Заслаўскі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Рэканструкцыя выгляду даўняга Заслаўя Віктара Сташчанюка
Заслаўскі бастыённы замак, з пляну XIX ст.

Засла́ўскі за́мак — адзін зь першых бастыённых замкаў Вялікага Княства Літоўскага і Беларусі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • ХІ стагодзьдзе — узьнікненьне гарадзішча на месцы сучаснага замка.
  • Другая палова XVI — пачатак XVII — на месцы сярэднявечнага замчышча князямі Глябовічамі збудаваны бастыённы замак. У замку ўзьведзены кальвінскі збор і мураваны палац.
  • 1676 — заходняя частка замка была прададзеная заслаўскаму кляштару дамініканаў.
  • XVIII стагодзьдзе — замак канчаткова страціў вайсковае прызначэньне, рэзыдэнцыя ўладальнікаў Заслаўя была перанесеная ў іншае месца.
  • 1870-я — дадатковыя мураваныя бастыёны разабраны на цэглу мясцовымі жыхарамі.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бастыённы замак быў збудаваны ў традыцыях стараітальянскае фартыфікацыйнае школы й лічыцца адным з найстарэйшых у ВКЛ. Ён знаходзіўся за 200 мэтраў на поўнач ад гораду й быў абкружаны з трох бакоў шырокім вадзяным ровам, а з поўначы замак надзейна прыкрывала рэчка Княгінька.

Як адзначалася вышэй, Заслаўская бастыённая фартэцыя была ўзьведзеная на тэрыторыі ранейшага замчышча Заслаўя, што й абумовіла ейныя абрысы: крыху звужаны з захаду прастакутнік 215×190×120×80 м. Звонку бастыёны й курціны былі абмураваныя цэглаю й каменем. Для абароны курцінаў у фланках бастыёнаў разьмяшчаліся капаніры з гарматамі, якія забясьпечвалі моцны флянгавы агонь. З напольнага боку ўсе курціны мелі таксама дадатковыя ўмацаваньні г. зв. п’ятаформы, своеасаблівыя паўкруглыя бастыёны. Знутры валы-курціны, каб не асыпаліся ўнутр, былі ўмацаваныя мураванай сьцяною вышынёй 2,5 мэтру й таўшчынёй 0,33, а таксама мелі ўнутры схаваны ход для перамяшчэньня абаронцаў. Валы й бастыёны былі насыпаныя зь пяску, жвіру й гліны з выкарыстаньнем фашын.

Галоўны ўваход у замак быў вырашаны ў выглядзе двухпавярховае брамы й разьмяшчаўся ў паўднёвай курціне. З паўночнага боку, скіраванага ў бок ракі, месьцілася меншая брама. Каля галоўнай брамы першапачаткова меўся падземны ход, зроблены з цэглы. Першапачаткова ён быў прыстасаваны, верагодна, для патаемных вылазак. Значнай дамінантай замка была ўваходная вежа кальвінскі збору, які стаіць амаль пасярод прастакутніка замка. Вежа, як і сам храм, мела абарончыя функцыі: на шасьці паверхах вежы й па пэрымэтры храма меліся баявыя байніцы.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Заяц, Ю. А. Заславль X—XVIII веков. Мн., 1987.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.1. Мінск, 2006. ISBN 985-11-0314-4
  • Ткачоў, М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991 ISBN 5-343-00880-1

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Заслаўскі замаксховішча мультымэдыйных матэрыялаў