Беларуская вайсковая камісія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Беларуская Вайсковая Камісія»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Беларуская вайсковая камісія
Абрэвіятура БВК
Дата ўтварэньня 2 жніўня 1919
Дата спыненьня існаваньня 21 красавіка 1921
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта Утварэньне беларускіх батальёнаў у Слоніме
Штаб-кватэра Менск (да 3 кастрычніка 1920 году), Лодзь
Дзейнічае ў рэгіёнах Заходняя Беларусь
Старшыня Павал Аляксюк (да 3 кастрычніка 1920 г.), Андрэй Якубецкі
Камандзір Гасан Канапацкі
Матчына кампанія Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гарадзеншчыны
Колькасьць супрацоўнікаў 9

Белару́ская вайско́вая камі́сія — орган па фармаваньні беларускіх частак у польскім войску ў 1919—1921 гадах, якая складалася з грамадзянскіх і вайсковых сябраў. Утварылася 2 жніўня 1919 году паводле рашэньня Беларускага зьезду Віленшчыны і Гарадзеншчыны (1-я палова чэрвеня 1919 г., Вільня), і падпарадкоўвалася Цэнтральнай Радзе Віленшчыны і Гарадзеншчыны паводле дамоўленасьці з начальнікам Польскай дзяржавы Ю. Пілсудзкім.

Мэты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агітацыйны плякат БВК

Задачай камісіі было распрацаваць праект арганізацыі беларускага збройных частак ў складзе польскага войска і тэкст звароту да польскіх уладаў па дазвол на такую арганізацыю.

У далейшым камісія павінна была дзейнічаць пры польскім галоўным камандаваньні, а таксама мець прадстаўнікоў ва ўсіх галінах вайсковай гаспадаркі, якія б тычыліся беларускіх частак. Камісія павінна была б прапаноўваць кандыдатуры афіцэраў для беларускага войска, зацьвярджаць пастановы польскага галоўнакамандаваньня аб іх прызначэньні і выдаленьні.

Заснаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адпаведны мемарандум быў перададзены Ю. Пілсудзкаму 28 ліпеня 1919 году, тады ж была атрыманая яго згода. З тэхнічным удзелам прызначанага прадстаўніка польскага камандаваньня капітана Баброўскага, камісія распрацавала праект арганізацыі беларускага войска ў складзе адной пяхотнай дывізіі — трох пяхотных палкоў, артылерыйскага палка, кавалерыйскага эскадрона, роты сапёраў, усяго 20 тыс. ч.

Гэты праект быў пераданы польскаму галоўнаму камандаваньню, але рэальных крокаў да яго ажыцьцяўленьня не рабілася да кастрычніка 1919 году. Тымчасам, набор і фармаваньне ў жніўні — верасьні 1919 на беларускіх тэрыторыях, акупаваных польскім войскам, Беларуска-Літоўскай дывізіі, нягледзячы на яе назву, праводзіўся не дзеля ажыцьцяўленьня гэтага праекту, а дзеля ўзмацненьня ўласна польскага войска.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адозва БВК з заклікам ўступаць у беларускае войска, 1919 год
Пасьведчаньне БВК на імя Васіля Русака, 11 сакавіка 1921 году

Дэкрэт Пілсудзкага (22 кастрычніка 1919 году) пацьвердзіў склад і паўнамоцтвы Камісіі: П. П. Аляксюк (старшыня), А. Аўсянік, палкоўнікі Г. Канапацкі (камандуючы беларускім войскам) і Д. Якубоўскі, штабс-капітаны Ф. В. Кушаль і А. Якубецкі, Ю. Мурашка, А. Прушынскі (А. Гарун), С. А. Рак-Міхайлоўскі, яе сталае месца знаходжаньня (Менск) і фармаваньне беларускага войска пад назвай «беларускіх нацыянальных аддзелаў» у Слоніме пад камандаваньнем сябра Камісіі палкоўніка Канапацкага. Польскім афіцэрам і салдатам беларускай нацыянальнасьці было дазволена пераходзіць у беларускія часткі. Апроч гэтага, дазвалялася арганізацыя пры Варшаўскай школе падхаружых беларускага ўзводу з дабраахвотнікаў якія маюць сярэднюю адукацыяю, дзеля падрыхтоўкі беларускіх афіцэрскіх кадраў. Аднак колькасны склад беларускага войска быў скарочаны да двух батальёнаў.[1][2][3]

У лістападзе 1919 году БВК пераехала ў Менск. Падтрымлівала сувязь з Найвышэйшай радай БНР. Падзялялася на падкамісіі:

  • вярбовачна-агітацыйную (узначальваў Аляксюк),
  • кваліфікацыйную (Якубецкі),
  • статную (Прушынскі),
  • культурна-асьветную (Рак-Міхайлоўскі)

У паветах БВК стварала беларускае вярбовачнае бюро, сярод насельніцтва распаўсюджвала адозвы з заклікам уступаць у нацыянальнае войска. Перакладала на беларускую мову польскія вайсковыя статуты, выдала зборнік «Падарунак беларускаму жаўнеру» (1920). Праводзіла рэгістраваньне дабраахвотнікаў (афіцэраў, салдатаў, ваенных чыноўнікаў, дактароў).

У сьнежні 1919 году ў Менску Камісія пачала працу дзеля ажыцьцяўленьня гэтага дэкрэта, і адразу сутыкнулася з сыстэматычным палітычным і адміністрацыйным процідзеяньнем акупацыйнай адміністрацыі, якая была пад моцным уплывам польскай «эндэцыі» (нацыянал-дэмакратычнай партыі).

У сакавіку 1920 году загадам ваеннага міністэрства вярбоўка і адбор добраахвотнікаў выключаны з кампітэнцыі БВК і перададзены польскім мясцовым органам адміністрацыі, якія байкатавалі гэту справу.

Рэальна Камісія здоляла сфармаваць адзін пяхотны батальён, стварыць узвод ахвотнікаў (30 чалавек) пры Варшаўскай школе падхаружых і арганізаваць курсы перападрыхтоўкі афіцэраў у Менску.

У ліпені 1920 году ў сувязі з наступленьнем Чырвонай Арміі БВК фактычна распалося. Ня ведаючы пра цяжкую паразу палякаў на Бярэзіне, чальцы БВК зьехалі зь Менску ў Ваўкавыск, лічачы, што адыход часовы. Тамака захварэў Алесь Гарун і быў скіраваны ў Кракаў санітарным цягніком[4].

Праца камісіі была адноўлена 3 кастрычніка 1920 году ў Лодзі ў складзе: Андрэй Якубецкі (старшыня), Ф. Кушаль, Францішак Умястоўскі, Э. Якабіні, Д. Якубоўскі. Напрыканцы лістапада БВК накіравала групу афіцэраў начале з Кузьмом Цярэшчанкам на дапамогу ўдзельнікам Слуцкага паўстаньня. З 12 пасланых да Семежава трапілі тое — капітаны Антон Борык, Антон Сокал-Кутылоўскі і паручнік Андрэй Якубецкі).

Таксама праводзілася культурна-асьветніцкая праца сярод інтэрнаваных у Польшчу вайскоўцаў-беларусаў. Прапановы аб рээвакуацыі камісіі ў адзін з гарадоў Заходняй Беларусі былі адхілены польскімі ўладамі.

Ліквідацыя БВК[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У весну 1921 году палякі, выконваючы пастанову Рыскай мірнай дамовы, пачалі расфармаваньне замежных антыбальшавіцкіх арганізацыяў. На загад міністра вайсковых справаў ген. К. Сасноўскага ад 21 красавіка БВК і беларускія вайсковыя адзінкі павінны былі быць расфармаваныя з 15 траўня 1921 году. Ліквідацыю праводзіў маёр Ю. Тунгуз-Завісьляк. Беларускія афіцэры павінны былі звольненыя паводле правілаў Войска Польскага; маглі таксама зьвяртацца пра прыем ў шэрагі Войска Польскага. Падхарунжыя, якія яшчэ навучаліся, маглі тамака застацца да заканчэньня навукі.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Франц Кушаль. Спробы стварэньня беларускага войска. — Мн.: Беларускі Гістарычны Агляд, 1999. — 166 с. ISBN 985-6374-16-2. — С. 21—28.
  • Кароткі нарыс беларускага пытаньня: — Менск: І. П. Логвінаў, 2009. — 396 с. — (Кнігарня «Наша Ніва»). ISBN 978-985-6901-22-8.
  • Алег Латышонак. Жаўнеры БНР. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2009. ISBN 978-83-60456-05-7.
  • Андрэй Чарнякевіч, Аляксандар Пашкевіч. Кароткі нарыс гісторыі ўзаемаадносін беларускага нацыянальнага руху і ІІ аддзелу Галоўнага камандваньня (Генэральнага штабу) Войска Польскага ў 1918—1922 гг. // Кароткі нарыс беларускага пытаньня. — Менск: І. П. Логвінаў, 2009. — 396 с. — (Кнігарня «Наша Ніва»). ISBN 978-985-6901-22-8.