Пінскводбуд
Каардынаты: 52°7′7″ пн. ш. 26°7′4″ у. д. / 52.11861° пн. ш. 26.11778° у. д.
«Пінскводбуд» | |
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 3 студзеня 1972 (52 гады таму) |
Заснавальнікі | Міністэрства мэліярацыі і воднай гаспадаркі БССР |
Разьмяшчэньне | Пінск (Берасьцейская вобласьць, Беларусь) |
Ключавыя фігуры | Валеры Богнат, Леанід Гордзіч, Аляксандар Кузьміч |
Галіна | будаўніцтва |
Прадукцыя | вадасховішча, дамба, мост, плаціна, шлюз |
Абарачэньне | ▼9,932 млн рублёў (2016 г.; $4,967 млн) |
Апэрацыйны прыбытак | ▼-0,339 млн руб (2016 г.; $-169,5 тыс.) |
Чысты прыбытак | ▲-0,282 млн руб (2016 г.; $-141 тыс.)[1] |
Лік супрацоўнікаў | 534 (2017 г.) |
Матчына кампанія | ДА «Белводгас» (Менск) |
Даччыныя кампаніі | рыбгасп «Лахва» (Лунінецкі раён) |
Аўдытар | Л.Т. Лялюк (Пінск)[2] |
«Пінскводбуд» — дзяржаўнае будаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў студзені 1972 годзе ў Пінску (Берасьцейская вобласьць) ў якасьці спэцыялізаванага трэсту «Пінскводбудмэханізацыя».
Галаўное прадпрыемства месьціцца ў Пінску па адрасе: вул. Пушкіна, д. 5. Адыграла істотную ролю ў мэліярацыі ў Берасьцейскай вобласьці.
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2017 год ААТ «Пінскводбуд» улучала цэнтральную рамонтную майстэрню (ЦРМ; в. Пінкавічы, Пінскі раён), досьледную рыбную гаспадарку «Лахва» (Лунінецкі раён) і 5 перасоўных мэханізаваных калёнаў: 58-я (Пінкавічы), 59-я (Лунінец), 60-я (пас. Целяханы, Івацэвіцкі раён), 61-я (Янаў) і 62-я (Столін). ЦРМ улучала завод жалезабэтонных вырабаў і аўтапарк на 30 самазвалаў. Праектаваньне ажыцьцяўлялася ў супрацы з ААТ «Палесьседзіправодгасп» (Пінск). Ажыцьцяўляла асушэньне земляў для гаспадарчага выкарыстаньня. Закрыты дрэнаж рабілі з дапамогай поліэтыленавых гафрыраваных трубаў, якія пракладалі на глыбіні каля 4-х мэтраў для ўтварэньня падземных водных каналаў (д’юкераў). У якасьці таньнейшага варыянту ўзводзілі адкрытыя асушальныя сеткі з 5-гадовым тэрмінам гарантыі на работы, пасьля чаго тыя вымагалі рэгулярнага абкосу травы на каналах для прадухіленьня выветрываньня ўрадлівага слою глебы[3].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У студзені 1972 году Міністэрства мэліярацыі і воднай гаспадаркі БССР заснавала спэцыялізаваны трэст «Пінскводбудмэханізацыя», у склад якога перадалі трэст «Берасьцеводбуд», 6 будаўніча-мантажных кіраўніцтваў (БМК; Ганцавіцкае, Лунінецкае, Пінскае, Столінскае, Целяханскае, Янаўскае) і Гарадзішчанскую перасоўную мэханізаваную калёну № 5 (ПМК-5; Баранавіцкі раён). Пазьней далучылі яшчэ 4 ПМК: Лагішынскую № 34 (Пінскі раён), Ляхавіцкую № 24, Мікашэвіцкую № 22 (Лунінецкі раён) і Давыд-Гарадоцкую № 111 (Столінскі раён). У якасьці дапаможных пусьцілі Пінскі завод жалезабэтонных вырабаў, цэнтральную рамонтную майстэрню (вёска Пінкавічы, Пінскі раён) і аўтатранспартны ўчастак. На пачатак 1977 году трэст налічваў звыш 4800 супрацоўнікаў, зь іх 1500 мэханізатараў і 450 інжынэраў. Прадпрыемства мела 435 аўтамабіляў, 320 вусеневых і колавых трактароў, 225 адна- і 73 шматкаўшовых экскаватараў, 165 бульдозэраў, 152 карчавальнікі і 24 скрэпэры. 28 сьнежня 1979 году пасьля 7-гадовага будаўніцтва ў Ганцавіцкім раёне здалі вадасховішча Лактышы плошчай 1520 га і аб’ёмам вады ў 50,2 млн м³. Агульная плошча рыбаводчых сажалак склала 2549 га. Звыш 200 км² у вадазборы ракі Лань атрымалі пастаянную крыніцу ўвільгатненьня[3].
У 1978 годзе ў Пінскім раёне скончылі 3-гадовае будаўніцтва вадасховішча Пагост і рыбнай гаспадаркі «Палесьсе» (вёска Вяз), якая ўлучала нераставыя, матачныя і выгульныя сажаркі-рыбнікі. Ваду ў іх падавалі помпавыя станцыя з вадасховішча Пагост праз магістральныя і падальныя каналы, аснашчаныя дамбамі, шлюзамі і плацінамі. Упершыню пры будаўніцтве давялося выселіць і затапіць вёску Грушка, што налічвала 76 дамоў і каля 200 жыхароў. У 1970-я гады мэліярацыя ў асноўным праводзілася з выкарыстаньнем балотаходных бульдозэраў Т-130, якія выпускаў Чалябінскі трактарны завод (Расейская СФСР). 26 траўня 1985 году ў вёсцы Селішча (Пінскі раён) заклалі найбольшую ў Эўропе плянтацыю (на 2012 год ААТ «Беларускія журавіны» з сажалкай-адстойнікам на 6 гектараў) з тэрмінам службы на 30 гадоў і да 50 гадоў пры належным доглядзе). Журавінавая плянтацыя ўлучала чэкі, каналы, дамбы і трубы для пастаяннага арашэньня, якое таксама дзейнічала на палях для вырошваньня буякоў[3].
З 1 красавіка 1988 году трэст атрымаў сучасную назву «Пінскводбуд». Да 1990 году прадпрыемства ўвяло ў дзеяньне звыш 3000 км² асушаных і 350 км² арашальных земляў, пабудавала звыш 5000 гідратэхнічных збудаваньняў (насосных станцыяў, мастоў, шлюзаў, дамбаў, плацінаў і вадасховішчаў агульным аб’ёмам каля 200 млн м³ вады) і каля 3000 кватэраў агульнай плошчай звыш 109 000 м². Для будаўніцтва асфальтаваных дарог між паселішчамі дзейнічалі 6 асфальтабэтонных заводаў. На мэліяраваных землях заснавалі звыш 200 савецкіх гаспадарак (саўгасп), зь іх найбольшыя: у Пінскім раёне — «Парахонскі» (на 2012 г. ААТ з 10-ю жывёлагадоўчымі комплексамі па 10 000 галоваў жывёлы кожны), «Маладзельчыцы» і «24-ы зьезд КПСС» (в. Жыдча); у Ганцавіцкім — «Адраджэньне» (в. Разьдзялавічы) і «Ясенева» (в. Яловая); у Лунінецкім — імя Леніна і «25-ы зьезд КПСС» (в. Міжлесьсе); у Янаўскім раёне — імя Івана Паліўкі (в. Тышкавічы); у Івацэвіцкім — «Перамога» (в. Вулька Аброўская); у Ляхавіцкім — «Востраў»[3].
У пачатку 1990-х гадоў «Пінскводбуд» пераважна будаваў пасёлкі ў Гомельскай і Магілёўскай абласьцях для перасяленцаў у рамках пераадоленьня наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У 1995 годзе трэст «Пінскводбуд» перайшоў у падпарадкаваньне дзяржаўнага канцэрна «Белмэліяводгасп» (Менск, Беларусь), які стаў асноўным замоўнікам будаўніцтва і перабудовы мэліярацыйных збудаваньняў і водных гаспадарак. У 2-й палове 1990-х гадоў істотнымі заказамі былі будаўніцтва і рэканструкцыя ахоўных і вадаправодных збудаваньняў на трасе нафтаправода Мазыр-Берасьце для «Гомельтранснафта Сяброўства», добраўпарадкаваньне беларуска-летувіскай граніцы для Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Рэспублікі Беларусь. У жніўні 1999 г. канцэрн «Белмэліяводгасп» сваім Загадам перадаў прадпрыемствам, якім належалі мэліярацыйныя збудаваньні, 3 адпаведныя перасоўныя мэханізаваныя калёны (ПМК): Мікашэвіцкую № 22, Лагішынскую № 34 і Давыд-Гарадоцкую № 111. 15 сакавіка 2001 г. Выканаўчы камітэт Берасьцейскай вобласьці паставіў на ўлік «Пінскводбуд» у якасьці ўнітарнага прадпрыемства. У кастрычніку 2001 году прадпрыемствам-уласьнікам мэліярацыйных збудаваньняў перадалі Ганцавіцкую і Ляхавіцкую ПМК. У выніку ў складзе УП «Пінскводбуд» засталіся цэнтральная рамонтная майстэрня, у якую ўлучылі аўтапарк і завод жалезабэтонных вырабаў, і 5 ПМК у Івацэвіцкім, Лунінецкім, Пінскім, Столінскім і Янаўскім раёнах на аснове былых будаўніча-мантажных кіраўніцтваў (БМК)[3]. У 2001 г. аб’ём мэліяратыўнага будаўніцтва ў Берасьцейскай вобласьці 50-кратна скараціўся параўнальна з 1991 годам.
З пачатку 2000-х гадоў дзейнасьць пераважна складалася з выкананьня захадаў абароны і перасьцярогі ад паводак, у тым ліку ўзьвядзеньня збудаваньняў у Давыд-Гарадку (Столінскі раён) і пракладкі новага рэчышча ракі Гарынь вакол яго, агароджанага асфальтавымі дамбамі. За 2005—2011 гады «Пінскводбуд» набыў 49 экскаватараў, зь іх каля 40 у Коханаўскага экскаватарнага заводу (Талачынскі раён, Віцебская вобласьць), таксама 11 трактароў і каля 50 перасоўных насосных станцыяў. На пачатак 2011 году прадпрыемства налічвала 1053 супрацоўнікі. За 2011 год мэліярацыя склала 40% працы прадпрыемства. Да ААТ «Пінскводбуд» далучылі рыбную гаспадарку «Лахва» (Лунінецкі раён)[3]. На 31 сьнежня 2016 году 99,5% акцыяў прадпрыемства належала дзяржаўнаму аб’яднаньню «Белводгас» (Менск).
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Іван Адзінец (1972—1977)
- Георгі Даніловіч (1977 — студзень 1997)
- Леанід Даўбнюк (студзень 1997 — 26 жніўня 2011)
- Леанід Кароль (26 жніўня 2011 — 16 красавіка 2016)
- Валеры Богнат (з 16 красавіка 2016 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2016 год (1,9998 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2017 г. Праверана 12 кастрычніка 2017 г.
- ^ Раскрыцьцё зьвестак аб дзейнасьці за 2016 год (рас.) // ААТ «Пінскводбуд», 14 красавіка 2017 г. Праверана 12 кастрычніка 2017 г.
- ^ а б в г д е Уладзімер Хількевіч, Вольга Гецэвіч. «Мэліяраваны гектар — нацыянальнае багацьце» // Зьвязда : газэта. — 2 чэрвеня 2012. — № 104 (27219). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |