Кавліцмаш
Каардынаты: 52°7′47″ пн. ш. 26°0′50″ у. д. / 52.12972° пн. ш. 26.01389° у. д.
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | Студзень 1974 |
Заснавальнікі | Міністэрства станкабудаўнічай і інстумэнтальнай прамысловасьці СССР |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Берасьцейская вобласьць |
Адрас | Пінск, мікрараён Крайновічы, прасп. Жаўтоўскага, д. 109 |
Ключавыя фігуры | Сяргей Нікіфаровіч |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | ліста- і трубазьгінальныя машыны, прэсы, фармовачныя машыны, абсталяваньне абразіўнай зачысткі адлівак |
Абарачэньне | ▼74,438 млрд руб[1] (2015 г.; $4,58 млн)[2] |
Апэрацыйны прыбытак | ▼-28,594 млрд руб (2015 г.; $-1,759 млн) |
Чысты прыбытак | ▼-28,62 млрд руб (2015 г.; $-1,761 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 620 (2016 г.) |
Матчына кампанія | «БелАЗ» (Жодзіна) |
«Кавліцмаш» — дзяржаўнае станкабудаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснавае ў красавіку 1974 году ў Пінску (Берасьцейская вобласьць) ў якасьці заводу вузлоў ліцейных лініяў.
На 2019 год ААТ «Кавліцмаш» вырабляла:
- кавальска-прэсавае абсталяваньне — лістазьгінальныя машыны ІВ 2144, трубазьгінальныя машыны ІП1722, лініі вытворчасьці сталёвай сеткі Л331 і 6 узораў муфтаў-тармазоў дыямэтрам ад 41 да 86 см;
- прэсы — лістазьгінальныя (гідраўлічныя, крывашыпныя і пнэўматычныя), лістарэзны ІНП4.40, акрайкаабрубныя, чаканачныя і халоднага выціску мэталу (крывашыпна-каленныя), аднастойкавыя, гарызантальны ПП6738А і простага дзеяньня (адкрытыя і закрытыя);
- нажніцы — адкрытыя Н1226Б і ліставыя гільяцінныя (гідраўлічныя і крывашыпныя);
- ліцейнае абсталяваньне — фармовачныя машыны 4836 і аўтаматычныя фармовачныя лініі ЛК 2304, ЛК 2305 і ЛК 2405;
- сіта для прыгатаваньня сумесі — мэханічнае вібрацыйнае СМ50 і 6 відаў барабанных шматкутных;
- абсталяваньне ачысткі адлівак — комплекс абразіўнай зачысткі 99911М і галтовачны барабан 41212;
- плугі — балотныя ПБН-3-50А і ПБН-6-50А, для камяністай глебы ПГП-4-40-М;
- гаражныя і вісячыя замкі, багажныя складныя цялежкі[3].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У студзені 1971 годзе ў Пінску (Беларуская ССР) пусьцілі станкабудаўнічы завод вузлоў для ліцейных лініяў, які пачалі будаваць у 1971 годзе на загад Міністэрства станкабудаўнічай і інструмэнтальнай прамысловасьці СССР. Спачатку выраблялі абсталяваньне для прыгатаваньня фармовачных матэрыялаў і дазатараў алюмінавых стопкаў. Спэцыяльнае канструктарскае бюро заводу распрацавала прылады, што дагэтуль не выпускалі ў СССР: прылады мэханізаваньня машынаў ліцьця пад ціскам у складзе робатаў і маніпулятараў, прылады мэханізаваньня абрубаньня і зачысткі, абсталяваньне заліўкі чорных і каляровых стопкаў, аўтаматычныя фармовачныя лініі. У 1975 годзе ў Пінску ўзьвялі завод кавальска-прэсавых аўтаматычных лініяў. Гадавая магутнасьць заводу склала 300 кавальска-прэсавых машынаў і 30 аўтаматычных лініяў, што ўлучалі: крывашыпна-каленныя чаканачныя прэсы і прэсы для халоднага выцісканьня мэталу, аўтаматы прэсаваньня і калібраваньня вырабаў з мэталапарашкоў, лістазьгінальныя машыны з паваротнай балкай, прылады каляпрэсавага мэханізаваньня, лініі вытворчасьці сетак са сталёвага дроту. 18 ліпеня 1985 году Міністэрства станкабудаўнічай і інструмэнтальнай прамысловасьці СССР ухваліла Загад № 298 аб стварэньні вытворчага аб’яднаньня «Кавліцмаш» на аснове 2 заводаў у Пінску: завода вузлоў ліцейных лініяў і завода кавальска-прэсавых аўтаматычных лініяў. 14 кастрычніка 1991 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 385 аб перадачы прадпрыемства «Кавліцмаш» у вядзеньне Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь. У 2010 годзе УП «Кавліцмаш» пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства[4].
2 сакавіка 2011 году Міністэрства прамысловасьці Беларусі ўхваліла Загад № 110 аб перадачы ААТ «Кавліцмаш» у склад ВА «БелАЗ» (Жодзіна). За папярэднія 15 гадоў на «Кавліцмашы» зьмянілася 7 кіраўнікоў. За 2011 год прадпрыемства атрымала 115 судовых позваў па запазычанасьці больш як на 14 млрд рублёў ($2,497 млн) і знаходзілася на мяжы разарэньня. У чэрвені 2011 году кіраўнік «БелАЗу» Пётар Пархомчык прызначыў кіраваць «Кавліцмашам» Васіля Чакулаева і вылучыў каля 14 млрд рублёў на аўтаматызацыю цэхаў. З галаўнога прадпрыемства «БелАЗ» у Пінск перадалі выпуск лініі цыліндраў для кар’ерных самазвалаў. У выніку ў 2012 годзе вытворчасьць вырасла 16-кратна. Да верасьня 2013 году лік супрацоўнікаў павялічыўся ўдвая да 856 чалавек. Сярэдні ўзрост супрацоўнікаў зьнізіўся з 49 да 41 году за кошт маладых выпускнікоў 4 унівэрсытэтаў Беларусі: Беларускага нацыянальнага тэхнічнага, Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага, Беларуска-расейскага (Магілёў) і Палескага дзяржаўнага (Пінск). «Кавліцмаш» асвоіў выпуск 94 найменьняў вузлоў для самазвалаў «БелАЗ», зь іх: 25 вузлоў для самазвалаў грузападымальнасьцю 130—360 тонаў, 17 дэталяў і 18 вузлоў на цыліндры падвесак для самазвалаў грузападымальнасьцю 30—45 тонаў. Плошча прадпрыемства складала 30,5 гектара, зь іх 8,6 га — вытворчая. Налічвалася 585 мэталарэжучых станкоў для такарнай, расточнай, фрэзэрнай, даўбёжнай, адразной і заточнай працы. Прадпрыемства мела гальванічную, інструмэнтальную, электратэхнічную і гума- і плястмасаапрацоўчую вытворчасьці[5].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2015 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 23 траўня 2016 г. Праверана 11 студзеня 2019 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 253,61 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 11 студзеня 2019 г.
- ^ Вырабы (рас.) // ААТ «Кавліцмаш», 2019 г. Праверана 11 студзеня 2019 г.
- ^ Аб прадпрыемстве (рас.) // ААТ «Кавліцмаш», 2019 г. Праверана 11 студзеня 2019 г.
- ^ Віктар Бойка, Алена Даўжанок. Настрой — сонечны // Зьвязда : газэта. — 28 верасьня 2013. — № 183 (27548). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кантакты (рас.) // ААТ «Кавліцмаш», 2019 г. Праверана 11 студзеня 2019 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |