Перайсьці да зьместу

Георгі Недзьведзь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Георгі Недзьведзь
1994 год
Дата нараджэньня 21 сакавіка 1938
Месца нараджэньня Пінск, Палескае ваяводзтва, Заходняя Беларусь, Польская Рэспубліка
Дата сьмерці 1 сьнежня 2019
Месца сьмерці Менск, Беларусь
Месца вучобы Менскі мэдычны інстытут (1961)
Занятак лекар, нэўроляг, навуковец, прафэсар унівэрсытэту, вынаходнік
Навуковая сфэра нэўралёгія
Месца працы Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар нэўралёгіі і нэўрахірургіі
Вядомы як укараняльнік апрамяненьня гель-нэонавым лазэрам і гіпэрбарычнай аксігенацыі для лекаваньня хрыбетнікавых хваробаў нэрвовай сыстэмы
Навуковая ступень доктар навук (1992)
Навуковы кіраўнік Даніл Маркаў
Узнагароды Дзяржаўная прэмія Беларусі (1995), Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета Беларусі (1994)

Георгі Канстанцінавіч Не́дзьведзь (1938, Пінск, цяпер Берасьцейская вобласьць, Беларусь — 2019, Менск, Беларусь) — беларускі навуковец-нэўроляг.

Дасьледнік інфэкцыйна-алергічных, міелінаразбуральных і хрыбетнікавых хваробаў нэрвовай сыстэмы. Доктар мэдычных навук (1991) і прафэсар (1997). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі (1995)[2]. Выдатнік аховы здароўя Беларусі (1986) і нэўроляг найвышэйшай кваліфікацыі. Укараняльнік апрамяненьня гель-нэонавым лазэрам і гіпэрбарычнай аксігенацыі для лекаваньня хрыбетнікавых хваробаў нэрвовай сыстэмы. Старэйшы брат патолягаанатама Міхаіла Недзьведзя, які таксама быў выдатнікам аховы здароўя Беларусі[3].

Нарадзіўся ў сям’i службоўца. У 1945—1952 гадох вучыўся ў сярэдняй школе № 3 Пінска. У 1955 годзе скончыў Пінскую мэдычную вучэльню (Берасьцейская вобласьць)[4]. У 1961 годзе скончыў Менскі мэдычны інстытут[3] і 1 жніўня 1961 году працаўладкаваўся загаднікам Бродніцкага сельскага мэдычнага ўчастка Янаўскага раёну. 1 жніўня 1962 году пачаў працаваць нэўрапатолягам Янаўскай цэнтральнай раённай лякарні. 1 верасьня 1964 году паступіў ардынатуру ў галіне нэўралёгіі ў Беларускім інстытуце ўдасканальваньня лекараў, якую скончыў 31 жніўня 1966 году. Ад 1 верасьня 1966-га да канца году працаваў нэўрапатолягам у Менскай абласной клінічнай лякарні[4].

У студзені 1967 году ўладкаваўся малодшым навуковым супрацоўнікам у Беларускі навукова-дасьледчы інстытут нэўралёгіі, нэўрахірургіі і фізыятэрапіі[3]. У 1970 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Структура і функцыя мітахондрыяў галаўнога мозга пры досьледным алергічным энцэфаляміеліце». У 1974 годзе стаў старэйшым навуковым супрацоўнікам. У 1977 годзе заняў пасаду кіраўніка нэўралягічнага аддзяленьня. Упершыню прапанаваў для лекаваньня хрыбетнікавых хваробаў нэрвовай сыстэмы апрамяненьне гель-нэонавым лазэрам, гіпэрбарычную аксігенацыю і мадыфікаваныя тракцыйныя прылады. У 1991 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Некаторыя пытаньні этыялёгіі, патагенэзу і лячэньня нэўралагічных праяваў паясьнічнага астэахандрозу». У 1995 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі за шэраг навуковых працаў на тэму «Патагенэз, клініка і дыягностыка нэўралягічных праяваў астэахандрозу хрыбетніка»[4].

У 1997 годзе стаў кіраўніком нэўралягічнага аддзелу Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру нэўралёгіі і нэўрахірургіі (РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі). Напісаў навуковыя працы пра генэтычныя, біяхімічныя і імуналягічныя асаблівасьці паходжаньня і разьвіцьця інфэкцыйна-алергічных, міелінаразбуральных і хрыбетнікавых хваробаў нэрвовай сыстэмы[3].

У 2001 годзе стаў кіраўніком Рэспубліканскага цэнтру расьсеянага склерозу. У 2003—2006 гадох быў старшынёй Рэспубліканскага навуковага таварыства нэўролягаў. У 2004 годзе выдаў манаграфію «Лазэрная гематэрапія ў лячэньні захворваньняў пэрыферычнай нэрвовай сыстэмы». У 2005 годзе стаў галоўным навуковым супрацоўнікам РНПЦ нэўралёгіі і нэўрахірургіі. Да 2018 году выдаў каля 400 навуковых працаў і стварыў 23 запатэнтаваныя вынаходніцтвы, а таксама зрабіў 31 рацыяналізатарскую прапанову[4].

  1. ^ http://pinsklib.by/wp-content/uploads/2018/05/21032018v.pdf
  2. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 21 сакавіка 2014. — № 52 (27662). — С. 12. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б в г Недзьведзь Георгі Канстанцінавіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — С. 268. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0188-5
  4. ^ а б в г А. Н. Гарачова. Недзьведзь Георгі Канстанцінавіч (да 80-годзьдзя з дня нараджэньня) // Пінская гарадзкая бібліятэка, 21 сакавіка 2018 г. Праверана 28 сьнежня 2022 г.