Гісторыя Заслаўя
Заслаўе (часам насіла дадатковае азначэньне — Заслаўе Літоўскае[1]) — места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства (раней — сталіца ўдзельнага княства), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся руіны замка, былы кальвінскі збор у стылі рэнэсансу і касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі віленскага барока, помнікі архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў. Дзее гістарычна-культурны запаведнік.
Раньнія часы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Згодна з археалягічнымі зьвесткамі, у X ст. на правым беразе Сьвіслачы існавала неўмацаванае паселішча, населенае пераважна крывічамі. Каля 985 году за 1 км ад яго ўзьнікла гарадзішча «Замэчак». На мяжы XI—XII стагодзьдзяў на тэрыторыі правабярэжнага паселішча ўзьвялі дзядзінец, па чым насельнікі пакінулі «Замэчак»[2].
Летапіснае паданьне прыпісвае заснаваньне Заслаўя ў 985—986 гадох князю кіеўскаму Ўладзімеру Сьвятаславічу, які перадаў горад сваёй жонцы Рагнедзе Рагвалодаўне і сыну Ізяславу[a]. Пад 1127 годам упершныю ўпамінаецца Ізяслаўскае княства ў зьвязку з нападам князя кіеўскага Мсьціслава Ўладзімеравіча на Полацкую зямлю[3].
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У канцы XIII ст. Заслаўе далучылася да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стала вялікакняскім местам[4]. У 1345 годзе вялікі князь Кейстут перадаў яго свайму малодшаму брату Яўнуту Гедымінавічу, нашчадкі якога зваліся князямі Заслаўскімі (Жэслаўскімі). У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Заслаўе значыцца сярод «літоўскіх» замкаў. За часамі фэўдальнай вайны (1432—1439) у 1434 годзе[4] Сьвідрыгайла захапіў і спаліў места, а ягоных жыхароў узяў у палон.
У 1539 годзе Заслаўе перайшло ў валоданьне Глябовічаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. У другой палове XVI ст. тут пры кальвінскім зборы працавалі школа і друкарня, у якой Сымон Будны надрукаваў Біблію ў 1574 годзе. У пачатку XVII ст. кальвінскі збор пераасьвяцілі ў касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла. У 1625 годзе ў Заслаўі збудавалі касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, таксама дзеяла царква. З XVІІ ст. места стала сталіцай графства, якое аб’ядноўвала 4 староствы.
З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655 годзе маскоўскія захопнікі спалілі Заслаўе, цалкам зруйнавалі мураваныя замкавыя брамы і палац. У 1678 годзе паселішча перайшло да Сапегаў. У 1684 годзе (паводле іншых зьвестак, яшчэ ў 1676 годзе) К. Сапега і ягоная жонка Крыстына заснавалі тут дамініканскі кляштар. Паводле інвэнтару, на 1698 год у месьце было 89 дымоў (апроч, відаць, касьцельнай юрыдыкі), 4 вуліцы і Рынак[4].
У 1753 годзе Заслаўе перайшло ў валоданьне падканцлера Антонія Празьдзецкага. У 1772 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў месту прывілей на правядзеньне 4 кірмашоў штогод, а таксама штотыднёвых таргоў. У другой палове XVIII ст. працавалі цагельня і суконная фабрыка.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Заслаўе апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Менскага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1850-я гады існаваў аднайменны маёнтак Прушынскіх.
За ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864) расейскія ўлады канфіскавалі Заслаўе ў ягоных гаспадароў Прушынскіх. У 1873 годзе празь мястэчка прайшла Лібава-Роменская чыгунка, адкрылася станцыя Ізяслаў. На 1904 год працавалі 2 школы, лякарня на 10 ложкаў, аптэка, пошта; дзейнічалі 2 царквы і касьцёл. 15 красавіка 1906 году расейская паліцыя выкрыла ў Заслаўі падпольную школу, у якой Антаніна Войзбун навучала польскай мове 25 дзяцей у веку 8—17 гадоў. Настаўніцу пакаралі штрафам у 50 рублёў з магчымасьцю замены на 15 дзён арышту[5]. У лістападзе 1917 году ў Заслаўі ўтварыўся Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які ўсталяваў савецкую ўладу.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Заслаўе занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Заслаўе абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР, накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў[6]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Заслаўе ўвайшло ў склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну[7]. У 1919—1920 гадох мястэчка было пад часовай польскай адміністрацыяй як цэнтар гміны ў Менскім павеце Менскай акругі Грамадзянскай ўправы Ўсходніх земляў. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Заслаўе засталося ў БССР, дзе ў 1924 годзе стала цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1959 годзе Заслаўе атрымала афіцыйны статус гарадзкога пасёлку, у Менскім раёне. У 1985 годзе — статус места. 26 студзеня 1987 году места вывелі з складу Менскага раёну і аднесьлі да афіцыйнай катэгорыі гарадоў абласнога падпарадкаваньня[8]. 1 студзеня 2007 году Заслаўе зноў улучылі ў склад Менскага раёну як адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку, а фінансавы аддзел места далучылі да фінансавага аддзелу Менскага райвыканкаму[9][10]. У 2014 годзе да Дня беларускага пісьменства ў месьце паставілі помнік князю Ізяславу[11].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Рынак, да 1918 г.
-
Рынак, 1927 г.
-
Вуліца Замкавая. Кальвінскі збор па маскоўскай перабудове, каля 1900 г.
-
Вуліца Замкавая. Замкавая брама, да 1918 г.
-
Вуліца Рынкавая. Касьцёл па маскоўскай перабудове каля 1900 г.
-
Вуліца Рынкавая. Касьцёл, 1941 г.
-
Вуліца Рынкавая. Касьцёл, 1941 г.
-
Вуліца Вакзальная. Станцыя, 1939 г.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ ПСРЛ. Т. 1. — М., 1962. С. 131.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Jelski A. Zasław // Słownik geograficzny... T. XIV. — Warszawa, 1895. S. 441—443.
- ^ ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 410.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Заслаўя. — Мн.: БЕЛТА, 2000.
- ^ а б в Грынявецкі В. Заслаўе // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 648.
- ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 32.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Указ Президиума Верховного Совета БССР от 26.01.1987 г.
- ^ Решение Минского областного совета депутатов от 19.10.2006 г.
- ^ Государственный архив Минской области: путеводитель (1944—2006). — Минск, 2012. С. 65.
- ^ Помнік князю(недаступная спасылка), Белсат
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 8. Мінская вобласць. Кн. 3 / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2012. — 624 с.: іл. ISBN 978-985-11-0636-9.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Заслаўя. — Мн.: БЕЛТА, 2000. — 464 с.: іл. ISBN 985-6302-24-2.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn. — Warszawa, 1895.
- Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem: Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905–1918. — Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s. ISBN 978-83-227-2629-7.