Удоўства
Удо́ўства[1] — грамадзкі стан чалавека пасьля сьмерці жонкі або мужа.
Звычай
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле народнай традыцыі ўдоваў запрашаюць для ўдзелу ў пахавальным абрадзе, каб памыць і апрануць цела памерлага, а таксама галасіць у час пахаваньня. Пры гэтым, удаўцоў і ўдоваў не запрашаюць быць хроснымі бацькам і маці на радзіны і сватам і свацьцёй на вясельле. Каб весьці дарослых дзяцей пад вянец і сустракаць пасьля вянчаньня, на месца аўдавелых абіраюць пасажоных бацькоў[2]. Калі капаюць калодзеж, удаве або ўдаўцу нясуць падарунак, а таксама іх запрашаюць у хату і частуюць. Удава, якая не бярэ другі шлюб, надзяляецца грамадзкім станам цнатлівасьці і часта займаецца знахарствам[3].
Новае вясельле ўдаўца або ўдавы гуляюць пасьля заканчэньня памінальнага году па памерлай жонцы або памерлым мужы адпаведна. Аднак гэты тэрмін скарачаюць да 40 дзён, калі на ўтрыманьні ўдаўца засталося некалькі дзяцей. У выпадку другога шлюбу ўдаўца або ўдавы зь вясельля выключаюць 5 абрадаў: 1) выпяканьне вясельнага караваю, 2) запальваньне сьвечак у час вянчаньня, 3) патрабаваньне пасагу, 4) апрананьне нявесьце белага вясельнага строю, вэлюма і вясельнага вянка, 5) наладжваньне дзявочых вячорак. Таксама новую жонку ўдаўца заносяць у хату праз вакно, а заходзяць у хату сьпінай[2].
У культуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Існуюць прыказкі пра новы шлюб удавы і ўдаўца: 1) «Той ня ведаў бяды, хто ня сватаўся да маладой удавы»; 2) «Удавец, што разьбіты гаршчок»[2].
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 1 студзеня 2014 году на ўліку ў 146 тэрыятарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва (ТЦСАН) Беларусі стаяла 564 200 старых удоваў і ўдаўцаў (6 % насельніцтва Беларусі), якія пражывалі самотна, а таксама 127 400 самотных старых удоваў і ўдаўцоў (1,3 % насельніцтва)[4].
Настаўленьні датычна ўдоваў сустракаюцца ў некалькіх кнігах Старога і Новага Запаветаў.
Стары Запавет
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 22-м разьдзеле кнігі Выхад, якая ёсьць 2-й кнігай прарока Майсея, адзначаецца: «22. Ні ўдавы, ні сіраты ня ўціскайце»[5]. У 27-м разьдзеле Паўторанага Закону, які ёсьць 5-й кнігай прарока Майсея, згадваецца: «19. Пракляты, хто крыва судзіць прыхадня, сірату і ўдаву! І ўвесь народ скажа: амін»[6]. У 145-й псальме «Умаўленьне да спадзяваньня на Госпада», якая зьмяшчаецца ў Псалтыры, ёсьць падобны выраз: «9. Гасподзь ахоўвае прыхадняў, падтрымлівае сірату і ўдаву; а шлях бязбожных — скрыўляе»[7].
У 15-м разьдзеле кнізе Выслоўі цара Саламона цьвердзіцца: «25. Дом пыхлівых зруйнуе Гасподзь, а мяжу ўдавы ўмацуе»[8]. У 1-м разьдзеле кнігі прарока Ісаі зьмяшчаецца заклік: «17. навучэцеся рабіць дабро; шукайце праўды; ратуйце прыгнечанага; абараняйце сірату; заступайцеся за ўдаву». У 10-м разьдзеле яго кнігі адзначаецца:
«1. Гора тым, якія ставяць несправядлівыя законы і пішуць жорсткія пастановы,
2. каб адхіліць бедных ад правасудзьдзя і пазбавіць правоў маламоцных з народу Майго, каб удоваў зрабіць здабычаю сваёю і абрабаваць сіротаў»[9].
У 7-м разьдзеле кнізе прарока Ераміі згадваецца:
«6. ня будзеце прыгнятаць іншаземца, сіраты і ўдавы, і праліваць нявіннай крыві на месцы гэтым, і ня пойдзеце сьледам за іншымі багамі на бяду сабе,
7. дык я пакіну вас жыць на месцы гэтым, на гэтай зямлі, якую даў бацькам вашым у роды родаў»[10].
У 3-м разьдзеле кнігі Малахіі, якая ёсьць апошняй кнігай Старога Запавету, цьвердзіцца: «5 І прыйду да вас судзіць і буду хутка выкрываць чарадзеяў і пералюбцаў, і тых, якія прысягаюць ілжыва і забіраюць плату ў найміта, уціскаюць удаву і сірату і адпіхваюць прыхадня, і Мяне не баяцца, кажа Гасподзь Саваоф»[11].
Новы Запавет
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 23-м разьдзеле Дабравесьця паводле Мацьвея прыводзіцца прамова Ісуса Хрыста ў Ерусалімскім храме: «14. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што паядаеце дамы ўдоваў і напаказ доўга моліцеся: за тое прымеце тым большую асуду»[12]. У 1-м разьдзеле Саборнага пасланьня апостала Якава цьвердзіцца: «27. Чыстая і беспахібная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць тое, каб дагледзець сірот і ўдоваў у іхніх скрухах і захоўваць сябе неапаганенага сьветам»[13]. У 5-м разьдзеле Першага пасланьня да Цімафея апостал Павал адзначае:
«3. Удоваў шануй, сапраўдных удоваў. ...
5. Сапраўдная ўдава і адзінокая няхай спадзяецца на Бога і трывае ў маленьнях і малітвах дзень і ноч; ...
9. Удава ж няхай выбіраецца ня менш як 60-гадовая, якая была жонкаю аднаго мужа,
10. вядомая добрымі ўчынкамі, калі яна выгадавала дзяцей, прымала гасьцінна дарожнікаў, умывала ногі сьвятым, пасабляла гаротнікам і была старанная ў кожнай добрай справе. ...
14. І вось, я хачу, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, радзілі дзяцей, кіравалі ў доме і не давалі праціўніку ніякае зачэпкі для ліхаслоўя: ...
16. Калі які вернік альбо верніца мае ўдоваў, дык павінен іх задавольваць і не накідваць Царкве, каб яна магла акормліваць сапраўдных удоваў»[14].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Іван Луцэвіч, Канстанцін Міцкевіч, Язэп Лёсік, Сьцяпан Некрашэвіч, Уладзіслаў Чаржынскі, Мікола Гуткоўскі. вдовство — удоўства // Тэрмінолёгія права. — Менск: Інбелкульт, 1926. — (Беларуская навуковая тэрміналёгія).
- ^ а б в Янка Крук, Аксана Катовіч. Удаўство (пачатак) // Зьвязда : газэта. — 31 сакавіка 2015. — № 60 (27918). — С. 16. — ISSN 1990-763x.
- ^ Янка Крук, Аксана Катовіч. Удаўство (заканчэньне) // Зьвязда. — 1 красавіка 2015. — № 61 (27919). — С. 8.
- ^ Сьвятлана Бусько. Колькасьць атрымальнікаў сацыяльных паслуг расьце // Зьвязда. — 4 лютага 2014. — № 20 (27630). — С. 1.
- ^ Прарок Майсей. Выхад (Разьдзел 22. Верш 22) // Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету / пераклад Васіля Сёмухі, рэд. Юрка Рапецкі. — Данканвіл(en) (штат Тэхас): Агульнасусьветны друк, 2002. — С. 107. — 1536 с. — 10 000 ас. — ISBN 1-58712-085-2
- ^ Прарок Майсей. Другі закон (Разьдзел 27. Верш 19) // Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету / пераклад Васіля Сёмухі, рэд. Юрка Рапецкі. — Данканвіл: Агульнасусьветны друк, 2002. — С. 284. — 1536 с. — ISBN 1-58712-085-2
- ^ Псалтыр (Псальма 145. Умаўленьне да спадзяваньня на Госпада) // Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету / пераклад Васіля Сёмухі, рэд. Юрка Рапецкі. — Данканвіл: Агульнасусьветны друк, 2002. — С. 817. — 1536 с. — ISBN 1-58712-085-2
- ^ Цар Саламон. Кніга Выслоўяў Саламонавых (Разьдзел 15. Верш 25) // Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. — Данканвіл: Агульнасусьветны друк, 2002. — С. 834. — 1536 с. — ISBN 1-58712-085-2
- ^ Прарок Ісая. Кніга прарока Ісаі // Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. — Данканвіл: Агульнасусьветны друк, 2002. — С. 869, 878. — 1536 с. — ISBN 1-58712-085-2
- ^ Прарок Ерамія. Кніга прарока Ераміі (Разьдзел 7. Вершы 6—7) // Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. — Данканвіл: Агульнасусьветны друк, 2002. — С. 869, 878. — 1536 с. — ISBN 1-58712-085-2
- ^ Прарок Малахія. Кніга Малахіі // Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. — Данканвіл: Агульнасусьветны друк, 2002. — С. 1171. — 1536 с. — ISBN 1-58712-085-2
- ^ Апостал Мацьвей. Сьвятое Дабравесьце паводле Мацьвея (Разьдзел 23. Верш 14) // Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. — Данканвіл: Агульнасусьветны друк, 2002. — С. 1209. — 1536 с. — ISBN 1-58712-085-2
- ^ Апостал Якаў. Саборнае пасланьне сьвятога апостала Якава (Разьдзел 1. Верш 27) // Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. — Данканвіл: Агульнасусьветны друк, 2002. — С. 1385. — 1536 с. — ISBN 1-58712-085-2
- ^ Апостал Павал. Першае пасланьне да Цімафея сьвятога апостала Паўла (Разьдзел 5) // Біблія. Кнігі Сьвятога Пісаньня Старога і Новага Запавету. — Данканвіл: Агульнасусьветны друк, 2002. — С. 1488. — 1536 с. — ISBN 1-58712-085-2
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |