Перайсьці да зьместу

Гэлена Скірмунт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Алена Скірмунт»)
Гэлена Скірмунт

лац. Helena Skirmunt
Імя пры нараджэньні Гэлена Скірмунт (Helena Skirmunt, часам Helena Skirmuntówna, Helena Skirmuntowa, Helena Skirmuntt)
Дата нараджэньня 5 лістапада 1827
Месца нараджэньня в. Калоднае, Пінскі павет, Менская губэрня
Дата сьмерці 1 лютага 1874
Месца сьмерці Амелі ле Бэн, Францыя
Месца пахаваньня Пінск
Занятак Мастачка, скульптарка, мэдальерка
Жанры партрэт
Працы "Польскія (гістарычныя) шахматы" (1873)

Гэлéна Скíрмунт (польск. Helena Skirmunt, а таксама Helena Skirmuntówna, Helena Skirmuntowa, Helena Skirmuntt, 5 лістапада 1827, в. Калоднае Пінскага павету (цяпер Столінскі раён), Менская губэрня, Расейская імпэрыя — 1 лютага 1874, Амелі ле Бэн, Францыя) — польская і беларуская мастачка, скульптарка, мэдальерка, удзельніца паўстаньня 1863—1864 гадоў. З роду Скірмунтаў[1].

Нарадзілася ў сям’і пінскага павятовага харунжага (1814—1817) і пінскага павятовага маршалка (1823—1829) Аляксандра Тамашавіча Скірмунта (1794—1847) і Гартэнзіі Міхалаўны Орды, шлюб якіх адбыўся ў 1825. Зьяўлялася пляменьніцай Напалеона Орды. Ейны бацька валодаў значнымі зямельнымі валоданьнямі ў Пінскім павеце: маёнтак Калоднае — у 1814 налічваў 118 рэвіскіх душаў; і маёнтак Рухч — у 1834 налічваў 621 душу, а ў 1841—817[2].

Пачала вучыцца мастацтву ў Вільні ў Вікенція Дмахоўскага. Вывучала жывапіс у вядомых мастакоў Вільгельма Краўзэ ў Бэрліне і Фогеля фон Фогельштайна ў Дрэздэне. У Парыжы мастацкія інтарэсы Гэлены падмацоўвалі ейныя дзядзька, вядомы мастак і музыкант Напалеон Орда і скульптар Уладзіслаў Аляшчынскі[3].

У 1844—1845 падарожнічала па Эўропе (Бэрлін, Парыж). Малявала партрэты, пэйзажы, абразы для касьцёлаў. Як скульптарка выканала шмат расьпяцьцяў, мэдальёны з партрэтамі, у тым ліку І. Лялевеля, Ю. Крашэўскага[4].

У 1852 г. з-за паступовай страты зроку мастачка вымушаная была зноў адправіцца ў Эўропу на лячэньне. Акрамя візытаў да дактароў яна наведвала музэі і майстэрні знакамітых мастакоў. Лячэньне спалучала з новым захапленьнем — заняткамі скульптурай у венскага скульптара і мэдальера Ёсіфа Цэзара, у яго яна засвоіла ўсе тагачасныя віды скульптурнага майстэрства — ад рубкі мармуру да ліцьця з бронзы[5].

У 1863 за спробу даставіць дэпешу Р. Траўгуту арыштаваная і сасланая ў Тамбоў. Пасьля жыла ў Крыме. У апошнія гады жыцьця працавала ў гістарычным жанры (гіпсавыя плякеты «Міндоўг», «Гедымін», гістарычныя шахматы ў выглядзе войска Яна III Сабескага і туркаў і інш.)[4].

Вяла дзёньнік, які часткова апублікаваны Б. Залескім разам зь лістамі пад назвай «3 жыцьця літвінкі, 1827—1874» (1876). У 2009 годзе дзёньнік быў перакладзены на беларускую мову, кніга ўбачыла сьвет у менскім выдавецтве Віктара Хурсіка[6].

У 21 год выйшла замуж за свайго дальняга родзіча архітэктара Казіміра Скірмунта. У шлюбе зь ім нарадзіла 4 дзяцей:

• Станіслаў (1857—1921), падарожнік, дырэктар упраўленьня лясамі ў Судане, уладальнік сядзібы ў Хартуме.

• Ірэна (1851—1905), жыла ў Варшаве, выйшла замуж за Т. Альшэўскага.

Канстанцыя (1851—1933[7]), вядомая польская і беларуская публіцыстка, гістарыца, апошняя ўладальніца палаца Бутрымовічаў.

• Казіміра Браніслава (1865—1938), выйшла замуж за Казіміра Ігната Ромера (1848—1921), уладальніка маёнтка ў Ямпалі[4].

Памерла ў Францыі ў Амелі ле Бэн. У 1875 г. сваякі дамагліся дазволу ўладаў і ейны прах быў перавезены на радзіму. Пахаваная на Старых могілках у Пінску, побач з маці і мужам. На ейнай магіле пастаўлены помнік зь белага мармуру. Аналягічны па форме помнік, але з чырвонага каменю, пастаўлены на магіле ейнай дачкі Канстанцыі[7].

Стварала пэйзажныя замалёўкі, партрэты родных і сяброў[5].

Г. Скірмунт абсталявала ў Калодным невялікую скульптурную майстэрню і цалкам захапілася скульптурай: рабіла гіпсавыя бюсты, практыкавалася ў мэдальернай справе. У гэты пэрыяд творчасьці пачала вельмі цікавіцца рэлігійнай тэмай: займалася скульптурай для касьцёлаў, рабіла копіі абразоў вядомых жывапісцаў. Пры дапамозе віленскага мастака-самавучкі Канстанціна Радыкі Гэлена рэстаўравала старыя жывапісныя палотны ў Пінскіх касьцёлах, займалася строямі для ксяндзоў, спраектавала алтар у касьцёле в. Ахова каля Пінска, зрабіла некалькі расьпяцьцяў[8].

У ссылцы яна захапілася стварэньнем фігурак шахматаў па матывах бітвы караля Рэчы Паспалітай Яна III Сабескага з туркамі пад Венай. Працягвала працаваць над імі і ў Крыму, дзе жыла пасьля ссылкі, і ў Парыжы. Адліўка ў бронзе, пазалота і пасрабрэньне былі выкананыя ў Вене ў 1873 г. пад кіраўніцтвам І. Цэзара. Камплект «Гістарычных шахматаў» — самая вядомая праца мастачкі, пабачыла сьвет толькі пасьля ейнай сьмерці[9]. На выставе ў Вене з шахматаў зрабілі фатаздымкі, якія далі нам магчымасьць цалкам убачыць унікальную задумку палескай мастачкі[9].

Яшчэ пры жыцьці скульптурныя працы і малюнкі Гэлены разышліся па асабістых архівах Польшчы і Літвы. Многія зь іх былі зьнішчаныя падчас пажару ў 1901 г. у палацы Бутрымовічаў ў Пінску. Некаторыя працы вядомы ўвогуле толькі па фатаздымках ці замалёўках[4].

• Партрэт Канстанцыі Скірмунтавай, народжанай Сулістроўскай (1845),

• Партрэт сясьцёр Тэафілы і Зеаноны Любанскіх (1850),

• Выява Беззаганнага Зачацьця ў касьцёле ў Дукштах,

• Сялянкі з ваколіцаў Давыд-Гарадку (1855).

Скульптуры, разьбярства, мэдальёны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

• Тып паляка з гіпсу (1853),

• Барэльеф Міндаўга з гіпсу (1870),

• Барэльеф Гедыміна з гіпсу (1870),

• Польскія шахматы, дваццаць фігурак (1873).

  1. ^ Беларуская энцыклапедыя: у 18 т., Мінск, 2002, т. 14, с. 456.
  2. ^ Беларуская энцыклапедыя: у 18 т., Мінск, 2002, т. 14, с. 456—457.
  3. ^ Беларуская энцыклапедыя: у 18 т., Мінск, 2002, т. 14, с. 457.
  4. ^ а б в г Anelė, Butkuvienė, Garsios Lietuvos moterys, Baltos lankos, 2007, pp. 191—195.
  5. ^ а б Мастацтва, 2004, № 4, с. 47-48.
  6. ^ З жыцця літвінкі: з лістоў і нататак, 1827—1874: пер. з пол. мовы / Браніслаў Залескі. — Выд. 2-е, дап. — Мінск: Выдавец Віктар Хурсік, 2020.
  7. ^ «Гелена Скирмунт: литвинка, патриотка, первая женщина-скульптор», Комсомольская правда, 31 мая 2017.
  8. ^ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т., Мінск, 2001, т. 6, кн. 1, с. 322.
  9. ^ а б Helena Skirmuntowa, Szachy polskie: Wyprawa wiedeńska, Kostka i Mulert (red.), Litografia M. Fajansa, 1883.