Францішак Кушаль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Францішак Кушаль
Дата нараджэньня 16 лютага 1895(1895-02-16)
Месца нараджэньня Пяршаі, Менскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 25 траўня 1969(1969-05-25) (74 гады)
Месца сьмерці Рочэстэр, Нью-Ёрк, ЗША
Грамадзянства Беларусь
Беларусь
Альма-матэр Віленскае ваеннае вучылішча[d]
Занятак афіцэр і палітык
Дзеці Яраслаў Кушаль[d] і Уладзімір Кушаль[d]
Узнагароды
Ордэн сьвятой Ганны III ступені ордэн Святога Станіслава 3 ступені Ордэн сьвятога Станіслава

Франці́шак Вінцэ́нтавіч Ку́шаль (16 лютага 1895, вёска Пяршаі Менскага павету, цяпер у Валожынскім раёне — 25 траўня 1968, ЗША) — беларускі вайсковы і палітычны дзяяч, афіцэр расейскага і польскага войскаў, кіраўнік штабу Беларускай самааховы, камэндант Беларускай краёвае абароны (Вафэн-штурмбанфюрэр СС) падчас II сусьветнай вайны. Муж паэткі Натальлі Арсеньневай.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1915 годзе быў мабілізаваны ў войска Расейскай імпэрыі(ru). Па сканчэньні школы маладых камандзіраў у тым самым року быў накіраваны ў віленскую пяхотную вучэльню. Служыў на Заходнім фронце ў шэрагах 155-га Астраханскага запаснога палку, а з 1916 году — 276-га Купянскага палку стральцоў камандзірам роты; даслужыўся да чыну штабс-капітану.

Па распадзе царскага войску вярнуўся на Беларусь, дзе прыняў актыўны ўдзел у дзеяньні беларускіх нацыянальных арганізацыяў. У 1918 годзе узначаліў беларускую моладзевую арганізацыю ў Івянцы, а ў сярэдзіне 1919 году ўвайшоў у склад Цэнтральнае беларускае рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны, за што быў арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі.

З пачаткам польска-савецкай вайны стаўленьне Польшчы да беларусаў зьмянілася, і Юзэф Пілсудзкі пагадзіўся на стварэньне беларускага войска. Вызвалены Кушаль са жніўня 1919 году працаваў намесьнікам старшыні Беларускай Вайсковай Камісіі; у вайсковых дзеях на фронце ўдзелу ня браў.

Па сканчэньні вайны застаўся ў Польшчы, з 1922 году на службе ў польскім войску. Скончыў афіцэрскую школу ў Варшаве, пасьля шмат гадоў зьяўляўся афіцэрам 66-га Кашубскага палку пяхоты ў Хэлмне, у якім акрамя ўсяго выконваў абавязкі камэнданта унтэр-афіцэрскай школы. У 1932—1936 гадох быў выкладчыкам у Корпусе кадэтаў №3 ў Равічы, а пасьля ў школе падхаружых пяхоты ў Камарове(pl) каля Оструві-Мазавецкай. Атрымаў чыны паручніка і капітана; быў узнагароджаны срэбным Крыжам заслугі.

Камандаваў батальёнам падчас Нямецка-польскай вайны 1939 году, у баях у раёне Львова трапіў у бальшавіцкі палон. 22 верасьня 1939 году інтэрнаваны ў СССР. Разам зь іншымі польскімі афіцэрамі трапіў у Старабельскі лягер(ru), дзе ўтрымліваліся 4 тыс. чалавек. Амаль усе Старабельскія вязьні былі расстраляныя, аднак Францішак Кушаль быў пераведзены ў «Бутырку», дзе мешкаў у камэрах з рознымі высокапастаўленымі польскімі афіцэрамі, у тым ліку і з генэралам Уладыславам Андэрсам. У пачатку 1941 году вызвалены, адначасова яго жонцы Н. Арсеньневай было дазволена вярнуцца са ссылкі. Гэтыя абставіны даюць падставы меркаваць, што Кушаль супрацоўнічаў з НКВД з мэтай выведваць настроі зьняволеных.

Да пачатку нямецка-савецкай вайны ў 1941 годзе пражываў у Беластоку. У часе нямецкай акупацыі Кушаль супрацоўнічаў зь немцамі. Сьпярша быў камэндантам навучальных курсаў Беларускай дапаможнай паліцыі у акупаваным Менску. З кастрычніка 1941 году быў шэфам аддзелу самааховы Цэнтральнае рады Беларускай народнай самапомачы. У чэрвені — ліпені 1942 году на загад Івана Ермачэнкі, шэфа Беларускай самааховы, распрацаваў праект стварэньня Вольнага корпусу Беларускай самааховы. Са жніўня да канца лістападу быў камэндантам афіцэрскіх курсаў у Менску, а пад канец лістапада стаў галоўным вайсковым рэфэрэнтам Беларускай самааховы, на гэтай пасадзе кіраваў працай акруговых і павятовых рэфэрэнтаў. У красавіку 1943 году спыніў гэтую дзейнасьць у сувязі з расфармаваньнем немцамі Беларускай самааховы. Са жніўня 1943 году быў галоўным упаўнаважаным па пытаньнях беларускіх аддзелаў дапаможнай паліцыі. У студзені 1944 году стаў начальнікам аддзелу вайсковых справаў Беларускай Цэнтральнай Рады, а пасьля камандоўцам Беларускай Краёвай Абароны. У выніку мабілізацыі ён здолеў сабраць у ейных шэрагах каля 25 тысячаў беларусаў. Удзельнічаў у выданьні часопісу «Беларус на варце».

У часе наступу Чырвонай Арміі эвакуяваўся ў сярэдзіне 1944 году ў Нямеччыну. Там удзельнічаў у справе фармаваньня чыста беларускай вайсковай адзінкі. Увесну 1945 году стаў камандоўцам аднаго з палкоў 30-й грэнадэрскай дывізіі СС, таксама называнай дывізіяй «Беларусь», якая бяз бою капітулявала амэрыканцам у апошнія дні красавіка. Перабываў у лягеры для інтэрнаваных у Рэгенсбургу.

Пазьбег рэпатрыяцыі ў СССР. У 1947 годзе ў Нямеччыне заснаваў Аб’яднаньне беларускіх вэтэранаў. У 1950 годзе выехаў у ЗША. У 1952—1954 гадох узначальваў Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне; удзельнічаў у выданьні яго газэты «Беларус». Адзін з заснавальнікаў газэты «Бацькаўшчына». Выступаў у друку з публіцыстычнымі матэрыяламі (таксама па пытаньнях ваеннай гісторыі Беларусі), аўтар успамінаў пра дзеячаў беларускай культуры. Выконваў функцыі ваеннага міністра Беларускай Цэнтральнай Рады на выгнаньні.

Сын Ф. Кушаля Яраслаў Кушаль загінуў ад выбуху закладзенай савецкімі партызанамі бомбы ў менскім тэатры падчас прадстаўленьня.

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьяўляецца аўтарам артыкулу «Спробы арганізацыі беларускага войска», датычнага фармаваньня беларускага нацыянальнага войска ў 1918—1920 і 1941—1944 гадох, апублікаванага ў «Беларускім гістарычным аглядзе» ў 1999 годзе.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. Энц. даведнік. У 10 т.. — Мн.: 2003 Т. 1. — ISBN 985-6374-04-9
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 1999. — 560 с.: іл. ISBN 985-11-0155-9
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
  • Rocznik Oficerski 1924. — Warszawa: Ministerstwo Spraw Wojskowych, Oddział V Sztabu Generalnego Wojska Polskiego, 1924. — С. 280, 381.
  • Rocznik Oficerski 1928. — Warszawa: Ministerstwo Spraw Wojskowych, 1928. — С. 80, 234.
  • Rocznik Oficerski 1932. — Warszawa: Biuro Personalne Ministerstwa Spraw Wojskowych, 1932. — С. 75, 594.
  • Залесский К.А. Кушель Франц // Кто был кто во второй мировой войне. Союзники Германии. — М.: 2003.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]