Астафей Валовіч
![]() Астафей Валовіч | |
![]() Герб «Багорыя» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1520 |
Памёр | 20 лістапада 1587 Сандомер, Сьвентакшыскае ваяводзтва, Польшча |
Род | Валовічы |
Бацькі | Багдан Валовіч |
Жонка | Фядора з Сапегаў |
Дзеці | Рэгіна |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Валовіч.
Астафей Валовіч (каля 1520, Гарадзенскі павет — 20 лістапада 1587) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Пісар вялікі літоўскі (1551—1566), маршалак гаспадарскі (1553—1561) і дворны літоўскі (1561—1569), падскарбі земскі (1561—1566), падканцлер вялікі літоўскі (1566—1579), кашталян троцкі (1569—1579), канцлер вялікі літоўскі і кашталян віленскі (з 1579).
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Прадстаўнік шляхецкага роду Валовічаў гербу «Багорыя», сын Багдана. Меў брата Рыгора.
Атрымаў хатнюю адукацыю, імаверна, навучаўся ў адным зь нямецкіх пратэстанцкіх унівэрсытэтаў. У 1540-я служыў сакратаром ваяводы віленскага Яна Глябовіча. Пасада маршалка дворнага (1552) дала яму права ўвайсьці ў склад Паноў-Рады.
Быў падстаростам берасьцейскім з 1550, дзяржаўцам медніцкім у 1552—1561, старостам магілёўскім у 1554—1556, азярышчанскім у 1563, берасьцейскім у 1565—1587, кобрынскім у 1567—1587 і рэчыцкім з 1576[3].
Колькі разоў езьдзіў паслом у Маскву, у тым ліку ў 1553 для складаньня мірнага пагадненьня, калі адмовіўся назваць Івана IV «царом усяе Русі». Перамір’е падпісалі 12 верасьня 1553, ва ўзнагароду атрымаў ад Жыгімонта Аўгуста Магілёўскае староства.
Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне. Камандаваў харугвай пры вызваленьні Полацку (1579), у 1580 з уласным аддзелам узяў Усьвяты.
Адзін з арганізатараў падрыхтоўкі Статуту ВКЛ 1566 году. Спрыяў улучэньню ў яго прагрэсіўных нормаў. З ініцыятывы А. Валовіча, у Статуце зьявіўся артыкул, паводле якога «загранічнікам» забаранялася набываць землі і займаць урады ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Браў актыўны ўдзел у аграрных рэформах 1550—1560-х гадоў, за гэтую службу атрымаў ад Боны Сфорцы Ўсьвяцкае і Азярышчанскае староствы.
Адзін зь лідэраў апазыцыі пры складаньні Люблінскай уніі. Разам зь ваяводам віленскім і канцлерам Мікалаем Радзівілам «Рудым», старостам жамойцкім Янам Хадкевічам, падскарбіем Мікалаем Нарушэвічам, прапанаваў г.зв. «Праект уніі» з 15 артыкулаў, які гарантаваў Вялікаму Княству Літоўскаму адносную незалежнасьць, аднак праект адхілілі. Разам зь іншымі магнатамі — супраціўнікамі аб’яднаньня Вялікага Княства з Каронаю пакінуў Люблінскі сойм, паслаў на Падляшша і Валынь адозвы з заклікам змагацца супраць уніі. За гэта яго пазбавілі каралеўшчынаў на Падляшшы. Аднак пазьней, па прыняцьці уніі, падпісаў яе, у выніку чаго вярнуў канфіскаванае.
Разам зь Янам Геранімам Хадкевічам быў супраціўнікам абраньня вялікім князем Стэфана Баторыя, падтрымліваў Эрнэста Габсбурга, але пасьля абраньня С. Баторыя перайшоў на ягоны бок. У 1587 пратэставаў супраць абраньня Жыгімонта Вазы без удзелу прадстаўнікоў ад ВКЛ.
Паводле веры спачатку быў праваслаўным, але перайшоў у кальвінізм, напрыканцы жыцьця прыхільна ставіўся да антытрынітарызму. Падтрымліваў Васіля Цяпінскага, Якуба з Калінаўкі, Сымона Буднага. Апошні прысьвяціў яму кнігу «Апраўданьне грэшнага чалавека перад Богам» (Нясьвіж, 1562)[4].
На сродкі А. Валовіча ў 1559 зьявіўся пераклад твору швайцарскага тэоляга-кальвініста Генрыха Булінгера «Пра праўдзівае прыняцьце цела і крыві Ісуса Хрыста».
У тэстамэнце наказаў вызваліць усіх сваіх нявольных і залежных людзей і перадаць іх пад дзяржаўную юрысдыкцыю[5].
У шлюбе зь Фядорай Сапяжанкай меў дачку Рэгіну.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ NUKAT — 2002.
- ^ MAK
- ^ Грыцкевіч А. Валовіч Астафій Багданавіч // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 382.
- ^ Грыцкевіч А. Валовіч Астафій Багданавіч // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 383.
- ^ Грыцкевіч А. Валовіч Астафі Багданавіч // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 209.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Саверчанка І. Астафей Валовіч: (Гіст.-біяг. нарыс). — Мн.: «Голас Радзімы», 1992.
- Мяснікоў А. Гуманіст, мецэнат, асветнік // «Звязда» № 264 (24115), 27 сьнежня 2000.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
|