Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Рэспублікі Беларусь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі
Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Рэспублікі Беларусь
Абрэвіятура ЦВК РБ
Папярэднік Цэнтральная камісія па выбарах народных дэпутатаў Беларускай ССР
Дата ўтварэньня 25 жніўня 1991 (27 гадоў таму)
Тып выканаўчая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта правядзеньне выбараў
Штаб-кватэра Менск, вул. Савецкая, д. 11
Старшыня Лідыя Ярмошына
Намесьнік Вадзім Іпатаў
Бюджэт 46,3 мільярдаў рублёў[1] (2010 год; 15,5 мільёнаў $[2])
Колькасьць супрацоўнікаў 12[3]
Сайт rec.gov.by

Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Рэспублікі Беларусь — вышэйшая дзяржаўная ўстанова Рэспублікі Беларусь, якая займаецца правядзеньнем выбараў у Беларусі і кантролем за іх хадой.

Утварэньне і дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Складаецца з 12 асобаў зь ліку грамадзянаў Беларусі, першая палова якіх прызначаецца прэзыдэнтам, а другая — Радаю Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў складае 5 год ад вызначэньня 8 чальцоў камісіі, бо пасяджэньні зьяўляюцца правамоцнымі пры наяўнасьці прынамсі 2/3 ад агульнага складу. Са згоды Рады Рэспублікі прэзыдэнт прызначае старшыню камісіі, што ў сваю чаргу прапануе вылучэнцаў на пасады свайго намесьніка й сакратара. Таксама прэзыдэнт можа адзінаасобна здымаць чальцоў камісіі з пасадаў ды вызначае колькасьць яе супрацоўнікаў. Пасяджэньні склікаюцца старшынёю камісіі ды на патрабаваньне траціны іншых чальцоў. Пастановы ўхваляюцца большасьцю галасоў, а пры іх роўнасьці перавагу мае голас старшыні.

Паўнамоцтвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле артыкулу 33 Выбарчага кодэксу ЦВК мае паўнамоцтвы на:

  • ладжаньне выбараў ды агульнадзяржаўных рэфэрэндумаў;
  • нагляд за выкананьнем заканадаўства аб выбарах, рэфэрэндуме, адкліканьні дэпутата й чальца Рады Рэспублікі;
  • тлумачэньне выбарчага заканадаўства;
  • зварот да заканадаўцаў з прапановаю аб зьмене й тлумачэньні выбарчага заканадаўства;
  • кіраваньне дзейнасьцю выбарчых камісіяў;
  • разгляд справаў ніжэйшых камісіяў;
  • утварэньне выбарчых акругаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў і вызначэньне сярэдняй колькасьці выбарцаў у тых акругах;
  • утварэньне ўчасткаў для галасаваньня за мяжою зь іх прыпіскаю на прапанову Міністэрства замежных справаў да выбарчых акругаў у Беларусі;
  • улік вылучэнцаў на пасады чальцоў Рады Рэспублікі й прэзыдэнта ды ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў за іх вылучэньне ды адкліканьне дэпутата Палаты прадстаўнікоў;
  • забесьпячэньне роўных прававых умоваў перадвыбарчай дзейнасьці вылучэнцаў;
  • вызначэньне парадку выкарыстаньня сродкаў масавай інфармацыі напярэдадні выбараў;
  • вызначэньне й разьмеркаваньне выдаткаў на правядзеньне выбараў, рэфэрэндуму ды адкліканьня дэпутата Палаты прадстаўнікоў;
  • нагляд за выдаткоўваньнем на выбары грошай ураду й вылучэнцаў ды апавяшчэньне аб тым Палаты прадстаўнікоў, як і выданьне адпаведнай справаздачы;
  • вызначэньне сьпісу выбаршчыкаў, выгляду бюлетэняў ды скрыняў для галасаваньня, пячатак камісіяў ды парадку іх захоўваньня,
  • выраб бюлетэняў для прэзыдэнцкіх выбараў ды рэфэрэндуму й забесьпячэньне імі камісіяў вобласьцяў ды Менску;
  • прыём паведамленьняў ад урадавых ды грамадзкіх установаў аб ладжаньні выбараў ды рэфэрэндуму;
  • нагляд за забесьпячэньнем камісіяў памяшканьнямі, транспартам ды сувязьзю;
  • стварэньне агульнага сьпісу выбаршчыкаў для некалькіх адначасных выбараў ды рэфэрэндуму;
  • улік абраных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Рады Рэспублікі, выданьне іх сьпісаў ды скліканьне першых іх пасяджэньняў;
  • падвядзеньне вынікаў выбараў і рэфэрэндумаў;
  • выдачу абранаму прэзыдэнту й чальцам Рады Рэспублікі пасьведчаньняў аб выбраньні;
  • прызначэньне выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў замест выбылых;
  • разгляд скаргаў на пастановы выбарчых камісіяў;
  • разгляд зваротаў грамадзянаў ды ўстановаў наконт выбараў, рэфэрэндуму, адкліканьня дэпутатаў ды чальцоў Рады Рэспублікі;
  • абагульненьне ўжытку выбарчага заканадаўства;
  • стварэньне дапаможных установаў для правядзеньня выбараў ды рэфэрэндуму;
  • вызначэньне ўзнагародаў для супрацоўнікаў выбарчых камісіяў;
  • ажыцьцяўленьне сувязяў з выбарчымі ўстановамі іншых дзяржаваў ды адпаведнымі міжнароднымі арганізацыямі[4].

Кіраўніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Міхаіл Лагір[5] (ад 25 жніўня 1991 да 18 верасьня 1991)
  • Сямён Маховікаў (в. а. ад 19 верасьня 1991 да 11 сакавіка 1992)
  • Аляксандар Абрамовіч (12 сакавіка 1992 — 31 студзеня 1996)
  • Аляксандар Жук (в. а. ад 1 лютага 1996 да 4 верасьня 1996)
  • Віктар Ганчар (ад 5 верасьня 1996 да 13 лістапада 1996)
  • Лідыя Ярмошына (з 6 сьнежня 1996; в. а. з 14 лістапада 1996)

Абвінавачаньні ў фальсыфікацыі выбараў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

10 красавіка 2006 году па выніках прэзыдэнцкіх выбараў Лідыя Ярмошына была ўлучаная ў так званы «сьпіс нявыязных»: пералік прадстаўнікоў беларускае ўлады, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і Злучаныя Штаты — па падазрэньні ў падтасоўцы вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў[6].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім каштарысе на 2010 год(рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (27 сьнежня 2010). Праверана 20 красавіка 2011 г.
  2. ^ Зьвесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валютаў на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2010 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. — Паводле сярэдняе за 2010 год цаны (2993,74) набыцьця даляра. Праверана 20 красавіка 2011 г.
  3. ^ Состав комиссии(рас.) Праверана 30 кастрычніка 2015 г. Архіўная копія ад 30 кастрычніка 2015 г.
  4. ^ Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь(рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (4 студзеня 2010). Праверана 20 красавіка 2011 г.
  5. ^ Центральная комиссия Республики Беларусь по выборам и проведению республиканских референдумов(рас.) Архіўная копія ад 26 ліпеня 2015 г.
  6. ^ Спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Саюза і ЗША //Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]