Сьвянцяны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Taravyvan Adijene (гутаркі | унёсак) у 07:43, 24 ліпеня 2014. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Сьвянцяны
Švenčionys
Краявід места
Краявід места
Герб Сьвянцянаў
Першыя згадкі: ХV ст.
Магдэбурскае права: 1486
Павет: Віленскі
Раён: Сьвянцянскі
Плошча: 6,13 км²
Насельніцтва: 5562 (2009)
Часавы пас:
• летні час:
UTC+2
UTC+3
Геаграфічныя каардынаты: 55°08′ пн. ш. 26°10′ у. д. / 55.133° пн. ш. 26.167° у. д. / 55.133; 26.167Каардынаты: 55°08′ пн. ш. 26°10′ у. д. / 55.133° пн. ш. 26.167° у. д. / 55.133; 26.167
Сьвянцяны на мапе Летувы
Сьвянцяны
Сьвянцяны
Сьвянцяны
Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons
http://www.svencionys.lt/

Сьвянця́ны (па-летувіску: Švenčionys) — места ў Летуве, адміністрацыйны цэнтар Сьвянцянскага раёну Віленскага павету. Насельніцтва 5562 чал. (2009). Знаходзяцца за 60 км на ўсход ад Вільні; аўтамабільныя дарогі зьвязваюць места зь Вільняй, Езяросамі, Лынтупамі.

Сьвянцяны — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), сэрца Нальшанскага краю[1]. Згодна з сучаснай афіцыйнай летувіскай клясыфікацыяй места належыць да этнаграфічнага рэгіёну Аўкштота.

Назва

Паходжаньне тапоніму «Сьвянцяны» зьвязваюць са сьвятым гаем, на месцы якога альбо побач зь якім паўстала першае пасяленьне[1].

Гісторыя

Упершыню Сьвянцяны згадваюцца ў ХV ст. Паселішча ўваходзіла ў склад Віленскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага і стаяла на шляху да Полацку і Віцебску. У Сьвянцянах знаходзіўся палац вялікага князя Вітаўта, на загад якога тут збудавалі першы касьцёл. Апрача таго, Вітаўт запрасіў у места татараў.

Росквіт Сьвянцянаў прыйшоўся на 2-ю палову XVXVI стст. У 1486 годзе вялікі князь Аляксандар надаў месту Магдэбурскае права. З 1565 году ў Сьвянцянах месьціўся земскі суд. У 1633 годзе у ваколіцах места заснавалі францішканскі кляштар.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Сьвянцяны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Віленскай губэрні. У Вайну 1812 году ў месьце спыняўся Напалеон.

Сьвянцяны былі галоўным апорным пунктам у часы вызвольнага паўстаньня (18301831). У 1840 годзе ўтварыўся Сьвянцянскі павет, а 22 сакавіка 1860 году зьявіўся праект мескага гербу: «у блакітным полі дзьве срэбныя рыбы з чырвонымі вачыма і плаўнікамі»[2]. У кан. XIX ст. у Сьвянцянах дзейнічалі праваслаўная і стараверская цэрквы, касьцёл, 6 сынагог і габрэйскіх малітоўных дамоў; працавалі меская, прыходзкая, 2-клясная габрэйская вучэльні і талмуд-тора. Апроч таго, у месьце была лякарня[3].

Сьвянцяны. Паштоўка, 1915.

1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Сьвянцяны ўвайшлі ў склад Беларуская ССР як цэнтар павету («падраёну») Менскага раёну[4]. Неўзабаве места занялі польскія войскі, у далейшым Сьвянцяны апынуліся ў складзе Сярэдняй Літвы (1920), а з 1922 году — у міжваеннай Польскай Рэспубліцы. 20 кастрычніка 1933 году да Сьвянцянаў далучылі населены пункт з аднайменнай гміны — засьценак Лігумы (мясцовая назва — Падлігумы)[5].

Па падзеях верасьня 1939 году Сьвянцяны зноў увайшлі ў склад Беларускай ССР, атрымаўшы статус раённага цэнтру Вялейскай вобласьці. Аднак 12 кастрычніка 1940 году Масква перадала места Летувіскай ССР.

Цягам 19411944 гадоў Сьвянцяны знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. За гэты час гітлераўцы зьнішчылі 4 тыс. габрэяў. 20 траўня 1942 году немцы забілі каля 400 жыхараў, у большасьці палякаў[6].

У 1994 годзе ў Сьвянцянах утварыліся дзьве беларускія суполкі: Беларускае таварыства Сьвянцянскага раёну (старшыня Ніна Сусьвіла) і Сьвянцянская філія ТБК, якая ў 1997 годзе аб’ядналася зь Беларускім таварыствам Сьвянцянскага раёну[7].

Насельніцтва

  • XIX стагодзьдзе: 1867 — 5994 чал.; 1880 — 6795 чал., зь іх паводле веры: 880 старавераў, 813 каталікоў, 613 праваслаўных, 2 эвангелісты, 4480 юдэяў; паводле стану: 377 шляхты, 16 духавенства, 43 ганаровых грамадзянаў і купцоў, 5775 мяшчанаў, 75 сялянаў, 464 вайскоўцаў, 39 інш.[8]; 1900 — 6322 чал.[9]
  • XX стагодзьдзе: 1941 — 5,9 тыс. чал.; 1970 — 4560 чал.; 1979 — 5284 чал.; 1989 — 6469 чал.; 1990 — 6,6 тыс. чал.[10]
  • XXI стагодзьдзе: 2001 — 5684 чал.; 2009 — 5562 чал.

Эканоміка

Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці, швацкая і перапрацоўкі лекавых расьлінаў фабрыкі.

Турыстычная інфармацыя

Дзейнічае Нальшанскі музэй (колішні Сьвянцянскі краязнаўчы).

Выдатныя мясьціны

  • Гістарычная забудова (кан. XIX — пач. ХХ стст.; фрагмэнты)
  • Каплічка прыдарожная
  • Касьцёл Усіх Сьвятых (1898)
  • Могілкі
  • Царква Сьв. Мікалая (1898)

Страчаная спадчына

  • Капліца могілкавая
  • Сынагога

Галерэя

Месты-сябры

Вядомыя асобы

Крыніцы

  1. ^ а б Уладзімер Міхневіч. Сьвянцяны — убачыць сьвятыя гаі на ўласныя вочы // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 28 лютага 2009
  2. ^ Свянцяны // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
  3. ^ Свенцяны // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  4. ^ У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
  5. ^ Rozporządzenie Ministra Spraw Wewnętrznych z dnia 12 października 1933 r. o zmianie granic miasta Święcian w powiecie święciańskim, województwie wileńskiem, Dz. U. Nr 81, poz. 587 (пол.)
  6. ^ Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. — S. 92.
  7. ^ Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: Матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў (Мінск, 21—25 мая, 4—7 снеж. 2000 г.) / Уклад. Т. Пятровіч; рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2001. — 312 с. — (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 17). ISBN 985-6638-15-1.
  8. ^ Święciany // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. S. 683.
  9. ^ Свенцяны // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  10. ^ Швенченис // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Сьвянцянысховішча мультымэдыйных матэрыялаў