Гарадзішча Замэчак (Заслаўе)
Гарадзішча Замэчак у Заслаўі — помнік археалёгіі Х—ХІ стагодзьдзяў; месца, дзе жыла Рагнеда з сынам Ізяславам.
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Гарадзішча было ўзьведзена ў адзін прыём у Х—ХІ стст. і зьяўляецца самым старажытным помнікам Заслаўя, і месцам першага пражываньня яго насельнікаў.
Менавіта тут у свой час пасялілася Рагнеда са сваім сынам Ізяславам. Магчыма, на самім гарадзішчы знаходзіўся манастыр, дзе пражыла апошнія гады Рагнеда ў якасьці манахіні, аднак вядомыя летапісныя крыніцы ня ўтрымліваюць зьвестак наконт дакладнай назвы гэтага манастыру, што не дазваляе сьцьвярджаць пра ягоную лякалізацыю. Існуе легенда, што тут яна была і пахавана, аднак археалягічныя дасьледваньні не пацьвярджаюць гэты факт.
Археалягічныя дадзеныя паказваюць, што ў ХІІ ст. гарадзішча ўжо пакінулі насельнікі.
У пачатку ў цэнтры Замэчка ў 1990-х быў пабудаваны помнік «Тысячагодзьдзе праваслаўнай царквы на Беларусі».
Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Гарадзішча месьціцца на ўзгорку над абалонай ракі Чарніцы й з трох бакоў абмежавана далінаю рэчкі й дрыгвой. Пляцоўка Замэчка амаль круглая па форме з дыямэтрам 70—74 мэтраў, па пэрымэтры абведзеная валам і ровам. Вал ня меў унутраных драўляных канструкцыяў, пры гэтым дасягае ў вышыні ад падножжа рова 6,5 мэтру, на версе меў абарончую сьцяну, а на схіле валу драўляны паркан у выглядзе нахіленых бярвеньняў. Паводле археалягічных досьледаў выявілася, што вялікую частку жыхароў Замэчка складалі ваяры, што дало падставы лічыць гарадзішча збудаваньнем з выразнымі мілітарнымі функцыямі[1].
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Заяц, Ю. А. Заславль Х—XVIII веков. Минск, 1987. С.38
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Заяц, Ю. А. Заславль Х—XVIII веков. Минск, 1987.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
![]() |
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 613В000337 |
Гарадзішча Замэчак (Заслаўе) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў