Перайсьці да зьместу

Беларуская хатка (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Белару́ская ха́тка» ў Менску — клюб беларускае мастацкае інтэлігенцыі, які ў 1916—1920 гадах праводзіў культурна-асьветніцкую працу, прапагандаваў беларускае тэатральнае музычнае мастацтва, садзейнічаў стварэньню беларускага дзяржаўнага тэатру. Напачатку ў «Беларускай хатцы» наладжваліся вечарыны (удзельнічалі Ўладзіслаў Галубок, Максім Багдановіч, Зоська Верас, Усевалад Фальскі й іншыя), на якіх чыталі творы беларускіх пісьменьнікаў, сьпяваў хор. Потым тут працавалі Першае таварыства беларускай драмы і камэдыі, тэатральная трупа пад кіраўніцтвам Францішка Аляхновіча, Менскае таварыства працаўнікоў мастацтва, Драматычная сэкцыя Беларускай вучнёўскай грамады і іншыя. Дзейнасьць клюбу асьвятлялася ў пэрыядычным друку (газэта «Вольная Беларусь», «Беларусь»). Спроба адрадзіць культурна-асьветніцкую дзейнасьць клюбу ў 1921 годзе не падтрыманая афіцыйнымі ўладамі.