Мікіта Найдзёнаў
Мікіта Найдзёнаў | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 12 ліпеня 1990 (34 гады) Пінск, Берасьцейская вобласьць, Беларуская ССР, СССР |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | радыёвядоўца |
Гады творчасьці | зь 2007-га |
Жанр | паэзія |
Мова | беларуская |
Дэбют | 2007 год («Дні беларускай і швэдзкай паэзіі» ў Пінску) |
Прэміі | Пераможца «Дзён беларускай і швэдзкай паэзіі» (2007), «Залаты апостраф» (2015) у намінацыі «Дэбют» |
Узнагароды |
Мікі́та Найдзё́наў (нар. 1990, Пінск, Берасьцейская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі паэт і музыка.
Аўтар песень для ўласных музычных праектаў і для іншых выканаўцаў. У 2007 годзе стаў пераможцам Адкрытага моладзевага конкурсу «Дні беларускай і швэдзкай паэзіі» ў Пінску (Берасьцейская вобласьць). У 2015 — уладальнік прэміі «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют» за найлепшую публікацыю вершаў у часопісе «Дзеяслоў». У 2015 годзе выдаў зборнік 60 вершаў «Разьвітанцы». Да 2017 году быў сьпеваком гурту «Хурма». У 2018 годзе заснаваў музычнае шоў «СамШазам»[1].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і расейца, але гадаваўся бяз бацькі. Па зьней, у сьнежні 2016 году прысьвяціў песьню «Люк, я твой тата» адсутнасьці бацькі ў сваім выхаваньні[2]. Навучаўся ў школе № 14 Пінска (Берасьцейская вобласьць)[3]. У дзяцінстве маці аддала Мікіту Найдзёнава ў музычную школу № 2 на гітару[4]. У 2007 годзе перамог на «Днях беларускай і швэдзкай паэзіі» ў Пінску і ў якасьці ўзнагароды падарожнічаў у Швэцыю. У 2008 годзе паступіў у Інстытут журналістыкі БДУ, які скончыў у 2013 годзе[5]. У 19 гадоў пачаў пісаць на беларускай і слухаць песьні па-беларуску, бо зацікавіўся беларускай літаратурай[4]. Пазьней у красавіку 2017 году Мікіта Найдзёнаў адзначаў: «Зь Някляева практычна для мяне пачыналася беларуская паэзія, ды і беларускае слова наогул»[6]. У 2013 годзе паступіў у магістратуру БДУ. У 2014 годзе ўладкаваўся вядоўцам на Радыё «Беларусь». Адначасна быў лідэрам музычнага гурта «Хурма»[5]. Назву гурта ўтварылі ад скароту імёнаў першых удзельнікаў — Харытон, Уладзімер, Раман, Мікіта і Андрэй[7]. У 2015 годзе паступіў у асьпірантуру БДУ[7].
Працаваў вядоўцам радыёшоў «Бульбагіт» на Менскай хвалі. 2 сакавіка 2018 году адзначыў: «Апошнія некалькі гадоў жыву фактычна тым, што працую сонграйтэрам для розных артыстаў. Магу нават сказаць, што паволі беларусізую нашу эстраду»[8]. Адначасна працаваў вядоўцам перадачы «Бульбагіт» на радыё «Менская хваля»[9].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 16 гадоў пачаў пісаць песьні і выступіў гітарыстам з гуртом «Чубіньё» на Дні моладзі ў Пінску[4]. У 2007 годзе 17-гадовым юнаком перамог на «Днях беларускай і швэдзкай паэзіі», якія ладзіліся ў Пінску[5]. 15 верасьня 2013 году выступіў з акустычнай праграмай «Упасьці» ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь з нагоды Дня гораду[10]. 12 ліпеня 2013 году ў перадачы «Наша раніца» на «Агульнанацыянальным тэлебачаньні» паведаміў, што адну зь ягоных песьняў сталі ставіць на 20 радыёстанцыях Расеі, а таксама на адной радыёстанцыі Чыкага ў ЗША[11]. У 2013 годзе яго музычны гурт «Хурма» атрымаў галоўную ўзнагароду фэсту «Такія пернікі» і перамог на «Песьні году», якую ладзіць «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне», у намінацыі «Беларускамоўны гіт». 3 сьнежня 2013 году гурт «Хурма» стаў пераможцам 1-га туру відэачарту «Тузіна гітоў» з кліпам «Давай на раз, два, тры»[12].
У студзені 2014 году ўпершыню разьмясьціў нізку вершаў у часопісе «Маладосьць»[5]. 14 лютага 2014 году абнародаваў свае вершы ў газэце «Літаратура і мастацтва»[13]. 24 лютага 2014 году чэмпіёнка 14-га Сусьветнага чэмпіянату па вакале Дыяна Громава прадставіла 1-ю беларускамоўную песьню «Адкажы» на верш Найдзёнава[14]. 28 траўня 2014 году ў клюбе «Піраты» прадставіў сваю песьню «Птушка» ў складзе гурта «Хурма»[15]. 28 траўня 2014 году сьпявак Зьміцер Нікановіч прадставіў у 16-м аўдыёчарце «Тузіна гітоў» песьню «Ніколі», якую напісаў Найдзёнаў[16]. Пагатоў, Нікановіч перамог з гэтай песьняй у 17-м аўдыёчарце «Тузіна гітоў»[17]. 6 жніўня 2014 году гурт «Хурма» прадставіў відэакліп на песьню «Хопіць ламаць камэдыю», якой Мікіта Найдзёнаў зьняўся са сьпявачкай Верай Зьверавай. Пастаўношчыкам кліпу выступіў Рыгор Пасрэднік[18]. У лістападзе 2014 году дэбютная нізка вершаў выйшла ў часопісе «Дзеяслоў»[19]. У лютым 2015 году выдаў 2-ю нізку вершаў у часопісе «Маладосьць»[7].
9 лютага 2015 году 24-гадовым маладзёнам атрымаў прэмію «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют» за вершы ў часопісе «Дзеяслоў». Пры ўручэньні ўзнагароду адзначыў: «Больш за ўсё ў мяне стаіць пытаньне на тэму каханьня. Гэтым я натхняюся»[20]. 19 сакавіка 2015 году прадставіў альбом «Рэпіт» з гуртом «Хурма» ў менскім клюбе «Джэк»[21]. 16 траўня 2015 году выступіў на 15-м фэстывалі «Маладзечна» ў якасьці лідэра гурта «Хурма». Увечары адыграў з гуртом у Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы ў Менску. Цягам больш як гадавой падрыхтоўкі гурт запісаў 9 зь 10 песьняў да альбому «Рэпіт», 8 зь якіх былі новымі. За папярэднія 3 гады ў гурце «Хурма» зьмянілася больш за 10 музыкаў. У склад гурта ўваходзілі басіст Максім Ганціеўскі, бубнач Зьміцер Рынейскі, сьпявак Аляксей Куляшоў і нязьменны гітарыст Яўген Кунічкін. Асноўную частку вершаў Найдзёнаў запісваў на тэлефон у Менскім мэтро[4]. 22 чэрвеня 2015 году Дзьмітры Нікановіч прадставіў у відэачарце «Тузіна гітоў» кліп на песьню «Ключы», якую напісаў Найдзёнаў[22]. У ліпені 2015 году абнародаваў у часопісе «Дзеяслоў» чарговую нізку вершаў[23]. 19 кастрычніка 2015 году анансаваў выхад музычнага альбому «Рэпіт» гурта «Хурма» ў перадачы «Добрай раніцы, Беларусь!» на тэлеканале «Беларусь 1»[24]. 27 лістапада 2015 году ў складзе гурта «Хурма» прадставіў альбом «Рэпіт» у сталічнай «Пляцоўцы хол»[25].
Увосень 2015 году выдаў зборнік 60 вершаў «Разьвітанцы», большасьць старонак якога прысьвяціў каханьню. У рыфмах прыбягаў да складаных, скразных сугуччаў, а таксама шырока карыстаўся алюзіямі і мэтафарамі[26]. У студзені 2016 году зьмясьціў нізку вершаў у часопісе «Маладосьць»[27]. 23 сакавіка 2016 году на верш Найдзёнава «За табой» Вольга Сацюк і Зьміцер Нікановіч выканалі кавэр італьянскай песьні Эраса Рамацоці і Шэр «Больш чым можаш» (італ. «Più Che Puoi»). Мікіта Найдзёнаў напісаў верш для конкурсу «Засьпявай 3.0» у намінацыі «Беларускі пераклад»[28]. У траўні 2016 году паведаміў: «рыхтуем новую песьню на верш з «Разьвітанцаў», на якую будзем здымаць прыгожы кліп. Пра саму кнігу «Разьвітанцы» Недаверкаў адзначыў: «тут тое самае яркае і сасьпелае, што са мной адбывалася цягам 3-х гадоў, ранейшага няма. А наконт вокладкі — гэта буцінанка, зробленая Надзеяй Букай. Называецца «Не губляйце галавы». Калі шчыра, то і цюльпаны, якія «не схаваю ў кватэры», і танцы, і разьвітаньне — усё ў гэтым вобразе». Урэшце паэт анансаваў: «Хутка можна будзе набыць электронную і аўдыёвэрсію зборніка ва ўсіх найбуйнейшых інтэрнэт-крамах і праз сайт kniharnia.by»[29]. 26 верасьня 2016 году фонд «Вяртаньне» і партал «Тузін гітоў» абралі Мікіту Найдзёнава пераможцам конкурсу «Засьпявай 3.0» у намінацыі «Замежны пераклад» за кавэр гіта Эраса Рамацоці[30]. 6 сьнежня 2016 году выйшаў відэакліп на песьню «Люк, я твой тата», якую Найдзёнаў прысьвяціў адсутнасьці бацькі ў сваім гадаваньні. Галоўную ролю ў кліпе рэжысэра Арцёма Лобача выканаў магілёўскі хлопчык Іван Клімовіч[2].
На чэрвень 2018 году напісаў 20 песьняў. 12 чэрвеня 2018 году згадаў: «Са мной упершыню засьпявалі па-беларуску Юзары, «Лайтсаўнд», «Нутэкі», Аляксей Грос. «Наві» сьпявалі мой беларускі пераклад песьні “1944” Джамалы. Зараз гурт «Безь Білета» рыхтуе кавэр на Эда Шырана ў маім перакладзе»[9]. 16 лютага 2019 году ў Вялейцы адбыўся «Сьпеўны сход», падчас якога ансамбль «Адэліта» мясцовай школы мастацтваў выканаў песьні ангельскага гурта «Бітлз» у перакладзе на беларускую Мікіты Найдзёнава[31]. Агулам Найдзёнаў пераклаў 16 песьняў «Бітлз»[32]. 24 сакавіка 2019 году выступіў са сваімі вершамі ў грамадзкай залі сабору Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку (ЗША) з нагоды сьвяткаваньня Дня Волі[33]. 11 жніўня 2019 году на 4-м «А-фэсьце» ў Лошыцкім парку Менску прадставіў музычную віктарыну «Сам-Шазам» па адгадваньні мэлёдыі на падставе яе ўрыўку[34]. 28 лютага 2020 году дуэт «Вэл» выканаў на беларускім адборы на «Эўрабачаньне» песьню «Да відна», якую напісаў Найдзёнаў[35]. З гэтай песьняй «Вэл» перамог на нацыяльным адборы[36].
У траўні 2020 году Ганна Шаркунова і Зьміцер Вайцюшкевіч засьпявалі кавэр на песьню Лэдзі Гагі і Брэдлі Купэра «Плыткі» (анг. «Shаllоw»). Тэкст для кавэру напісаў Найдзёнаў[37]. 14 студзеня 2021 году Зьміцер Вайцюшкевіч прадставіў кліп на песьню «Неверагоднасьць», верш якой напісаў Найдзёнаў[38].
Крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]16 траўня 2016 году паэт Андрэй Хадановіч у якасьці журы конкурсу «Засьпявай 3.0» выказаў захапленьне песьняй «За табой», напісанай Найдзёнавым: «у аўтара перакладу Мікіты Найдзёнава з калегамі выйшаў шыкоўны прадукт — хоць зараз запускай на беларускую эстраду і ўсе айчынныя тэлеканалы»[39]. 25 траўня кіраўнік фонду «Вяртаньне» Павал Бераговіч таксама пагадзіўся: «Канечне, цяжка змагацца ў намінацыі «Замежны пераклад» з амаль бездакорным трыё Дзьмітрыя Нікановіча, Вольгі Сацюк і Мікіты Найдзёнава»[40].
Кніга
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Разьвітанцы. — Менск: Кнігазбор, 2015. — 76 с. — (Кнігарня пісьменьніка). — ISBN 978-985-7144-13-6
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ http://samshzm.com/(недаступная спасылка)
- ^ а б Шчымлівая гісторыя ад Мікіты Найдзёнава // Партал «Тузін гітоў», 24 жніўня 2017 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Мікіта Найдзёнаў. Мая Радзіма // «Маладэчанскае тэлебачаньне», 28 студзеня 2019 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ а б в г Марыя Войцік. На лініі каханьня: інтэлегентны рок // Літаратура і мастацтва : газэта. — 17 красавіка 2015. — № 15 (4815). — С. 15. — ISSN 0024-4686.
- ^ а б в г Мікіта Найдзёнаў. А варыянт заўжды адзіны, калі ў радок кладуцца ямбы // Маладосьць : часопіс. — Студзень 2014. — № 1 (722). — С. 13—15. — ISSN 0131-2308.
- ^ Мікіта Найдзёнаў: зь Някляева для мяне пачыналася беларуская паэзія // Газэта «Новы час», 13 красавіка 2017 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ а б в Мікіта Найдзёнаў. Бліжэй да раніцы // Маладосьць. — Люты 2015. — № 2 (735). — С. 27-29.
- ^ Давыдзенка. 7 маладых паэтаў і паэтак Беларусі // Інтэрнэт-часопіс «34mag», 2 сакавіка 2018 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ а б Марта Мартынюк. Мікіта Найдзёнаў: «Баюся пераўтварыцца ў машыну па напісаньні песень» // Партал «Нататнік», 12 чэрвеня 2018 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Тацяна Шымук. Адсьвяткуем Дзень горада ў Мастацкім // Літаратура і мастацтва : газэта. — 13 верасьня 2013. — № 36 (4734). — С. 2. — ISSN 0024-4686.
- ^ «Хурма» на АНТ // Гурт «Хурма», 12 ліпеня 2013 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ «Сам галасую за сябе і раю іншым» // «Тузін гітоў», 3 сьнежня 2013 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Мікіта Найдзёнаў. Марока // Літаратура і мастацтва. — 14 лютага 2014. — № 7 (4756). — С. 4.
- ^ Беларускамоўны дэбют Дыяны Громавай // «Тузін гітоў», 24 лютага 2014 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ «Хурма» на АНТ: «Гэта жарт, а не пратэст» // «Тузін гітоў», 6 траўня 2014 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Дзьмітры Нікановіч. Мова трэндова // «Тузін гітоў», 28 траўня 2014 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Пераможцу «Тузіна гітоў» Дзьмітрыя Нікановіча ўпадабаў Канстанцін Мэладзэ // «Тузін гітоў», 30 чэрвеня 2014 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ «Хурма» зьняла «таннае амэрыканскае порна» // «Тузін гітоў», 6 жніўня 2014 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Мікіта Найдзёнаў. Гэтага не зразумее ніхто апроч // Дзеяслоў : часопіс. — Лістапад-сьнежань 2014. — № 6 (73). — С. 173—178.
- ^ Сяргей Сацюк. Ляўрэат «Залатога апострафа» Мікіта Найдзёнаў: Калі ты пішаш — гэта праўда — ты ня можаш не пісаць // БелаПАН, 10 лютага 2015 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Ганна Грыбцова. Гурт «Хурма» зьмяніў вобраз // «Тузін гітоў», 17 сакавіка 2015 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Гісторыя правінцыйнага рамантыка ад Дзьмітрыя Нікановіча // «Тузін гітоў», 22 чэрвеня 2015 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Мікіта Найдзёнаў. Не яго дзэн // Дзеяслоў. — Ліпень-жнівень 2015. — № 4 (77). — С. 92-105.
- ^ «Добрай раніцы, Беларусь!». Гурт «Хурма» // Гурт «Хурма», 19 кастрычніка 2015 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Мікалай Янкойць. «Адразутак» лідэра «Хурмы»: Ядвіга Паплаўская, Гвэн Стэфані і Ксенія Сітнік. Сэкс не прапаноўваць // Партал «Куку», 27 лістапада 2015 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Мікіта Найдзёнаў. Развітанцы: Вершы // Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 21 студзеня 2016 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Мікіта Найдзёнаў. Салёныя сны // Маладосьць. — Студзень 2016. — № 1 (746). — С. 44-53.
- ^ Мікіта Недаверкаў. Мікіта Найдзёнаў, Вольга Сацюк і Дзіма Нікановіч выканалі гіт Эраса Рамацоці па-беларуску // Газэта «Наша ніва», 23 сакавіка 2016 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Выбітныя // Маладосьць. — Травень 2016. — № 5 (750). — С. 4-10.
- ^ Названыя пераможцы «Засьпявай 3.0» // Фонд «Вяртаньне», 26 верасьня 2016 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Іван Мікалаеў, партал «Млын». У Вялейцы гіты «Бітлз» прагучалі па-беларуску // Прэс-цэнтар «Хартыя’97», 17 лютага 2019 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Натальля Казей. «Бітлз па-беларуску»: гіты легендарнага брытанскага гурта загучалі на матчынай мове // «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне», 23 лютага 2019 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Імпрэза да Дня Волі 2019 // Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне, 20 сакавіка 2019 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Вікторыя Целяшук. На А-фэсьце ў Менску зладзілі модны паказ і накармілі ўсіх мясам ды музыкай // Газэта «Зьвязда», 12 жніўня 2019 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Вікторыя Целяшук. Дванаццаць на адну: хто прадставіць Беларусь на «Эўрабачаньні—2020» // Газэта «Зьвязда», 26 жніўня 2019 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Яўгенія Шыцько. «ЛіМ»-люстэрка // Літаратура і мастацтва. — 6 сакавіка 2020. — № 9 (5065). — С. 3.
- ^ Надзея Кудрэйка. Ганна Шаркунова: «Калі мяне называюць эстрадай, я крыўджуся» // Культура : газэта. — 16 траўня 2020. — № 20 (1459).
- ^ Гераіня жаночага маршу пратэсту зьнялася ў кліпе «Неверагоднасьць» да песьні Вайцюшкевіча // Радыё «Свабода», 14 студзеня 2021 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Андрэй Хадановіч. «Кантакт музыкі з паэзіяй адбыўся» // «Тузін гітоў», 16 траўня 2016 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- ^ Павал Бераговіч. «Інтанаваньне перадусім» // «Тузін гітоў», 25 траўня 2016 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- У сацыяльных сетках: Фэйсбук, У кантакце, Ціўцер, Ютуб
- Мікіта Найдзёнаў // Музычны партал «Тузін гітоў», 28 верасьня 2019 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- Мікіта Найдзёнаў // Беларускі ПЭН-цэнтар, 2021 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- Мікіта Найдзёнаў // Тэлеканал «Белсат», 28 верасьня 2019 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.
- Павал Сьвярдлоў. «Культурная сядзіба»: Мікіта Найдзёнаў, які піша беларускую эстраду па-беларуску // «Эўрарадыё», 2 сакавіка 2020 г. Праверана 21 студзеня 2021 г.