Мікалай Радзівіл «Чорны»
![]() Мікалай Радзівіл «Чорны» | |
![]() Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 4 лютага 1515 Нясьвіж |
Памёр | 29 траўня 1565 Лукішкі пад Вільняй |
Пахаваны | Летува |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Ян Радзівіл Ганна з Кішкаў |
Жонка | Альжбета з Шыдлавецкіх |
Дзеці | Альбрэхт, Ганна Магдалена, Крыстына, Мікалай Крыштоф, Соф'я Агнешка, Станіслаў, Альжбета, Юры |
Дзейнасьць | дыплямат і палітык |
Мікалай Радзівіл мянушка «Чорны»; (4 лютага 1515, Нясьвіж — 29 траўня 1565, Лукішкі пад Вільняй) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Канцлер (з 1550), адначасна ваявода віленскі (з 1551) і намесьнік вялікага князя (з 1561).
Валодаў вялікімі лятыфундыямі на Літве (цэнтар — Нясьвіж) і Валыні (Алыка). Найбольшыя ягоныя маёнткі: Клецкае і Давыд-Гарадоцкае княствы (з 1558), Лахва і Нягневічы ў Наваградзкім павеце, Зьдзітаў у Слонімскім павеце, Дуброва, Шацак і Ўзда ў Менскім павеце, Геранёны ў Ашмянскім павеце, Дусяты, Сьвядасьць і Бігушкі ў Вількамірскім павеце, Лукішкі каля Вільні, Шыдловец у Польшчы. Быў старостам берасьцейскім, ковенскім і шавельскім[1].
Дзейнасьць Мікалая Радзівіла «Чорнага» як вялікага рэфарматара кардынальна паўплывала на царкоўна-рэлігійнае і культурнае жыцьцё Вялікага Княства Літоўскага.
Зьмест
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
З алыцка-нясьвіскай лініі роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Яна «Барадатага», кашталяна троцкага, і Ганна з Кішкаў. Адукацыю, імаверна, атрымаў толькі хатнюю. Юнацтва правёў пры каралеўскім двары ў Кракаве, дзе адбылося яго сяброўскае збліжэньне з будучым вялікім князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам Аўгустам. Ведаў беларускую, польскую і лацінскую мовы[1].
Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1534—1537), на якую разам з братам Янам выставіў 160 коньнікаў.
Імклівае службовае ўзьнясеньне М. Радзівіла пачалося пасьля 1544 году, калі на Берасьцейскім вальным сойме быў прыняты акт, паводле якога Жыгімонт Стары перадаваў поўную ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. У гэты час М. Радзівіл атрымаў уплывовую пасаду земскага маршалка, якая давала магчымасьць часта бываць пры вялікакняскім двары. Ён удзельнічаў у пасольскіх місіях у іншыя дзяржавы.
У 1547 годзе спрыяў шлюбу сваёй стрыечнай сястры Барбары зь вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам. У тым жа годзе годзе ў час падарожжа ў Аўгсбургу атрымаў ад імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Карла V права на княскі тытул для сябе і асобных прадстаўнікоў свайго роду[2]. З гэтага часу пачаў называцца князем «на Алыцы і Нясьвіжы».
У 1549 годзе ўдзельнічаў у ваенных дзеяньнях супраць татараў на Валыні. У 1550 годзе атрымаў пасаду канцлера вялікага літоўскага. Уплыў М. Радзівіла на палітыку велікакняскага ўраду быў такі значны, што ў 1551 годзе ён здабыў права на захоўваньне найважнейшых дзяржаўных актаў у сваім архіве. Асаблівую ўвагу зьвяртаў на дакумэнты, якія пацьвярджалі даўнія дзяржаўныя прывілеі Вялікага Княства Літоўскага.

У 1553 годзе выяжджаў з дыпляматычнай місіяй да Габсбургаў, каб прадухіліць магчымы габсбурска-маскоўскі хаўрус, які мог ускладніць становішча на ўсходніх межах дзяржавы. У 1555—1556 гадох узначальваў дзяржаўную камісію па правядзеньні аграрнай («валочнай») рэформы ў гаспадарскіх валоданьнях Літвы, якая падрыхтавала «Ўставу на валокі» (1557).
Галоўнай сфэрай дыпляматычнай дзейнасьці М. Радзівіла былі адносіны з Інфлянтамі, вынікам чаго было падпісаньне пад ягоным старшынствам дамовы пра іхнае падпарадкаваньне супольна Вялікаму Княству і Кароне. Пазьней стаў адміністратарам гэтых зямель.
Мікалай Радзівіл «Чорны» падтрымліваў палітычны зьвяз з Польшчай, аднак быў рашучым супраціўнікам фэдэрацыі і бараніў сувэрэнітэт Вялікага Княства Літоўскага[1]. Таму пакуль пры ягоным жыцьці дзяржаўная унія з Польшчай не была складзеная.
У 1561 годзе па ад’езьдзе Жыгімонта Аўгуста ў Польшчу стаў намесьнікам вялікага князя літоўскага. За ім прайшла судова-адміністрацыйная рэформа, у выніку якой утварыліся шляхецкія станавыя суды і мясцовыя органы самакіраваньня — соймікі.
Ажаніўся з Альжбетай, дачкой аднаго з найбуйнейшых польскіх мэцэнатаў — кароннага гетмана Крыштафа Шыдлавецкага. У шлюбе меў сыноў Альбрэхта, Мікалая Крыштапа, Станіслава і Юрыя, а таксама дачок Ганну Магдалену, Крыстыну, Соф’ю Агнешку і Альжбету.
Памёр ад пакутлівай хваробы і пахаваны разам з жонкай пры Віленскім зборы. У 1647 годзе парэшткі Мікалая Радзівіла «Чорнага» і яго жонкі ўрачыста перанесьлі зь Вільні ў Дубінкі. Па сьмерці М. Радзівіла ўсе ягоныя дзеці пад уплывам палітычных абставінаў перайшлі ў каталіцтва.
Рэліґійная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь імем Мікалая Радзівіла «Чорнага» зьвязваецца распаўсюд і прапаганда рэфармацыйных ідэяў, арганізацыя рэфармацыйнай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Палітычны ўплыў і аўтарытэт М. Радзівіла, які першым з магнатаў прыняў пратэстанцкую веру ў пачатку 1550-х гадоў, абумовілі пераход значнай часткі шляхты ў пратэстантызм. Спачатку ён схіляўся да лютэранства, але зь сярэдзіны 1550-х гадоў прыняў кальвінізм, які атрымаў найбольшае пашырэньне ў Літве. М. Радзівіл падтрымліваў зьвязкі з прадстаўнікамі асноўных пратэстанцкіх плыняў (лютэранамі, кальвіністамі, антытрынітарыямі), стаў галоўным пратэктарам Рэфармацыі.
Заснаваў пратэстанцкія цэрквы — зборы — у сваіх маёнтках на тэрыторыі сучасных Беларусі, Летувы і Польшчы. У 1553 годзе першы на Беларусі рэфармацыйны збор М. Радзівіл заклаў у сваім замку ў Берасьці. Каля 1557 году пры ягоным удзеле сфармавалася галоўная рэфармацыйная грамада Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні. Першы Віленскі збор разьмяшчаўся ў радзівілаўскім палацы на Лукішках.
Некаторы час быў прыхільнікам стварэньня Народнага сабору — свайго роду дзяржаўнай царквы, якая б аб’ядноўвала ўсіх хрысьціянаў Вялікага Княства і Кароны і была б больш незалежнай ад Ватыкану.
У апошнія гады свайго жыцьця падтрымліваў антытрынітарыяў, якія ў рэлігійна-багаслоўскіх і сацыяльных пытаньнях займалі найбольш радыкальныя пазыцыі. У 1563 годзе ў падляскім мястэчку Морды, што належала М. Радзівілу, адбыўся сынод, дзе большасьць прысутных ухвалілі ідэі антытрынітарызму. Выношваў пляны аб’яднаньня кальвінісцкай і антытрынітарскай плыняў.
Культурніцкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дзейнасьць Мікалая Радзівіла «Чорнага» адыграла вялікую ролю ў разьвіцьці мэцэнацтва ў розных сфэрах культуры Вялікага Княства Літоўскага, найбольш у арганізацыі кнігадрукаваньня. Працяглае знаходжаньне за мяжой і знаёмства з заходнеэўрапейскай культурай спрыялі разуменьню ролі кнігадрукаваньня ў грамадзка-палітычным і культурным жыцьці.
У 1553 годзе для прапаганды рэфармацыйных ідэяў заснаваў пры Берасьцейскім зборы першую на тэрыторыі Беларусі друкарню, у якой працавалі запрошаныя ім з Польшчы друкары Бэрнард Ваяводка, Станіслаў Мурмэліюс, паэт, перакладнік і кампазытар Ц. Базылік. Тут друкавалася ня толькі рэлігійная, але і сьвецкая літаратура.
У 1563 годзе на сродкі М. Радзівіла выйшаў польскі пераклад поўнага зводу Бібліі, найбольшы паводле аб’ёму і адзін з найлепшых па мастацкіх і паліграфічных якасьцях рэнэсансавага выданьня. У гісторыю беларускага кнігавыданьня ён увайшоў пад назвай «Берасьцейская, ці Радзівілаўская Біблія».
Зь імем М. Радзівіла зьвязанае таксама выданьне арыгінальнага публіцыстычнага твору — пасланьня папскаму нунцыю ў Польшчы Аляізіюшу Ліпаману, напісанага, імаверна, яго асабістым сакратаром, вядомым польскім лексыкографам Янам Манчыньскім, дзе зьмяшчаюцца рэзкія антыкаталіцкія і антыпапскія выпады.
Пад апекай М. Радзівіла дзейнічала пратэстанцкая друкарня і ў Нясьвіжы, у працы якой бралі ўдзел вядомыя дзеячы Рэфармацыі — Сымон Будны, Мацей Кавячынскі, Ляўрэнці Крышкоўскі. Многія выданьні выходзілі з прысьвячэньнем знатнаму патрону. Некаторыя свае творы яму прысьвячаў Жан Кальвін. Шчодрасьцямі радзівілаўскага двара карысталіся такія відныя тэолягі, як С. Будны, Марцін Чаховіц, паэты Андрэй Тшэцэскі, кампазытары Кіпрыян Базылік, Вацлаў з Шамотул і іншыя.
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларусь — першая краіна, якая выдала адмысловую марку, прысьвечаную Мікалаю Радзівілу «Чорнаму»[4]. Марку надрукавала Белпошта 17 сьнежня 1996 году, зьмясьціўшы на ёй партрэт выдатнага вялікалітоўскага дзяржаўнага і вайсковага дзеяча.
25 ліпеня 2009 году ў Берасьці адкрылася скульптурная кампазыцыя, прысьвечаная 990-гадовай гісторыі места. Сярод шасьці бронзавых фігураў у кампазыцыі помніка тры скульптуры гістарычных дзеячоў — Вітаўта, Мікалая Радзівіла «Чорнага» і князя Васількавіча[5].
Да 500-годзьдзя зь дня нараджэньня Мікалая Радзівіла Чорнага ў Беларусі выпушчаная памятная манэта.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б в Грыцкевіч А. Радзівіл Мікалай // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 494.
- ^ Зорны час Мікалая Радзівіла // Акінчыц С. Залаты век Беларусі. — Мн.: Юніпак, 2002.
- ^ Лаўроўская І. Тыцыян маляваў Радзівіла // «Спадчына» № 2, 1993. С. 82—84.
- ^ Беларуская паштовая марка: гісторыя і здабыткі // Радыё Свабода, 2 сакавіка 2000.
- ^ Вітаўт, Радзівіл Чорны і князь Васількавіч // «Наша Ніва», 26 ліпеня 2009.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Акінчыц С. Залаты век Беларусі. — Менск: Юніпак, 2002. — 127 с.: іл.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мікалай Радзівіл «Чорны» — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Мікалай Радзівіл Чорны. Гісторыя Беларусі. Асобы.. Праверана 6 лістапада 2010 г.
- Рэфармацыя ў Беларусі Праверана 6 лістапада 2010 г.
|
|
- Нарадзіліся 4 лютага
- Нарадзіліся ў 1515 годзе
- Памерлі 29 траўня
- Памерлі ў 1565 годзе
- Пахаваныя ў Летуве
- Канцлеры вялікія літоўскія
- Маршалкі вялікія літоўскія
- Ваяводы віленскія
- Нарадзіліся ў Нясьвіжы
- Радзівілы
- Асобы Вялікага Княства Літоўскага
- Князі Сьвятой Рымскай імпэрыі (Рэч Паспалітая)
- Старосты берасьцейскія
- Старосты ковенскія
- Памерлі ў Вільні
- Мікалай Радзівіл Чорны
- Асобы на манэтах
- Асобы на марках