Ігумен
Ігумен лац. Ihumien | |||||
У цэнтры места | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1387 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Менская | ||||
Раён: | Ігуменскі | ||||
Вышыня: | 160 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 9619 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1714 | ||||
Паштовы індэкс: | 223232 | ||||
СААТА: | 6258501000 | ||||
Нумарны знак: | 5 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°42′28″ пн. ш. 28°25′56″ у. д. / 53.70778° пн. ш. 28.43222° у. д.Каардынаты: 53°42′28″ пн. ш. 28°25′56″ у. д. / 53.70778° пн. ш. 28.43222° у. д. | ||||
± Ігумен | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.cherven.gov.by |
Ігу́мен (з 1923 году — Чэ́рвень[a]) — места ў Беларусі, на рацэ Ігуменцы. Адміністрацыйны цэнтар Ігуменскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 9619 чалавек[1]. Знаходзіцца за 62 км на паўднёвы ўсход ад Менску, за 30 км ад чыгуначнай станцыі Пухавічы (лінія Менск — Асіпавічы), каля аўтамабільнай дарогі Менск — Магілёў.
Ігумен — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваўся будынак вязьніцы, помнік гісторыі і архітэктуры XVIII ст. 26 чэрвеня 1941 году ва ўрочышчы Цагельні каля Ігумену карнікі НКВД расстралялі каля трох тысячаў яе вязьняў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся збудаваныя ў стылі клясыцызму драўляныя касьцёл Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа і царква Раства Багародзіцы, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Традыцыйная гістарычная назва места — Ігумен[2][3], часам сустракаецца форма Ігумень[4][5] (польск. Ihumeń). На думку географа Вадзіма Жучкевіча, гэты тапонім мае повязі з назвай манастырскай пасады[6]. Этнограф Павал Шпілеўскі запісаў народнае паданьне, паводле якога паселішча некалі належала праваслаўнаму жаночаму манастыру, заснаванаму грэцкай ігуменьняй. Імаверна, назва места першапачаткова гучала як Ігумень — у сэнсе 'той, што належыць ігуменьні'[2]. Тым часам мовазнаўца Вінцук Вячорка зьвяртае ўвагу на тое, што тапонім хутчэй за ўсё ўтварыўся ад слова гумно. Гэта пацьвярджаецца бракам гістарычных зьвестак пра манастыр у Ігумене, вытворнымі ад кораня гумно ў беларускай геаграфічнай тэрміналёгіі (гумяньнё, падгу́меньне, гу́мнішча — назва поля або ўрочышча), прыкладамі зь беларускай тапанімікі (вёска Гумны пад мястэчкам Крупкамі, сяло Гумня на возеры Гумне ў Полацкім ваяводзтве), а таксама ўпамінам пра Ігуменскую воласьць у сярэдзіне XV ст. як districtum Humyen[7].
У 1923 годзе бальшавікі перайменавалі Ігумен у «Чэрвень» у гонар месяца захопу мястэчка — чэрвеня 1920 году[7][8] (хоць напраўду захапілі яго толькі 9 ліпеня[9]). Гэтая назва не ўнікальная: старажытны горад з такой назвай, сталіца ўдзельнага княства і гістарычнага рэгіёну, існаваў да канца XIII ст. на мяжы сучасных Польшчы і Ўкраіны, таксама аднайменнае сяло знаходзіцца ў Тарнопальскай вобласьці Ўкраіны.
З часоў аднаўленьня незалежнасьці Беларусі прапануецца вярнуць месту традыцыйную гістарычную назву Ігумен у якасьці афіцыйнай[10].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Ігумен датуецца 1387 годам. У 1-й палове XV ст. ён знаходзіўся ў валоданьні Кезгайлаў. 21 кастрычніка 1430 году (паводле іншых зьвестак, у 1447 годзе[3]) упамінаецца воласьць Гумен (лац. districtum Humyen), якая належала біскупу віленскаму (царкоўнае мястэчка). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў мястэчка ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.
У 1595 годзе ў Ігумене зьбіраліся харугвы Вялікага Княства Літоўскага дзеля змаганьня з казацкімі набегамі Налівайкі. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі разрабавалі і моцна разбурылі мястэчка[3]. Пад 1669 годам упершыню ўпамінаецца касьцёл. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) у мястэчку спыняўся кароль Швэцыі Карл XII.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Ігумен апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Расейскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў Віленскага біскупства. У 1795 годзе Ігумен атрымаў статус места і стаў цэнтрам павету. 22 студзеня 1796 году месту даравалі герб: «у блакітным полі срэбны кушч грачыхі, над якімі пяць залатых пчол»[11]. На 1800 год у Ігумене было 85 двароў, 263 будынкі, дзеялі 2 царквы і касьцёл, працавалі 3 прадпрыемствы, 2 карчмы, 10 крамаў. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) тут дзеяў паўстанцкі аддзел на чале з Б. Сьвентаржэцкім. На 1905 год у Ігумене было 664 жылыя дамы, працавалі 6 пачатковых школаў, лякарня, аптэка і аптэчная крама, вадзяны і паравы млыны, некалькі майстэрняў, штогод праводзілася 6 кірмашоў.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Ігумен занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ігумен абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут утварылася Беларуская рада, а жыхары места, Пярэжырскай і Ўзьдзенскай воласьцяў Ігуменскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[12]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Ігумен увайшоў ў склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павету («падраёну») Менскага раёну[13]. У жніўні 1919 — ліпені 1920 году места займалі польскія войскі. 9 ліпеня 1920 году яго занялі бальшавікі[9]. 18 верасьня 1923 году савецкія ўлады перайменавалі Ігумен у Чэрвень (у гонар месяца чэрвень). У 1924 годзе места стала цэнтрам раёну.
У Другую сусьветную вайну 26 чэрвеня 1941 году на выхадзе з Ігумену ва ўрочышчы Цагельні НКВД расстраляла каля трох тысячаў вязьняў Чэрвеньскай перасыльнай турмы — беларусаў, палякаў, летувісаў і іншых[14]. Неўзабаве места акупавалі войскі Трэцяга Райху. 1 лютага 1942 году на ўскрайку Ігумену нацысты расстралялі габрэяў з гета (цяпер на гэтым месцы помнік[15]).
У 1989 годзе грамадзкасьць даведалася пра тое, што Ігумен стаў другімі Курапатамі — вакол места знаходзяцца пахаваньні тысячаў ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў. 18 красавіка 2001 году афіцыйна зацьвердзілі мескі герб[16].
-
Касьцёл, 1914 г.
-
Царква, 1925 г.
-
Вуліца Школьная, да 1918 г.
-
Школа, да 1918 г.
-
Рынак, 1917 г.
-
Рынак, 1925 г.
-
Земская ўправа, сакавік 1917 г.
-
Вучэльня, 1920-я гг.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVIII стагодзьдзе: 1800 год — 560 чал. (266 муж. і 294 жан.), у тым ліку і 12 цыганаў; апроч таго, існавалі прыпісаныя да места жыды (37 муж. і 54 жан.), што жылі ў арандаваных імі корчмах павету[2]
- XIX стагодзьдзе: 1825 год — каля 900 чал.; 1866 год — каля 2400 чал.; 1882 год — да 3 тыс. чал.[17]; 1897 год — 4573 чал.
- XX стагодзьдзе: 1905 год — 5121 чал.; 1907 год — 5390 чал.[18]; 1939 год — 6,4 тыс. чал.; 1959 год — 8,2 тыс. чал.; 1970 год — 10,2 тыс. чал.; 1991 год — 11,6 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 10,8 тыс. чал.[19]; 2006 год — 10,1 тыс. чал.; 2008 год — 9,9 тыс. чал.; 2009 год — 10 150 чал.[20] (перапіс); 2016 год — 9718 чал.[21]; 2017 год — 9656 чал.[22]; 2018 год — 9619 чал.[1]
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеюць касьцёл Узвышэння Святога Крыжа (1995 год, мураваны) і Сьвята-Мікалаеўская царква (1993—2003 гады, мураваная).
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Ігумене працуюць 4 сярэднія школы, дашкольныя ўстановы.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеюць дом культуры, бібліятэкі.
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Аляксандра Неўскага вуліца | Гуменная вуліца |
Барыкіна вуліца | Шпітальная вуліца |
Гарбачова вуліца | Бабруйская вуліца |
Зяневіча вуліца | Бярэзінская вуліца |
Карла Лібнэхта вуліца | Азёрская вуліца |
Карла Маркса вуліца | Пляцавая вуліца |
Леніна вуліца | Пухавіцкая вуліца |
Луначарская вуліца | Школьная вуліца |
Маякоўскага вуліца | Крупенская вуліца |
Пралетарская вуліца | Паліцэйская вуліца |
Свабоды плошча | Рынак пляц |
Савецкая вуліца | Горлаўская вуліца |
Флегантава вуліца | Больнічная вуліца[23] |
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадпрыемствы харчовай, лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Ігумена |
---|
|
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзее Ігуменскі краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гатэлі «Чэрвень»[24].
Помнікі: вызваленьня; землякам; моладзі і інш.
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вязьніца «Кацярынінская» (XVIII ст.; цяпер пераробленая пад гандлёвы цэнтар)
- Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Могілкі: старыя каталіцкія; магіла Афанасія Мякоты — дзеда Максіма Багдановіча на хрысьціянскіх могілках; юдэйскія
- Памятныя месцы: загубу грамадзянаў Беларусі, Польшчы й Летувы — ахвяраў бальшавіцкага тэрору; зьнішчэньня габрэяў нацыстамі
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Дом Кудзіна (пачатак XX ст., мураваны; зьнесены ў 2019 годзе)
- Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа (1799—1800)
- Сынагога
- Царква Раства Багародзіцы (1833)
- Царква Сьвятога Юрыя (1875)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Даўнія камяніцы
-
Школа
-
Новы касьцёл
-
Новая царква
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Генадзь Аўласенка (нар. 1955) — беларускі пісьменьнік, паэт, драматург
- Мікола Бліадухо (1878—1935) — геоляг, акадэмік АН Беларусі
- Уладзімер Кароль (1912—1980) — архітэктар
- Генадзь Матусевіч (нар. 1954) — скульптар і мастак
- Марыя Мякота (1869—1896) — маці Максіма Багдановіча
- Міхаіл Рымінскі (1769—1797) — актор тэатру
- Міхась Станюта (1881—1974) — мастак
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Зьнішчэньне традыцыйнай гістарычнай тапанімікі — адзін з захадаў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ а б в Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрвеньскага р-на / Уклад.: Г. М. Аўласенка, З. І. Малейка. — Мн.: БЕЛТА, 2000.
- ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 748.
- ^ Смоліч А. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. С. 229.
- ^ Каўка А. Недыпламатычныя нататкі // Дзеяслоў. № 24, 2006 г.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 400.
- ^ а б Вячорка В.Пра назвы Сьветлагорск і Шацілкі, Чэрвень і Ігумен, Радыё Свабода, 17 чэрвеня 2016 г.
- ^ Шур В. Беларускія ўласныя імёны: Беларуская антрапаніміка і тапаніміка. — Менск: «Мастацкая літаратура», 1998. С. 150.
- ^ а б Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 22.
- ^ Гарбацэвіч А. 9 беларускіх гарадоў, якім варта вярнуць спрадвечныя назвы, Наша Ніва, 27 траўня 2016 г.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 165.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Квяткоўскі С. Чэрвень — другія Курапаты, Радыё Свабода, 27 чэрвеня 2005 г.
- ^ Тамкович Ю. Маршрут: дворцы и храмы недалеко от Минска, 34TRAVEL.ME, 31.05.2019 г.
- ^ Геральдика, Червенский районный исполнительный комитет
- ^ Jelski A. Ihumeń // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 250.
- ^ Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
- ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 330.
- ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Минщина. — Минск, 2008.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрвеньскага р-на / Уклад.: Г. М. Аўласенка, З. І. Малейка. — Мн.: БЕЛТА, 2000. — 621 с.: іл. ISBN 985-6302-21-8.
- Рогалеў А. Вытокі наймення горада Ігумен [цяпер Чэрвень] // Роднае слова. — 2013. — № 5. — С. 44.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
- Tumas J. Kelias į Červenę. — Vilnius, 1990.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.
- Stankiewicz-Januszczak J. Marsz śmierci — ewakuacja więźniów z Mińska do Czerwieni 24—27 czerwca 1941 r. — Rada Ochrony Pamieci Walk i Meczenstwa, 1999. ISBN 83-7233-192-8.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|