Перайсьці да зьместу

Гісторыя Пінску

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Пінск — магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. У наш час мае неафіцыйны статус сталіцы Палесься, тут налічваецца 44 гістарычна-культурныя каштоўнасьці, у тым ліку комплексы кляштараў францішканаў з касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла, калегіюм езуітаў, касьцёл Сьвятога Караля Барамэя, палац Бутрымовічаў і прыдарожная капліца, помнікі архітэктуры барока і клясыцызму XVII—XVIII стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся замак Вішнявецкіх, зруйнаваны расейскімі ўладамі, а таксама Курган Міндоўга, касьцёлы Сьвятога Станіслава (віленскае барока) і Сьвятога Дамініка (барока), Вялікая сынагога (рэнэсанс) і капліца на Рынку, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зьнішчаныя савецкімі ўладамі.

Тураўскае і Пінскае княствы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Пінск («Пінеск») зьмяшчаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» і датуецца 1097 годам[1]. Узьнікненьне гораду ў XI ст. пацьвярджаюць археалягічныя зьвесткі. Да XII ст. ён уваходзіў у склад Тураўскага княства.

У 1174 годзе Пінск стаў сталіцай удзельнага княства. У летапісах упамінаюцца князі пінскія: Яраслаў (1183 год) і Яраполк (1190 год). На той час горад меў гандлёвыя зьвязкі з Валыньню, Сярэднім Падняпроўем і Паўночным Прычарнамор’ем[1].

У XIII ст. Пінск стаў цэнтрам Пінска-Тураўскай япархіі[2]. Пад 1263 годам упершыню ўпамінаецца царква пры манастыры ў прадмесьці Лешчы — рэлігійным і асьветніцкім цэнтры Піншчыны.

Вялікае Княства Літоўскаеі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пячаткі князя пінскага Фёдара (XVI ст.) і мескага магістрату (XVII ст.)
Жыгімонт I

У пачатку XIV ст. Пінскае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Неўзабаве ў самім месьце збудавалі замак. З 1320 году тут княжыў Нарымонт, які ў 1348 годзе загінуў у бітве з крыжакамі. У 1396 годзе будучы вялікі князь Жыгімонт I Кейстутавіч заснаваў у Пінску касьцёл францішканаў[3]. На 1471 год у месьце валадарыла княгіня Марыя — удава Сямёна Алелькавіча, які вёў свой род ад Ґедзіміна. Вялікая колькасьць яе дароўных грамат дазваляюць спасылацца на першыя пісьмовыя ўпаміны вёсак Піншчыны[4].

У 1521 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў Пінск сваёй жонцы вялікай княгіні Боне, якая пачала актыўна праводзіць аграрныя пераўтварэньні на Палесьсі. У 1527 годзе сьцены Пінскага замка спынілі апошні набег татараў на Літву. З 1539 году места стала цэнтрам староства.

У сярэдзіне XVI ст. у Пінску было 27 вуліцаў і 800 двароў, а таксама магутная сыстэма ўмацаваньняў[2]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места стала сталіцай павету Берасьцейскага ваяводзтва. 12 студзеня 1581 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Пінску Магдэбурскае права (пацьвярджалася ў 1589, 1633, 1650, 1785 гадох) і герб: «у чырвоным полі шчыта залаты лук са стралой і нацягнутай цецівой»[5]. Неўзабаве тут збудавалі ратушу.

Гістарычная Піншчына
М. С. Вішнявецкі

Па складаньні Берасьцейскай уніі (1596 год) утварылася Тураўска-Пінская грэка-каталіцкая япархія. У 1636—1675 гадох у месьце збудавалі мураваныя езуіцкія касьцёл і калегіюм[6]. У 1648 годзе на Запарожжы пачалося паўстаньне Хмяльніцкага, якое набыла характар рэлігійнай вайны. Хваляваньні дайшлі і да Пінску, але іхных удзельнікаў разам з казакамі разьбіў гетман польны Януш Радзівіл. У сярэдзіне XVII ст. места было важным цэнтрам гандлю, тут праходзіў шлях з Балтыі да паўднёвых местаў Каралеўства Польскага.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Пінску і ваколіцаў ліцьвінамі: «[старец] Иона (литвин из Пинска)» (1624 год)[7], паводле пінскай варыяцыі старажытнай народнай песьні — «два літвіны із Дывін прынесьлі гаршчык батвін»[8].

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) 5 кастрычніка 1655 году маскоўскі ваявода Валконскі заняў Пінск, разрабаваў яго і спаліў разам з навакольнымі слабодамі[9]. Пазьней у 1660—1664 гадох места неаднаразова трымала аблогу казацкіх і маскоўскіх загонаў, якія 25 чэрвеня 1660 году зноў узялі яго штурмам[2].

У 1705 годзе князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі і ягоная жонка Кацярына заснавалі ў Пінску кляштар бэрнардынаў (праіснаваў да 1832 году). У Вялікую Паўночную вайну ў 1706 годзе кароль Швэцыі Карл XII заняў места, разрабаваў і спаліў яго. Разбурэньні спазнаў і бастыённы замак у прадмесьці Караліне, збудаваны сьпярша для маршалка вялікага і перададзены пазьней князям Вішнявецкім. У 1710 годзе ў Пінску, Парахонску, Плешчыцах, Марозавічах, Лапаціне, Калбах спыняўся Васіль Тацішчаў — аўтар пяцітомавай «Гісторыі Расейскай», навуковец, дыплямат, асьветнік, падарожнік, дзяржаўны дзяяч XVIII стагодзьдзя. Таго ж году на Піншчыне на загад маскоўскага гаспадара Пятра I ён зладзіў вытворчасьць 30 гарматаў і 7 суднаў.

У 1729—1746 гадох пры Пінскім езуіцкім калегіюме працавала друкарня. У 1750—1782 гадох на паўночна-ўсходняй ускраіне прадмесьця Караліна манахі-камуністы збудавалі мураваны касьцёл, вядомы цяпер пад тытулам Караля Барамэя. У 1784 годзе ў Пінску спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які быў на цырымоніі закладкі Палаца Бутрымовічаў і наведаў таксама вёскі Лапаціна, Горнава і Альбрэхтова. У 1787 годзе пачалося будаваньне мураванага касьцёла пры кляштары дамініканаў. 1 ліпеня 1791 году распачала працу Пінская генэральная кангрэгацыя, мэтай якой зьяўлялася ўтварэньне аўтакефальнай праваслаўнай царквы Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Аднак другі і трэці падзелы Рэчы Паспалітай не дазволілі зьдзейсьніцца гэтым плянам[10].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Рынак. Касьцёл і калегіюм езуітаў
Якуб Колас

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Пінск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе з 1795 году атрымаў статус павятовага места Менскага намесьніцтва. У 1804 годзе на землях зямяніна Рыдзеўскага знайшлі вялікі манэтны скарб.

У расейска-францускую вайну расейскі аддзел палкоўніка Жавахава разьбіў у Пінску аддзел французаў і ўзяў у якасьці трафэю гарматы[11].

За часамі вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1831 годзе каля вёскі Невелю расейскія карныя войскі разьбілі пінскіх паўстанцаў пад кіраўніцтвам Цітуса Пуслоўскага.

У сярэдзіне XIX ст. Пінск стаў буйным цэнтрам гандлю, тут працавалі 2 гарбарні, завод апрацоўкі медзі, піваварня, тытунёвая фабрыка. млын. У 1857 годзе ў месьце адкрылася гімназія, пераўтвораная ў 1878 годзе ў рэальную вучэльню. У 1858 годзе побач зь Лешчанскім манастыром заклалі Пінскі мескі парк.

За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) 12 і 13 ліпеня 1863 году паўстанцы аддзелу Рамуальда Траўгута панесьлі цяжкія страты пад Пінскам.

У 1865 годзе муж і жонка Фляросы заснавалі ў Пінску лякарню. У 1882 годзе празь места прайшла паўднёвая лінія Палескіх чыгунак[9]. У 1885 годзе пачалі працу суднарамонтны і мэханічны завод, у 1892 годзе — запалкавая фабрыка «Прагрэс — Вулькан». У 1892 годзе аўстра-вугорскі інвэстар Гальпэрын збудаваў у Пінску запалкавую фабрыку «Прагрэс — Вулькан».

У пачатку ХХ ст. у Пінску было 5 лякарняў, 3 аптэкі, 3 царквы, мужчынскі манастыр, 2 касьцёлы, 2 сынагогі, паштова-тэлеграфная кантора, турэмны замак, 22 фабрыкі і заводы з 1100 працоўнымі; станцыя Палескай чыгункі, суднаходзтва па Прыпяці. Апрача грузавой прыстані, існавала параходная пасажырская зь лініямі Пінск — Кіеў, Пінск — Любяшоў і Пінск — Целяханы. У месьце працавалі Азоўска-Данскі камэрцыйны банк, рэстарацыя, тэатар, рэальная вучэльня, жаночая гімназія, 6 прыходзкіх школаў, 2 пачатковыя вучэльні, 2 прыватныя гімназіі, 3 прыватныя пачатковыя навучальныя ўстановы, мужчынская духоўная вучэльня, кнігарні, фатаграфіі, крамы і розныя адміністрацыйныя ўстановы[12]. У сакавіку 1904 году ў Пінску зьявілася тэлефонная сетка (на 1910 год яе паслугамі карысталіся 196 абанэнтаў). У 1906—1909 гадох у месьце дзеяла правінцыйнае кола Польскага таварыства «Асьвета» ў Менску, якое займалася арганізацыяй лекцыяў пра польскую літаратуру і слоўніцтва, што паводле рапартаў расейскай паліцыі, «выклікала ўзрост польскай нацыянальнай сьвядомасьці» у Пінску. У 1908 годзе кола зьвярнулася з просьбай атрымаць дазвол адчыніць польскую бібліятэку, але расейскія ўлады адмовілі[13]. У 1910—1916 гадох у Пінску, паводле зборніка «Папярэдні сьпіс пэрыядычных выданьняў Расеі 1901—1916 гадоў», выдаваліся «Пінскі лісток», «Пінскі голас», «Тэлеграмы», «Аб’яднаньне». У лістападзе 1911 году ў месьце пачаліся першыя сэансы кінэматографу. У 1912—1914 гадох тут жыў і працаваў народны паэт Беларусі Якуб Колас.

У Першую сусьветную вайну 15 верасьня 1915 году Пінск занялі войскі Нямецкай імпэрыі. 20 лістапада 1917 году адбылося абвяшчэньне Ўкраінскай Народнай Рэспублікі з прэтэнзіяй у тым ліку на Пінск, які знаходзіўся пад кантролем Нямецкай імпэрыі. 27 студзеня (9 лютага) 1918 году ў Берасьці падпісалі мір паміж Нямеччынай і Аўстрыяй з аднаго боку, і УНР з другога, паводле якога УНР вызнавалася зь Пінскам у сваім складзе. 3 сакавіка 1918 году ў Берасьці немцы падпісалі Берасьцейскі мір з бальшавікамі, паводле якога Савецкая Расея прызнавала УНР і ўсе ўмовы папярэдняга нямецка-ўкраінскага міру, то бок Савецкая Расея прызнавала Пінск у складзе УНР. Зь лютага-сакавіка 1918 году Нямеччына дазволіла УНР ствараць органы і арганізацыі ў Пінску пад сваім кантролем.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Пінск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары Бродніцкай, Жабчыцкай, Лемяшэвіцкай і Марочанскай воласьцяў Пінскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[14]. Тэрыторыя Палесься ад Берасьця да Гомля стала прадметам перамоваў БНР і УНР[15]. 12 чэрвеня 1918 году адбылося падпісаньне савецка-ўкраінскага замірэньня, аднак пытаньне межаў там не разглядалася. Канчатковы мір паміж РСФСР і УНР ніколі ня быў падпісаны. 9 лістапада 1918 году Нямеччына выйшла з вайны. У Пінску па гэтым знаходзіліся толькі ўкраінскія войскі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі Пінск абвяшчаўся часткай Беларускай ССР, дзе ён стаў цэнтрам павету («падраёну») Берасьцейскага раёну[16]. 25 студзеня 1919 году места занялі бальшавікі. 27 лютага 1919 году ўтварылася Літоўска-Беларуская ССР зь Пінскам у сваім складзе. 5 сакавіка 1919 году адбылася бітва за Пінск паміж Палескай групай войска Польскай Рэспублікі і бальшавікамі, у выніку якой палякі здабылі места, а таксама цягнікі, вайсковыя склады, калёну пантонаў і ўзялі ў палон некалькі дзясяткаў жаўнераў[17]. 7 чэрвеня 1919 году места ўвайшло ў склад Пінскага павету Берасьцейскай акругі Грамадзкай управы Ўсходніх земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[18]. У жніўні 1920 году Пінск зноў занялі бальшавікі, якія ўтрымлівалі места да 26 верасьня 1920 году. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Пінск апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павету Палескага ваяводзтва. 7 верасьня 1921 году здарыўся вялікі пажар: агонь зьнішчыў практычна ўсю цэнтральную частку места. У 1924 годзе ў Пінску заснавалі краязнаўчы музэй (адкрыўся ў 1926 годзе). У 1936 годзе ў мескім парку «Лешча» прайшла вялікая сельскагаспадарчая выстава, напярэдадні якой выйшаў «Informator m. Pinska», даведнік пра тагачаснае места[19]. Тэрыторыю места двойчы павялічвалі: у 1929[20] і 1939 гадох[21].

У міжваенны час, нягледзячы на супрацьдзеяньне польскіх уладаў, Пінск стаў цэнтрам беларускага нацыянальна-вызвольнага руху на Палесьсі: на мяжы 1920—1930-х гадоў тут дзеялі павятовы камітэт БСРГ, гурток ТБШ, павятовы сакратарыят БСРПК «Змаганьне», філія Беларускага каапэратыўнага банку[22][23]. У 1931 годзе ў Пінскай каталіцкай сэмінарыі прайшла шматмоўная канфэрэнцыя, прысьвечаная вялікаму князю Вітаўту, дзе па летувіскім рэфэраце зачыталі рэфэрат па-беларуску: «Характэрыстыка Вітаўта і яго заслугі для краю». Па беларускім рэфэраце хор адсьпяваў беларускую песьню на чатыры галасы «Дзе чутны мовы нашай гукі», па чым аддэклямавалі верш Якуба Коласа «О край родны, край прыгожы». Адзначаецца, што між многімі сьцягамі ў залі лунаў беларускі нацыянальны Бел-чырвона-белы сьцяг[24].

У 1939 годзе Пінск увайшоў у БССР, у кастрычніку таго ж году савецкія карныя органы расстралялі або вывезьлі ў Катынь больш за 500 палякаў і беларусаў. Васіль Корж і ягоныя паплечнікі з НКВД бралі ўдзел у забойстве людзей. 4 сьнежня 1939 году места стала цэнтрам Пінскай вобласьці (існавала да 1 жніўня 1954 году). У Другую сусьветную вайну з 4 ліпеня 1941 да 14 ліпеня 1944 году Пінск знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. 18 студзеня 1943 году салдаты Арміі Краёвай у час узброенага выступу вызвалілі зь мясцовай турмы некалькіх партызанаў[25].

10 жніўня 1946 году пачаўся рух на першым аўтобусным маршруце. У 1953 годзе ў Пінску ўсталявалі першыя чатыры тэлефоны-аўтаматы. У 1956 годзе савецкія ўлады злачынна зьнішчылі помнікі архітэктуры — Касьцёл Сьвятога Станіслава ў стылі віленскага барока, ансамбль гістарычнага Рынку з гандлёвымі радамі, а таксама Вялікую сынагогу ў стылі рэнэсансу. У 1960 годзе пачалося будаваньне аўтамабільнай трасы Пінск — Столін, у 1965 годзе — камбінату верхняга трыкатажу, вядомага цяпер як ААТ «Палесьсе». 17 студзеня 1987 году ў Пінску адкрыўся новы будынак аўтавакзалу, 5 красавіка таго ж году да новага Пінскага порту прычаліла першае судна. 7 лістапада 1989 году ў месьце адкрыўся новы будынак Цэнтральнай бібліятэкі.

15 жніўня 1992 году выйшла першая тэлепраграма пінскага тэлеканалу «Вараг». У 2007 годзе ў часе рэканструкцыі цэнтральнага пляцу выявілі пахаваньні, датаваныя прыкладна XVII стагодзьдзем. 19 красавіка 19 красавіка 2010 году Пінск узгагародзілі вымпэлам «За мужнасьць і стойкасьць у гады Вялікай Айчыннай вайны»[26].

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б Згадкі пра Пінск у летапісе (рас.) Гісторыя Пінску Праверана 14 кастрычніка 2011 г.
  2. ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 432.
  3. ^ Ярашэвіч А. Пінскі кляштар францысканцаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 436.
  4. ^ ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 508.
  5. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  6. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 435.
  7. ^ Малороссийское влияние на великорусскую церковную жизнь. Т. 1. — Казань, 1914. С. 31.
  8. ^ Zienkiewicz R. Piosenki gminne ludu pińskiego. — Kowno, 1851. S. 8.
  9. ^ а б Гаева Ю., Лысенка П. Пінск // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 495.
  10. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 434.
  11. ^ Вайна 1812 году на Піншчыне (рас.)
  12. ^ Целеш, В. Гарады Беларусі на старых паштоўках. — Менск: Беларусь, 2001. С. 209.
  13. ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 34—48.
  14. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  15. ^ Лебедзева В. Дыпламатычная місія БНР у перамовах з Украінай (1918 г.) // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne. Nr. 15.
  16. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  17. ^ Wyszczelski L. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 65.
  18. ^ Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41.
  19. ^ Informator m. Pinska. Rok 1936.
  20. ^ Rozporządzenie Rady Ministrów z dnia 26 kwietnia 1929 r. o rozszerzeniu granic gminy miejskiej Pińsk w powiecie pińskim, województwie poleskiem (Dz. U. Nr 35 poz. 319)  (пол.)
  21. ^ Rozporządzenie Ministra Spraw Wewnętrznych z dnia 20 marca 1939 r. o zmianie granic miasta Pińska w powiecie pińskim, województwie poleskim (Dz. U. Nr 23 poz. 149)  (пол.)
  22. ^ Горны А. С., Ільін А. Л. Пінскі аддзел Беларускага кааператыўнага банка ў Вільні (1926–1932 гг.): утварэнне і дзейнасць // Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины. № 1 (94), 2016.
  23. ^ Горны А. Рэгіянальныя структуры беларускага нацыянальнага pyxy ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. № 6, 2021. С. 19.
  24. ^ Chryścijanskaja Dumka. Nr. 1, 1931.
  25. ^ Königsberg W. Brawurowa akcja «Ponurego» i «Czarki». Wyzwolenie więzienia w Pińsku  (пол.), Wirtualna Polska, 30.01.2014.
  26. ^ УКАЗ ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ 19 красавіка 2010 г. № 189 Аб узнагароджанні некаторых населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны»(недаступная спасылка)