Пандэмія каранавіруснай інфэкцыі (2019)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Пандэмія каранавіруснай інфэкцыі 2019пандэмія, выкліканая каранавіруснай інфэкцыяй, якую выявілі пры канцы сьнежня 2019 году ў кітайскім горадзе Ўхань (правінцыя Хубэй) сярод хворых на запаленьне лёгкіх.

Пачалася сярод уханьцаў, зьвязаных зь мясцовым рынкам жывёл і морапрадуктаў Хуанань. 31 сьнежня 2019 году ўлады Кітая праінфармавалі пра ўспышку невядомай пнэўманіі Сусьветную арганізацыю аховы здароўя (СААЗ). 22 студзеня горад Ухань быў зачынены на карантын; з 24 студзеня — прылеглыя да Ўхань гарадзкія акругі. Вірус быў зафіксаваны ва ўсіх адміністрацыйных утварэньнях Кітая абласнога ўзроўню. 30 студзеня СААЗ прызнала выбух новага каронавіруса надзвычайнай сытуацыяй у галіне грамадзкага аховы здароўя, якая мае міжнароднае значэньне. 11 лютага 2020 году захворваньне атрымала назву новага каронавіруснага захворваньня.

Узбуджальнік[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кітайскія навукоўцы вылучылі ўзбуджальніка — новы каронавірус і ўсталявалі генэтычную сувязь пасьлядоўнасьці яго геному. Вірус ня менш чым на 70% падобны па генэтычнай пасьлядоўнасьці на які выклікае цяжкі востры рэсьпіраторны сындром (вядомы таксама як атыповая пнэўманія). Інкубацыйны пэрыяд звычайна складае каля 5 дзён, але можа доўжыцца ад 2 да 14 дзён. Захворваньне становіцца заразным да зьяўленьня сымптомаў.

Перадача[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каранавірус цяжкага вострага рэсьпіраторнага сындрому-2 перадаецца праз кашаль і чханьне ад заражанага чалавека, а таксама пры дакрананьні, праз дзьвярныя ручкі і паверхні (поручні) ў грамадзкім транспарце[1].

Папярэджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заражэньне каранавірусам прадухілялі праз частае мыцьцё рук з мылам цягам 40 сэкундаў. Апрацоўка рук абеззаражвальнай рашчынай была дастатковай цягам 20 сэкундаў пры складзе — 80 % этанолю, 1,45 % гліцэрыну і 0,125 % перакісу вадароду. Варта пазьбягаць дотыку рукамі да тварувачэй, носу і роту. Карысна прыкрываць рот і нос згінам локця і сурвэткай падчас кашлю і чханьня. У людных месцах і грамадзкім транспарце варта насіць мэдычную маску. Таксама карысна трымацца на адлегласьці звыш мэтра ад людзей у грамадзкім месцы. Праветрываньне памяшканьня дазваляе зьнізіць вірусную нагрузку, як і дыханьне сьвежым паветрам на вуліцы[1].

Праявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каля 85% заражаных пераносяць каранавірусную інфэкцыю без сымптомаў і лёгка. Астатнім патрабуецца лекаваньне ад застуды і ліхаманкі. У 5% заражаных каранавірус выклікае ўскладненьне ў выглядзе віруснага запаленьня лёгкіх. Пры ўскладненьні цягам 24 гадзінаў разьвіваецца дыхальная недастатковасьць, што патрабуе вэнтыляцыі лёгкіх. Найчасьцей праявы немачы адзначаліся сярод людзей у веку за 65 гадоў. Пагрозу ўскладненьня выклікалі тытунепаленьне, рак, вірус імунадэфіцыту чалавека, сардэчны прыступ, атлусьценьне, цукровы дыябэт, хранічныя хваробы дыхальных шляхоў і кровазвароту[1].

Распаўсюджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

11 сакавіка 2020 году Сусьветная арганізацыя здароўя (Швайцарыя) абвясьціла, што ўспышка каранавіруснай інфэкцыі набыла характар пандэміі, а 13 сакавіка — што яе цэнтрам стала Эўропа. 24 сакавіка ўлады Кітая зьнялі большасьць раней уведзеных абмежаваньняў сацыяльнага і эканамічнага характару, прызнаўшы, што распаўсюджваньне віруса ў гэтай краіне «у асноўным, блякаванае». Па дадзеных на 6 красавіка 2020, пацьверджана 1 330 931 выпадкаў заражэньня ў 204 краінах і тэрыторыях, 73 930 сьмяротных зыходаў, сярэдняя сьмяротнасьць складае 5,405%. Рэгіёны, найбольш падвергліся пандэміі па колькасьці тых, хто захварэў, — ЗША, Эўропа (Італія, Гішпанія, Нямеччына, Францыя, Вялікабрытанія), мацерыковы Кітай, Рэспубліка Карэя, Іран. Колькасьць выпадкаў заражэньня можа быць моцна заніжана — у першую чаргу, за кошт тых, у каго хвароба працякае ў лёгкай форме. Некаторыя краіны (напрыклад, Італія, Беларусь і Швайцарыя) праводзяць палітыку адмовы ад тэставаньня асобаў, якія маюць толькі нязначныя сымптомы захворваньня.

На 20 красавіка 2020 году каля 2,5 млн чалавек заразіралася на каранавірус цяжкага вострага рэсьпіраторнага сындрому-2 у 185 краінах. Зь іх 624 000 ачунялі і звыш 170 000 памерлі (сьмяротнасьць 21%). Найбольш пацярпелі: 1) ЗША — 786 000 захварэлых пры 72 000 ачунялых і 42 000 памерлых, 2) Італія — 181 000 заражаных пры 48 800 ачунялых і 24 000 памерлых, 3) Гішпанія — звыш 200 000 заражэньняў пры 20 800 памерлых[1]. На 21 чэрвеня 2020 году лік заражаных перавысіў 8,9 млн чалавек, зь іх звыш 467 000 заражаных людзей памерлі (сьмяротнасьць 5,2%). Найбольш заражаных выявілі ў ЗША — звыш 2 млн (22 %), Бразыліі — звыш 1 млн (11 %) і Расеі — звыш 584 000 (7 %)[2]. На 21 жніўня 2020 году Ўнівэрсытэт Джонса Хопкінса (Балтымар, штат Мэрылэнд, ЗША) налічыў у сьвеце звыш 22 млн заражаных каронавірусам (0,3 % насельніцтва Зямлі), зь якіх памерла звыш 778 000 чалавек (сьмяротнасьць 3,5 %). Найбольш захварэлых налічылі ў ЗША — звыш 5 млн (23 % заражаных), Бразыліі — звыш 3 млн (14 %) і Індыі — звыш 2 млн (9 %)[3].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Каранавірусная інфэкцыя ў Беларусі

27 лютага 2020 году першы завазны выпадак каранавіруснай інфэкцыі выявілі ў іранскага студэнта БНТУ. На 20 красавіка 2020 году ў Беларусі выявілі 6264 выпадкі каранавіруснай інфэкцыі, у тым ліку 419 сярод лекараў. Зь іх ачуняла 514 захварэлых і памёр 51 чалавек (сьмяротнасьць 9%)[1]. На 21 чэрвеня 2020 году ў Беларусі правялі 861 703 выпрабаваньні на каранавірус цяжкага вострага рэсьпіраторнага сындрому-2 (9,2 % насельніцтва Беларусі). Паводле Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, у ходзе выпрабаваньняў выявілі 58 505 заражаных (6,7 %). Зь іх 37 666 чалавек ачуняла і 346 памерла (сьмяротнасьць 0,6 %)[2]. 21 жніўня 2020 году Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла аб правядзеньні 1 455 885 выпрабаваньняў на каронавірус (15,5 % насельніцтва). Сярод іх выявілі 70 111 заражаных (4,8 % дасьледаваных). Зь іх 68 256 чалавек ачуняла і 632 памерла (сьмяротнасьць 0,9 %)[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Алена Кравец. Папярэджаны — значыць узброены // Зьвязда : газэта. — 22 красавіка 2020. — № 78 (29192). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б У Беларусі — 58 505 выпадкаў захворваньня на каранавірусную інфэкцыю. Выздаравелі 37 666 чалавек // Газэта «Зьвязда», 21 чэрвеня 2020 г. Праверана 22 чэрвеня 2020 г.
  3. ^ а б У Беларусі — 70 111 выпадкаў захворваньня на каронавірусную інфэкцыю: выздаравелі 68 256 чалавек // Газэта «Зьвязда», 21 жніўня 2020 г. Праверана 25 жніўня 2020 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]