Перайсьці да зьместу

Ізяслаўскае княства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ізяслаўскае княства
лац. Iziasłaŭskaje kniastva
X стагодзьдзе — ?
Месцазнаходжаньне Ізяслаўскага княства

Менская вобласьць,
Сьцяг Беларусі Беларусь

Афіцыйная мова старажытнаруская
Сталіца Заслаўе
Форма кіраваньня Манархія


Ізясла́ўскае (Ізяслаўльскае) княстваудзельнае княства Полацкай зямлі, пазьней Заслаўскае княства. Цэнтар — горад Ізяслаўль, цяпер горад Заслаўе ў Менскай вобласьці Беларусі.

Вылучылася пасьля сьмерці полацкага князя Ўсяслава Полацкага (1101), верагодна, як удзел Давыда Ўсяслававіча. У 1128 годзе князем ізяслаўльскім быў ужо сын Давыда Ўсяслававіча — Брачыслаў. Пасьля высылкі ў 1129 годзе полацкіх князёў у Бізантыю, у тым ліку Давыда Ўсяслававіча з сынамі, лёс княства некаторы час невядомы. Верагодна, зь сярэдзіны 1130-х і да сярэдзіны 1160-х Ізяслаўль у якасьці ўдзелу ўваходзіў у Менскае княства — у сярэдзіне 1160-х ізяслаўльскі сталец займаў Усевалад Глебавіч. Усевалад вымушаны быў адмовіцца да Ізяслаўлю пад ціскам полацкага князя Рагвалода-Васіля на карысьць Брачыслава Давыдавіча, які вярнуўся зь Бізантыі. Усевалад атрымаў замест Ізяслаўля Стражэў і больш крыніцамі не згадваецца. Астатнія Глебавічы не зьмірыліся са стратаю Ізяслаўлю і зноў захапілі яго паланіўшы Брачыслава і яго брата Валодшу, але хутка пад ціскам Рагвалода-Васіля вымушаныя былі вызваліць іх і вярнуць ім Ізяслаўльскае княства. У 1160-х Ізяслаўскае княства раздрабілася, зь яго вылучыўся Лагоскі ўдзел і, магчыма, яшчэ нейкія ўдзелы. У 1180 годзе побач з ізяслаўльскімі князямі, нашчадкамі Брачыслава і Валодшы, згадваецца лагоскі князь Усяслаў Мікуліч, верагодна, іх сваяк. Да 1186 году, пры невядомых акалічнасьцях, нашчадкі Давыда Ўсяслававіча зноў страцілі Ізяслаўль на карысьць менскіх Глебавічаў і цяпер ужо назаўсёды — у 1186 годзе на лагоскім стальцы згадваецца ўжо Васілька Валадаравіч, магчыма, тымчасова Лагойск быў галоўным горадам ізяслаўльскіх земляў.

У 1320-х гадах Ізяслаўскае княства належала Альгерду, які ў 1345 годзе даў яго ўдзелам свайму брату Яўнуту. Ізяслаўскае княства належала нашчадкам Яўнута — князям Заслаўскім, а пасьля перайшло пасагам да Глябовічаў. Ян Янавіч Глябовіч не называўся ўжо князем, але меў тытул графа Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі на Дуброўне і Заслаўі.

  • Заяц Ю.А. Заславль в эпоху феодализма. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-01350-3