Перайсьці да зьместу

Апошняя дыктатура Эўропы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Апошні дыктатар Эўропы» — графіці ў Варшаве, лістапад 2002

Апо́шняя дыктату́ра Эўро́пы — тэрмін, якім заходні сьвет часам характарызуе палітычны лад у Рэспубліцы Беларусь. Упершыню ўжыты дзяржсакратаркай ЗША Кандалізай Райс увесну 2005 року[1][2], хоць датычна кіраўніка дзяржавы ўжывацца пачаў яшчэ раней, у сувязі з правядзеньнем рэфэрэндуму 1996 року, які значна пашырыў паўнамоцтвы прэзыдэнта Беларусі[3].

У 2011 року зьявілася кніга Эндру Ўілсана «Беларусь: Апошняя дыктатура Эўропы» (па-ангельску: Belarus: The Last European Dictatorship)[4], у якой апавядаецца пра беларускую палітыку і эканоміку ад 1991 да падзеяў прэзыдэнцкіх выбараў 2010 року[5]. Аўтар прызнаў, што назву кнігі пазычыў акурат у Кандалізы Райс, дзяржаўнае сакратаркі ЗША за часам прэзыдэнцтва Джорджа Буша-малодшага[6].

У 2012 року быў прадстаўлены фільм ангельцаў Мэт’ю Чарлза і Джуана Пасарэльлі «Europe’s Last Dictator» (бел. Апошні дыктатар Эўропы), зьняты ў Беларусі пасьля выбараў 2010 року. Мэтаю стварэньня фільму адзін зь ягоных аўтараў назваў памкненьне палепшыць сытуацыю ў Беларусі, распавесьці пра яе жыхарам Вялікабрытаніі, якія пра Беларусь маюць цьмянае ўяўленьне. На думку Мэт’ю Чарлза, Беларусь — прыгожая краіна з прыязнымі і гасьціннымі людзьмі, аднак з-за дзеяньняў ураду яны «ня могуць жыць так, як хочуць»[7].

Меркаваньне Лукашэнкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аляксандар Лукашэнка ў 2003 року заявіў, што ягонае становішча і дзяржава ніколі не дазволяць зрабіцца дыктатарам. Пры гэтым адзначыў, што яму ўласьцівы «аўтарытарны стыль кіраваньня»[8].

У сакавіку 2012 року Лукашэнка, адказваючы на крытыку міністра замежных справаў Нямеччыны Гіды Вэстэрвэле, які назваў Лукашэнку «апошнім дыктатарам Эўропы», адпавёў, што «лепей быць дыктатарам, чым блакітным»[9][10].

Пасьля гэтага ў кастрычніку 2012 у інтэрвію брытанскім СМІ распавёў, што ня лічыць сябе дыктатарам, бо гэта супярэчыць ягонай дэмакратычнай сутнасьці, якая цэніць свабоду чалавека болей за ўсё[11].

Першапачатковы варыянт, ужыты Кандалізай Райс, гучаў як «The Last Dictatorship in Europe» (даслоўна — «апошняя дыктатура ў Эўропе»). Кніга Эндру Ўілсана — «The Last European Dictatorship» — «апошняя эўрапейская дыктатура». Публікацыя Андрэя Дынько 2012 року ў The New York Times(be) завецца «Europe’s Last Dictatorship» («апошняя дыктатура Эўропы»)[12].

  1. ^ Associated Press. (22 красавіка 2005) Rice: Belarus 'Last Dictatorship in Europe' (анг.) Politics. Fox NewsПраверана 20 лістапада 2012 г.
  2. ^ Jill Dougherty. (20 красавіка 2005) Rice: Russia's future linked to democracy (анг.). CNNПраверана 20 лістапада 2012 г.
  3. ^ Profile: Europe's last dictator? (анг.). BBC (10 верасьня 2001). Праверана 20 лістапада 2012 г.
  4. ^ Belarus by Andrew Wilson (анг.). Yale University Press. Праверана 20 лістапада 2012 г.
  5. ^ ЮУ. (9 лістапада 2011) Эндру Ўілсан. «Апошняя дыктатура Эўропы» Гісторыя. Наша НіваПраверана 20 лістапада 2012 г.
  6. ^ Брытанскі дасьледчык: Што загубіць апошнюю дыктатуру Грамадзтва. Радыё «Свабода» (30 сьнежня 2011). Праверана 20 лістапада 2012 г.
  7. ^ Зміцер Кустоўскі. (21 лютага 2012) Англічанін падпольна зняў у Беларусі фільм пра «апошнюю дыктатуру Еўропы». ЭўрарадыёПраверана 20 лістапада 2012 г.
  8. ^ Президент Беларуси не отрицает, что ему присущ авторитарный стиль руководства (рас.) afn.by. Інтэрфакс (1 жніўня 2003). Праверана 20 лістапада 2012 г.
  9. ^ Lidia Kelly. (4 сакавіка 2012) Belarus's Lukashenko: "Better a dictator than gay" (анг.). ReutersПраверана 20 лістапада 2012 г.
  10. ^ Лукашэнка: «Лепш быць дыктатарам, чым блакітным» Палітыка. Наша Ніва (5 сакавіка 2012). Праверана 20 лістапада 2012 г.
  11. ^ Лукашэнка: Я — не дыктатар Палітыка. Радыё «Свабода» (20 кастрычніка 2012). Праверана 20 лістапада 2012 г.
  12. ^ Andrej Dynko. Europe’s Last Dictatorship (анг.) Праверана 20 лістапада 2012 г.