Перайсьці да зьместу

Фэдэральная служба бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фэдэральная служба бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі
Эмблема
Даведка
СкаротФСБ Расеі
ПозваДзяржава, законнасьць і гонар
ПапярэднікФэдэральная служба контарвыведкі Расеі
Дата ўтварэньня3 красавіка 1995 (30 гадоў таму)
Відведамства
Праўны станвыканаўчы орган
Задачасупрацьвыведка
СядзібаЦэнтральная адміністрацыйная акруга, Мяшчанскі раён, вул. Вялікая Лубянка, д. 1[1]
МесцазнаходжаньнеМасква
Каардынаты55°45′40″ пн. ш. 37°37′33″ у. д. / 55.76111° пн. ш. 37.62583° у. д. / 55.76111; 37.62583Каардынаты: 55°45′40″ пн. ш. 37°37′33″ у. д. / 55.76111° пн. ш. 37.62583° у. д. / 55.76111; 37.62583
Дзейнічае ў месцахРасея
Службовыя мовырасейская
СтаршыняАляксандар Бортнікаў
1-я намесьнікіУладзімер Кулішоў, Сяргей Каралёў
Статс-сакратарАляксандар Купражкін
Кіраўнік апарату Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэтуІгар Сіроткін[2]
УправаКалегія
Галоўная ўправапрэзыдэнт Расеі
Дадатак
Зьвязаныя службыПамежная служба ФСБ Расеі, Акадэмія крыптаграфіі Расейскай Фэдэрацыі
Гадавы бюджэт106 628 766 200 ₽[3]
Расходы106,628 млрд рас.руб. (2023 год[4]; 1,188 млрд $)[5]
Колькасьць работнікаў347 900 (1992 год)
Старонка ў сецівеfsb.ru
Фэдэральная служба бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі ў Вікісховішчы

Фэдэральная служба бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі — ведамства ўраду Расеі, заснаванае ў красавіку 1995 году на аснове Фэдэральнай службы контарвыведкі Расеі.

Паводле 1-га артыкула Закону 1995 году «Аб Фэдэральнай службе бясьпекі», яе дзейнасьцю кіраваў прэзыдэнт Расеі, які прызначаў кіраўніка ФСБ. Згодна з 3-м артыкулам пры ФСБ дзейнічала Акадэмія крыптаграфіі Расейскай Фэдэрацыі (Заходняя адміністрацыйная акруга Масквы, Ярцаўская вуліца, дом 30), статут якой зацьвярджаў прэзыдэнт Расеі. У 8-м артыкуле згадвалася, што асноўнымі кірункамі дзейнасьці ФСБ былі: супрацьвыведка, барацьба з тэрарызмам і злачыннасьцю, выведка, памежная ахова і забесьпячэньне весткавай бясьпекі[6].

На 2025 год у склад Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі ўваходзілі:

Паводле 12-га артыкула Закону «Аб Фэдэральнай службе бясьпекі» 1995 году, органы ФСБ Расеі былі абавязаныя:

  1. апавяшчаць прэзыдэнта і старшыню Ўраду Расеі і на іх даручэньне фэдэральныя органы дзяржаўнай улады, а таксама такія органы суб'ектаў фэдэрацыі пра пагрозы бясьпецы Расеі;
  2. выяўляць, папярэджваць, спыняць выведку адмысловых службаў замежных дзяржаў і асобаў, накіраваную на нанясеньне шкоды бясьпецы Расеі;
  3. здабываць выведвальныя зьвесткі ў зацікаўленасьцях бясьпекі Расеі і павышэньня яе гаспадарчых, навукова-тэхнічных і абаронных магчымасьцяў;
  4. выяўляць, папярэджваць, спыняць і раскрываць злачынствы ў галіне бясьпекі, вышукваць адпаведных злачынцаў і падазраваных;
  5. выяўляць, папярэджваць, спыняць, раскрываць і расьсьледаваць тэрарыстычныя акты, якія рыхтуюцца, учыняюцца і ўчыненыя, а таксама здабываць зьвесткі аб падзеях і дзеяньнях, якія ствараюць пагрозу тэрарызму;
  6. распрацоўваць і ажыцьцяўляць ва ўзаемадзеяньні зь іншымі дзяржаўнымі органамі захады па барацьбе з карупцыяй, незаконным абаротам зброі і наркатычных сродкаў, кантрабандай, дзейнасьцю незаконных узброеных фармаваньняў, злачынных групаў, асоб і грамадзкіх аб'яднаньняў, якія ставяць за мэту гвалтоўнае зьмяненьне канстытуцыйнага ладу Расеі;
  7. забясьпечваць бясьпеку ва Ўзброеных сілах Расеі, іншых войсках, вайсковых фармаваньнях, іх органах кіраваньня і ў органах, у якіх фэдэральным законам прадугледжана вайсковая служба, у органах унутраных справаў, Дзяржаўнай супрацьпажарнай службе, мытных органах і органах па кантролі за абаротам наркатычных сродкаў і псыхатропных рэчываў;
  8. забясьпечваць бясьпеку пабудоваў абароннай галіны, атамнай энэргетыкі, перавозак і сувязі, жыцьцезабесьпячэньня буйных гарадоў і прамысловых асяродкаў, іншых стратэгічных пабудоваў, а таксама бясьпеку ў галіне касьмічных даследаваньняў, пераважных навуковых распрацовак;
  9. забясьпечваць бясьпеку фэдэральных органаў дзяржаўнай улады і адпаведных органаў суб'ектаў фэдэрацыі;
  10. браць удзел у распрацоўцы і ажыцьцяўленьні абароны дзяржаўных таямніцаў, сачыць за іх захаванасьцю ў дзяржаўных органах, вайсковых фармаваньнях, на прадпрыемствах і ва ўстановах незалежна ад формы ўласнасьці, дапускаць упаўнаважаных грамадзянаў да дзяржаўных таямніцаў;
  11. ахоўваць бясьпеку ўстановаў і грамадзянаў Расеі за мяжой ва ўзаемінах са Службай вонкавай выведкі Расеі;
  12. абараняць і ахоўваць дзяржаўную мяжу Расеі і гаспадарчыя зацікаўленасьці Расеі ў памежных землях, а таксама ахоўаць марскія біялягічныя багацьці;
  13. забясьпечваць бясьпеку прадстаўніцтваў замежных дзяржаваў у Расеі ва ўзаемадзеяньні з органамі ўнутраных справаў;
  14. браць удзел у забесьпячэньні бясьпекі грамадзка-палітычных і рэлігійных масавых мерапрыемстваў сумесна зь іншымі дзяржаўнымі органамі;
  15. весьці ўлік радыёдадзеных і радыёвыпраменьваньняў перадавальных радыёэлектронных сродкаў, выяўляць іх радыёвыпраменьваньні ў Расеі, калі тыя ўяўляюць пагрозу бясьпецы Расеі і выкарыстоўваюцца супрацьпраўна;
  16. браць удзел у рашэньнях наконт прыёму ў грамадзянства Расеі і выхаду зь яго, уезду ў Расею і выезду за мяжу, а таксама ладу знаходжаньня замежнікаў і асобаў без грамадзянства ў Расеі;
  17. падтрымліваць мабілізацыйную гатоўнасьць органаў ФСБ Расеі;
  18. ажыцьцяўляць прафэсійную асьвету[6].

Згодна з 13-м артыкулам Закону «Аб Фэдэральнай службе бясьпекі» 1995 году, органы ФСБ Расеі мелі права:

  1. таемна ўсталёўваць супрацу са згоднымі асобамі;
  2. праводзіць апэратыўны вышук з выяўленьнем, папярэджаньнем, спыненьнем і раскрыцьцём шпіянажу, арганізаванай злачыннасьці, карупцыі, незаконнага абароту зброі і наркатычных сродкаў, кантрабанды, якія ўяўляюць пагрозу бясьпецы Расеі, і злачынстваў у галіне бясьпекі, дзейнасьці незаконных узброеных фармаваньняў, злачынных групаў, асобаў і грамадзкіх аб'яднаньняў, якія ставяць за мэту гвалтоўнае зьмяненьне канстытуцыйнага ладу Расеі;
  3. пранікаць у адмысловыя службы замежных дзяржаваў, якія праводзяць выведку на шкоду бясьпецы Расеі, а таксама ў злачынныя групы;
  4. ажыцьцяўляць дазнаньне і папярэдняе сьледства ў справах аб злачынствах у галіне бясьпекі;
  5. выконваць шыфраваньне ў органах ФСБ Расеі, наглядаць за выкананьнем таемнасьці пры абыходжаньні з шыфраванымі зьвесткамі ў шыфравальных падразьдзяленьнях дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў і ўстановаў незалежна ад формы ўласнасьці;
  6. выкарыстоўваць у службовых мэтах сродкі сувязі, якія належаць дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам, а ў безадкладных выпадках — прыватным прадпрыемствам і ўстановам, як і грамадзкім аб'яднаньням і грамадзянам Расеі;
  7. выкарыстоўваць у безадкладных выпадках сродкі перавозак прадпрыемстваў і установаў незалежна ад формы ўласнасьці, грамадзкіх аб'яднаньняў і грамадзянаў для прадухіленьня злачынстваў, перасьледу і затрыманьня злачынцаў і падазраваных, дастаўкі грамадзянаў у лякарню пры патрэбе хуткай лекарска дапамогі, а таксама для праезду да месца здарэньня;
  8. бесьперашкодна ўваходзіць у жылыя памяшканьні, на прыналежныя грамадзянам зямельныя дзялянкі, на землі і ў памяшканьні прадпрыемстваў і ўстановаў незалежна ад формы ўласнасьці ў выпадку, калі ёсьць дастатковыя падставы меркаваць, што там учыняюць або ўчынілі небяспечнае грамадзтву дзеяньне ў галіне бясьпекі, а таксама ў выпадку перасьледу асобаў, якія падазраюцца ва ўчыненьні такога дзеяньня, калі прамаруджваньне можа паставіць пад пагрозу жыцьцё і здароўе грамадзянаў;
  9. правяраць у грамадзянаў і службовых асобаў пасьведчаньні асобы, калі ёсць дастатковыя падставы падазраваць іх ва ўчыненьні злачынства;
  10. ажыцьцяўляць адміністрацыйнае затрыманне асобаў, якія ўчынілі правапарушэньне, звязанае са спробай пранікненьня і пранікненьнем на ахоўныя землі асабліварэжымных пабудоваў і закрытых адміністрацыйна-тэрытарыяльных утварэньняў, а таксама правяраць у гэтых асобаў пасьведчаньні, атрымліваць ад іх тлумачэньні, ажыццяўляць асабісты надгляд і выняцьце іх рэчаў і дакумэнтаў;
  11. уносіць у дзяржаўныя органы, управы прадпрыемстваў і ўстаноў незалежна ад формы ўласнасьці, а таксама ў грамадзкія аб'яднаньні абавязковыя для выкананьня прадстаўленьні аб прыбіраньні прычынаў і ўмоваў, якія садзейнічаюць пагрозам бясьпецы Расеі і ўчыненьню злачынстваў у галіне бяспекі;
  12. атрымліваць на бязвыплатнай аснове ад дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў і ўстановаў незалежна ад формы ўласнасьці зьвесткі, патрэбныя для выкананьня ўскладзеных на органы ФСБ абавязкаў;
  13. ствараць прадпрыемствы, установы і падразьдзяленьні, патрэбныя для выкананьня ўскладзеных абавязкаў і забеспячэньня дзейнасьці органаў ФСБ;
  14. ствараць падразьдзяленьні спэцпрызначэньня для выканання ускладзеных абавязкаў;
  15. праводзіць крыміналістычныя экспэртызы і дасьледаваньні;
  16. ажыццяўляць вонкавыя зносіны з адмысловымі службамі і праваахоўнымі органамі замежных дзяржаваў, абменьвацца зь імі на ўзаемнай аснове апэратыўнымі зьвесткамі, тэхнічнымі сродкамі, заключаць міжнародныя міжведамасныя дамовы Расеі;
  17. накіроўваць афіцыйных прадстаўнікоў у замежныя дзяржавы па ўзгадненьні з адмысловымі службамі і праваахоўнымі органамі гэтых дзяржаваў дзеля павышэньня спраўнасьці барацьбы зь міжнароднымі злачынствамі;
  18. забясьпечваць уласную бясьпеку, у тым ліку з прадухіленьнем пранікненьня адмысловых службаў замежных дзяржаваў, злачынных групаў і асоб з выкарыстаньнем тэхнічных сродкаў датычна абароненых дзяржаўных таямніцаў;
  19. дазваляць сваім супрацоўнікам захоўваньне нашэньне табэльнай зброі і адмысловых сродкаў;
  20. выкарыстоўваць у мэтах зашыфроўкі асобы сваіх супрацоўнікаў, ведамаснай прыналежнасьці іх падразьдзяленьняў, памяшканьняў і сродкаў дакумэнты іншых ведамстваў, прадпрыемстваў і ўстановаў;
  21. праводзіць навуковыя дасьледаваньні праблемаў бясьпекі Расеі;
  22. садзейнічаць прадпрыемствам і установам незалежна ад формы ўласнасьці ў распрацоўцы абароны камэрцыйнай таямніцы;
  23. рыхтаваць кадры для адмысловых службаў замежных дзяржаваў, службаў бясьпекі прадпрыемстваў і ўстановаў незалежна ад формы ўласнасьці;
  24. упарадкоўваць распрацоўку, вытворчасьць, збыт, выкарыстаньне шыфравальных сродкаў і абароненых зь іх выкарыстаньнем сетак сувязі ў Расеі, а таксама наданьне паслуг шыфраваньня зьвестак у Расеі, выяўленьне электронных прыладаў для негалоснага атрыманьня зьвестак у памяшканьнях і тэхнічных сродках;
  25. наглядаць за ўладкаваньнем і ўвасабленьнем крыптаграфічнай і інжынэрна-тэхнічнай бяспекі весткава-сувязных сетак, сетак шыфраванай і ўтоенай сувязі, за выкананьнем парадку таемнасьці пры абыходжаньні з шыфраванымі зьвесткамі ў шыфравальных падраздзяленнях дзяржаўных органаў і арганізацый у Расеі і ў яе ўстановах за мяжой, а таксама за абаронай асабліва важных пабудоваў і тэхнічных сродкаў у іх ад уцечкі зьвестак па тэхнічных каналах;
  26. браць удзел у вызначэнні парадку распрацоўкі, вытворчасьці, збыту, выкарыстаньня і абароны тэхнічных сродкаў апрацоўкі, захоўваньня і перадачы зьвестак абмежаванага доступу, прызначаных для выкарыстаньня ва ўстановах Расеі за мяжой;
  27. забясьпечваць выяўленьне прыладаў перахопу зьвестак у асабліва важных пабудовах і тэхнічных сродках, прызначаных для выкарыстаньня ў фэдэральных органах дзяржаўнай улады[6].

30 студзеня 1991 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету Расейскай СФСР ухваліў Пастанову № 557-1. У адпаведнасьці з гэтай пастановай 31 студзеня 1991 году Савет міністраў Расейскай СФСР зацьвердзіў Пастанову № 66 «Аб пераўтварэньні Дзяржаўнага камітэту РСФСР па грамадзкай бясьпецы і ўзаемадзеньні зь Міністэрствам абароны СССР і КДБ СССР у Дзяржаўны камітэт РСФСР па абароне і бясьпецы»[7]. 5 траўня 1991 году Прызыдыюм Вярхоўнага Савету РСФСР ухваліў Пастанову № 1165-I «Аб пераўтварэньні Дзяржаўнага камітэту РСФСР па абароне і бясьпецы ў Дзяржаўны камітэт у справах абароны і Камітэт дзяржаўнай бясьпекі РСФСР», кіраваньне якімі ўсклалі на Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету і Савет міністраў РСФСР[8].

6 траўня 1991 году старшыня Вярхоўнага Савету Расейскай СФСР Барыс Ельцын і старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі СССР Уладзімер Кручкоў падпісалі Пратакол аб утварэньні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Расейскай СФСР. 26 лістапада 1991 году расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын падпісаў Указ № 233 «Аб пераўтварэньні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі РСФСР у Агенцтва фэдэральнай бясьпекі РСФСР». Цэнтральны апарат АФБ РСФСР склалі:

  • 5 галоўных управаў — 1) выведкі, 2) супрацьвыведкі, 3) барацьбы з арганізіванай злачыннасьцю і карупцыяй, 4) інфармацыйна-аналітычная, 5) працы з асабістым складам;
  • 10 управаў — 1) вайсковай супрацьвыведкі, 2) барацьбы з тэрарызмам, 3) вонкавай выведкі, 4) інспэктарская, 5) апэратыўна-тэхнічная, 6) сувязі, 7) сьледчая, 8) вайскова-мэдычная, 9) вайскова-будаўнічая, 10) гаспадарчая;
  • 3 службы — 1) узаемінаў і каардынацыі з органамі бясьпекі Саюзу, уваходзячых у яго рэспублік і іншых дзяржаваў, 2) прававога забесьпячэньня, 3) эканамічная;
  • 2 аддзелы — 1) уласнай бясьпекі, 2) апэратыўных фондаў;
  • сакратарыят, асяродак грамадзкіх сувязяў і сьледчы ізалятар[9].

Згодна зь 1-м пунктам Часовага палажэньня аб АФБ РСФСР яго ўзначальваў генэральны дырэктар, які меў 7 намесьнікаў, у тым ліку аднаго першага. АФБ падначальвалася прэзыдэнту РСФСР і было падсправаздачным Вярхоўнаму Савету РСФСР. Згодна з 4-м пунктам прэзыдэнт РСФСР зацьвярджаў склад калегіі АФБ, у які ўваходзілі гендырэктар і ягоныя намесьнікі, начальнікі 4-х галоўных управаў — выведкі, супрацьвыведкі, барацьбы з арганізіванай злачыннасьцю і карупцыяй, інфармацыйна-аналітычнай, а таксама начальнікі 2-х управаў — барацьбы з тэрарызмам і інспэктарскай[9].

24 студзеня 1992 году прэзыдэнт Ельцын падпісаў Указ № 42 «Аб утварэньні Міністэрства бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі» на аснове АФБ РСФСР і Міжрэспубліканскай службы бясьпекі СССР. Пераўтварэньне мелі скончыць да 1 ліпеня 1992 году. Згодна з 3-м пунктам Указу міністру бясьпекі Расеі дазволілі мець 7 намесьнікаў, у тым ліку першага і намесьнікаў па Маскве і Маскоўскай вобласьці ды Санкт-Пецярбургу і Ленінградзкай вобласьці. Калегія Міністэрства мела складацца зь 17 чалавек. Штатную колькасьць супрацоўнікаў Міністэрства ўстанавілі ў памеры 137 900 чалавек, зь якіх 2800 прыпадала на цэнтральны апарат[10]. Паводле 6-га пункту Часовага палажэньня аб Міністэрстве бясьпекі, прэзыдэнт Расеі прызначаў міністра бясьпекі. Згодна з 11-м пунктам камітэты Вярхоўнага Савету Расеі наглядалі за дзейнасьцю Міністэрства. 18 ліпеня 1992 году прэзыдэнт Ельцын падпісаў Указ № 789, якім павялічыў штат Міністэрства ў 2,5 разы да 347 900 чалавек з улікам 210 000 супрацоўнікаў Памежных войскаў Расеі, а штат яго цэнтральнага апарату павялічыў на 25 % да 3500 чалавек[11].

21 сьнежня 1993 годзе прэзыдэнт Ельцын падпісаў Указ № 2233 «Аб скасаваньні Міністэрства бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі і стварэньні Фэдэральнай службы контарвыведкі Расейскай Фэдэрацыі». Паводле 6-га пункту Ўказу, супрацоўнікі Міністэрства бясьпекі лічыліся часовымі службоўцамі ФСК да атэстацыі для залічэньня ў штат. У прэамбуле Ўказу адзначалася[12]:


« Сыстэма органаў УНК-АДПУ-НКУС-НКДБ-МДБ-КДБ-МБ апынулася нерэфармавальнай. Прадпрынятыя ў апошнія гады спробы рэарганізацыі насілі ў асноўным вонкавы, касмэтычны характар. На гэты час стратэгічная канцэпцыя забесьпячэньня дзяржаўнай бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі ў Міністэрства бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі адсутнічае. Контарвыведвальная праца аслабленая. Сыстэма палітычнага вышуку закансэрваваная і лёгка можа быць узноўленая. »

Барыс ЕльцынУказ прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі ад 21 сьнежня 1993 г. № 2233 «Аб скасаваньні Міністэрства бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі і стварэньні Фэдэральнай службы контарвыведкі Расейскай Фэдэрацыі»

3 красавіка 1995 году прэзыдэнт Ельцын падпісаў Закон «Аб органах Фэдэральнай службы бясьпекі ў Расейскай Фэдэрацыі», якая стала правапераемніцай ФСК Расеі[13]. 22 траўня 1997 году Ельцын падпісаў Указ № 515 «Аб структуры Фэдэральнай службы бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі», якім скасаваў правядзеньне пераатэстацыі супрацоўнікаў. Склад калегіі ФСБ скарацілі да 11 чалавек. Вызначылі, што 7 намесьнікамі мелі быць 1-ы намесьнік, кіраўнікі 5 дэпартамэнтаў і начальнік управы па Маскве і Маскоўскай вобласьці. У складзе ФСБ Расеі пакінулі:

  • 5 дэпартамэнтаў — 1) контарвыведкі, 2) барацьбы з тэрарызмам, 3) аналізу, прагнозу і стратэгічнага плянаваньня, 4) арганізацыйна-кадравай працы, 5) забесьпячэньня дзейнасьці;
  • 5 управаў — 1) распрацоўкі і спыненьня дзейнасьці злачынных арганізацыяў, 2) сьледчую, 3) апэратыўна-пошукавую, 4) апэратыўна-тэхнічных захадаў, 5) уласнай бясьпекі;
  • кіраўніцтва справамі і сьледчы ізалятар[14].

11 сакавіка 2003 году прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў Указ № 308 «Аб захадах удасканаленьня дзяржаўнага кіраваньня ў галіне бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі», якім ад 1 ліпеня 2003 году ФСБ перадалі Фэдэральную памежную службу Расеі[15].

17 красавіка 2021 году ФСБ Расеі афіцыйна заявіла, што дапамагло прадухіліць зрынаньне рэжыму Лукашэнкі «паводле адпрацаванага сцэнару „каляровых рэвалюцыяў“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў»[16].

  1. ^ а б Даведкавыя зьвесткі (рас.) // Фэдэральная служба бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі, 2025 г. Праверана 2 ліпеня 2025 г.
  2. ^ Кіраўніцтва (рас.) // Фэдэральная служба бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі, 2025 г. Праверана 2 ліпеня 2025 г.
  3. ^ https://service.garant.ru/large/objects/2024/7/84c20e65bd4caa1e1425d4b01093a466.PDF — 2024. — С. 882.
  4. ^ Уладзімер Пуцін. Дадатак 2. Выдаткі фэдэральнага бюджэту за 2023 год па ведамаснай будове выдаткаў (Фэд.закон ад 8 ліпеня 2024 г. № 161-ФЗ «Аб выкананьні фэдэральнага бюджэту за 2023 год») (рас.) // НВП «Гарант-сэрвіс», 8 ліпеня 2024 г. Праверана 2 ліпеня 2025 г.
  5. ^ Афіцыйныя курсы валютаў на зададзеную дату, якія ўсталёўваюць штодня (89,6883 рас.руб. за даляр) (рас.) // Цэнтральны банк Расеі, 31 сьнежня 2023 г. Праверана 2 ліпеня 2025 г.
  6. ^ а б в Фэдэральны закон «Аб Фэдэральнай службе бясьпекі» (рас.) // Фэдэральная служба бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі, 25 сьнежня 2008 г. Праверана 2 ліпеня 2025 г.
  7. ^ Іван Сілаеў, Аляксандар Трацьцякоў. Пастанова Савету міністраў Расейскай СФСР № 66 «Аб пераўтварэньні Дзяржаўнага камітэту РСФСР па грамадзкай бясьпецы і ўзаемадзеньні зь Міністэрства абароны СССР і КДБ СССР у Дзяржаўны камітэт РСФСР па абароне і бясьпецы» (рас.) // Электронны фонд кансорцыюму «Кодэкс», 2025 г. Праверана 2 ліпеня 2025 г.
  8. ^ Руслан Хасбулатаў. Пастанова Прызыдыюму Вярхоўнага Савету Расейскай СФСР № 1165-I «Аб пераўтварэньні Дзяржаўнага камітэту РСФСР па абароне і бясьпецы ў Дзяржаўны камітэт у справах абароны і Камітэт дзяржаўнай бясьпекі РСФСР» (рас.) // «Вэб-архіў», 26 жніўня 2014 г. Праверана 2 ліпеня 2025 г.
  9. ^ а б Барыс Ельцын. Указ прэзыдэнта Расейскай СФСР № 233 «Аб пераўтварэньні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі РСФСР у Агенцтва фэдэральнай бясьпекі РСФСР» (рас.) // «Ельцын-цэнтар» (Екацярынбург), 12 чэрвеня 2015 г. Праверана 2 ліпеня 2025 г.
  10. ^ Барыс Ельцын. Указ прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі ад 24 студзеня 1992 г. № 42 «Аб утварэньні Міністэрства бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі» (рас.) // Вікікрыніцы, 4 лютага 2019 г. Праверана 2 ліпеня 2025 г.
  11. ^ Барыс Ельцын. Указ прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі ад 24 студзеня 1992 г. № 42 «Аб утварэньні Міністэрства бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі» (рас.) // Электронны фонд кансорцыюму «Кодэкс», 2025 г. Праверана 2 ліпеня 2025 г.
  12. ^ Барыс Ельцын. Указ прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі ад 21 сьнежня 1993 г. № 2233 «Аб скасаваньні Міністэрства бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі і стварэньні Фэдэральнай службы контарвыведкі Расейскай Фэдэрацыі» (рас.) // «Ельцын-цэнтар», 12 чэрвеня 2015 г. Праверана 2 ліпеня 2025 г.
  13. ^ а б Гісторыя (рас.) // Фэдэральная служба бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі, 2025 г. Праверана 2 ліпеня 2025 г.
  14. ^ Барыс Ельцын. Указ прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі ад 22 траўня 1997 г. № 515 «Аб структуры Фэдэральнай службы бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі» (рас.) // Прэзыдэнт Расеі, 2025 г. Праверана 2 ліпеня 2025 г.
  15. ^ Уладзімер Пуцін. Указ прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі ад 11 сакавіка 2003 г. № 308 «Аб захадах удасканаленьня дзяржаўнага кіраваньня ў галіне бясьпекі Расейскай Фэдэрацыі» (рас.) // Прэзыдэнт Расеі, 2025 г. Праверана 2 ліпеня 2025 г.
  16. ^ ФСБ Расеі заявіла, што дапамагло прадухіліць дзяржаўны пераварот у Беларусі, Радыё Свабода, 17 красавіка 2021 г.