Перайсьці да зьместу

Пралом (часопіс)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Прало́м» — рукапісны часопіс, выдаваны Яўгенам Скурко (М. Танкам) і Янкам Гарохам у Віленскай рускай гімназіі імя Пушкіна ў 19311932 гадах. Сьвет пабачылі толькі два нумары.

Першы нумар быў перапісаны ад рукі ў двух экзэмплярах. Я. Гарох упрыгожыў вокладку сымбалічным малюнкам пралому ў турэмнай сьцяне, празь які прабівалася сонца. Тут Максім Танк зьмясьціў свае першыя вершы пад псэўданімам «А. Граніт». Першы нумар часопісу не захаваўся, аднак адзін з асобнікаў «Пралому» быў перавезены ў БССР і кіраўнік замежнай рэдакцыі ЦК КПЗБ Леапольд Родзевіч уключыў дэбютныя вершы ў «Хрэстаматыю заходнебеларускай літаратуры», якая выйшла ў Менску ў 1933 годзе (празаічныя імпрэсіі «Штандар», «Нашы дні», «Гаротнікі прачнуліся»).

Другі нумар часопіса выдаваўся ў лютым 1932 году, паводле сьведчаньняў М. Танка, старэйшымі таварышамі з падпольля. Тэкст быў размножаны на гектографе і амаль усе 500 асобнікаў былі накіраваныя на Наваградчыну. На гэтую падзею прагучаў ускосны пісьмовы водгук у справаздачы наваградзкага ваяводы ў міністэрства ўнутраных справаў:

« У шэрагу мясцовасьцяў Наваградзкага і Слонімскага паветаў пры вобшуках у камуністычных дзеячаў знойдзеныя брашуры з камуністычнымі песьнямі альбо сшыткі з перапісанымі вершамі антыдзяржаўнага зьместу... Гэтага роду прапаганда дасягае вельмі вялікага посьпеху ў справе радыкалізацыі мас. »

У другім нумары пралому быў зьмешчаны першы праграмны верш М. Танка «Там, дзе стаяў безрабочы», падпісаны тым жа псэўданімам Я. Граніт.