.

Бел-чырвона-белы сьцяг

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Максім Танк — аўтар верша «Ты чуеш, брат…» (1930), дзе апяваецца нацыянальны сьцяг беларусаў:

«

Глядзіце ў будучыню сьмела!
Настаў доўгачаканы час,
Пад сьцягам бел‑чырвона‑белым
Чакае перамога нас.

Няхай жа меч Пагоні зьзяе!
Гартуйма нашу еднасьць, моц!
Вядзі нас, Воля прасьвятая,
Да новай славы, новых сонц![3][4]

»

Па аднаўленьні незалежнасьці ён падтрымаў нацыянальную сымболіку, а ў 1995 годзе разам з Народным паэтам Піменам Панчанкам і іншымі беларускімі творчымі і навуковымі дзеячамі выступіў з прапановай прыняць у якасьці дзяржаўнага гімну Беларусі верш Алеся Ставера «Вякамі стваралі мы нашу дзяржаву», у якім нацыянальны сьцяг апяваецца побач з Пагоняй: «Пад сьцягам Айчыны, пад гербам Пагоні», а таксама сьцьвярджаецца нацыянальны дэвіз: «Дружней, беларусы! Гучней, беларусы! Гукайма: Жыве Беларусь!»[5].

Максім Танк выступіў супраць рэфэрэндуму 1995 году[6], а ўжо па пазбаўленьні нацыянальных сымбаляў афіцыйнага дзяржаўнага статусу ў жніўні 1995 году яго пахавалі менавіта пад бел-чырвона-белым сьцягам[7].

«На этапах» Вільня, 1936 г.

Друкавацца пачаў у 1932 годзе ў часопісе «Пралом» (які выдаваў разам з паэтам Я. Гарохам), «Часопісе для ўсіх», газэтах-аднадзёнках «На пераломе» і «Беларускае жыцьцё» (апошняя выдадзена ў Львове, у ёй зьмешчаны першы, падпісаны псэўданімам Максім Танк, верш «Заштрайкавалі гіганты-коміны»).

  • «На этапах» (1936, факсымільнае ў 1983, Менск)
  • «Журавінавы цвет» (1937)
  • «Пад мачтай» (1938)
  • «Выбраныя вершы» (1940)
  • «Вастрыце зброю» (вершы і паэмы, 1945)
  • «Праз вогненны небасхіл» (1945)
  • «Выбраныя вершы» (1947)
  • «Вершы» (1947, 1948)
  • «Каб ведалі» (1948)
  • «На камні, жалезе і золаце» (1951)
  • «Выбраныя творы» (1952, 1954)
  • «У дарозе» (1954)
  • «След бліскавіцы» (1957)
  • «Мой хлеб надзённы» (1962)
  • «Лірыка» (1963)
  • «Глыток вады» (1964)
  • «Вершы» (1967)
  • «Ключ жураўліны» (1972)
  • «Хай будзе святло» (1972)
  • «Дарога, закалыханая жытам» (1976)
  • «Вершы» (1979)
  • «Прайсці праз вернасць» (1979)
  • «Лірыка» (1982)
  • «За маім сталом» (1984)
  • «Лірыка» (1987)
  • «Дарога і хлеб» (1988)
  • «Збор калосся: Вершы 1983—1988» (1989)
  • «Паслухайце, вясна ідзе» (1990)
  • «Мой каўчэг» (1994)
  • «Errata» (1996)

Кнігі вершаў:

  • «Галінка і верабей» (1946)
  • «Кніжка пра мядзведзя» (1947)
  • «Вершы» (1948)
  • «Урачыстае абяцанне» (1949)
  • «Сярод лясоў наднёманскіх» (1951, 1987)

Кнігі казак:

  • «Ехаў казачнік Бай» (1955, 1984)
  • «Конь і леў» (1955)
  • «Казкі. Легенды» (1960)
  • «Светлячок» (1970)
  • «Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні» (1979)

Зборнік гумару «Селядцы з вершамі» (1966).

Паэмы «Нарач» (1937) і «Янук Сяліба» (1943).

Напісаў кнігу-дзёньнік «Лісткі календара» (1970).

Зборы твораў у 2-х (1958), у 4-х (1966—1967), у 6-ці (1978—1981), у 13-ці тамах (2006—2012).

Займаўся перакладамі на беларускую мову з расейскай, украінскай, польскай, летувіскай, латыскай, баўгарскай моваў.

Пераклаў асобныя творы А. Пушкіна, У. Маякоўскага, П. Тычыны, М. Рыльскага, А. Венцлавы, Я. Судрабкална, А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, Ю. Тувіма, У. Бранеўскага, Р. Дабравольскага, Т. Ружэвіча, А. Германава і іншых. У тым ліку пераклаў лібрэта опэры «Страшны двор» С. Манюшкі для пастаноўкі яе ў 1952 годзе.

Узнагароды і званьні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сьцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга, Айчыннай вайны II ступені, Дружбы народаў і мэдалямі, а таксама афіцэрскім крыжам Адраджэньня Польшчы, ордэнамі Заслугі ПНР.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паштовая марка да 100-годзьдзя з дня нараджэньня Максіма Танка
  1. ^ Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
  2. ^ а б Рагойша В. Максім Танк: Па новых падручніках // Роднае слова. — 2001. — № 11. — С. 38—42.
  3. ^ Максім Танк. Дзённік
  4. ^ Максім Танк. Збор твораў. У 13 т. Т. 1 / Рэд. тома Л. Кісялёва; падрыхт. тэкстаў і камент.: Т. Барысюк, А. Данільчык, В. Хацяновіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы. — Менск: Беларус. навука, 2010. С. 193.
  5. ^ З нашай пошты, Радыё Свабода, 1995—2000 гг.
  6. ^ Скурко А. Дубы Максіма Танка: пра Яўгена Скурко піша Андрэй Скурко, Наша Ніва, 17 верасьня 2012 г.
  7. ^ Мартинович Д. (3 лютага 2021) Что писали о БЧБ-флаге и как он стал национальным. Объясняем. TUT.BY. Архіўная копія

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]