Анатоль Красоўскі
Анатоль Красоўскі | |
Род дзейнасьці | бізнэсмэн, навукоўца |
---|---|
Дата нараджэньня | 17 траўня 1952 |
Месца нараджэньня | Крупкі, Менская вобласьць, БССР |
Дата сьмерці | 16 верасьня 1999 (?) |
Месца сьмерці | |
Грамадзянства | СССР |
Месца вучобы | |
Занятак | пэдагог, выдавец, прадпрымальнік, палітык |
Анатоль Сьцяпанавіч Красоўскі (17 траўня 1952 — 16 верасьня 1999 (?)) — беларускі бізнэсмэн, 16 верасьня 1999 году разам зь Віктарам Ганчаром выкрадзены пры нявысьветленых абставінах.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў п. Крупкі Менскай вобласьці. Скончыў фізычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пэдагог, кандыдат філязофскіх навукаў[1], аўтар дзясяткаў навуковых прац і шэрагу вучэбных дапаможнікаў, распрацоўнік школьнага курсу «Этыка і псыхалёгія сямейнага жыцьця». З пачатку 1990-х буйны прадпрымальнік, выдавец масавых часопісаў «Я+Я», «Ідэал» і іншых. Займаўся дабрачыннасьцю, аказваў фінансавую падтрымку шэрагу грамадзкіх арганізацыяў Беларусі, у тым ліку і палітычна незалежным. Вядомы як асабісты сябар віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктара Ганчара, аднаго зь лідэраў беларускай апазыцыі канца 1990-х.
Гісторыя выкраданьня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Перадгісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]1999 год стаў годам бязьлітаснай канфрантацыі паміж афіцыйнымі ўладамі на чале з прэзыдэнтам Лукашэнкам і дэмакратычнай апазыцыяй вакол новай рэдакцыі Канстытуцыі. Новая рэдакцыя Канстытуцыі была прынятая пасьля спрэчнага рэфэрэндума 1996 году і сярод іншага прызначала новую дату прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі на 2001 год. Апазыцыйныя палітычныя сілы, якія не прызналі новую вэрсію Канстытуцыі, намагаліся правесьці прэзыдэнцкія выбары ў 1999 годзе, як гэта і прадугледжвала першапачатковая рэдакцыя Канстытуцыі.
Значная частка супраціўнікаў прэзыдэнта Лукашэнкі аб’ядналася вакол беларускага парлямэнта — Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, які быў афіцыйна распушчаны па выніках рэфэрэндуму 1996 году.
Да роспуску Вярхоўны Савет, у якім была прадстаўленая дэмакратычная апазыцыя, процістаяў прэзыдэнту А. Лукашэнку. У прыватнасьці, Вярхоўны савет 13-га скліканьня адказаў адмовай Лукашэнку на яго патрабаваньне падоўжыць тэрмін на пасту прэзыдэнта да сямі гадоў і занесьці зьмены ў Канстытуцыю, неабходныя для пашырэньня паўнамоцтваў выканаўчай улады.
З часоў рэфэрэндуму Віктар Ганчар, віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету, быў актыўным апанэнтам прэзыдэнта Лукашэнкі.
Віктар Ганчар, віцэ-сьпікер Вярхоўнага савету 13-га скліканьня, непрымірымы супраціўнік Лукашэнкі і адзін зь лідэраў апазыцыі, і яго сябар буйны прадпрымальнік Анатоль Красоўскі, які фінансаваў апазыцыйны рух, сталі аб’ектамі пільнай увагі беларускіх спэцслужбаў.
Першым сыгналам крайняй незадаволенасьці ўладных структур палітычнай актыўнасьцю Анатоля Красоўскага стаў яго арышт у жніўні 1999 году. Прадпрымальнік быў зьмешчаны ў СІЗА, дзе яму фактычна было прад’яўлена абвінавачваньне ў падрыўной дзейнасьці. Аднак пасьля публікацыяў у шэрагу СМІ падрабязнасьцяў справы, сьледзтва агучыла іншую вэрсію, паводле якой Анатоль Красоўскі вінаваты ў тым, што сваечасова не вярнуў крэдыт, узяты ў банку «Пошук». З-за відавочнай неадпаведнасьці рэчаіснасьці гэтае абвінавачваньне хутка развалілася. На працягу тыдня прадпрымальніка адпусьцілі разам зь іншымі затрыманымі па гэтай справе, сярод якіх была прэзыдэнт банка «Пошук» Валянціна Сурына.
Выкраданьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Увечары 16 верасьня 1999 году Анатоль Красоўскі й Віктар Ганчар былі выкрадзеныя. Праваахоўнымі органамі было пачатае расьсьледаваньне, аднак усе вядомыя ў цяперашні час доказы былі сабраныя добраахвотнікамі. У тым ліку і выяўленыя на месцы выкраданьня на вуліцы Фабрычнай у Менску аскепкі шкла аўтамабіля Анатоля Красоўскага, якім сябры карысталіся ў гэты дзень, і сьляды крыві, ідэнтыфікаванай незалежнай экспэртызай як кроў Віктара. Афіцыйнае сьледзтва — нягледзячы на тое, што за Віктарам Ганчаром, і за Анатолем Красоўскім вялося пастаяннае сачэньне сіламі Камітэта дзяржбяспекі — канстатавала немагчымасьць усталяваньня ісьціны. Пасьля зьнікненьня КДБ заявіў, што сачэньне было зьнятае менавіта 16 верасьня.
У чэрвені 2001 году сусьветная грамадзкасьць атрымала ў распараджэньне паказаньні сьледчых КДБ Петрушкевіча і Случака, якія распавялі падрабязнасьці кантраляванай Лукашэнкам сыстэмы фізычнага прыбіраньня непажаданых у Беларусі, так званых «эскадронаў сьмерці»[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Красовский, Анатолий Степанович. Ценностные ориентации выпускников школ на брачно-семейные отношения как предмет социологического анализа : Автореф. дис. на соиск. учен. степ. канд. филос. наук: 09.00.09 / Бел. гос. ун-т им. В. И. Ленина. — Мн., 1986. — 18 с.
- ^ «Эскадрон смерти» в Белоруссии: Сотрудники правоохранительных органов республики решили повторить «подвиг» украинского майора Мельниченко (рас.)