Катэхізіс Сымона Буднага

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Тытульны ліст «Катэхізіса», выдадзенага ў Нясьвіжы ў 1562 годзе. Надпіс на тытуле: «Катихисісъ, то естъ наука стародавная хрістіаньская от светого писма, для простыхъ людей языка руского, въ пытаніахъ и отказѣхъ събрана»

«Катэхізіс» (па-руску: Катихисісъ) — кніга кароткіх пытаньняў і адказаў на хрысьціянскую тэматыку, выдадзеная 10 чэрвеня 1562 году ў Нясьвіжы філёзафам і дзеячом рэфармацыйнага руху Сымонам Будным і кальвінісцкім прапаведнікам Лаўрэнцем Крышкоўскім.

Катэхізіс перавыдаваўся тройчы. Першы раз у Стакгольме ў 1628 годзе, наступныя разы — у Менску ў 2005 і 2012. Дагэтуль бібліятэкі Беларусі ня мелі ніводнага асобніку гэтае кнігі, і з творам маглі пазнаёміцца толькі дасьледнікі ў аддзеле рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі, і толькі зь яго ксэракопіяй.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ідэяй адукацыі «простых людзей» Сымон Будны захапіўся ў 1560 годзе ў часе працы на пасадзе прапаведніка ў Клецку[1]. Сумесна зь нясьвіскім прапаведнікам Мацеем Кавячынскім, яго братамі, кальвінісцкім прапаведнікам Лаўрэнціем Крышкоўскім Будны заснаваў у Нясьвіжы друкарню. Грашовую дапамогу на яе ўтрыманьне аказалі Мікалай Радзівіл «Чорны» і будучы канцлер вялікі літоўскі Астафей Валовіч. На загад апошняга зь Вільні былі перавезеныя шрыфты Францішка Скарыны, што паскорыла зьяўленьне «Катэхізіса» ўжо ў чэрвені 1562 году.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьмест[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сваёй прадмове да «Катэхізіса» Сымон Будны адзначае, што яго кніга выдаецца ня толькі з асьветніцкіх мэтаў:

« Сію книжку написахъ, абы… истинны разуменіа жаждущиі мели, чого бы ся и сами учили и деток своихъ научали »

Ён заклікае фэўдалаў, найперш маладых князёў Радзівілаў, шанаваць тагачасную беларускую мову і клапаціцца аб разьвіцьці культуры, адукацыі і кнігадрукаваньня:

« Абы ваши княжацкия милости не только в чужоземских языцех кохали, але бы ся теж… и того здавна славного языка славянского размиловати и оным ся бавити рачили. Слушная бо речь ест, абы ваши княжацкие милости того народу язык миловати рачили, в котором давъные предъки и их княжацкие милости панове отци ваших княжацких милости славне преднейшие преложеньства несуть »

Пісьменьнік-палеміст рашуча асуджае імкненьне Рэчы Паспалітай вывесьці з ужытку рускую мову і замяніць яе польскай[2]. Акрамя выкладаў асобных палажэньняў хрысьціянскага веравучэньня, у кнізе ўзьнімаліся такія актуальныя для таго часу праблемы, як грамадзянскія абавязкі чалавека, адносіны да дзяржаўных пасад, права валоданьня зямельнай уласнасьцю, стаўленьне хрысьціян да войнаў і інш[2].

Моўныя адметнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Катэхізіс» стаў узорам выкарыстаньня зразумелай простаму народу старажытнай беларускай мовы. Народная гаворка тут выкарыстоўваецца нашмат шырэй і пасьлядоўней, чым у выданьнях Францішка Скарыны[3]. Незважаючы на рэлігійную тэматыку, «Катэхізіс», паводле прафэсара Льва Шакуна, па сваіх моўна-стылістычных асаблівасьцях набліжаецца да твораў тагачаснай сьвецкай літаратуры Літвы, якая ўжо даволі далёка адыйшла ад царкоўнаславянскай кніжнасьці[4].

Сярод адметных фанэтычных рысаў беларускай гаворкі, якія Будны адным зь першых сьвядома адлюстраваў у сваім творы, можна адзначыць:[3]

Адметы Прыклад
1) пераход «у» ва «ў» нескладовае, якое праз адсутнасьць спэцыяльнай графэмы перадавалася праз «в» «вживати», «навчаніе», «навчати»
2) зацьвярджэньне шыпячых «божыи», «всемогучыи», «иншыи», «чужыи», «маючы», «содравшы»
3) у «Катэхізісе» ўпершыню ў беларускім пісьменстве паралельна мяккім «-ть» ўжываецца і цьвёрды канчатак «тъ» у формах дзеясловаў 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку цяпершаняга часу (параўн.: «маеть», «мовить», «пишеть», «стоить», «ведають», «терпеть» — «обецуетъ», «говорятъ», «завидуютъ», «живутъ», «могутъ»

Лексыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Значную моўную адметнасьць уяўляе і слоўнікавы склад, асновай якога зьяўляецца ўласнабеларуская лексыка, да якой належаць як агульнаславянскія словы, што існуюць і ў сучаснай беларускай мове, так і шматлікія новаўтварэньні, якія ўзьніклі на глебе самастойнага існаваньня беларускай мовы[3].

Дасьледнік мовы твораў С. Буднага акадэмік Аркадзь Жураўскі, у прыватнасьці, адзначае наступныя асаблівасьці лексычнага складу «Катэхізіса»:

Адметы Прыклад
1) у «Катэхізісе» прысутнічае значная колькасьць лексычных беларусізмаў, якія толькі-толькі пачыналі замацоўвацца ў літаратурным ужытку таго часу «бачити», «взоръ», «выховати», «згинути», «карати», «краина», «личьба», «мова», «мовити», «надея», «наставникъ», «прикрий», «пытанье», «справа», «ховати»[5]
2) у Буднага назвы дзён тыдня ўжываюцца ў беларускім фанэтыка-марфалягічным абліччы: «понѣдѣлокъ», «второкъ», «середа», «четвѣеръ», «пятница», «субота»
3) у лексыцы «Катэхізіса» сустракаецца нямала палянізмаў, большасьць зь якіх — словы, якія раней не выкарыстоўваліся ў помніках, але пазьней фактычна замацаваліся ў беларускім пісьменстве: «дочасный», «жебровати», «зычити», «згола», «зацный», «маетность», «малженство», «пришлый», «цнота», «члонок», «шкода»
4) значэньні незразумелых словаў Сымон Будны тлумачыў наўпрост у тэксьце[3]
(гэты прыём тлумачэньня вядомы з канца XV ст.)
«брака или женитьбы», «брань или валка», «елеомъ или маслом», «зелье або лекарство», «недуги або хворобы», «совесть або сумненьне», «татьми се есть злодѣеями», «чада або молодые люди» і г. д. (некаторыя словы С. Будны тлумачыў на палях: «напасть — искушение», «стихія — початки», «чающе — ожидаючи»

Пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку 1990-х у Нацыянальнай бібліятэцы імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу быў знойдзены поўны сьпіс нясьвіскага «Катэхізіса» ў перакладзе на расейскую мову[6].

Дасьледнікі прыйшлі да высновы, што гэтую кнігу ў пачатку XVIII стагодзьдзя зьбіраліся перавыдаць у пятроўскай Расеі. Падтрыхтоўкай выданьня, як мяркуюць, кіраваў адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Пятра I, былы рэктар Кіева-Магілянскай акадэміі Феафан Пракаповіч[6].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Мікалай Прыгодзіч «Для простыхъ людей языка руского…» Сымон Будны і яго «Катэхізіс» // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 23.
  2. ^ а б Мікалай Прыгодзіч «Для простыхъ людей языка руского…» Сымон Будны і яго «Катэхізіс» // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 24.
  3. ^ а б в г Мікалай Прыгодзіч «Для простыхъ людей языка руского…» Сымон Будны і яго «Катэхізіс» // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 25.
  4. ^ Шакун Л. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мн.: 1984 Т. 1.
  5. ^ гл. Жураўскі А. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мн.: 1967 Т. 1. — С. 187—201.
  6. ^ а б Мікалай Прыгодзіч «Для простыхъ людей языка руского…» Сымон Будны і яго «Катэхізіс» // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 26.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]