Друкарня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Друка́рня — паліграфічнае прамысловае прадпрыемства, якое выпускае друкаваныя вырабы: блянкі, брашуры, газэты, кнігі, ноты і часопісы. Для забесьпячэньня вытворчасьці можа мець: брашуровачна-пераплётны, друкарскі, наборны і формны цэхі; службы падрыхтоўкі паперы і рамонту; працоўню і склад. У 21 ст. найбольш пашыраным ёсьць афсетны друк. Бываюць прыватныя і дзяржаўныя, у тым ліку абласныя і раённыя[1].

Друкарня імя Жданава (Масква, 1969 г.)

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1438 годзе ў Страсбургу (Сьвятая Рымская імпэрыя; цяпер дэпартамэнт Ніжні Райн, Францыя) вынаходнік Ёган Гутэнбэрг заснаваў першую ў Эўропе друкарню[1]. 6 жніўня 1517 году ў свай друкарні ў Празе (Чэскае каралеўства) Францішак Скарына выдаў першую друкаваную кнігу на старабеларускай мове, якой стаў Псалтыр.

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Францішак Скарына (гравюра з кнігі «Быцьцё», 1519 г.)

У 1520 годзе ў Вільні (цяпер Летува) Францішак Скарына стварыў першую друкарню ў Вялікім Княстве Літоўскім, у якой выдаў на старабеларускай мове «Малую падарожную кніжыцу» ў 1522 годзе і кнігу «Апостал» ў 1525 годзе. У 1553 годзе ў Берасьці (Вялікае Княства Літоўскае) заснавалі першую друкарню ў межах сучаснай Рэспублікі Беларусь. Цягам 16-17 стагодзьдзяў найбольшымі ў ВКЛ былі Еўінская друкарня (Троцкі павет; цяпер Электрэнскае самакіраваньне, Віленскі павет, Летува), Нясьвіская друкарня (Наваградзкі павет; цяпер Менская вобласьць, Беларусь) і друкарня Мамонічаў у Вільні. Пры канцы 18 ст. адчынілі Віцебскую, Гарадзенскую, Магілёўскую і Менскую губэрскія друкарні (Расейская імпэрыя). На пачатку 20 ст. у Беларусі налічвалася 123 друкарні і літаграфічныя прадпрыемствы. На 1 студзеня 1997 г. існавала 341 друкарня, зь іх 135 (40%) дзяржаўных. Найбольшымі зь іх былі: Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа (Менск), Менская фабрыка каляровага друку і Беларускі дом друку[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в А.І. Раковіч. Друкарня // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 220-221. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0