Пётар з Гонядзі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пётар з Гонядзі
Piotr z Goniądza
Імя пры нараджэньні Пётар Гезэк
Род дзейнасьці пратэстанцкі мысьляр
Дата нараджэньня 1525—1530
Месца нараджэньня Гонядзь
Дата сьмерці 15 кастрычніка 1573
Месца сьмерці Венграў
Месца вучобы
Занятак тэоляг, пісьменьнік, каталіцкі сьвятар

Пётар з Гонядзі (псэўданімы Гезэк, Гішка, Ганэзыюс, Ганэдзыюс, Ганэцыюс, Гонядзь, Пэтрус Ганэзыюс, Пэтрус дэ Гоняч, Пётар Гезка з Гонядзі, Пётар з Ганязі; 1525—30, Гонядзь, цяпер у Падляскім ваяводзтве Польшчы — 15 кастрычніка або 13 верасьня[1] 1573, Венграў) — пратэстанцкі пастар, пісьменьнік і тэоляг. Ідэоляг Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім, заснавальнік суполкі польскіх братоў.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і[2][3]. Скончыў каталіцкую сэмінарыю і атрымаў капланскае пасьвечаньне. Па сканчэньні Кракаўскай акадэміі (1551) як адораны вучань быў накіраваны дзеля ўдасканаленьня ведаў у Падуанскі ўнівэрсытэт. У 1554 стаў прафэсарам сафістыкі і, верагодна, выкладаў у Падуі сафістыку Арыстотэля.

Неўзабаве пад уплывам лістоў Мігеля Сэрвэта і поглядаў прафэсара Матэа Грыбальдзі прыняў антытрынітарыянскую веру. Быў адным з заснавальнікаў анабаптысцкага руху ў Рэчы Паспалітай. Улетку 1555 року, вяртаючыся на радзіму, навязаў кантакты з мараўскімі братамі і запрасіў іх у Польшчу.

Пасьля таго, як у 1556 року ў Кракаве Пётар выдаў уласны трактат «De filio Dei homine Christo Iesu» (бел. «Пра сына Божага, чалавека Хрыста»), ён на наступаваным Піньчаўскім сынодзе быў адлучаны ад царквы і прыгавораны да выгнаньня з Малапольскага ваяводзтва. Тым ня меней ён карыстаўся падтрымкай дробнай шляхты ў Літве і на Падляшшы. У 1558 року пры падтрымцы літоўскага магната Яна Кішкі замешкаў у Венграве, дзе быў міністрам (сьвятаром) мясцовай пратэстанцкай грамады да свайго скону. У тым самым року на сынодзе ў Берасьці ўпершыню выступіў супраць хросту немаўлятаў.

Памёр у 1573 року падчас эпідэміі. Ягоныя пасьлядоўнікі: Павал зь Візны, Якуб з Калінаўкі, Марцін Чаховіц[4].

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьлядоўнік рэлігійна-філязофскага вучэньня гішпанскага навукоўца Мігеля Сэрвэта і сацыяльна-палітычных ідэй мараўскіх антыбаптыстаў. Удзельнічаў у антытрынітарскіх сынодах, палемізаваў з С. Будным.

10 чэрвеня 1565 року Пётар і ягоныя прыхільнікі зладзілі ўласны, асобны ад іншых кальвіністаў, сынод у Бжэзінах. Гэтая падзея лічыцца пачаткам існаваньня новай царквы з афіцыйнай назвай Ecclesia Minor (бел. Малая рэфармацкая царква), але болей вядомай як суполка польскіх братоў, сябраў якой звычайна называлі арыянамі ці сацыніянамі.

Адмаўляў царкоўна-тэалягічную і філязофскую схалястычную традыцыі; выступаў супраць прыватнай уласнасьці, сацыяльнай няроўнасьці, войнаў, фэўдальнага права, сьвецкай улады, пакараньня сьмерцю[5].

Выдаў на лацінскай мове творы «Супраць боскасьці Ісуса Хрыста» (1557), «Пра першахрысьціянскую царкву» (1563?; не зьберагліся), на польскай мове «Пра Трох», «Пра сына Божага» і «Пра хрысьціянскае хрышчэньне» (усе каля 1570).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Bibliografia Literatury Polskiej — Nowy Korbut. — Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1964. — Т. 2. Piśmiennictwo Staropolskie. — С. 204.
  2. ^ Jan Skoczyński, Jan Woleński. Historia filozofii polskiej. — Warszawa: Wydawnictwo WAM, 2010. — С. 109.
  3. ^ Циприан Сайна. Историческая хронология христианского унитарианства в Речи Посполитой. Часть 1. XVII век // Pistis. — 2011. — № 3.
  4. ^ Пётр з Ганязі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0 — С. 430
  5. ^ Дорошевич Э. К., Абушенко В. Л. Петр из Гонендза // Религия: Энциклопедия / сост. и общ. ред. А. А. Грицанов, Г. В. Синило. — Мн.: Книжный Дом, 2007. — 960 с. — (Мир энциклопедий).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Падокшын С., Сокал С. Палітычная і прававая думка Беларусі XVI—XVII стст. 2 выд. Мн., 2000.
  • Падокшын С. Пётр з Ганёндза // БЭ ў 18 т. Т. 12. Мн., 2001.
  • Jasnowski J. Piotr z Goniądza. Zycie, działalność i pisma. Studium z dziejów ruchu religijnego w Polsce // Przegląd Historyczny. — 1935. — ISSN 0033-2186.  (пол.)
  • Myśl ariańska w Polsce XVII wieku; antologia tekstów / red. Ogonowski Z. — Wrocław-Lwów: Ossolineum, 1991. — P. 649. — ISBN 830403588X.  (пол.)
  • Kot S. Socinianism in Poland. The Social and Political Ideas of the Polish Antitrinitarians. — Boston, 1957.  (анг.)
  • Socinianism and its role in the culture of XVI-th to XVIII-th centuries / ed. Szczucki L., Ogonowski Z., Tazbir J. — Warsaw-Łódź: PWN, 1983. — P. 239. — ISBN 8301030518.  (анг.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]