Язэп Каранеўскі
Язэп Каранеўскі | |
2-і рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту | |
---|---|
11 кастрычніка 1929 — 28 ліпеня 1931 | |
Папярэднік: | Уладзімер Пічэта |
Наступнік: | Іван Ермакоў |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
12 студзеня 1888 мястэчка Заслаўе, Менскі павет, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя |
Памёр: |
29 кастрычніка 1937 Менск, Беларуская ССР, СССР |
Партыя: | Камуністычная партыя Беларусі (з 1920 г.) |
Бацька: | Пётра Каранеўскі |
Адукацыя: | Віленскі настаўніцкі інстытут (1914) |
Язэп Пятровіч Каранеўскі (12 студзеня [ст. ст. 31 сьнежня 1887] 1888; Заслаўе, цяпер Менскі раён, Беларусь — 1937; Менск, цяпер Беларусь) — дзяржаўны дзяяч, пэдагог, публіцыст, сябра КП(б)Б. Другі рэктар БДУ (11 кастрычніка 1929 г. — 28 ліпеня 1931 г.), правадзейны сябра Інбелкульта (з 1925 г.), ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў мястэчку Заслаўе Менскага павета 31 сьнежня 1887 году. Паходзіў зь сярэдняй сялянская сям’і. У 1909 г. скончыў Маладзечанскую настаўніцкую сэмінарыю. Пэўны час выкладаў у школах, пасьля паступіў у Віленскі настаўніцкі інстытут, які скончыў у 1914 г. Падчас Першай сусьветнай вайны уладкаваўся ў Менскі настаўніцкі інстытут, які ў хуткім часе быў эвакуяваны ў Яраслаўль.У верасьні 1918 г. інстытут быў вернуты ў Менск, пасьля ўдалых перамоў Каранеўскага з Радай і Народным Сакратарыятам БНР.
У 1919-1920 гг. працаваў школьным інспэктарам і выкладчыкам геаграфіі ў Менскай беларускай гімназіі. У верасьні 1920 г. Язэп Пятровіч быў прызначаны намесьнікам наркома асьветы ССРБ. Крыху раней ён увайшоў у шэрагі сяброў КП(б)Б. У адпаведнасьці са сваёй пасадай, Каранеўскі займаўся арганізацыяй беларускага ўнівэрсытэту ў складзе менскай камісіі пры Наркамаце асьветы.
У пачатку 1921 году 32 камуністы, сярод якіх быў і Язэп Пятровіч, зьвярнуліся з заяваю ў ЦБ КП(б)Б, у якой патрабавалі распачаць у краіне масавую беларусізацыю. Яна была разгледжана і зь ёю шмат у чым пагадзіліся.
Неўзабаве, на пасадзе намесьніка наркома Каранеўскі быў заменены С. З. Кацэнбогенам. Да 1925 году ён працаваў у Галоўным ўпраўленьні сацыяльнага выхаваньня, якое ўзначальваў. Адначасова зьяўляўся загадчыкам Белпэдтэхнікума.
У студзені 1925 году Язэп Пятровіч быў зацьверджаны правадзейным сябрам Інбелкульта. У 1927 г. яго прызначаюць прарэктарам Камуністычнага ўнівэрсытэту імя У. І. Леніна ў Менску, аднак ужо ў кастрычніку 1928 г. Каранеўскі быў пераведзены на пасаду намесьніка рэктара БДУ.
У кастрычніку 1929 г. ад абавязкаў рэктара Белдзяржунівэрсытэта быў вызвалены Пічэта, і праз колькі дзён новае кіраўніцтва абрала рэктарам БДУ Язэпа Пятровіча. Аднак доўга на гэтай пасадзе Каранеўскі не папрацаваў. Ужо ў ліпені 1931 г. загадам наркома асьветы ён быў вызвалены ад абавязкаў і пераехаў у Маскву, бо заставацца ў Менску для яго было небясьпечна. Тамака Каранеўскі атрымаў пасаду ў Інстытуце чырвонай прафэсуры сусьветнай гаспадаркі і сусьветнай палітыкі.
15 ліпеня 1937 г. Я. П. Каранеўскі быў арыштаваны ў Маскве. Па патрабаваньню НКУС БССР яго перавезьлі з Масквы ў Менск, дзе пасьля катаваньняў Язэп Пятровіч прызнаў усе абвінавачваньні, якія яму прыпісваліся. На судовым паседжаньні, што адбылося 28 кастрычніка 1937 г. ён быў прыгавораны да вышэйшай меры пакараньня. Ужо на другі дзень быў растраляны ва ўнутраным двары менскай турмы НКУС БССР («амэрыканкі») разам з больш як сотняй іншых грамадзкіх дзеячоў Беларусі.
У 1957 г. Ваенная калегія Вярхоўнага Суда Саюза ССР, пасьля хадайніцтва жонкі Язэпа Пятровіча, перагледзела справу і прызнала, што той быў арыштаваны і асуджаны неабгрунтавана, і прысуд у адносінах да яго скасавала праз адсутнасьць складу злачынства.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Папярэднік Уладзімер Пічэта |
Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту 1929—1931 |
Наступнік Іван Ермакоў |